СЛАБАДА́,

тып сельскага паселішча. Назва звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары С. карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. У зах. рэгіёнах Беларусі (асабліва ў Пінскім Палессі) такія пасяленні наз. Волямі, Вулькамі. Такія назвы атрымлівалі паселішчы, жыхары якіх вызваляліся (станавіліся вольнымі) на тэрмін ад 2 да 12 гадоў ад чыншу і павіннасцей з прычыны неўрадлівасці зямель, якія яны на інш. умовах адмаўляліся апрацоўваць. Такая сістэма асабліва пашырылася пасля Паўночнай вайны 1700—21. Пазней С. сталі называць невял. пасёлкі гар. тыпу каля павятовых гарадоў, дзе жылі рамеснікі, што пакінулі абшчыну і толькі часткова былі звязаны з сельскай гаспадаркай. Пад уплывам розных сац.-эканам. і паліт. прычын С. зліліся з гарадамі або трансфармаваліся ў звычайныя сельскія паселішчы і сталі назвамі вёсак (напр., Слабада ў Мінскім р-не) або часткамі назвы вёсак (напр., Чырвоная Слабада ў Салігорскім р-не).

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́НСКІ (Вісарыён Рыгоравіч) (11.6.1811, г. Свеаборг, Расія, цяпер Суаменліна, Фінляндыя — 7.6.1848),

рускі літаратурны крытык, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1833 збіраўся працаваць настаўнікам рус. мовы ў Беларусі, пазней адмовіўся. Зблізіўся з гуртком М.​У.​Станкевіча, дзе вывучаў філас. сістэмы Канта, Фіхтэ, Шэлінга; пазней зацікавіўся філасофіяй Гегеля. Супрацоўнічаў у выданнях М.​І.​Надзеждзіна «Телескоп» і «Молва» (1833—36), рэдагаваў час. «Московский наблюдатель» (1838—39). З 1839 у Пецярбургу, працаваў у «Отечественных записках» А.​А.​Краеўскага. У 1846—48 кіраваў крытычным аддзелам час. «Современник» М.​А.​Някрасава і І.​І.​Панаева. Бялінскаму ўласцівыя выключная эстэтычная чуйнасць, рознабаковы падыход да з’яў мастацтва. У крытыка-публіцыстычных артыкулах, аглядах, рэцэнзіях ён звяртаўся да пытанняў філасофіі (эвалюцыя ад ідэалізму да матэрыялізму), адстойваў ідэі рэв.-дэмакр. руху, на аснове дыялектыкі распрацоўваў тэорыю мастацтва і л-ры (гал. крытэрыямі каштоўнасці маст. твора лічыў прастату вымыслу, дасканаласць праўды жыцця, народнасць, арыгінальнасць), гісторыі л-ры (вылучаў ламаносаўскі, карамзінскі, пушкінскі, празаічна-апавяд. перыяды і інш.), тэорыі і гісторыі крытыкі як найб. яркага ўвасаблення развіцця грамадскай думкі. Сярод прац «Літаратурныя мары: (Элегія ў прозе)» (1834), «Аб рускай аповесці і аповесцях сп. Гогаля («Арабескі» і «Міргарад»)» (1835), «Нішто аб нічым, або Справаздача сп. выдаўцу «Тэлескопа»...» (1836), «Герой нашага часу... Твор М.​Лермантава», «Гора ад розуму. Твор А.​С.​Грыбаедава» (абодва 1840), «Вершы М.​Лермантава», «Раздзяленне паэзіі на роды і віды», «Агульнае значэнне слова літаратура» (усе 1841), «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» і «Слова пра крытыку» (1842), а таксама пагадовыя агляды рус. л-ры 1840—47. Асаблівае месца ў творчасці Бялінскага належыць цыклу з 11 артыкулаў «Творы Аляксандра Пушкіна» (1843—46) — фактычна першай спробе манаграфічнага аналізу творчасці пісьменніка на фоне гіст. і літ. працэсаў. «Ліст да Гогаля» (1847), напісаны за мяжой, стаў своеасаблівым завяшчаннем крытыка.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1953—59;

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1976—82.

