сква́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Падсмажаны або звараны кавалачак сала. Злосна сквірчэлі на патэльнях духмяныя скваркі. Новікаў. Хоць і незнаёмы госць Для бацькоў, але — Скварка і яешня ёсць З чаркай на стале. Куляшоў. // Разм. Наогул сырое сала; адрэзаны кавалачак сырога сала для яды. [Жэньцы] дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. Крапіва. Бацька ўпіраўся, не хацеў вучыць дачок .. Грошай ад яго яны ніколі не бачылі. Так якой бульбы мех, круп, якую скварку прысылала маці. Арабей. Моўчкі ем гарачы блінец з сырой халоднай скваркай. Дайліда. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАРЭ́НА (ад франц. moraine), марэнныя адклады,

скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).

Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М. — найб. характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М. Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.

На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.

Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаў пры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ.

На Беларусі падземныя воды пашыраны ў водапранікальных пародах асадкавага чахла і масівах крышталічнага фундаменту. Паводле якасных паказчыкаў іх падзяляюць на прэсныя, мінеральныя, прамысловыя і тэрмальныя.

Прэсныя падземныя воды сканцэнтраваны пераважна ў верхніх ваданосных гарызонтах і комплексах Прыбалтыйскага, Прыпяцкага, Брэсцкага, Аршанскага артэзіянскіх басейнаў. Мінералізацыя прэсных падземных вод пераважна 0,3—0,5 г/дм​3, пітных — да 1 г/дм​3 (паводле ДАСТа). У іх хім. саставе пераважаюць гідракарбанаты, кальцый, магній, радзей сульфаты і натрый. Паводле ўмоў залягання прэсныя падземныя воды падзяляюцца на грунтавыя і артэзіянскія. Грунтавыя воды насычаюць пароды 1-га ад паверхні зямлі ваданоснага гарызонту і звычайна безнапорныя. Артэзіянскія воды насычаюць пароды 2-га, 3-га і ніжэй залягаючых ад зямной паверхні ваданосных гарызонтаў. Яны пераважна напорныя. Галоўная мэта здабычы прэсных падземных вод — гаспадарча-пітное водазабеспячэнне. На тэр. Беларусі разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод, іх эксплуатацыйныя запасы складаюць больш за 6 млн. м³/сут (прыкладна па 600 л на кожнага жыхара краіны). Эксплуатуюцца адзінкавымі свідравінамі (больш за 30 тыс.), групавымі водазаборамі, калодзежамі (у сельскай мясцовасці для ўласных патрэб насельніцтва, абсталяваны пераважна пад выкарыстанне грунтавых вод). На большай частцы тэрыторыі прэсныя падземныя воды добра ахаваны ад антрапагеннага ўздзеяння. За іх якасцю ажыццяўляецца пастаянны кантроль у межах дзярж. маніторынгу падземных вод.

Мінеральныя воды пашыраны ў многіх месцах краіны. Паводле іх іонна-салявога саставу вылучаюць гідракарбанатныя, сульфатныя (напр., «Рассветаўская»), хларыдныя (напр., «Мінская-4») і складанага саставу (гідракарбанатна-хларыдная, напр., «Брэсцкая»; гідракарбанатна-сульфатныя; сульфатна-хларыдныя, напр., «Усмешка», «Бярэзінская», «Барысаўская», «Бабруйская»; хларыдна-сульфатныя, напр., «Магілёўская»); паводле катыённага саставу — натрыевыя (напр., «Нарачанская», «Крынічка», «Дарыда») і кальцыевыя (напр., «Парэчча-1»). Паводле павышаных канцэнтрацый біялагічна актыўных кампанентаў вылучаюць мінеральныя воды серавадародныя, жалезістыя, радонавыя, бромныя, бромна-ёдныя, борныя, фторыстыя.

