Кабылі́ца ’маладая рослая кабыла; жаробка’ (ТСБМ, ТС). У гаворках як быццам не адзначана. Магчыма, запазычанне з рус. кобылица ’тс’, якое да прасл. kobylica (памянш. яд kobyla). Зах.-бел. кабыліца (назва грыба — Сцяц.) — або рэлікт, або таксама запазычанне з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туняя́д (тунея́дъ) ‘дармаед’, ‘ненадзейны член сям’і’ (Нас.). Утворана на базе рус. тунея́дец ‘лайдак’ шляхам адсячэння суф. ‑ец або непасрэдна ад ту́не ‘дарма’ (гл. тунна) і ст.-слав. ꙗдь ‘ежа’ < ꙗстн ‘есці’ (КЭСРЯ); канец слова, магчыма, пад уплывам яд ‘атрута’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КО́БРЫ сапраўдныя

(Naja),

род змей сям. аспідавых. 14 відаў. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. і Сярэдняй Азіі. Найб. вядома К. індыйская, або змяя-акулярніца (N. naja), з светлым малюнкам накшталт акуляраў на шыі, капская (N. nivea), чорна-белая (N. melanoleuca) і інш. К. сярэднеазіяцкая (N. oxiana) занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 2 м, зрэдку да 2,5 м. Цела моцна выцягнутае, з доўгім хвастом і гладкай луской. Узбуджаныя К. прымаюць своеасаблівую позу: падымаюць пярэднюю ч. цела вертыкальна над зямлёй, трымаючы галаву гарызантальна, і расшыраюць дыскападобна шыю. Ядавітыя. Некат. віды здольны выпырскваць яд на адлегласць да 2 м, імкнучыся папасці праціўніку ў вочы. Кормяцца дробнымі пазваночнымі. Адкладваюць ад 8 да 45 яец.

Кобры: 1 — капская; 2 — чорна-белая.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ЦІ ХЛАРЫ́ДЫ,

злучэнні ртуці з хлорам: хларыд Hg2Cl2 (каламель) і дыхларыд ртуці HgCl2 (сулема). Бясколерныя крышт. рэчывы.

Каламель мае tпл 525 °C, шчыльн. 7150 кг/м³ (25 °C). Маларастваральная ў вадзе; не раствараецца ў этаноле, ацэтоне, дыэтылавым эфіры. Пры 400 °C, а таксама на святле раскладаецца на HgCl2 і ртуць. Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў параўнання ў электрахіміі, як каталізатар у арган. сінтэзе, антысептык, Сулема мае tпл 280 °C, шчыльн. 5450 кг/м³. Раствараецца у вадзе (у растворы малекулы практычна не дысацыіруюць), этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле. На святле і ў паветры ў разбаўленых водных растворах раскладаецца з утварэннем Hg2Cl2 і хлорыстага вадароду. Выкарыстоўваюць для пратручвання насення, як моцны антысептык, каталізатар у арган. сінтэзе, для сінтэзу ртуцьарган. злучэнняў і інш. Моцны яд.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

таксапла́зма

(ад гр. toksikon = яд + плазма)

прасцейшае атрада какцыдый; паразітуе ў органах і тканках пазваночных жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

таксо́бнасць

(ад гр. toksikon = яд)

здольнасць арганізмаў існаваць у водах, якія змяшчаюць таксічныя рэчывы мінеральнага або арганічнага паходжання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,

змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).

Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.

Да арт. Грымучыя змеі. Грымучнік паласаты.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГЕ́НЫ,

рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергены інфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.

А.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,

прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.​Б.​Дзюма і Э.​Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.

Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл. Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКСІ́НЫ (ад грэч. toxikon яд),

атрутныя рэчывы бялковага паходжання. Утвараюцца мікраарганізмамі, раслінамі і жывёламі. Валодаюць антыгеннымі ўласцівасцямі. Найб. вядомыя мікробныя Т., сярод якіх адрозніваюць экза- і эндатаксіны. Экзатаксіны (простыя бялкі) утвараюцца грамстаноўчымі патагеннымі бактэрыямі і выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе ў час іх росту, таксама некат. грамадмоўнымі бактэрыямі. Некат. з іх выклікаюць слупняк, батулізм, дыфтэрыю і інш. захворванні. Эндатаксіны (складаныя бялкі — комплексы ліпаполіцукрыдаў з бялкамі) знаходзяцца ў вонкавых слаях клетачных сценак патагенных грамадмоўных бактэрый. Іх Т. выдзяляюць узбуджальнікі брушнога тыфу, дызентэрыі і інш. Т. ёсць у ядах змей, пчол, некат. павукоў і скарпіёнаў. Т. расл. паходжання (фітатаксіны) — рыцын (з насення клешчавіны) і абрын (з абрусу). Кожны Т. дзейнічае на пэўную тканку (напр., Т. батулізму на нерв. клетку). З Т. атрымліваюць неатрутныя анатаксіны, якія стымулююць імунітэт, вырабляюць антыбіётыкі.

т. 15, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)