каласава́ць 1, ‑суе; незак.

Выпускаць колас у працэсе росту (пра злакі). Жыта каласуе. Пшаніца каласуе. // Пра поле, ніву, на якіх пасевы выпускаюць колас. Шумяць, каласуюць зялёныя нівы На вольных прасторах маёй Беларусі. Хведаровіч.

каласава́ць 2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.

Разм. Паўторна абмалочваць каласы, якія засталіся цэлымі пасля першай малацьбы. Каласаваць ячмень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пласкуга́, плашчуга́, пло́ска ’пырнік з мяцёлкай’ (іўеў., дзятл., Сцяшк. Сл.), ’пустазелле (макрыца, крапіва) — корм свінням’ (Скарбы), плашчу́га ’брыца, Echinochloa crus gaili Roem.’ (гродз., мін., кобр., ЛА, 1), плашчыца ’тс’ (рас., тамсама). Польск. płoskur, płaskur, płoskurnica ’сорт пшаніцы, Tnticum squairrosum, ’ячмень-пласкун’, płascucha’пэўнае агароднае пустазелле’. Да плоскі (гл.). Названы паводле плоскай формы сцябла расліны (альбо коласа збожжавых).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бух, выкл.

1. Абазначэнне глухога адрывістага гуку пры ўдары, стрэле і пад. — Бух! — стрэліў князь. Колас. Рэйка не звініць. Атрымліваюцца нейкія глухія, невыразныя гукі: бух! бух! бух! Васілёнак.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова бухаць — бухнуць ​1 і бухацца — бухнуцца. Не паспеў.. [Мікола] выехаць на дарогу — зноў бух ячмень з воза! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́яць, звею, звееш, звее; зак., што.

1. Ачысціць абмалочанае зерне веяннем. Звеяць ячмень. □ — От пайду жыта звею, ды ў млын трэба, а то хлеб са стала ўцякае. Чарнышэвіч.

2. звычайна безас. Скінуць адкуль‑н., знесці куды‑н. Ветрам звеяла касынку з плячэй.

•••

Як ветрам звеяла каго — раптоўна знік адкуль‑н., не стала дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урадзі́ць, ураджу, уродзіш, уродзіць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць ураджай, плады. Усё ўрадзіла — жыта, ячмень, авёс, бульба, лубін... Пестрак. Урадзілі [вішні], аж голле абвісае ад ягад. Кулакоўскі. [Піліпёнак:] — Корму сёлета канюшына многа дала, а вось насенне нешта не ўрадзіла. Шахавец.

2. каго. Разм. Нарадзіць. [Бацька:] — Урадзіў я на гора цябе, на сваю галаву. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МЕТЛЮЖКАКВЕ́ТНЫЯ (Poales),

парадак аднадольных раслін. 1 сям., каля 650 родаў, 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Дамінанты травяністых груповак расліннасці стэпаў, лугоў, прэрый, пампасаў і саваннаў. На Беларусі 55 родаў. Найб. вядомыя авёс, брыца, вострыца, грэбнік, жытняк, зуброўка, каласнец, купкоўка, лісахвост, малінія, маннік, пырнік, трыснёг, цімафееўка, ячмень і інш. Вырошчваюцца шмат інтрадукаваных відаў з родаў жыта, кавыль, кукуруза, перлаўка, проса, пшаніца, райграс і інш. Рэдкія віды (напр. ячменеваласнец еўрапейскі) занесены ў Чырв. кнігу.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя, радзей дрэвападобныя (напр., бамбук) расліны. Цыліндрычныя сцёблы (саломіны) уздутыя ў вузлах і падзеленыя на полыя межвузеллі. Лісце пераважна з адкрытымі похвамі, лінейнае (да ніткападобнага) ці ланцэтнае, звычайна мае язычок. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя ў элементарных суквеццях (каласках), што ўтвараюць складаныя суквецці — мяцёлкі, каласы, гронкі або галоўкі. У каласку — 1—30 кветак. Апыленне звычайна ветрам. Плод — зярняўка. Да М. належаць асн. харч. расліны: пшаніца, рыс, кукуруза, жыта, ячмень, авёс, проса, сорга, цукр. трыснёг і інш.), што культывуюцца з глыбокай старажытнасці, і кармавыя (мятліца, цімафееўка, аўсяніца, купкоўка, каласоўнік і інш). Выкарыстоўваюцца для засеву газонаў, аэрадромаў, стадыёнаў, замацавання пяскоў, насыпаў. З некат. М. атрымліваюць буд. матэрыялы, паперу (напр., трыснёг, бамбук), ёсць шкоднае пустазелле (напр., аўсюк, брыца звычайная). Харч., кармавыя, тэхн., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Цвелев Н.Н. Злаки СССР. Л., 1976. Жизнь растений. Т. 6. М., 1982.