Літ.:

Березина В.Г. Этюды о Белинском — журналисте и критике. СПб., 1991.

Л.​І.​Зарэмба.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТА (ад лац. veto забараняю),

1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш. дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.

2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД РСДРП.

Адбыўся нелегальна 1—3.3.1898 у Мінску, абвясціў заснаванне Рас. с.-д. партыі (РСДРП). На ім прысутнічала 9 дэлегатаў ад 6 мясц. с.-д. арг-цый: Пецярбургскага (С.​І.​Радчанка), Маскоўскага (А.​А.​Ванноўскі), Кіеўскага (П.​Л.​Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К.​А.​Петрусевіч) «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», два ад кіеўскай «Рабочай газеты» (Б.​Л.​Эйдэльман і М.​А.​Вігдорчык), трое ад Бунда (А.​І.​Крэмер, А.​Мутнік, Ш.​Кац). За 3 дні работы з’езда было праведзена 6 пасяджэнняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з’езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова «рабочая». Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з’яўляецца з’езд, а выканаўчым — ЦК, які выбіраецца з’ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нац. пытанні запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у т. л. і права на нац. аўтаномію с.-д. рухаў. З’езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраўніцтве партыяй. Выбраў ЦК з 3 чл. (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), прызнаў «Рабочую газету» афіц. органам партыі, прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў напісаны П.​Струвэ і надрукаваны ў падп. друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест апублікаваны ў с.-д. газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з’езда «Саюзы барацьбы» і с.-д. групы пачалі пераўтварацца ў парт. к-ты. Аднак партыя як адзіная с.-д. арг-цыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з’езда былі арыштаваны, друкарню і 3-і нумар «Рабочей газеты» захапіла паліцыя. На II з’ездзе РСДРП (1903) рас. сацыял-дэмакратыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў. У Мінску ў доме, дзе адбыўся I з’езд РСДРП, створаны Дом-музей з’езда РСДРП.

Літ.:

Маркова Р.И. Первый съезд РСДРП. М., 1965;

Король А.С. Соединяясь в партию. Мн., 1988;

Симанюков С.М. Дом-музей I съезда РСДРП. Мн., 1998.

С.​М.​Сіманюкоў.

