ФА́КТАРНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць вылічальных метадаў, якія дазваляюць ацэньваць і на аснове апрацоўкі мноства назіральных пераменных (фактараў) атрымаць кампактнае апісанне з’яў і працэсаў, што даследуюцца. Выкарыстоўваецца ў матэматычнай статыстыцы, эканоміцы, хіміі, медыцыне, псіхалогіі і інш. Ад іншых метадаў даследавання адрозніваецца тым, што грунтуецца не на загадзя дадзеным «апрыёрным» пераліку фактараў, а дапамагае выявіць найб. важныя з гэтых фактараў, прычым скрытыя. Напр., пры выяўленні заканамернасцей, якія ўплываюць на прадукцыйнасць працы, аналізуецца мноства стат. паказчыкаў (адукацыйны ўзровень рабочых, каэфіцыент зменнасці абсталявання, энергаўзброенасць працы і інш.), але з дапамогай Ф.а. выяўляецца, што вырашальны ўплыў на рост прадукцыйнасці працы аказваюць некалькі абагульняльных фактараў — памеры прадпрыемства, узровень арганізацыі працы, характар прадукцыі.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУРУНЖЫ́ЕЎ Рэшат Ібраімавіч (н. 31.7.1938, г. Сімферопаль, Украіна),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1974). Брат Рызы Фурунжыева. Скончыў Фрунзенскі політэхн. ін-т (1960). З 1962 у Бел. нац. тэхн. ун-це (у 1976—89 заг. кафедры). Навук. працы па камп’ютэрным мадэліраванні, аптымальным праектаванні, адаптыўным кіраванні, інфарм. тэхналогіях, стат. аптымізацыі і ідэнтыфікацыі шматмерных сістэм вібрааховы і стабілізацыі.

Тв.:

Вычислительные машины и программирование. Мн., 1981;

Вычислительная техника и ее применение. 3 изд. Мн., 1984;

Применение математических методов и ЭВМ: Программное моделирование систем. Мн., 1991 (разам з М.​М.​Гурскім, Р.​І.​Фурунжыевым).

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАДЗЕ́Д Мікалай Аляксандравіч (н. 5.3.1956, г. Спаск-Дальні Прыморскага краю, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1996). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па паралельных выліч. працэсах, тэорыі стат. распаралельвання алгарытмаў. Распрацаваў тэорыю пабудовы пераўтварэння і адлюстравання паралельных форм выліч. алгарытмаў для рэалізацый на сісталічных матрычных працэсарах.

Тв.:

Sistolic arrays for the solution of systems of linear algebraic equations by Monte Carlo method // Monte Carlo metthods and applications. 1998. Vol. 4, № 1. O построении обобщенных распараллеливающих функций // Докл. Нац. АН Беларуси. 2002. Т. 46, № 1;

Распределение операций и массивов данных между процессорами // Программирование. 2003. № 3.

т. 18, кн. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гідраста́т

(ад гідра- + -стат)

апарат, які спускаюць з судна на тросе для падводных работ і даследаванняў (у адрозненне ад батыскафа самастойна не перамяшчаецца).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ РАХУ́НКІ, нацыянальнае рахункаводства,

лагічна паслядоўная і ўзаемазвязаная сістэма рахункаў, балансавых ведамасцей і табліц, мэта якой — атрыманне поўнай стат. інфармацыі пра эканам. дзейнасць дзяржавы.

Як навук. кірунак узнікла ў канцы 1930 — пач. 40-х г. у Вялікабрытаніі; у яго аснову пакладзена вучэнне Дж.М.Кейнса пра эканам. абарачэнне. Родапачынальнік — Р.Стоўн; тэрмін «нацыянальнае рахункаводства» ўведзены нідэрл. эканамістам Э. ван Кліфам у пач. 1940-х г. Развіццё міжнар. эканам. супрацоўніцтва і ўзмацненне рэгулюючых функцый дзяржавы абумовілі распрацоўку Н.р. у інш. краінах Еўропы і Амерыкі, даследаванні ў гэтай сферы стат. органамі ААН, што ўвасоблена ў стандартнай сістэме Н.р. у 1953. Сістэма Н.р. удакладнялася і дапаўнялася ў 1960-я г.; апошняя версія ў 1993 (у 1995 адаптавана да ўмоў Еўрап. Саюза).

У Рэспубліцы Беларусь укараняюцца ў практычную дзейнасць міжнар. стандарты ў галіне ўліку і статыстыкі. Выкарыстоўваюцца наступныя віды Н.р.: рахунак тавараў і паслуг; вытв-сці; утварэння даходаў; размеркавання першасных даходаў; другаснага размеркавання даходаў; пераразмеркавання даходаў у натуры; выкарыстання наяўных даходаў; аперацый з капіталам; «рахункі астатняга свету».

