МЕНО́Н (Крышна) (3.5.1896, г. Калікут, Індыя — 6.10.1974),
індыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі. У 1929—47 сакратар інд. лігі ў Лондане — мясц. аддзялення Індыйскага нацыянальнага кангрэса ў Вялікабрытаніі. У 1947—52 вярх. камісар (пасол) Індыі ў Вялікабрытаніі. З 1953 чл. інд. парламента. У 1952—62 прадстаўляў Індыю на ген. асамблеях ААН. Разам з Дж.Нэру адзін са стваральнікаў знешнепаліт. курсу Індыі і ініцыятараў палітыкі недалучэння. З 1957 міністр абароны, пасля кіт.-інд. ўзбр. канфлікту 1962 у адстаўцы.
т. 10, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯВА́КА (Фёдар Нічыпаравіч) (25.4.1842, г. Троіцк Арэнбургскай вобл., Расія — 5.1.1909),
рускі юрыст, адвакат. Скончыў юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та (1870). Удзельнік буйных паліт. і крымін. працэсаў: справы лютарыцкіх (1880), сеўскіх (1905) сялян, аб стачцы рабочых ф-кі Т-ва С.Марозава (1886), рабочых ф-кі Коншынскай мануфактуры (1897) і інш. Дэпутат 3-й Дзярж. думы ад партыі акцябрыстаў.
Тв.:
Речи. Т. 1—2. М., 1909—10.
Літ.:
Кони А.Ф. Собр. соч. Т. 5. М., 1968;
Смолярчук В.И. Адвокат Федор Плевако. Челябинск, 1989.
т. 12, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЖУА́ ((Bourgeois) Леон Віктор Агюст) (25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),
дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.
т. 3, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОГЕНЛО́Э (Hohenlohe) Хлодвіг Карл Віктар, князь Шылінгсфюрст (Schillingsfürst; 31.3.1819, г. Ротэнбург-ан-дэр-Фульда, Германія — 6.7.1901), германскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Паходзіў са стараж. ням. роду. Юрыст. У 1867—70 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Баварыі. Пасол Германіі ў Францыі (1874—85), удзельнік Берлінскага кангрэса 1878. Намеснік у Эльзас-Латарынгіі (1885—94). У 1894—1900 рэйхсканцлер Германіі і прэм’ер-міністр Прусіі. Урад Гогенлоэ падпісаў герм.-кіт. дагавор 1898 (узаконіў пераход кіт. прав. Шаньдун у «сферу ўплыву» Германіі), садзейнічаў будаўніцтву моцнага ВМФ і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1906—31).
т. 5, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НЭДЗІ ((Kennedy) Роберт Фрэнсіс) (20.11.1925, г. Бруклайн, ЗША — 6.6.1968),
дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. Брат Дж.Ф.Кенэдзі. Па адукацыі юрыст. У 1953—60 юрыд. саветнік сенацкіх камісій, у т. л. ў 1953—54 пастаяннага падкамітэта па расследаваннях на чале з Дж.Р.Макарці. У 1961—64 міністр юстыцыі (ген. пракурор), падтрымліваў рух за грамадз. правы негрыцянскага насельніцтва, спрыяў прыняццю ў 1964 закона аб грамадз. правах. У 1964—68 сенатар ад штата Нью-Йорк. У 1968 абвясціў пра намер дамагацца вылучэння сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакр. партыі. Забіты ў час перадвыбарчай кампаніі.
т. 8, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЛЬ ((Kráľ) Янка) (24.4.1822, г. Ліптаўскі-Мікулаш, Славакія — 23.5.1876),
славацкі паэт-рамантык. Па адукацыі юрыст. Удзельнік нац.-вызв. руху 1840-х г. Прыхільнік ідэі яднання слав. народаў. Аўтар антыфеад. («Выпадкі з Яношыкам», 1843—44), філас.-лірычнага («Драма свету», 1844—45) цыклаў вершаў, рамант. паэмы «Сын стэпу» (1846—47), шэрагу балад, дум, перайманняў нар. песень. Паэзія К. адметная выкарыстаннем рамант. гіпербалы, алегорыі, сімвалаў. Большасць яго твораў апублікавана ў 20 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Моя песня. М., 1957;
У кн.: Словацкая поэзия XIX—XX вв. М., 1964.