У гідракарбанатных водах з рознай камбінацыяй аніёнаў і катыёнаў, ускрытых у крышталічным фундаменце, павышаная колькасць радону (170—1480 Бк/дм​3). Мінералізацыя вод да 2—3 г/дм​3. Сульфатныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на значнай частцы тэр. краіны ў адкладах ад ардовіку і сілуру да юры. Характарызуюцца мінералізацыяй ад 4—6 г/дм​3 да 25,8 г/дм​3 і канцэнтрацыяй бору да 40 мг/дм​3. Хларыдныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на ўсёй тэр. краіны, у пародах крышталічнага фундаменту, адкладах пратэразою, кембрыю, дэвону, пярмі, трыясу, юры. Паводле мінералізацыі падзяляюцца на воды малой мінералізацыі (да 10 г/дм​3), сярэдняй (10—35 г/дм​3) і расолы (35—70 г/дм​3). У хларыдных водах рознай мінералізацыі павышаная канцэнтрацыя жалеза (да 20 мг/дм​3), серавадароду (200—300 мг/дм​3), брому (да 500 мг/дм​3), ёду (да 3 мг/дм​3), бору (да 20—25 мг/дм​3), фтору (да 3,3 мг/дм​3). На тэр. Беларусі адкрыта больш за 80 радовішчаў мінеральных вод, агульныя запасы якіх складаюць больш за 20 тыс. м³/сут. На іх базе функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод у гарадах Мінск, Брэст, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, г.п. Ушачы (Віцебская вобл.), пасёлках Ждановічы (Мінскі р-н), Парэчча (Гродзенскі р-н), в. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) і інш.; санаторыі «Аксакаўшчына», «Беларусь», «Дружба», «Крыніца» (Мінская вобл.), «Лётцы» (Віцебская вобл.), «Радон» (Гродзенская вобл.) і інш.; прафілакторыі і дамы адпачынку. Мінеральныя воды выкарыстоўваюць у якасці сталовых, лячэбна-сталовых і бальнеалагічных. На кожным радовішчы арганізаваны зоны санітарнага кантролю, вядуцца рэжымныя назіранні і кантроль хімічнага саставу.

Прамысловыя воды — гэта падземныя расолы з мінералізацыяй 320—460 г/дм​3, у якіх ёсць шэраг каштоўных кампанентаў у прамысловых колькасцях. Такімі расоламі насычаны верхнепратэразойскія і дэвонскія адклады Прыпяцкага артэзіянскага басейна. Яны залягаюць на глыбінях 2000—4500 м і перакрыты дзвюма магутнымі водатрывалымі саляноснымі тоўшчамі, якія забяспечваюць утварэнне расолаў і іх захаванасць. Т-ра расолаў у прыродным заляганні 40—90 °C, што дае падставу адносіць іх да тэрмальных вод. Прагнозныя запасы прамысловых расолаў складаюць каля 35 тыс. м³/сут. Яны сканцэнтраваны ў 4 радовішчах, на 2 з якіх праведзены разведачныя работы і ацэнены эксплуатацыйныя запасы. Прамысловыя воды выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне. На іх аснове наладжана доследная вытворчасць ёду і брому.

Г.​Л.​Фурсікаў.

т. 18, кн. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ ВЫЗНАЧЭ́ННЕ ПО́ЛУ,

фарміраванне арганізмаў пэўнага полу ў залежнасці ад камбінацый генетычных фактараў, лакалізаваных у храмасомах. Пры гэтым мае значэнне і пэўны набор палавых храмасом, і дзеянне генаў, размешчаных у іх, а таксама ў аўтасомах. Палавыя храмасомы XX і XY, якія генетычна вызначаюць пол, фарміруюцца ў невял. колькасці двухдомных раслін (эладэя, смолка, некаторыя імхі), яны ёсць у чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл (трапляюцца як выключэнне ў рыб і земнаводных) і ў многіх членістаногіх, павукападобных, насякомых і інш.

У чалавека звычайна вылучаюць некалькі ўзроўняў палавой дыферэнцыяцыі. Адзін з іх звязаны з наяўнасцю Y-храмасомы, прысутнасць якой неабходна для дыферэнцыяцыі палавых залоз (ганад) паводле мужчынскага тыпу. У мужчын фарміруецца 2 тыпы сперміяў: з X-храмасомай (23,X) і Y-храмасомай (23,Y). У яйцаклетак набор храмасом у норме 23,X. Апладненне яйцаклеткі сперміем 23,X прыводзіць да развіцця зародка жаночага полу (з наборам храмасом 46,XX), апладненне сперміем 23,Y вядзе да ўзнікнення зародка мужчынскага полу (46,XY). Фарміраванне полу плода першапачаткова залежыць ад тыпу спермія, які апладніў яйцаклетку (т.ч. за вызначэнне полу дзіцяці «адказвае» мужчына). Наяўнасць Y-храмасомы з’яўляецца першым фактарам, неабходным для фарміравання полу плода. Далейшае развіццё полу адбываецца пад кантролем H-Y антыгена, які кантралюецца Y-храмасомай. Калі H-Y антыген не ўтвараецца, ідзе развіццё паводле жаночага тыпу. Разам з тым і Y-храмасома, і H-Y антыген вызначаюць толькі генетычную дэтэрмінацыю полу, але не адказваюць за фарміраванне вонкавых палавых органаў, якія ў мужчын утвараюцца з вольфавых, а ў жанчын — з мюлеравых праток. Важная роля належыць гармонам, што выпрацоўваюцца клеткамі эмбрыянальных яечак. Парушэнні на храмасомным, антыгенным або гарманальным этапах вядуць да развіцця паводле жаночага тыпу. Зрэдку бываюць анамаліі псіхасексуальнай арыентацыі паводле полу (гл. Гомасексуалізм, Трансвестызм). Існуе мноства захворванняў (крыптархізм, манархізм, дысгенезія ганад і інш.), калі пад уплывам парушэнняў храмасом, генаў або знешніх фактараў развіццё палавых органаў індывіда адхіляецца ад звычайнага. Прагноз і лячэнне ў такіх выпадках залежаць ад характару захворвання.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПАВЕ́ТРАНЫЯ СІ́ЛЫ (ВПС),

