паднаці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., на каго-што.
Разм.
1. Націснуць мацней. Паднаціснуць на дзверы. □ — Паднаціснем, таварыш Андрэй, — час ад часу пагукваў Сава, і яго вялікія каравыя рукі сціскалі мокры кол, а твар чырванеў ад натугі. Пестрак.
2. перан. Прымусіць да якога‑н. дзеяння. [Бандарэнка:] — Бывала, трэба нам план выціснуць, сабяром сход, пагаворым, паднаціснем — і гатоў план. Асіпенка.
3. перан. Узяцца за якую‑н. работу з большым стараннем. — Выходзіць, побач з намі працуе брыгада камуністычнай працы, — кажа Юрка. — Трэба нам паднаціснуць, каб не адстаць. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перанасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак.
1. каго-што і чаго. Перанесці, аднесці куды‑н. паступова або за некалькі прыёмаў усё, вялікую колькасць чаго‑н. Перанасіць усе дровы пад павець. Перанасіць бульбу ў склеп кашамі. □ Колькі Юрка перанасіў адтуль — з бярэзніку і з ячменю — баравікоў... І адзін, і з бацькам... Пташнікаў.
2. што. Знасіць вялікую колькасць чаго‑н. (пра адзежу, абутак і пад.).
3. што. Разм. Пранасіцца даўжэй за што‑н. Мае лапці лазовыя пераносяць твае боты казловыя. Прыказка.
4. каго. Пранасіць дзіця звыш тэрміну (пра цяжарную).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.
2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размякчыцца, размякнуць пад дзеяннем пары, вару і пад. Скура распарылася. □ За ноч макуха распарылася, і на раніцу Галя прынесла паўвядзерца пойла. Сабаленка.
2. Моцна прагрэцца, мыючыся ў лазні з парай. [Андрэй] распарыўся ўвесь, расчырванеўся, ад яго веяла гарачым здароўем, свежаю сілай. Зарэцкі. // Разм. Разагрэцца да поту; разгарачыцца. Сёння пякло і парыла ўвесь дзень. Юрка надта распарыўся на будоўлі, і ён будзе купацца даўжэй, чым у мінулыя вечары. Вышынскі. Хіліла зноў на сон, і ён падумаў, што, бегучы за санямі, быў распарыўся. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́ла, ‑а, н.
1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; лыч. Носам хмыкнула Хаўроння, Адвярнула рыла, Рада тым, што дзівака Лоўка абхітрыла. Дзеружынскі.
2. Верхняя або пярэдняя выцягнутая частка чаго‑н. З кішэні капота тырчала куртатае рыла бутэлькі. Асіпенка. Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам. Пташнікаў. Кулямётчыкі павярнулі тупое рыла «максіма» на коннікаў. Хомчанка.
3. Груб. Твар чалавека. — У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Чорны.
•••
Ні вуха ні рыла гл. вуха.
Суконнае рыла (уст.) — гандляр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
грэ́бціся і грабці́ся, грабуся, грабешся, грабецца; грабёмся, грабяцеся; пр. гробся, граблася і граблася, грэблася і граблося; незак.
1. Капацца, разграбаць што‑н. лапамі, пальцамі. Пасярод вуліцы заклапочана грабецца вялізны певень з чарадою кур — шукаюць спажывы. Палтаран. [Мацевіха] была на полі. Юрка гробся ў зямлі побач з ёю. Чорны.
2. Разм. Плысці, пасоўвацца, грабучы чым‑н. Грэбціся да берага. □ Павольна адзінокі параходзік Грабецца супраць круталобых хваль. Блатун. // перан. Імкнуцца да чаго‑н., пераадольваючы цяжкасці. — Не ў мае пяцьдзесят пяць год такую прамудрасць засвойваць, няхай ужо сыны мае.. на гэту справу грабуцца. Лынькоў.
3. Зал. да грэбці (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задво́рак, ‑рка, м.
1. Задняя частка двара. Юрка падняў лямпу і ўбачыў, што ў адзіным акенцы, якое выходзіла на задворак, няма шыбін. Курто.
2. толькі мн. (задво́ркі, ‑аў). Месца за дварамі, ззаду двароў. У садах, што пачыналіся з задворкаў і спускаліся аж да паплавоў, было змрочна і туманна. Сіўцоў. Задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, [Лабановіч] накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Колас. // перан. Пра глухую, закінутую мясцовасць, ускраіну чаго‑н. і пад. З адсталага аграрнага прыдатка імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высакаразвітую індустрыяльную .. рэспубліку. «Звязда».
•••
На задворках чаго — на заднім плане, убаку. Апынуцца на задворках гісторыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справазда́ча, ‑ы, ж.
1. Афіцыйнае пісьмовае або вуснае паведамленне кіраўніку ці арганізацыі пра сваю працу, выкананне якога‑н. задання, вынік даследавання чаго‑н. і пад. Справаздача дэпутата. Справаздача мясцовага камітэта. □ На стале ляжала справаздача, складзеная заатэхнікам. Асіпенка. [Кузняцова] заслухалі першага, але яму хацелася пачуць справаздачы другіх, выступіць у спрэчках. Пташнікаў. [Каморнік:] — Дыпломную работу здаваць паеду і справаздачу аб практыцы. Чорны. // Дакумент аб выкарыстанні выдаткаваных сродкаў. — Вось па гэтай графе вы маглі і менш выдаткаваць, — паказала .. [Рубанава] на справаздачу. Пальчэўскі.
2. Растлумачэнне чаго‑н., падрабязны расказ пра што‑н. Юрка сказаў на поўным сур’ёзе: — У мяне з Маяй так: ніякіх справаздач. Ярашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уну́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Увабраць у што‑н. (пра галаву). Галя ўнурыла галаву ў пастаўлены каўнер, патупіла вочы, як бы яна не хацела глядзець на кафедру. Сабаленка. Рыжы больш ссутуліўся, унурыў галаву ў плечы. Кавалёў. // Панура нахіліць, схіліць (галаву). Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. Чыгрынаў. Юрка ўнурыў галаву, здавалася, увесь сціснуўся ў камячок. Настаўніца строга пазірала на яго, думала. М. Ткачоў.
2. Утаропіць у што‑н. (вочы, погляд). Надзейка заірдзелася і ўнурыла вочы ў талерку, але праз момант усміхнулася, падняла чарку, вымавіла: «За маму». Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нэ́ндза, ‑ы.
Разм.
1. ж. Незабяспечанасць сродкамі існавання; галеча, беднасць. [Крочак:] — Ці плакаў я? Скажу адкрыта — Не надта борзды я да слёз. Я сіратою ў нэндзе рос. Колас. Ляснік жыве ў нэндзы і раптам выкладае сыну цэлы рубель. Лужанін.
2. м. і ж. Той (тая), хто ўвесь час ные, скардзіцца; нуда (у 2 знач.). Вочы ў Віці павільгатнелі, ён гатоў быў заплакаць.. — Ой і нэндза, — папракнуў Юрка сябра тым словам, якім папракала часам маці яго самога, калі ён крыўдзіўся за што-небудзь і плакаў. Хадкевіч.
3. ж. Тое, што і нуда (у 1 знач.). — Яшчэ два дні і з нэндзы памёр бы, — кажа Позняк на вуліцы. Мурашка.
[Польск. nędza.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)