А.У.Вострыкава.
т. 8, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ((Lie) Тругве Хальвдан) (16.7.1896, Осла — 30.12.1968),
нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Сакратар (1919—22), чл. праўлення (1926—46) Нарв. рабочай партыі. Міністр юстыцыі (1935—39), гандлю і суднаходства (1939—40). У перыяд ням.-фаш. акупацыі Нарвегіі (1940—45) міністр замежных спраў нарв. ўрада ў эміграцыі (Лондан). Першы ген. сакратар ААН (1946—53); падтрымаў узбр. ўмяшанне ЗША і інш. краін пад эгідай ААН у карэйскую вайну 1950—53 на баку Паўд. Карэі. У 1955—65 на адм., урадавых і дыпламат. пасадах у Нарвегіі.
т. 9, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯКА́Т АЛІ́ ХАН (1.10.1895, Карнал, Індыя — 16.10.1951),
дзеяч інд. нац.-вызв. руху; адзін з заснавальнікаў дзяржавы Пакістан. Юрыст. Скончыў Алахабадскі (Індыя) і Оксфардскі (Вялікабрытанія) ун-ты. З 1923 дэп. Заканад. сходу ў Аб’яднаных правінцыях, потым Заканад. сходу Індыі. З 1923 чл. Мусульманскай лігі, у 1936—50 яе ген. сакратар, з 1950 прэзідэнт. У 1946—47 чл. Выканаўчага савета пры віцэ-каралі Індыі, са жн. 1946 чл. часовага урада Дж.Нэру. У 1947—51 першы прэм’ер-міністр Пакістана, атрымаў тытул «правадыра нацыі». Забіты мусульм. фанатыкам у час мітынгу ў г. Равалпіндзі.
т. 9, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭО́ЦІ ((Matteotti) Джакома) (22.5.1885, Фрата-Палясіне, прав. Равіго, Італія — 10.6.1924),
італьянскі паліт. дзеяч, герой антыфаш. супраціўлення. Юрыст. Адзін з лідэраў Італьян. сацыяліст. партыі. У 1-ю сусв. вайну за антываен. дзейнасць быў зняволены ў турму. У 1919—24 дэп. парламента. У 1922 за рэфармісцкую дзейнасць выключаны з Сацыяліст. партыі. Адзін з заснавальнікаў і паліт. сакратар (з 1922) Унітарнай сацыяліст. партыі. 30.5.1924 у палаце дэпутатаў публічна выкрыў перадвыбарныя махінацыі і злоўжыванні фаш. партыі. Выкрадзены і забіты фашыстамі. Выступленне і забойства М. выклікалі востры паліт. крызіс фаш. рэжыму ў Італіі — т.зв. «М. крызіс».
т. 10, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГАРО́ЎСКІ (Станіслаў) (1.5.1872—24.10.1935),
юрыст і грамадскі дзеяч. Скончыў 7 класаў Віленскай гімназіі і быў выключаны за ўдзел у стварэнні б-кі забароненай л-ры. У 1892 скончыў гімназію ў г. Коўна, паступіў на юрыд. ф-т Варшаўскага ун-та, з якога выключаны за ўдзел у паліт. руху. У 1892—94 у ссылцы ў г. Курск. Скончыў юрыд. ліцэй у Яраслаўлі. У 1896—1905 адвакат у Вільні, у 1905—15 працаваў у г. Друя, С.-Пецярбургу. З 1918 у Польшчы. У 1928 працаваў натарыусам у г. Лодзь (Польшча), у Вільні.
В.А.Гапоненка.
т. 3, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)