ЛЮНЕ́Т (ваен.),

палявое або доўгатэрміновае абарончае збудаванне (умацаванне), адкрытае з тылу. Складаўся з 1—2 франтальных валоў (фасаў) з ровам наперадзе і бакавых валоў для прыкрыцця флангаў. Будаваўся ў 17 — пач. 20 ст. на важных участках абарончых пазіцый. Памеры і форма Л. вызначаліся ў залежнасці ад умоў абстрэлу мясцовасці, напрамку агню сваіх войск і праціўніка, а таксама ад памеру гарнізона, які там размяшчаўся (1—4 роты). Тыл Л. прыкрываўся засекай або рэзервам.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́ЕЎ (Арсен Аляксеевіч) (10.12.1910, в. Блеўчыцы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 7.4.1989),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў ваен. школу ў Пухавічах (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Волхаўскім, Ленінградскім, 1-м Прыбалт., 2-м і 1-м Бел. франтах, удзельнік прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Пскоўскай вобл., баёў у Эстоніі, Латвіі, Усх. Прусіі. Камандзір гаўбічнай батарэі ст. лейтэнант Н. вызначыўся ў 1945 у баях за Берлін. Да 1971 на сав., парт. і гасп. рабоце.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ ДАГАВО́Р 1952,

дагавор аб заснаванні Еўрапейскай абарончай супольнасці (ЕАС). Падпісаны 27 мая ў Парыжы міністрамі замежных спраў Францыі, ФРГ, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга. Прадугледжваў стварэнне ваен. групоўкі гэтых краін, а таксама наднац. еўрап. арміі пад кіраўніцгвам вярх. каманд. ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе. Нац. сход Францыі ў жн. 1954 адмовіўся ратыфікаваць гэты дагавор, аднак ён стаў асновай Заходнееўрапейскага саюза, створанага паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 у складзе членаў ЕАС і Вялікабрытаніі.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́ШНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,

у Расійскай дзяржаве адна з назваў (да 17 ст.) датачных людзей (пажыццёва ваеннаабавязаных асоб), звязаная з іх вылучэннем па «сохах» — адзінках пазямельнага (у гарадах падворнага) падаткаабкладання. Напр., для Казанскага паходу 1547 бралі па 2 чал. ад «сахі». У войску з П.л. складалася пасошная раць. Пасля заканчэння чарговага ваен. паходу П.л. звычайна распускалі па хатах да новага прызыву, але і ў мірны час іх маглі прыцягваць да буд. і рамонтных работ.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАПІ́Д (Pelopidas; каля 410 да н.э., г. Фівы, Грэцыя — 364 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 379 адзін з арганізатараў антыспартанскага дэмакр. перавароту ў Фівах. З 378 шмат разоў выбіраўся ў калегію гал. дзярж. чыноўнікаў (беатархаў) Беатыйскага саюза. Пад яго кіраўніцтвам фіванцы перамаглі спартанцаў каля Танагры (377), Тэгіры (375), Леўктраў (371). З 369 кіраваў ваен. дзеяннямі фіванцаў супраць Македоніі і тырана г. Фер Аляксандра; загінуў у бітве з ім каля Кінаскефалаў.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ШЧАНКА (Андрэй Сямёнавіч) (н. 6.12.1921, г. Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1946): Скончыў Віцебскі аэраклуб (1941), Чарнігаўскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 1-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка лейт. П. зрабіў 150 баявых вылетаў. Да 1962 у Сав. Арміі, да 1991 на гасп. рабоце.

А.С.Пешчанка.

т. 12, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІШЧЫКЕ́ВІЧ (Барыс Тарасавіч) (5.8.1899, в. Сасноўка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ін-т чырв. прафесуры (1936), курсы палітработнікаў пры Ваен.-паліт. акадэміі (1941). Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр. фронце. Удзельнік вызвалення Беларусі, баёў у Германіі. Агітатар палітаддзела дывізіі маёр П. вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл. Пасля вайны да 1957 на прафс. рабоце.

Б.Т.Пішчыкевіч.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСКО́Ў (Рыгор Давыдавіч) (20.12.1898, Мінск — 2.11.1972),

генерал-лейтэнант артылерыі (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У Чырв. гвардыі з 1917, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, баёў на Паўд., Паўд.-Зах. і Зах. франтах, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, 2-м Укр., 1-м Бел. франтах: камандуючы артылерыі дывізіі, корпуса, арміі. Да 1956 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Пад грукат кананады» (1969).

т. 12, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́КАП ВЯЛІ́КІ, Прокап Голы (Prokop Veliký, Prokop Holý; каля 1389—30.5.1434),

чэшскі палкаводзец у гусіцкіх войнах. Да 1425 прапаведнік табарытаў, з 1426 іх гал. паліт. і ваен. кіраўнік. Узначальваў аб’яднанае гусіцкае войска, якое разбіла ням. курфюрстаў каля Усці-над-Лабай (1426), крыжакоў каля Тахава (1427) і Домажліцы (1431). Ініцыіраваў паходы гусітаў у Славакію, Майсен, Брандэнбург, Саксонію, Баварыю, Аўстрыю, Венгрыю і інш. У 1433 узначальваў чэш. пасольства на Базельскім саборы. Загінуў у бітве пад Ліпанамі.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ КАМА́НДНЫ,

месца, з якога ажыццяўляецца кіраўніцтва войскамі ў час падрыхтоўкі і ў ходзе ваен. дзеянняў. У часцях, злучэннях і аб’яднаннях звычайна ствараюцца П.к.; асн., перадавыя і запасныя, рухомыя і стацыянарныя, паветр., наземныя і падземныя (у залежнасці ад прызначэння, роду і віду войск). Адным з элементаў П.к. з’яўляецца назіральны пункт. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі, на П.к. могуць размяшчацца разлікі (ВПС, ППА і інш.), якія нясуць баявое дзяжурства.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)