вюрцы́т
[ад фр. S. Wurtz = прозвішча фр. хіміка (1817—1884)]
мінерал класа сульфідаў, сульфід цынку ад светла-жаўтаватага да цёмна-чырвона-карычневага колеру; руда цынку, іншы раз кадмію.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
монтмарылані́т
(фр. montmorillonite, ад Montmorillon = назва горада ў Францыі)
мінерал класа сілікатаў белага колеру з шараватым, чырванаватым адценнямі; выкарыстоўваецца ў нафтавай, тэкстыльнай, гумавай, папяровай і іншых галінах прамысловасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
піракатэхі́н
(ад піра- + катэху)
арганічнае злучэнне класа фенолаў, якое з’яўляецца састаўной часткай смол акацыі катэху і некаторых танінаў; выкарыстоўваецца для сінтэзу фарбавальнікаў, лекавых прэпаратаў, як праявіцель у фатаграфіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сілімані́т
[ад англ. B. Sylliman = прозвішча амер. мінералога (1779—1864)]
мінерал класа сілікатаў шэрага, светла-бурага і бледна-зялёнага колеру, які выкарыстоўваецца ў керамічнай вытворчасці, для атрымання сілуміну.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сіфанафо́ры
(н.-лац. siphonophora)
падклас водных кішачнаполасцевых жывёл класа гідразояў, свабоднаплаваючыя арганізмы (паліморфныя калоніі) з размешчанымі ўздоўж ствала калоніі асобінамі рознай будовы (заоідамі); жывуць у акіянах і морах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
цэалі́ты
(ад гр. zeo = кіплю + -літ)
група мінералаў класа сілікатаў, водазмяшчальныя алюмасілікаты пераважна кальцыю, натрыю, калію, радзей барыю, стронцыю, штучныя цэаліты выкарыстоўваюцца для ачышчэння вады, фарбавання і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гіфаміцэ́ты
(ад гр. hyphe = тканка + -міцэты)
група недасканалых грыбоў класа дэйтэраміцэтаў, якая размнажаецца канідыямі і выклікае многія хваробы ў раслін і жывёл, прыносячы значныя страты сельскай і лясной гаспадарцы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАЕКТАВА́ННЯ,
выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.
Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.
Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн. сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).
Літ.:
Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;
Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.
А.Г.Раковіч.
т. 2, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЗУНЫ́ (Rodentia),
найбольш шматлікі атрад класа млекакормячых. 33 сям., каля 1600 відаў (паводле інш. звестак да 2000 відаў), што складае 40% ад відаў млекакормячых сусв. фауны. Вядомы з пач. палеацэну. Узніклі, магчыма, ад агульных продкаў з насякомаеднымі. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Найб. разнастайныя і шматлікія ў адкрытых ландшафтах умеранага і субтрапічнага паясоў, асабліва ў арыдных зонах. Найб. пашыраны вавёркавыя (гл. Вавёркі), палятухі, бабры, нутрыевыя (гл. Нутрыя), марскія свінкі, соні, тушканчыкавыя (гл. Тушканчыкі), мышоўкавыя (гл. Мышоўкі), мышыныя (гл. Мышы), слепаковыя (гл. Слепакі) і інш. 15 відаў і 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 сям., 24 віды. Насяляюць палі, лясы, сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, трапляюцца каля жылля і ў будынках. 3 віды — соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), соня садовая (Eliomus quercinus) і палятуха звычайная (Pteromys volans) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Даўж. цела ад 5 (мышоўкі) да 130 см (вадасвінка), маса ад 6 г да 60 кг. Валасяное покрыва (шчацінне або іголкі) ад густога, мяккага да рэдкага. Разцы развітыя, увесь час растуць і вострацца пры сціранні, карэнныя зубы з шырокай жавальнай паверхняй, аддзеленыя ад разцоў прамежкам — дыястэмай. Пераважна расліннаедныя. Вельмі пладавітыя, у многіх некалькі прыплодаў за год. Грызуны — корм для драпежных птушак і млекакормячых. Многія — захавальнікі і пераносчыкі прыродна-ачаговых хвароб, шкоднікі, аб’екты промыслу.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1983;
Соколов В.Е. Фауна мира. Млекопитающие. М., 1990.
Л.В.Кірыленка.
т. 5, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«И́СКРА»,
першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар. рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.
Літ.:
Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;
Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;
Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;
Лейпциг, 1984;
Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.
С.В.Говін.
т. 7, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)