комплекс тэхнічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для зваркі. Бываюць ручныя (гарэлкі зварачныя для газавай зваркі, электратрымальнікі для дугавой і інш.), механізаваныя (шлангавыя паўаўтаматы для дугавой зваркі з механізаванай падачай зварачнага дроту, механізаваныя ўстаноўкі для мікразваркі) і аўтам. (самаходныя і падвесныя зварачныя галоўкі, зварачныя трактары, спецыялізаваныя зварачныя ўстаноўкі, у т. л. аўтаматызаваныя для мікразваркі). Аўтам. З.а. пры дугавой і электрашлакавай зварцы падае электрод у зону зваркі, перамяшчае дугу і электрод адносна вырабаў, якія злучаюцца.
Тэхналагічна злучанае паміж сабой З.а. аб’ядноўваюць у стацыянарны або перасоўны зварачны пост, а некалькі тэхналагічна звязаных пастоў — у зварачную лінію. Пасты аснашчаюцца: зварачнымі генератарамі (пастаяннага або пераменнага току павышанай частаты для дугавой зваркі, у т. л. пад флюсам і ў ахоўных газах); зварачнымі трансфарматарамі (для сілкавання зварачных працэсаў пераменным токам пры дугавой і кантактнай зварцы); зварачнымі выпрамнікамі (з селенавымі або крэмніевымі паўправадніковымі элементамі для сілкавання зварачнай дугі пастаянным токам пры дугавой ручной і аўтам. зварцы); спец. прыстасаваннямі (зварачныя цялежкі, стэнды, кантавальнікі, маніпулятары, клямары); інструментамі (наладачныя, вымяральныя і інш.). Зварачныя аўтаматы і робаты, якія шырока ўкараняюцца ў вытв-сць, забяспечваюць аўтаматызацыю дугавой і кантактнай зваркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬу фізіцы,
нязменнасць аб’екта (фіз. велічыні, матэм. суадносін, ураўненняў фіз. тэорыі і інш.) адносна пэўных пераўтварэнняў, якія адлюстроўваюць незалежнасць фіз. заканамернасцей ад канкрэтных сітуацый, у якіх яны ўстанаўліваюцца і ад спосабу апісання гэтых сітуацый. І. звязана з уласцівасцямі сіметрыі прасторы і часу, для матэм. апісання якіх у класічнай механіцы выкарыстоўваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай тэорыі — Лорэнца пераўтварэнні. Аднароднасць і ізатропнасць трохмернай (эўклідавай) прасторы і аднароднасць часу, як вынікае з Нётэр тэарэмы, прыводзяць да існавання фундаментальных законаў захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу.
І. звязана з агульнымі і найб. глыбокімі ўласцівасцямі матэрыяльных аб’ектаў, прасторы і часу. Напр., рэлятывісцкая інварыянтнасць звязана з аднароднасцю і ізатропнасцю 4-мернай прасторы-часу, а ізатапічная інварыянтнасць — з незалежнасцю моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц ад іх эл. зарадаў. Пры стварэнні розных аб’яднаных тэорый (гл.Вялікае аб’яднанне, Электраслабае ўзаемадзеянне) выяўляюцца інш. віды І., напр.Калібровачная інварыянтнасць. З паняццем І. цесна звязана паняцце каварыянтнасці. Паводле яе патрабаванняў пры адпаведных пераўтварэннях сіметрыі захоўваецца толькі форма запісу матэм. суадносім фіз. тэорыі, а самі велічыні могуць мяняцца. Напр., 4-вектар энергіі-імпульсу P (P1; P2; P3; P4) P′ (P1′; P2′; P3′; P4′) — каварыянт, а яго квадрат P2 = (P′)2 = −m2c4 — інварыянт, дзе m — маса спакою рэлятывісцкай часціцы, c — скорасць святла ў вакууме. На прынцыпах каварыянтнасці грунтуецца т. зв. каварыянтны падыход, распрацаваны Ф.Л.Фёдаравым для рашэння задач тэарэт. фізікі (гл.Каварыянтныя метады, Праектыўных аператараў метад).
