АГАМІРЗЯ́Н (Рубен Сяргеевіч) (20.12.1911, Тбілісі — 26.10.1991),

рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1983). Засл. дз. маст. Расіі (1969) і Грузіі (1972). Праф. (1975). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т імя А.​М.​Астроўскага (1953). З 1966 гал. рэжысёр Ленінградскага драм. т-ра імя В.​Ф.​Камісаржэўскай. Сярод пастановак драм. трылогія «Смерць Іаана Грознага», «Цар Фёдар Іванавіч», «Цар Барыс» А.​К.​Талстога (Дзярж. прэмія СССР 1984). У Бел. т-ры імя Я.​Купалы паставіў спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Г.​Лордкіпанідзе (1965) і «...Забыць Герастрата!» Р.​Горына (1974), якія вылучаліся цікавай рэжысёрскай задумай, яркай формай і выдатнымі акцёрскімі работамі.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ (Канстанцін Канстанцінавіч) (13.6.1859, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 31.5.1924),

скрыпач, кампазітар, педагог. Ігры на скрыпцы вучыўся ў А.​Концкага ў Варшаве. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1881, клас Л.Аўэра), па кампазіцыі займаўся ў М.Рымскага-Корсакава. Выкладаў у муз. вучылішчах Саратава, Харкава, Тбілісі і інш. Канцэртаваў (у 1893 выканаў у Харкаве канцэрт для скрыпкі з аркестрам П.​Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара). З 1919 у Польшчы, канцэртмайстар аркестра опернага т-ра ў Познані. Аўтар оперы «Маргер» (паводле У.​Сыракомлі, клавір выд. 1905, паст. 1927), сімф. паэмы, п’ес для скрыпкі і фп., арганнай фантазіі, песень, духоўнай музыкі і інш.

Літ.:

Wrocki E. Konstanty Gorski: Życie i działalność. 1859—1924. Warszawa, 1924.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВШТУНІ́ (Азат) (сапр. Маміканян Азат Сетавіч; 17.7.1894, г. Ван, Турцыя — 26.3.1958),

армянскі паэт. Вучыўся ў Стамбуле, у 1911—14 слухач літ.-філас. ф-та Сарбоны. З 1914 жыў у Тбілісі, потым у Ерэване. У творах Вштуні драматызм падзей 1-й сусв. вайны (кн. нарысаў «З дзённіка добраахвотніка», 1915), асуджэнне варварскай палітыкі знішчэння арм. народа (зб. вершаў «Струны майго сэрца», 1915), працоўны энтузіязм, праблемы перабудовы вёскі (зб. «Новы Усход», 1923; «Вершы і паэмы», 1936, «Сачыненні», 1956), падзеі Вял. Айч. вайны (зб. «Каханне і нянавісць», 1946). У яго творах актуальнасць тэматыкі, новае асэнсаванне ўсх. паэт. вобразаў, муз. гучанне верша. Пісаў для дзяцей.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІТАШВІ́ЛІ (Георгій Міхайлавіч) (27.2.1893, Баку — 4.7.1966),

грузінскі акцёр. Нар. арт. Грузіі (1934). Вучыўся ў школе сцэн. мастацтва ў Пецярбургу (1913—15). У 1915 выступаў у т-рах Таганрога, Уладзікаўказа, Баку, Батумі, з 1920 у драм. т-ры ў Тбілісі (цяпер Груз. т-р імя Ш.​Руставелі). Яго творчасць вызначалася вял. сцэн. культурай, мяккай, высакароднай манерай выканання, рамантычнай узнёсласцю. Сярод роляў: Міндзія («Ламара» паводле Важы Пшавелы), Гелахсан («Тэтнульд» Ш.​Дадыяні), Гарсія Лорка («Алькасар» Г.​Мдывані), Гадуноў («Вялікі гасудар» У.​Салаўёва), Захар Бардзін («Ворагі» М.​Горкага), Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЛІЯ (Георгій Мікалаевіч) (н. 25.8.1930, Тбілісі),

расійскі і грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маск. архітэктурны ін-т (1955), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1959). З 1960 на «Масфільме». Дэбютаваў фільмам «Сярожа» (1960, разам з І.​Таланкіным). Здымае псіхал. драмы («Шлях да прычала», 1962), лірычныя («Я крочу па Маскве», 1964; «Міміно», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1978), сатыр. («Трыццаць тры», 1966), фантаст. камедыі («Кін-дза-дза», 1987) і трагікамедыі («Не бядуй», 1969; «Афоня», 1975; «Асенні марафон», 1979, Дзярж. прэмія Расіі 1981; «Слёзы капалі», 1983; «Пашпарт», 1990), для якіх характэрны ўвага да сац. прыроды з’яў і ўчынкаў, спачувальная інтанацыя ў адносінах да герояў.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ (Пётр Міхайлавіч) (22.1.1888, Кішынёў — 2.10.1975),