т. 10, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

утаўчы́, утаўку, утаўчэш, утаўчэ; утаўчом, утаўчаце, утаўкуць; пр. утоўк, утаўкла, ‑ло; заг. утаўчы; зак., што.

1. Стаўчы што‑н. поўнасцю або ў дастатковай меры. Утаўчы ячмень.

2. Разм. Утрамбаваць, ушчыльніць што‑н. Утаўчы дарогу. // Вытаптаць, прыбіць нагамі якую‑н. расліннасць. [Богдан:] — Каровы пачынаюць марнець. Няма пашы. Надоі паскупелі. Выган той ужо так утаўклі — зрабіўся, як бубен. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МЯКІ́НА,

адходы малацьбы і ачысткі зерня збожжавых і некаторых інш. культур (напр., канюшыны, лёну); грубы корм, што складаецца з насенных абалонак, частак каласкоў і зярнят, расцёртых лісткоў і сцёблаў, недаспелага зерня, насення пустазелля і інш. Можа змяшчаць насенне атрутных раслін. Больш пажыўная за салому адпаведных раслін, мае больш пратэіну і попелу, менш клятчаткі. Гіграскапічная, лёгка злежваецца і псуецца. Скормліваецца буйн. раг. жывёле, коням (лепшыя сарты) і свінням прапараная і ў сумесі з сакаўнымі кармамі, брагай, мелесам і інш. Найлепшую М. даюць авёс, проса, безасцюковыя ячмень і яравая пшаніца, бабовыя і лён.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

адзін з відаў мікраўгнаенняў, які мае ў якасці мікраэлемента медзь у даступным для спажывання раслінамі выглядзе. У раслінах медзь уваходзіць у састаў ферментаў, удзельнічае ў працэсах дыхання; у аптымальных канцэнтрацыях паскарае рост і павышае ўстойлівасць раслін да засухі і захворванняў. Найб. пашыранае М.ў. — медны купарвас CuSO4∙5H2O мае 25,4% медзі, добра раствараецца ў вадзе (гл. Медзі злучэнні). Выкарыстоўваюць пераважна на асушаных тарфяна-балотных, пясчаных і супясчаных глебах пад пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, гарох, злакавыя травы, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.

Р.​У.​Васілюк.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́йсаваць ’паўторна малаціць каласы пры малацьбе коннай малатарняй і ўручную’ (Мат. АС, Варл.), по́ясаваць, поі́саваць, по́льсаваць, по́йсаваць, пэ́йсаць ’аддзяляць зерне ад асцюкоў (пра ячмень)’, ’біць каго-небудзь’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). З літ. paisýti ’тс’ (Грынавяцкене, там жа; Лаўчутэ, Балтизмы, 48). Параўн., аднак, рус. дыял. полсова́ть ’моцна біць; паласаваць’, полысать ’рваць на часткі; біць, хвастаць’, арэальна не звязаныя з балтыйскай тэрыторыяй, паходжанне якіх застаецца нявысветленым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)