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,
1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К.т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.Д.Д’Арбіньі, Ж.Л.Р.Агасіс, А.Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.Ведэкінг, К.Бойрлен, Э.Даке).
2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.
Літ.:
Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр.М.; Л., 1937;
Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РМЧЫЯ КНІ́ГІ (ад стараслав. кръмьчии — стырнавы, рулявы),
зборнікі царк. і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўд. і ўсх.-слав. краін. Аб’ядноўвалі царк. правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканад. зборнікаў. Т. зв.Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэч. мовы, зроблены ў Балгарыі ў пач. 10 ст. На Русь трапіла ў 11 ст.Найб. ранні яе спіс наўгародская Яфрэмаўская кормчая пач. 12 ст. Гістарыяграфічныя матэрыялы К.к. выкарыстоўваліся пры напісанні рус. летапісаў, некат. іх палажэнні ўключаны ў мясц. помнікі царк. права. У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя К.к., перакладзеная ў Сербіі ў 1-й пал. 13 ст. на стараж.-слав. мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі. Яна змяшчала і новыя заканад. палажэнні. У 15—16 ст.найб. пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т. л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634. З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816. У 1260—70-я г. на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя К.к. на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясц. тэкстаў. («Закон судны людзям», інш.юрыд. помнікі, манаскія статуты і правілы, гіст. і біягр. творы і інш.). К.к. Рус. рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі. Спісаў Сербскай рэдакцыі К.к. на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рус. рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Падняпроўі. Бытаваў у 18 — пач. 20 ст. пераважна ў Магілёўскім, Быхаўскім, Шклоўскім, Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. Летні жаночы гарнітур складалі пераважна 2 варыянты-комплексы: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным (радзей вузкім стаячым) каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвоны з украпінамі чорнага) кампанаваўся ў палосы на плечавых устаўках і рукавах (паралельна лініі ўточкі), на каўняры. Пераважалі геам. (ромб, крыжык, зорачка) і раслінныя (васількі, бярозка) узоры. Суконная спадніца (андарак, саян) чырвона-малінавая з белай, зялёнай, сіняй, чорнай клеткай, палатняная (бяляк) — гладка-белая ці клятчастая шэра-белая з арнаментальным шлякам на падоле. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Фартух-трыпольнік шылі з 3 белых полак палатна. Гарсэт (кабат) шылі з сіняга, чырвонага аксаміту, шарсцянкі з баскай у выглядзе клінкоў або прышывалі да спадніцы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы. Галаўныя ўборы жанчын — чапец, намітка, аздобленая вышыўкай і нашыўкамі мохрыкаў даматканая хустка. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, абразкі, крыжыкі. У мужчынскіх кашулях тунікападобнага крою багата вышывалі манішку. Нагавіцы шылі з белага палатна ці сукна. Насілі таксама суконныя ці палатняныя камізэлькі са стаячым каўняром, шыйныя даматканыя хустачкі-шалікі, вышытыя чырвоным арнаментам на канцах. Галаўны ўбор — каўпаковая з лямцу магерка ці футраванка. Мужчынская і жаночая вопратка — белыя світы, аздобленыя вышыўкай, нашыўкамі тасьмы і шнура.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Магілёўскі строй. Сялянкі ў традыцыйным летнім адзенні. Вёска Заходы Шклоўскага раёна. 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ННЕ,
мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адноснасамаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРЭ́С (ад лац. progressus рух наперад),
паступальнае развіццё ў грамадстве ад простага да складанага, ад менш дасканалага да лепшага, больш дасканалага стану. Ахоплівае ўсе сферы жыцця і дзейнасці людзей, увасабляецца ў навуцы і тэхніцы (гл.Навукова-тэхнічны прагрэс), у маралі, мастацтве і інш. грамадскіх з’явах; базіруецца на эканам. (вытворчых) адносінах. Можа закранаць сістэмы ў цэлым або іх кампаненты, структуры і інш. параметры ў стадыі развіцця. Паняцце, процілеглае П., — рэгрэс.