1) від узбр. сіл дзяржавы, прызначаных для баявых дзеянняў (пераважна ў паветры) сумесна з інш. відамі ўзбр. сіл і самастойна пры выкананні аператыўна-стратэг. задач.

2) Афіц. назва ваеннай авіяцыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі, ЗША і інш. краінах.

Ваен. авіяцыя ў большасці развітых краін з’явілася на пач. 20 ст.; у баях упершыню ўдзельнічала ў 1911—12 у Трыпалітанскай вайне (Італія—Турцыя). Атрад самалётаў Рас. імперыі першы раз удзельнічаў у баях у 1913 у час 1-й Балканскай вайны. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ВПС Англіі, Аўстра-Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі і Францыі налічвалі разам каля 900 ваен. самалётаў. У час 2-й сусв. вайны колькасць ВПС многіх краін рэзка павялічылася, узніклі буйныя авіяц. аб’яднанні. У Вял. Айч. вайну лётчыкі СССР здзейснілі каля 3 млн. 125 тыс. самалёта-вылетаў і прычынілі праціўніку вял. страты. Авіяцыя далёкалётнага дзеяння і Грамадз. паветр. флот зрабілі 110 тыс. самалёта-вылетаў, перавезлі каля 83 тыс. партызан, даставілі ім 17 тыс. т узбраення, боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў і інш.

Сучасныя ВПС здольныя наносіць удары па сухап., авіяц. і ваен.-марскіх групоўках праціўніка і аб’ектах глыбокага тылу; знішчаць пункты кіравання і сувязі; парушаць варожыя камунікацыі; ажыццяўляць авіяц. падтрымку войск і сіл флоту і іх прыкрыццё з паветра; праводзіць дэсантаванне і паветр. перавозку сваіх войск і матэрыяльных сродкаў; весці паветр. разведку. На ўзбраенні сучасных ВПС ёсць рэактыўныя, звышгукавыя, усепагодныя ракетаносцы і бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, верталёты, аснашчаныя ракетамі і радыёэлектронным абсталяваннем. ВПС Рэспублікі Беларусь маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. Арганізацыйна яны складаюцца з авіяц. баз і асобных часцей (тылу, сувязі, радыёэлектроннага забеспячэння). У залежнасці ад прызначэння ВПС падзяляюць на авіяцыю далёкалётную, франтавую, ваен.-трансп.; у залежнасці ад характару выканання задач і лётна-тэхн. характарыстык — на знішчальную, знішчальна-бамбардзіровачную, бамбардзіровачную, разведвальную і дапаможную (санітарную, сувязі). ВПС інш. буйных дзяржаў складаюцца са стратэг., тактычнай, ваен.-трансп. авіяцыі і авіяцыі ППА. У ЗША у склад ВПС уваходзяць таксама злучэнні міжкантынент. балістычных ракет і ваенна-касм. сродкаў. Пра развіццё авіяц. тэхнікі гл. ў арт. Авіяцыя.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРА ЛО́ГІКІ,

раздзел матэматычнай логікі, які вывучае логікавыя аперацыі над выказваннямі. Заснавальнік — англ. матэматык Дж.​Буль (1815—64). Алгебра логікі разглядае выказванні толькі з пункту гледжання іх праўдзівасці (пазначаюць лічбамі 1 — праўдзівасць і 0 — ілжывасць). Логікавыя аперацыі над выказваннямі даюць магчымасць будаваць новыя выказванні. Праўдзіваснае значэнне такога выказвання A (a1, ..., an), атрыманага пры дапамозе логікавых аперацый з прасцейшых выказванняў a1, ..., an, адназначна выяўляецца праўдзіваснымі значэннямі зыходных выказванняў a1, ..., an. Таму кожнаму такому выказванню A (a1, ..., an) адпавядае n-ме́сцавая функцыя, якая прымае значэнні 0,1, аргументы яе таксама прымаюць гэтыя значэнні. Такія функцыі наз. функцыямі алгебры логікі, ці булевымі, функцыямі. Яны могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц, якія маюць 2​n радкоў.

