Тэмпера́мент ‘тып псіхічнай дзейнасці’ (ТСБМ), тэмпэра́мент ‘тс’ (Некр. і Байк., Пятр.), ст.-бел. тэмпэраментъ ‘тс’ (1616 г., ГСБМ). Са ст.-польск. temperament ‘тс’, якое, у сваю чаргу, з лац. temperament ‘незалежныя суадносіны частак’ (Булыка, Лекс. запазыч., 128).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗА́ЛПАВЫ ВЫ́КІД,

адначасовы канцэнтраваны выкід значнай колькасці забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе; аварыйны выкід. Выкарыстоўваўся прадпрыемствамі з устарэлымі сістэмамі ачышчальных збудаванняў наўмысна, напр., на буйных вадатоках у час паводкі (з мэтай хуткага разбаўлення сцёкаў). Прычыняе ўрон прыродзе, рэзка парушае колькасныя і якасныя суадносіны асн. матэрыяльна-энергетычных кампанентаў асяроддзя (вод, глеб, энергіі, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш.).

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЗГО́ДНАСЦЬ у геалогіі, нязгоднае заляганне,

межаванне рознаўзроставых пластоў горных парод па паверхні размыву, які ўтварыўся ў выніку перарыву ў асадканамнажэнні. Фіксуе прасторавыя і гіст. суадносіны рознаўзроставых горных парод. Няпоўны стратыграфічны разрэз геал. адкладаў наз. стратыграфічнай Н. (яўнай, або схаванай). У залежнасці ад залягання кантактуючых тоўшчаў адрозніваюць Н.: паралельную, вуглавую, азімутальную, покрыўную, структурную, лакальную і інш.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

матэма́тыка

(лац. mathematica < гр. mathematike, ад mathema = навука, веды)

навука, якая вывучае колькасныя суадносіны і прасторавыя формы навакольнага свету.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Валхві́ць ’лячыць’ (Пал.); ’песціць, цацкацца’ (Юрч.). Другое значэнне метафарычнае. Валхвіць ’лячыць’ да волхв ’знахар’, параўн. рус. волхвовать, волшить, волшебничать, волшебствовать ’знахарыць, загаварваць’. Параўн. семантычныя суадносіны варажыць і урач (гл. Коген, Запіскі, 191). Гл. таксама Вайян, RÉS, 1961, 144.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кля́кнуць ’згінуць, страціцца’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. клякнути ’замерзнуць, задубець, засохнуць’, рус. клякнуть ’тс’, клёкнуть ’змарнець’. Параўн. літ. klękli ’гусцець, замярзаць’. Фрэнкель (268) параўноўвае гэта літоўскае слова з рус. клёк (гл. клёкъ). Суадносіны ўсходнеславянскіх і літоўскіх форм няясныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГНАСЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. gnōsis веды + ...логія),

вучэнне аб пазнанні; раздзел філасофіі, які вывучае суадносіны суб’екта і аб’екта ў працэсе пазнавальнай дзейнасці, магчымасці і межы пазнання свету чалавекам, шляхі і сродкі дасягнення ісціны. Гнасеалогія даследуе: месца і ролю ведаў у адносінах чалавека да сусвету, у развіцці індывід. чалавека (асобы) і ў эвалюцыі грамадства, яго трансфармацыі; асаблівасці пазнання як спецыялізаванай дзейнасці і шляхі яго ўваходжання ў інш. віды дзейнасці; суадносіны пачуццёвага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, перадумовы і крытэрыі сапраўднасці ведаў, суадносіны паміж ісціннасцю і памылковасцю апошніх.

Гісторыя гнасеалогіі фактычна пачынаецца з пытання аб тым, што такое веды, чым яны забяспечваюцца (пачуццямі ці розумам). Платон сцвярджаў, што сапраўдныя веды маюць агульнаабавязковы характар, г. зн. не залежаць ад індывід. асаблівасцей суб’екта. Арыстоцель абгрунтоўваў тэзіс пра адзінства ведаў і прадмета пазнання, пра лагічную структуру пазнавальнага працэсу. У 17—18 ст. Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро і інш. раскрылі вял. ролю навук. метадаў, своеасаблівасць спалучэння пачуццёвых і рацыянальных момантаў у пазнавальным працэсе, суадносіны з рэчаіснасцю. Прадстаўнікі ням. класічнай філасофіі 19 ст. (І.​Кант, Г.​Гегель і інш.) абгрунтавалі неабходнасць пераадолення разрыву паміж гнасеалагічнай і анталагічнай праблематыкай, дыялектычнае адзінства эмпірычнага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, наяўнасць узаемапераходаў гэтых катэгорый, узаемасувязь тэарэт. і практычнага розуму. Марксісцкая гнасеалогія асабліва падкрэслівала дзейсную прыроду пазнання, ролю практыкі як асновы і крытэрыю сапраўднасці ведаў, значэнне пазнання ў перабудове навакольнага асяроддзя, перш за ўсё сац. рэчаіснасці. Філас. фенаменалогія (Э.​Гусерль і інш.) лічыць, што найб. фундаментальнай характарыстыкай пазнавальнага працэсу з’яўляецца інтэнцыяльнасць — скіраванасць свядомасці на прадмет пазнання. У сярэдзіне і канцы 20 ст. прадстаўнікі аналітычнай філасофіі (Б.​Расел, Дж.​Мур, Р.​Карнап, Л.​Вітгенштэйн, К.​Попер і інш.) прааналізавалі месца і ролю знакава-сімвалічных сродкаў навук. мыслення, спосабы верыфікацыі навук. ведаў.

У апошнія дзесяцігоддзі гнасеалогія надае ўсё большае значэнне распрацоўцы агульнаметадалагічных праблем развіцця навукі, яе сац. прыроды. Даследаванні праведзеныя ў Беларусі (Я.​Бабосаў, Г.​Несвятайлаў, В.​Русецкая і інш.) паказалі, што перспектывы развіцця гнасеалогіі шмат у чым абумоўлены сац. сітуацыяй, назапашваннем ведаў.

Літ.:

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Гносеология в системе философского мировоззрения. М., 1983;

Познавательные действия в современной науке. Мн., 1987;

Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА карты, сукупнасць умоўных знакаў на карце і тлумачэнне да іх. Служыць ключом для чытання карты і ў некаторай ступені раскрывае яе змест, значэнне і суадносіны асобных элементаў. Змяшчаецца на палях або на вольнай плошчы ўнутры рамак карты, радзей на адвароце. У атласах і шматліставых картах Л. можа займаць асобны ліст або дадавацца ў выглядзе тлумачальнай запіскі са звесткамі, якія нельга перадаць графічна.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыягра́ма

(гр. diagramma = малюнак, фігура)

графічны малюнак, які наглядна паказвае суадносіны якіх-н. велічынь (напр. д. росту будаўніцтва).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

НАРМАТЫ́ЎНЫ АКТ,

афіцыйны дакумент паўнамоцнага суб’екта праватворчасці, які ўстанаўлівае, змяняе або адмяняе прававыя нормы. Класіфікуецца паводле юрыд. сілы, якая залежыць ад кампетэнцыі дзярж. органа, што выдаў іх, і характару самога акта. Юрыд. сіла выражае суадносіны пэўнага акта з іншымі, яго месца і ролю ў сістэме крыніц права. Н.а. падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У многіх дзяржавах, у т. л. Рэспубліцы Беларусь, Н.а. з’яўляюцца асн. крыніцамі права.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)