Уяўленне, што змены ў свеце, асабліва ў грамадстве, адбываюцца ў пэўным кірунку, узнікла яшчэ ў старажытнасці. Сцвярджэнні Сакрата, Платона аб гіст. тупіку сутыкнуліся з поглядамі Дэмакрыта, Геракліта, Лукрэцыя, Эпікура, якія развівалі ідэі паступальнага руху. У сярэднія вякі грамадскі П звязваўся з Богам. Сацыялісты-утапісты, асабліва А.Сен-Сімон, бачылі грамадскі П. у ліквідацыі прыватнай уласнасці і высокай тэхн. аснашчанасці вытв-сці. Рэвалюцыянеры-дэмакраты крыніцу грамадскага развіцця бачылі ў сял. рэвалюцыі, а потым у асвеце, навуцы, мастацтве, маралі.
У сучасных умовах асн. лінія грамадскага П. знаходзіць сваё выяўленне ў дэмакратызацыі і гуманізацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця і ва ўсебаковым развіцці асобы. Сац. П. мае месца ў сусветна-гіст. маштабе — пры змене цывілізацый і эпох, кожная з якіх прыносіла з сабой прагрэс.сац. перамены ў параўнанні з папярэдняй; ён характарызуецца пераадоленнем або змякчэннем сац. супярэчнасцей і канфліктаў, паляпшэннем умоў жыцця людзей. Развіццё грамадства не выключае момантаў рэгрэсу, руху назад у асобных сферах жыцця. Існуюць розныя канцэпцыі адносна П. Некаторым гісторыкі і сацыёлагі (А.Тойнбі, П.А.Сарокін) проціпастаўляюць сац. П. ідэю цыклічнага развіцця, кругавароту цывілізацый; іншыя ўяўляюць гібель цывілізацый як вынік навук.-тэхн. прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БІЯХІ́МІЯ,
раздзел біяхіміі, які вывучае змены абмену рэчываў, што ўзнікаюць у арганізме ў выніку дзеяння на яго іанізавальнага выпрамянення. Цесна звязана з радыебіялогіяй. Асн. задача Р.б. — высвятленне механізмаў узнікнення асаблівасцей цячэння метабалічнай рэакцыі арганізма ў адказ на апрамяненне на малекулярным, субклетачным, клетачным, аргана-тканкавым, арганізмавым узроўнях. На Беларусі Р.б. развіваецца з канца 1950-х г. Даследаванні праводзяцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі Нац.АН, БДУ, Віцебскім мед. ін-це і інш. Уклад у Р.б. зрабілі А.Ц.Пікулеў, Л.С.Чаркасава, Т.М.Міронава, В.Г. і К.В. Фамічэнкі і інш. Вывучаліся дзеянні лятальных доз рэнтгенаўскіх і гама-прамянёў на бялковы і вугляводны абмен у функцыянальна важных тканках жывёльнага арганізма, малых доз вострага, фракцыянаванага і хранічнага апрамянення на паказчыкі абмену рэчываў (прыярытэт бел. школы біяхімікаў), складаных бялковых біяпалімераў, амінакіслот, ферментаў вугляводна-энергет. нуклеінавага абмену, дзеянне адносна невял. доз нейтронаў прамежкавых энергій на абмен рэчываў. Пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986) арганізаваны Ін-т радыебіялогіі Нац.АН Беларусі, Н.-д. клінічны ін-т радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Даследуюцца эфекты малых доз радыяцыі на гарманальны статус арганізма (гармоны шчытападобнай, падстраўнікавай і палавых залоз), фосфарна-кальцыевы абмен, метабалізм вугляводаў, імуналагічныя паказчыкі (Я.Ф.Канапля, Г.Р.Гацко, І.М.Багель і інш.).