Логікавыя аперацыі: кан’юнкцыя &, дыз’юнкцыя ⋁, адмаўленне ¬, імплікацыя ⇒, эквіваленцыя ⇔ — могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц. Замест ¬x часам пішуць x_. Ужываецца заданне функцый алгебры логікі і з дапамогай формул у мове, у якой ёсць пераменныя x, y, z... і сімвалы некаторых канкрэтных функцый. Найбольш ужывальная мова, якая мае логікавыя сімвалы &, ⋁, ¬, ⇒, ⇔. Кожнай формуле гэтай мовы адпавядае нейкая функцыя алгебры логікі, значэнне (0,1) якой пры дадзеных значэннях пераменных (0,1) знаходзіцца ў адпаведнасці з аперацыямі, з якіх пабудавана дадзеная формула. Такая функцыя рэалізуе дадзеную формулу. Формулы A і B наз. роўнымі (раўназначнымі), калі адпаведныя ім функцыі роўныя, г.зн. калі супадаюць іх праўдзівасныя табліцы. Азначэнне A=B ці A≡B, A~B, калі кажуць пра іх раўназначнасць. Важную ролю ў алгебры логікі маюць роўнасці, якія задаюць булеву алгебру.

Кожная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная нейкай формулай мовы з логікавымі сімваламі &, ⋁, ¬. Асаблівую ролю ў алгебры логікі адыгрываюць дыз’юнктыўныя і кан’юнктыўныя нармальныя формы, якія маюць вял. прыкладное значэнне. Сістэма функцый Ф. наз. функцыянальна поўнай, калі адвольная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная формулай, якая мае толькі сімвалы функцый з Ф. Напр., сістэмы функцый {&, ⋁, ¬}, {&, ¬}, {⋁, ¬}, {⇒, ¬}, {x | y}, {x ↓ y} функцыянальна поўныя (тут x | y = x & y_______ , x ↓ y = x ⋁ y_______ , якія наз. штрыхам Шэфера і стрэлкай Пірса адпаведна).

Алгебра логікі мае шмат дадаткаў, асабліва ў тэорыі эл. схем.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯХО́ТА, інфантэрыя,

старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл. Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.

П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл. Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл. Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да ​2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл. Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.

Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.

Да арт. Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.​Харэўскага.
Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.
Да арт. Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСЦІ́НЫ МО́ВЫ,

лексіка-граматычныя класы слоў, якія характарызуюцца адзінствам абагульненага значэння, агульнасцю грамат. катэгорый і асаблівасцей словазмянення, характарам спалучальнасці з інш. словамі, асн. сінтакс. функцыямі і спосабамі словаўтварэння. Аднясенне слова да пэўнай Ч.м. грунтуецца на аснове ўсіх пералічаных адзнак, але не ўсе яны маюць аднолькавую значнасць. Кожная Ч.м. мае свае спецыфічныя асаблівасці, якія адрозніваюць яе ад інш. Ч.м., і аб’ядноўвае вял. групу слоў з розным лексічным значэннем.