савецкі батанік і раслінавод. Акад. УАСГНІЛ (1935), чл.-кар. (1955) і ганаровы д-р (1967) Герм. акадэміі с.-г. навук. Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1911). З 1920 дырэктар Бат. сада, з 1923 праф. Політэхнічнага ін-та ў Тбілісі; у 1934—52 праф. Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.​А.​Ціміразева; у 1951—60 дырэктар Усесаюзнага н.-д. ін-та раслінаводства, з 1962 праф. Ленінградскага ўн-та. Навук. працы па паходжанні, эвалюцыі, геаграфіі культ. раслін, марфалогіі і генетыцы. Аўтар падручніка «Батаніка» (5 выд., 1982). Дзярж. прэмія СССР 1943. Прэмія імя М.​І.​Вавілава АН СССР 1967.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАРЫЯ́ДЗЕ (Сярго) (Сяргей) Аляксандравіч (1.7.1909, Баку — 13.4.1971),

грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскім ун-це. З 1928 акцёр Груз. т-ра імя К.​Марджанішвілі, з 1956 — Т-ра імя Ш.​Руставелі (абодва ў Тбілісі). Стварыў камед., рамантычна ўзнёслыя, з тонкім псіхалагізмам вобразы. Сярод лепшых роляў: Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.​Гуцкова), Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Крэонт («Антыгона» Ж.​Ануя), Маленькі велікан («Чынчрака» Нахуцрышвілі) і інш. З 1934 здымаўся ў кіно: «Дзень апошні, дзень першы», «Бацька салдата» (Ленінская прэмія 1966) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952 і Грузіі 1971.

Літ.:

Твалчрелидзе Т., Церетели К. Серго Закариадзе // Актеры советского кино. М., 1967. Вып. 3.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАШВІ́ЛІ (Аляксандр) (Сандро) Іовіч (23.8.1889, Тбілісі — 4.6.1958),

грузінскі спявак (барытон), педагог; адзін з заснавальнікаў груз. оперна-вак. мастацтва. Нар. арг. СССР (1950). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1916). З 1917 саліст, з 1933 заг. маст. часткі Груз. т-ра оперы і балета. З 1937 выкладаў (з 1942 праф.) у Тбіліскай кансерваторыі. Сярод лепшых партый у операх нац. рэпертуару: Мурман, Кіязо («Абесалом і Этэры», «Даісі» З.​Паліяшвілі), Гоча («Дарэджан Каварная» М.​Баланчывадзе); у класічных — Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.​Мусаргскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно). Сярод вучняў М.Аміранашвілі.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́ЛІ (Георгій) (Гія) Аляксандравіч (н. 10.8.1935, Тбілісі),

грузінскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1963), з 1970 выкладае ў ёй. Працуе пераважна ў сімф. і опернай музыцы. Сярод твораў: опера «Музыка для жывых» (паст. 1984); муз. камедыя «Хітрыкі Ханумы» (паст. 1973); кантата «Светлы смутак» (1985); 7 сімфоній (1967—86); літургія «Аплаканыя ветрам» для вял. сімф. аркестра і альта сола (1988); музыка для эстр. аркестра, да драм. спектакляў і кінафільмаў, у т. л. «Не бядуй», «Міміно». Дзярж. прэмія СССР 1976. Дзярж. прэмія Грузіі 1981.

Літ.:

Зейфас Н. Симфонии Гии Канчели // Композиторы союзных республик. М., 1980. Вып. 3.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХІ́ДЗЕ (Джансуг Іванавіч) (н. 10.1.1936, Тбілісі),

грузінскі дырыжор. Нар. арт. Грузіі (1978), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1958), выкладае ў ёй. Вучань А.Дымітрыядзі. З 1955 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. хар. капэлы Грузіі. У 1962—71 дырыжор, з 1982 гал. дырыжор Груз. т-ра оперы і балета. З 1973 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. Сярод пастановак: оперы «Саламея» Р.​Штрауса, «І быў год восьмы...» Б.​Квернадзе (абедзве 1983), «Музыка для жывых» Г.​Канчэлі (1984). Інтэрпрэтатар сімфоній С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, Канчэлі, твораў І.​Стравінскага, Г.​Малера, Р.​Штрауса, груз. кампазітараў. Дзярж. прэмія Грузіі 1977.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)