Літ.:
Ионизирующее излучение и обмен веществ. Мн., 1962;
Фамічэнка К.В., Петрусенка Г.П. Сістэма нуклеаз у тканках пасля адрэналэктаміі і рэнтгенаўскага апраменьвання // Весці АНБССР. Сер. біял.навук. 1985. № 5;
Основные итоги выполнения научного раздела Гос. программы РБ по минимизации и преодолению последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС на 1996—2000 гг. за 1996 г.Мн. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́НЫЯ, совы нармальныя,
совы сапраўдныя (Strigidae),
сямейства птушак атр. совападобных. 23—28 родаў, 21 выкапнёвы і 133 сучасныя віды. Пашыраны паўсюдна, ад арктычных тундраў да трапічных лясоў. У гарах трапляюцца да выш. 5 тыс.м. Гняздуюцца на зямлі, у дуплах дрэў, гнёздах інш. птушак, расколінах скал, збудаваннях. Аселыя і вандроўныя птушкі, актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. У Чырв. кнігу МСАП занесены 3 віды і 9 падвідаў. На Беларусі 12 відаў з 9 родаў; 8 відаў у Чырв. кнізе.
Даўж. цела да 84 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,5 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне мяккае, рыхлае, шараватае, бурае або рыжаватае, з цёмнымі і светлымі плямамі і стракацінамі. Тваравы дыск акруглы. З органаў пачуццяў найб. развіты слых і бінакулярны зрок Вочы вял., у арбітах нерухомыя. У многіх відаў на галаве «вушкі» з падоўжаных пёраў (відавая адзнака). Вонкавыя вушныя адтуліны вялікія. Шыйных пазванкоў 14, шыя вельмі рухавая (галава можа паварочвацца на 180—270°). Крылы шырокія, закругленыя, хвост адносна кароткі. Дзюба вострая, кароткая, крута загнутая ўніз, каля асновы з васкавіцай, якая прыкрыта шорсткімі пёркамі. Лапы моцныя, чатырохпальцыя (4-ы палец паварочваецца назад). Цэўкі ўкарочаныя, апераныя, кіпцюры гладкія. Кормяцца пераважна жывёльным кормам. Манагамы. Адкладваюць 3—6 (зрэдку да 14) яец. Развіццё птушанят па птушанятным тыпе.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. 2 изд. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМА́НКА (Salamanca),
горад у цэнтр.ч. Іспаніі, у аўт. вобласці Кастылія-Леон, на р. Тормес. Адм. ц.аднайм. правінцыі. Каля 160 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая. 2 ун-ты.
З 5 ст. да н.э. згадваецца як умацаванае паселішча племя ветонаў. У 3 ст. да н.э. заваявана карфагенянамі, у 2 ст. да н.э. — рымлянамі. У 8—11 ст.н.э. (з перапынкамі) пад уладай арабаў. У час Рэканкісты горад амаль апусцеў, зноў заселены ў 1102. У 1218 засн. Саламанкскі універсітэт, у 1254 бібліятэка. У 1520 С. — цэнтр паўстання камунерас. У 16—17 ст. цэнтр сукнаробства і кнігадрукавання.
22.7.1812 войскі А.Уэлінгтана і ісп. партызаны разбілі каля С. франц. войска. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 у С. (з 1936) знаходзілася рэзідэнцыя Ф.Франкл Баамондэ.
Горад-ансамбль С. вызначаецца адносна рэгулярнай планіроўкай вуліц, аднародным буд. матэрыялам (залацісты пясчанік), стылістычным падабенствам будынкаў (пераважна стылі платэрэска і чурыгерэска). Шматлікія арх. помнікі надаюць гораду выгляд музея: рым. мост з 15 арак, раманскія сабор (1140—60) і касцёл Томаса Кентэрберыйскага (перабудаваны ў 15 ст), кафедральны сабор з рысамі готыкі і барока (1513—1733, арх. Р.Хіль дэ Антаньён і інш.), кляштар дамініканцаў і касцёл Сан Эстэбан (1524—1610), езуіцкая семінарыя (1617—1755), касцёл кляштара аўгусцінцаў (1636—87, размалёўкі Хасэ дэ Рыбейры) і інш. У стылі платэрэска — комплекс універсітэцкіх будынкаў (канец 15—16 ст.). На цэнтр гар плошчы Пласа Маёр (1729—55, арх. А. дэ Чурыгера і інш.) ансамбль будынкаў у стылі ісп. барока (чурыгерэска). Старая ч. С. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.