Арыстоцель у 4 ст. да н.э. падзяляў усе словы грэч. мовы на 4 Ч.м.: імя, дзеяслоў, член і злучнік (звязка). Пазней у грэч. і лац. граматыках было вылучана 8 Ч.м.: (імя, дзеяслоў, дзеепрыметнік, член, займеннік, прыназоўнік, прыслоўе, злучнік). Гэта класіфікацыя з нязначнымі зменамі перайшла ў зах.-еўрап. граматыкі, а таксама ў рус. і бел. грамат. працы (М.​Сматрыцкі, М.​В.​Ламаносаў). Рус. вучоныя (А.​А.​Патабня, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​А.​Шахматаў, Л.​У.​Шчэрба, В.​У.​Вінаградаў) развілі вучэнне аб Ч.м., удакладнілі іх класіфікацыю. У сучасных бел. граматыках традыцыйна вылучаюць 10 Ч.м.: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціцы, выклічнік. Ч.м. падзяляюцца напаўназначныя (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе) і непаўназначныя (службовыя — прыназоўнік, злучнік, часціцы); выклічнік знаходзіцца па-за межамі гэтага падзелу. Сярод паўназначных Ч.м. вылучаюцца ўказальныя словы (займеннікі), якія не называюць прадметаў, прыкмет ці колькасці, а толькі ўказваюць на іх. Астатнія паўназначныя Ч.м. адносяцца да знамянальных. Прыведзеная класіфікацыя Ч.м. пабудавана не на адзінай лагічнай аснове і не ахоплівае ўсе класы слоў. У сучасным мовазнаўстве вядуцца пошукі новай класіфікацыі, абмяркоўваецца правамернасць вылучэння ў асобныя марфал. класы мадальных слоў («відаць», «пэўна»), слоў катэгорыі стану («холадна», «трэба»), звязак («ёсць», «быць»), гукаперайманняў («ку-ку», «гаў-гаў»). Паміж Ч.м. заўсёды адбываецца ўзаемадзеянне, адна Ч.м. можа пераходзіць у другую, што абумоўлена зменай сінтакс. функцыі: прыметнікі — у назоўнікі («рабочыя працуюць на заводзе»), прыслоўі — у прыназоўнікі («ходзіць вакол возера») і г.д.

Літ.:

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1969;

Виноградов В.В. Русский язык. 2 изд. М., 1972;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГІ.

Адна з асноўных прыродных сістэм Беларусі, якая вызначае прадукцыйнасць ландшафтаў, біялагічную разнастайнасць, функцыянальную значнасць тэрыторыі. Займаюць плошчу 3,2 млн. га (15,4% тэрыторыі).

Натуральныя (прыродныя) лугі (каля 1 млн. га) падзяляюць на тыпы: сухадольныя, нізінныя і поймавыя. Сухадольныя лугі прымеркаваны да дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глеб. Крыніца вільгаці — атмасферныя ападкі, колькасць якіх вызначае структуру травастою і ў значнай ступені — прадукцыйнасць. Сярэдняя прадукцыйнасць — 1—1,5 т/га сена высокай кармавой якасці. Пашыраны пераважна сіўцова-драбнатраўныя асацыяцыі, на пераўвільготненых глебах — вострыцавыя асацыяцыі з удзелам дробных асок (заечай, жоўтай, прасяной). Нізінныя лугі фарміруюцца на дзярновых, забалочаных, дзярнова-карбанатных забалочаных і тарфяных глебах. Воднае жыўленне змешанае, з перавагай грунтавых вод. Біялагічная прадукцыйнасць — 2—2,5 т/га сена. У складзе травастояў пры часовым пераўвільгатненні пераважаюць вострыцавыя асацыяцыі, пры працяглым — асаковыя (асокі вастраватая, пузыраватая) з удзелам балотнага разнатраўя (панікніца, шабельнік). Поймавыя лугі размешчаны ў поймах буйных і сярэдніх рэк. Лічыцца, што гэта — найб. захаваныя прыродныя лугі; ёсць у поймах Дняпра, Прыпяці, Сожа, Гарыні і інш. Вытрымліваюць веснавое затапленне да 30—35 сутак без зніжэння прадукцыйнасці. Прадукцыйнасць — да 3,5 т/га сена здавальняючай якасці.

На палепшаных лугах (2,2 млн. га, у т. л. 1,6 — меліяраваных) ствараюцца культурныя сеяныя травастоі (сенажаці і пашы), склад якіх фарміруюць у залежнасці ад глебава-кліматычных умоў і спецыялізацыі жывёлагадоўлі. Культывуецца 18 відаў шматгадовых траў, у т. л. 6 — бабовых (канюшына лугавая, гібрыдная, паўзучая, рутвіца рагатая, баркун белы) і 12 — злакавых (чаротніца трыснёгападобная, купкоўка зборная, каласнец безасцюковы, лісахвост лугавы, аўсяніца трысняговая і інш.). З іх складаюць травасумесі па 3—4 віды.

У прыродных сістэмах лугі забяспечваюць устойлівасць да экстрэмальных з’яў і антрапагеннага ўздзеяння. Яны з’яўляюцца асноўнай крыніцай забеспячэння жывёлагадоўлі травяністымі кармамі.

Літ.:

Мелиорация и луговодство на пойменных землях. Мн., 1996;

Адаптивные системы земледелия в Беларуси. Мн., 2001;

Технология создания и улучшения лугов. Горки, 2002;

Пастбища Беларуси: создание, эксплуатация. Мн., 2003;

Иоффе В.Б., Васько П.П. Культурные пастбища. Молодечно, 2003.

А.​С.​Меяроўскі.

т. 18, кн. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)