вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Гомельскае староства,
буйное феад.ўладанне. Цэнтр — г.Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г.дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв.Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс.сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРЫ́ЧНІНА, апрышніна,
1) у 14—15 ст. асобнае ўдзельнае ўладанне жанчын з велікакняжацкай сям’і.
2) Назва ўласнага ўдзелу Івана IV у 1565—72 з асобнай тэрыторыяй, войскам і дзярж. Апаратам.
3) Сістэма надзвычайных ваенна-адм., сац.-эканам. мерапрыемстваў Івана IV у 1565—72 для ўмацавання самадзярж. улады, ліквідацыі феад. раздробленасці, барацьбы з непакорнымі феадаламі. Мэтай апрычніны абвяшчалася выкараненне «крамолы». Ажыццяўлялася апрычнікамі, якія мелі неабмежаваныя правы і ўладу, былі непадсудныя органам улады і суда. Суправаджалася жорсткімі расправамі з баярска-княжацкай апазіцыяй, масавымі смяротнымі пакараннямі часта невінаватых людзей, зямельнымі канфіскацыямі і інш. Асабліва жорсткія рэпрэсіі чынілі А.Д.Басманаў, А.І.Вяземскі, Р.Л.Скуратаў-Бельскі і інш. У выніку апрычніны выкаранены феад. сепаратызм, умацаваны самадзярж. дэспатызм і яго сац. апора — служылыя людзі, дваране і сярэднія землеўладальнікі; узмоцнена прыгонніцтва, збяднела значная частка насельніцтва, асабліва пасадскія людзі. У 1572 апрычніна адменена, частка канфіскаваных земляў вернута іх б. уладальнікам.
Літ.:
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985. С. 136—160;
Ключевский В.О. Русская история: Полн. курс лекций. М., 1993. Кн. 1. С. 483—495;
Соловьев С.М. Соч.М., 1989. Кн. 3, т. 5—6. С. 506—547.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУДО́К,
гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. За 22 км ад г. Шчучын, 90 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы на лініі Масты—Ліда. 1,4 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 мястэчка, да 1567 цэнтр павета Віленскага ваяв. У 16—17 ст. належаў Лацкім, Сапегам, Францкевічам. У лют. 1706 гал. кватэра шведскага караля Карла XII. У 18—1-й чвэрці 19 ст. ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. З 1830-х г. уладанне Урускіх, з пач. 20 ст. — Святаполк-Чацвярцінскіх. У 1897—1860 ж., нар. вучылішча, касцёл, сінагога, мясц.прам-сць. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 27.6.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, разбураны. 9.5.1942 гітлераўцы расстралялі ў Ж. 2 тыс.сав. грамадзян. З 17.4.1962 у Шчучынскім р-не. У 1971—2,1 тыс. ж.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл Ушэсця (1854) і сядзіба (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю, «сталовы маёнтак» у ВКЛ у 16—18 ст. Фактычна ўзнікла ў 1519 як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформлена ў 1532. У адм. адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 — у Брэсцкае ваяв. Канчаткова К.э. як «сталовае ўпаданне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 у выніку падзелу паміж дзярж. і каралеўскім скарбам. У 16—17 ст. К.э. валодалі каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. На 1563 у К.э. было каля 77 тыс.дзес. зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мяст. Гарадзец. З пач. 18 ст. К.э. збліжаецца з Брэсцкай, яны разам выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. Пасля 1757 узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежыцкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ліцвінкаўскага, Іласкага, Тэвельскага і Чаравачыцкага. Ваен. дзеянні, агульны гасп. заняпад прывялі да скасавання ў 1766 самакіравання. Рэарганізацыя К.э. ў 1768 станоўчых вынікаў не дала. У 1795 К.э. ўвайшла ў склад Рас. імперыі. Яе землі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст. — Гарадзецкае княства),
феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял.кн.літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн. Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял.кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — ўдаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял.кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял.кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЧЫ,
горад, цэнтр Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. За 160 км на ПдУ ад Магілёва. Чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча, вузел аўтадарог на Клімавічы, Хоцімск, Сураж, Краснаполле. 17,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з канца 16 ст. як дзярж.ўладанне ў Крычаўскім старостве ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Клімавіцкім пав. Беларускай, з 1796 — Магілёўскай губ. Маёнтак К. належаў У.Цеханавецкаму. У 1886 цэнтр воласці, 620 ж., 122 двары, вінакурны завод, царк.-прыходскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, бальніца, аптэка, 8 гарбарняў, млын, 94 крамы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897—700 ж., каля 340 двароў. У 1924 перададзены з РСФСР у БССР, цэнтр Касцюковіцкага раёна. У 1933—3,1 тыс.ж., працавалі гантарэзня, пеньказавод, маслазавод і цагельны з-д. З 27.9.1938 горад. У 1939—6,1 тыс.ж., лесапільны з-д, электрастанцыя, прадпрыемства па вырабе шпал і брусоў. З 14.8.1941 да 28.9.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў К. і раёне загубілі 846 чал. У 1959 у К. 8,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў (Касцюковіцкі цэментны завод), харч. прам-сці. Ільнозавод. Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.В.Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял.кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Магілёўскае староства, Магілёўская эканомія,
буйное дзярж.ўладанне ў 14—18 ст. У 1387—99 належала каралеве Ядвізе, жонцы Ягайлы. У 15 ст., верагодна, з яе адасобіўся маёнтак Буйнічы. У 1501—31 М.в. у пажыццёвым уладанні вял. княгіні Алены Іванаўны, пазней — дзярж. ўласнасць. Тэр. М.в. сфарміравалася да 1-й пал. 16 ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. звычайна называлася староствам. У 1560 уключала г. Магілёў і больш за 60 сёл. Пасля адм. рэформы 1565—66 у складзе Аршанскага павета. З 1588 перайшла ў разрад эканомій. У канцы 16 ст. імкліва павялічвалася колькасць жыхароў і паселішчаў. Паводле інвентара 1604, М.в. складалася (апрача Магілёва) з 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. Першы адміністратар Магілёўскай эканоміі — Л.І.Сапега, у 1736—72 М.Пацей. У 1772 М.в. далучана да Рас. імперыі (5261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу). Значная яе частка раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным да Кацярыны II — А.М.Рымскаму-Корсакаву (5829 душ з мяст. Чавусы), А.П.Ярмолаву (4445 душ), В.Я.Чычагову (3997), А.А.Празароўскаму (448 душ з мяст. Сухары) і інш. Рэшта захавалася ў якасці дзярж. маёнткаў.