шу́ла, ‑а і шуло́, ‑а, н.

1. Бервяно ці тоўсты брус з высечанымі пазамі, замацаваны ў чым‑н. вертыкальна. Шулы — аснова сцен, шулы злучаюць бярвенні. Мележ. Кожны такі доўгі, аднапавярховы дом трымаецца без вуглоў, на шулах. Брыль.

2. Слуп ці брус, на які падвешваецца створка варот. Двор быў абнесены тынам, а шаляваныя вароты віселі паміж пашарэлых дубовых шулаў. Чыгрынаў. От жа стаю я, падпёршы плечуком шула Піліпавых варот. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчэ́бет, ‑у, М ‑беце, м.

Спеў шчыглоў, ластавак і некаторых іншых птушак. На світанні яны [палескія лясы] звіняць птушыным шчэбетам, пераклікаюцца глухім перастукам дзятлаў і буркатаннем дзікіх галубоў. Грахоўскі. Шчэбетам сустрэлі [ластаўкі] Родны край з дарогі. На тэлеантэне Пасядзелі трохі. Калачынскі. // перан. Гучны, хуткі, ажыўлены гоман, размова. Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Колас. / у перан. ужыв. Сталы стаялі ўпрытык. Ад металічнага шчэбету машынак можна было аглухнуць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выкрута́сы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Мудрагелістыя, вычварныя рухі, лініі. Язда з выкрутасамі. Карнізы з выкрутасамі. □ Раптам самалёт з непамернай вышыні вопрамеццю пачаў падаць на зямлю, робячы розныя выкрутасы то ўлева, то ўправа... Чарот. Двары абгароджаны штакетам, а дзе і добрай габляванай шалёўкай, нават з выкрутасамі над веснічкамі і варотамі. Сабаленка. // Мудрагелістыя моўныя звароты, словазлучэнні. Слоўныя выкрутасы. // перан. Хітрыкі, выкруты. [Следчы:] — Ну вось і добра, што прызналіся без выкрутасаў. Пальчэўскі.

•••

Вырабляць выкрутасы гл. вырабляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́мурзацца, ‑мурзаюся, ‑мурзаешся, ‑мурзаецца; зак.

Разм. Вымазацца, запэцкацца ў што‑н. (звычайна пра твар). Цяпер з яго нельга і вока спусціць: то ён [Вадзімка] не туды затэпае, то ў якую гразь ўлезе і гэтак вымурзаецца, што страх глядзець і трэба грэць на сонцы ваду і мыць. Сабаленка. Усе агрэхі трэба выправіць растворам. А калі кельмы ў руках трымаць не ўмееш? І вымурзаешся ўвесь, і настрой сапсуеш сабе і людзям, і заробіш курам на соль. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Гучна крычаць, звычайна пераклікаючыся ў лесе; гойкаць. Чаму ён, Суконка, павінен хавацца ад тых, з кім некалі разам бегаў у гэты лес, свістаў і галёкаў на ўсё горла? Паслядовіч. Галёкалі, крычалі на ваўка Начлежнікі. Танк. // Шумна размаўляць, галасіста спяваць і пад. Госці галёкалі ў паўтара дзесяткі горлаў так, што ў Сімона зазвінела ў вушах. Самуйлёнак. Не зважаючы на стомленасць, дзяўчаты і хлопцы галёкалі на ўсё балота песні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазабіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. Забіцца, разбіцца на смерць — пра ўсіх, многіх. Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.

2. Схавацца куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазабіваліся лісяняты ў норы. □ Ганна хліпала, седзячы каля Якава, і мокрым ручніком абцірала з яго твару кроў. Пазабіваўшыся на печ, плакалі і Андрэй з Лукашом. Лобан.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Засмеціцца, закупорыцца — пра ўсё, многае. Трубы пазабіваліся пяском.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазакіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Ускінуць на што‑н. або закінуць куды‑н. усё, многае. Мы пазакідалі, хто пад палаці, а хто на гарышчы, абрыдлыя за доўгую зіму лапці і бегалі басанож. Сабаленка.

2. Разм. Кінуўшы, палажыўшы не на сваё месца, згубіць усё, многае. Пазакідаць інструменты.

3. Адкінуць, адвесці (частку цела, адзенне і пад.) убок, уверх, уніз. Пазакідаць рукі назад.

4. Кідаючы, запоўніць або прыкрыць усё, многае. Пазакідаць ямы ламаччам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

1. Даць каму‑н. што‑н. у доўг. [Язэп:] — Калі вам так патрэбны грошы, дык я вам пазычу. Бядуля.

2. Узяць у каго‑н. што‑н. у доўг, на час. Маці кінулася да суседзяў, каб пазычыць у каго сена. Якімовіч. Тым часам бацька бегаў па хатах, каб дзе пазычыць калёсы на жалезным хаду. Сабаленка.

•••

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) — згубіць сумленне, пачуццё сораму, уласнай годнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мясі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай колькасцю мяса, які дае многа мяса.

2. Разм. Тоўсты, поўны (пра чалавека або часткі яго цела). У невялічкім калідорчыку, дзе пад самай столлю цьмяна свяціла лямпачка, нас сустрэў мясісты, з тварам, як альховы чурбак, чалавек. Сабаленка. Паўз бярэзнік ішоў Арцём Серада, круцячы доўгім мясістым носам, відаць, нечым нездаволены. Бажко.

3. З тоўстай сакавітай мякаццю (аб раслінах, пладах). Нават у верасні.. [кусты] густа ўсыпаны буйнымі мясістымі ягадамі. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́людзь, ‑я, м.

1. Нелюдзімы чалавек. [Кашырын] страціў веру ў сябе і людзей, замкнуўся ў сваю шкарлупіну, стаў нелюдзем і пачаў выпіваць. Сяргейчык. // Неадабр. Які робіць не па-людску. [Бабка:] — Сын у мяне, дзеткі, нелюдзь такі. З’ехаў з дому, пакінуў калгас, і не тое, каб мне, старой, памагаць, дык яшчэ мяне ўсю абшастаў. Скрыган.

2. пераважна мн. (не́людзі, ‑яў). Вылюдкі, звяры. [Карнікі] былі сапраўдныя нелюдзі, бо іначай не выганялі б яны на сіберны холад старых і малых. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)