сербану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да сёрбаць (у 1, 2 знач.).

2. чаго. Разм. З’есці колькі‑н. (чаго‑н. вадкага). Марыля сербанула разоў колькі квашанай капусты з грыбамі-апенькамі, адставіла міску, зноў аб нечым задумалася. «Беларусь».

3. перан.; чаго. Разм. Многа перанесці, зазнаць гора. [Ячны:] — Каб сербануў і ты [Шарэйка] за век таго, што я ці, скажам, бацька твой — таксама прафесарам стаў бы. Брыль. На.. [вайне] Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла. Быкаў.

4. Абл. Сцебануць. Хацеў яшчэ [дзед Купрыян] параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сербануць разы са два, калі.. [Аўгіня] вінавата. Колас. [Дзед:] — Мне лазовы дубчык сербануў па воку. Чорны.

•••

Сербануць лішняга — хапіць (выпіць) занадта многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спача́тку, прысл.

1. У першы момант. Хлопцам страшна было спачатку, а пасля ўсякі страх мінуў. Колас. — Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха, — засмяялася дзяўчына. Алесь спачатку здзівіўся. Шыцік. // Напачатку чаго‑н. (шляху, працы і пад.). Спачатку.. [партызаны] ішлі балотам, асцярожна шукаючы нагамі больш цвёрдага месца. Шчарбатаў. // Перш за ўсё, папярэдне, раней. Пачынаем дзень спачатку Фізкультурнаю зарадкай. Раз — налева, Два — направа, Крок наперад, Крок назад. А. Александровіч. Я выпраг Дэраша, прывязаў да воза, ён і пачаў хрумстаць памаленьку сена, выбіраючы спачатку лепшае. Якімовіч.

2. Яшчэ раз; зноў. [Жонка] быццам ажыла ці спачатку пачала жыць. Чорны. [Лаўрэн:] — Куды ні зірні — усё пачынай спачатку, а тут табе ані хамута, а ні шыі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счапі́цца, счаплю́ся, счэ́пішся, счэ́піцца; зак.

1. чым і без дап. Змацавацца, злучыцца пры зачэпліванні, прычэпліванні. Шасцярні счапіліся. // Выпадкова зачапіцца адзін за аднаго. Лапы елак счапіліся адна з адною. // Разм. Злучыцца, сплёўшыся (пра рукі, пальцы). Пальцы счапіліся — не разнімеш.

2. перан. Злучыцца ў адно цэлае, увайсці ва ўзаемасувязь.

3. Разм. Схапіцца ў бойцы. [Андрэй] счапіўся з .. [наглядчыкамі] і біў іх рукамі і нагамі, раскідваў, як мядзведзь. Машара. // Пачаць сварыцца, лаяцца з кім‑н. [Картыжова] тут усе любяць. І таварыскі, і харошы. І робіць добра, і настырны, не пабаіцца нават з начальствам счапіцца. Чыгрынаў. Аўтобус яшчэ стаяў ля ганка, і з яго даляталі два моцныя галасы: шафёр і кантралёр счапіліся ў сварцы... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыса́ды 1 мн. л. ’дрэвы, пасаджаныя вакол, каля чаго-небудзь (дарогі, вуліцы, будынка і пад.)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Бір. Дзярж., Прышч. дыс., Сл. ПЗБ; слуц., ЛА, 2), прыса́дзі ’прысады’ (Сл. ПЗБ), прыса́да ’шырокая дарога, абсаджаная дрэвамі; дрэвы, пасаджаныя ля (вакол) хаты, сядзібы, сада’ (Шат., Янк. 2, Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), прыса́дак ’шырокая дарога, абсаджаная дрэвамі’ (акц., ЛА, 2), прыса́дка ’дрэва ў прысадах, алеі’ (Стан.), ’прысады; алея’ (Яруш.). Ст.-бел. присад ’падсаджаная расліна’ (XVI ст.), якое Крапівін (Межресп. конф., 24) параўноўвае з серб. при́сад ’атожылак, парастак’. Ад прысадзі́ць (гл.). Да семантыкі параўн. яшчэ паліса́да (гл. паліса́д).

Прыса́ды 2 ’два дрэвы, якія растуць адно каля другога, з развілінамі (ра́ламі або казламі), дзе будзе зроблены памост для вулляў-калод (адзёр)’ (Сержп. Борт.). Да прысадзі́ць, г. зн. дрэвы, на якія прыса́джваецца памост, або дрэвы, спецыяльна пасаджаныя блізка адно да аднаго для выкарыстання пры размяшчэнні борці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пералічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.

1. Палічыць, злічыць адно за другім усё, усіх, зрабіць падлік. Прафесар некалькі разоў перачытаў .. пісьмо, машынальна пералічыў дні, якія засталіся да вызначанага тэрміну. Лынькоў. Андрэй спакойна ўзяў бліскучыя манеты, пералічыў іх і паабяцаў аддаць у два разы больш. Пальчэўскі. // Назваць, упамянуць усё, многае або ўсіх, многіх. Пералічыць абавязкі. Пералічыць недахопы. □ Нас, дзяцей, бацька таксама пералічыў па імёнах. Якімовіч. Цімафееўка, віка, канюшына чырвоная і белая, лісахвост — у намесніка старшыні і пальцаў не хапіла, каб усе гатункі пералічыць. Кірэйчык.

2. Злічыць нанава, яшчэ раз. Таццяна разгарнула пакуначак, яшчэ раз пералічыла грошы. Васілёнак.