Дом-музей Першага з’езда РСДРП.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Не́лень ’дуб, які захоўвае на сабе сухія лісты аж да новых і пачынае распускацца ў першай палове мая, прыблізна на два тыдні пазней за звычайны’ (Пятк. 2), неле́нь ’тс’ (Маш.), не́лень і не́лін ’тс’ (ТС), нелі́н ’тс’ (лельч., Жыв. сл.), часта ў спалучэннях не́лень‑дуб, не́лін‑дуб ’тс’ (ТС); укр. не́линь. Да *lěniti, *linʼati ’ліняць’, параўн. славен. léniti ’тс’, гл. ліняць; першапачаткова прыметнік як азначэнне пры назоўніку дуб, які пасля ў выніку дээтымалагізацыі субстантываваўся; паўторна збліжаны з лень, лянівы (гл.), адсюль другасная апісальная назва лянівы дуб, параўн.: Кажуць леніву дуб, бо вон повно развіваецца (ТС, 3, 21), а таксама шляхам апушчэння адмоўя — лень‑дуб (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́чвы ’начоўкі’ (Яруш., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк., Кліх, Сл. ПЗБ, Маш., Янк. 1, ТС; палеск., З нар. сл.), сюды ж но́чаў ’вялікія начоўкі’ (петрык., З нар. сл.), укр. но́чви ’карыта мыць бялізну’, рус. но́чвы, но́чви ’начоўкі’, польск. niecki, niecka ’тс’, чэш. necky ’тс’, в.-луж. mjecki ’тс’, н.-луж. njacki ’тс’, славен. nečve, nečkȇ ’тс’, серб.-харв. на̏ћве ’карыта для замешвання цеста’, макед. нокви ’тс’, балг. но́щви, нъ́щки ’тс’. Прасл. *nьktjy, род. скл. nьktjъve, звязваюць з грэч. νίζω ’мыю’, ст.-інд. nḗnēkti ’сцірае’, ст.-ірл. nigid ’мые’; мяркуецца, што першапачаткова значыла ’карыта для мыцця’, пазней ’карыта для замешвання цеста’ (Фасмер, 3, 86; Махэк₂, 393; Бязлай, 2, 218).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марцыпа́н, ‑ны (мн.) ’кандытарскія вырабы з цеста, прыгатаванага з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам’, ’што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае’, ’страва, якая не існуе — нешта накшталт птушынага малака’ (ТСБМ; шчуч., З нар. сл.), ’вараныя буракі’ (ТС), ст.-бел. марципанъ ’тс’ (XVII ст.), якое запазычана са ст.-польск. marcypan < італ. marzapane ’пернік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Кохман, 84). Першапачаткова італ. marzipane — венецыянская манета, пасля мера: 10 марцыпанаў = 1 чацвярыку; у скрыні памерам у 1 марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней і стаў называцца марцыпанам. Італ. marzapane ўзыходзіць да араб. mauthabān ’кароль, які сядзіць на троне’. Не выключана другаснае запазычанне бел. лексемы з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мста ’помста’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), ст.-польск., каш. msta, чэш. msta. Можна дапусціць запазычанне са ст.-польск. у бел. мову. Ва ўкр., рус. мовах месть, якое з прасл. mьstь (параўн. ст.-рус. мьсть, балг. мъст, ст.-слав. мьсть) < *mit‑ti‑s (Махэк₂, 382), роднаснае з мітусь (гл. Фасмер, 2, 608). Ад назоўніка быў утвораны дзеяслоў mьstiti > мьстити, а пазней — помста (гл.). Сюды ж мсці́цца, мсці́ць, мсці́вы, тураў. мсці́ву, слаўг., ветк. мслі́вы(й), мсці́вец (ТСБМ, Нас., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; Нар. словатв., Мат. Гом.). Крукоўскі (Уплыў, 118, 124) лічыць лексему мсці́вец калькай з рус. мститель. Не абавязкова. Магло быць і самастойнае адпрыметнікавае ўтварэнне накшталт ліслівец або запазычанае з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́лца 1 ’галінка, вілападобнае разгалінаванне’ (капыл., Сл. ПЗБ), ра́лцэ, ра́льцэ ’сук, разгалінаванне’ (ТС), ра́льца мн. л. ’рожкі ў калаўроце’ (там жа), ’рожкі дня шпулькі ў кроснах’ (Лексика Пол.). Памяншальнае ад рала 1 (гл.) пры дапамозе суф. ‑ц(а), з магчымым варыянтам ‑ц(ы), а таксама варыянтнай мяккасцю асновы, як кола — колца/кольца, рыла — рылца/рыльца і пад.

Ра́лца 2 (rałce): do dworu przynoszą w darze jaja farbowane, zwane tu rałce (пін., Кольб.), адз. л. rałec ’велікоднае яйка чырвонага колеру’ (там жа). Відаць, да ралца 1, першапачаткова гэта было абрадавае ўпрыгожанае дрэўца (параўн. рагаценька, гл.), т. зв. *рало (дрэва жыцця?), пазней замененае велікодным яйкам, параўн. укр. рале́ць ’віншавальны падарунак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ, Беларуская майстроўня,

маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел. тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш. ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел. нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць з культ.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел. нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-ва бел. школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.​Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).

В.​Вячорка.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)