3. Падаць у другіх велічынях. Пералічыць вёрсты ў кіламетры. Пералічыць фунты ў кілаграмы.

4. Перавесці на чый‑н. рахунак. Учора я пералічыў.. праз банк пяць тысяч рублёў, узяў з сабою копію плацежнага даручэння, і цяпер мы едзем, каб адразу зрабіць аж дзве справы. Скрыган.

•••

Пералічыць косці каму — моцна пабіць, набіць каго‑н.

Пералічыць на пальцах — пра вельмі малую колькасць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́лькі.

1. часц. вылучальна-абмежавальная. Не больш як, усяго.

Заплаціў т. тры рублі.

Дзяўчынцы т. два тыдні.

2. часц. абмежавальная. Не раней чым.

Я прыеду т. заўтра.

3. часц. абмежавальная. Выключна, адзіна; нічога, акрамя гэтага.

Ён будзе т. настаўнікам.

На ўроку мы т. чыталі.

4. часц. ўзмацн. (пры займенніку і прыслоўі звычайна ў адмоўных сказах). Узмацняе ўяўленне аб вялікай колькасці, аб’ёме і пад. чаго-н.

Чаго ён т. не расказваў.

Чаго т. не прыдумаюць людзі.

5. прысл. Зусім нядаўна (аб завяршэнні якога-н. дзеяння, наступленні якога-н. стану і пад.).

Дзеці т. павячэралі і спаць яшчэ не клаліся.

Я т. што прыехаў.

6. злуч. супраціўны. Злучае члены сказа і сказы з супраціўна-абмежавальнымі адносінамі.

Ноч была ціхая, т. сумна шумеў лес.

7. злуч. супраціўны. Злучае сказы з адносінамі неадпаведнасці.

Ён доўга гаварыў, т. я не паверыў яму.

8. злуч. далучальны. Ужыв. для сувязі членаў сказа і сказаў, якія ўдакладняюць або дапаўняюць выказаную думку.

Ён ніколі не расказваў пра сваё жыццё, хіба т. дзецям.

9. злуч. часавы. Ужыв. ў даданых сказах часу, калі падзеі, аб якіх гаворыцца ў галоўным сказе, пачынаюцца адразу ж пасля падзей даданага сказа.

Т. мы заснулі, і тут жа раздаўся стук у акно.

10. злуч. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы са знач. рэальнай умовы.

Школу ты закончыш паспяхова, т. старайся.

◊

Толькі і — выражае ўзмоцненае адценне абмежавання.

Усе толькі і гавораць пра каханне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бе́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Які, ратуючыся, тайна, самавольна збег з месца жыхарства. Беглы селянін. / у знач. наз. бе́глы, ‑ага, м.; бе́глая, ‑ай, ж. Не вельмі ўважлівы, павярхоўны. Загорскі падаў жанчыне табурэтку, яна падзякавала, села, агледзела пакой беглым позіркам. Мележ.

2. Дастаткова свабодны, які праходзіць без усякіх цяжкасцей. Беглае чытанне.

3. Які адзначае толькі асобныя рысы, асаблівасці чаго‑н.; зроблены на скорую руку. Беглы агляд. □ Пасля кароткага, але вельмі насычанага змястоўнага гістарычнага экскурсу аўтар перайшоў да мастацкай сучаснасці Савецкай Беларусі, кінуў некалькі беглых, але трапных заўваг адносна яе стану. Ліс.

4. Непастаянны, часовы. Яшчэ два гады [Сцяпан] прашлындаў, наймаючыся то ў сельпо, то ў прамкамбінат на якую беглую работу. Скрыган.

•••

Беглая галосная гл. галосны.

Беглы агонь гл. агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвалі́на, ‑ы, ж.

1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.

2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прачаса́ць ​1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

1. Апрацаваць валакно часаннем. Прачасаць лён.

2. перан. Пільна агледзець ці абстраляць якую‑н. мясцовасць, ловячы каго‑н., шукаючы чаго‑н. Калі Радзівіл акрыяў, дык загадаў прачасаць усе лясы, аколіцы, каб знайсці бунтара Саўку Траяна. Гурскі. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нічога не выявілі. Лупсякоў.

3. і без дап. Часаць ​1 некаторы час. Прачасаць лён цэлы тыдзень.

прачаса́ць ​2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

1. Спец. Зрабіць, выраўняць што‑н. часаннем ​2. Аляксей узяў з рук маладога цесляра сякеру. Прачасаў метры два з аднаго боку і адагнуўся. Пальчэўскі.

2. і без дап. Часаць ​2 некаторы час. Прачасаць увесь дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. што. Прымусіць заплаціць, атрымаць ад каго‑н. прымусова. Спагнаць доўг. Спагнаць штраф. □ [Павал:] — Я яшчэ з .. [папа] спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне здзёр. Чорны. Мільганула думка, што Адэлька з’явілася, каб спагнаць аліменты. Асіпенка.

2. што. Атрымаць задавальненне, выліўшы свой гнеў, дрэнны настрой на каго‑н. Ляснік дагнаў нас на кані і злосць спагнаў на нявінным чалавеку. Прокша. Сонным хадзіў [Лаўрэн] і не знаходзіў, на кім нуду сваю спагнаць. Баранавых. // Наогул атрымаць задавальненне ад чаго‑н. дасягнутага. Малое голад свой спагнала І спаць не хоча а-ні-ні. Колас.

3. без дап. Адпомсціць за крыўду, прычыненае зло і пад. За вялікую крыўду і чорт спагоніць. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)