Рахункі ў сістэме Н.р. будуюцца па двухбаковай форме: атрыманыя вартасці запісваюцца як рэсурсы, а тыя, што выплачваюцца, — як выкарыстанне гэтых рэсурсаў. Рознасць паміж рэсурсамі і іх выкарыстаннем складае балансіруючы артыкул, які адлюстроўваецца ў рэсурсах наступнага рахунку. На ўзроўні эканомікі ў цэлым балансіруючым артыкулам рахунку вытв-сці з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (ВУП), што характарызуе канчатковы вынік вытв. дзейнасці эканам. адзінак — рэзідэнтаў у сферы матэрыяльнай вытв-сці і ў сферы нематэрыяльных паслуг. Велічыня рэальнага ВУП на душу насельніцтва — адна з састаўных частак Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу і характарыстыка ўзроўню багацця і беднасці краіны. Балансіруючым артыкулам рахунку размеркавання першасных даходаў для эканомікі ў цэлым з’яўляецца валавы нацыянальны даход.

Л.​М.​Нехарошава, І.​Я.​Цэслюк.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕВА Настасся Якаўлеўна, бел. этнограф, фалькларыст і краязнавец 2-й пал. 19 ст. У 1874—80 жыла на Палессі, некаторы час працавала валасным пісарам у в. Грабаў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.). Супрацоўнічала з Мінскім губернскім стат. к-там, Т-вам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. Даследавала побыт, матэрыяльную культуру, абрады, фальклор сялян, вывучала гісторыю і этнаграфію вёсак Мазыршчыны. Аўтар артыкулаў «Кароткі нарыс вёскі Грабава Мазырскага павета», «Сялянскія памінкі ў Мазырскім павеце» (абодва 1877), «Веснавыя песні і абрады ў вёсках Мазырскага павета» (1878), «Легенды і павер’і ў Мінскай губерні», «Кірмашы ў Мазырскім павеце» (абодва 1879), «Знахары», «Вытрымкі з жыцця беларускай жанчыны» (абодва 1880) і інш.

А.​Ю.​Лозка.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ-ШАПЯЛЕВІЧ (Шапялевіч) Леў Юльянавіч

(13.10.1863, г. Віцебск — 10.2.1909),

бел. археолаг, гісторык літаратуры. Магістр усеагульнай л-ры (1892), д-р філалогіі (1896), праф.

Харкаўскага ун-та. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэса) і Харкаўскім ун-тах (1882—87). Аўтар даследаванняў па зах.-еўрап. л-ры: «Дантаўская трылогія» (1892), «Нарысы з гісторыі сярэдневяковай літаратуры і культуры» (1900), «Жыццё Сервантэса» (1901) і інш. Пад уплывам М.​Ф.​Кусцінскага і А.​П.​Сапунова пачаў вывучаць матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі, займаўся праблемай крывічоў. З 1900 вёў раскопкі курганоў у Гарадоцкім, Невельскім і Себежскім паветах Віцебскай губ. Каштоўныя знаходкі з крывіцкіх курганоў перадаваў у Пецярбургскі Эрмітаж, Маскоўскі і Харкаўскі гіст. музеі, музей Віцебскага стат. к-та.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЭЛЬМА́Н Тэадор Львовіч (30.9.1933, Мінск — 12.10.1974),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў БДУ (1957). З 1957 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі (з 1963 заг. лабараторыі), адначасова выкладаў у БДУ. Навук. працы па матэм. фізіцы, тэорыі цеплаправоднасці, цеплафізіцы, стат. фізіцы. Распрацаваў (разам з А.В.Лыкавым) тэарэт. асновы спалучаных задач цеплаабмену пры знешнім абцяканні цел і метады іх рашэння. Даследаваў асаблівасці працэсаў пераносу пры сублімацыі цвёрдых цел у вакуум.

Тв.:

Тепло- и массообмен в процессах сублимации в вакууме. М., 1973 (разам з Дз.​П.​Лебедзевым);

Диффузия в сложных молекулярных структурах. Мн., 1974 (разам з С.​Г.​Галакціёнавым, Р.​В.​Нікіфаровічам);

Физика биологических мембран. М., 1976 (у сааўт.).

М.​М.​Далгіх.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

геліяста́т

(ад гелія- + -стат)

астранамічны прыбор, у якім пры дапамозе гадзіннікавага механізма люстэркі паварочваюцца так, што адбітыя ад іх сонечныя прамяні захоўваюць нязменны кірунак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЧАСТО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім адлюстраваны лічбавыя паказчыкі выкарыстання моўных адзінак (афіксаў, словаформ, лексем, словазлучэнняў) у тэкставай выбарцы пэўнага аб’ёму. Да лічбавых паказчыкаў адносяць: частату ўжывальнасці пэўнай адзінкі; колькасць тэкстаў, у якіх выкарыстоўваецца пэўная моўная адзінка; частату ўжывальнасці мнагазначнай лексемы асобна для кожнага з яе значэнняў; частату выкарыстання слоў пэўнай часціны мовы; частату кожнай з першай тысячы самых ужывальных моўных адзінак і інш. Ч.с. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лексічных мінімумаў і напісанні вучэбных дапаможнікаў па мовах, распрацоўцы кодаў для машыннага перакладу, устанаўленні крытэрыяў моўнай нормы, вырашэнні тэарэт. пытанняў фанетыкі, лексікалогіі, граматыкі, стылістыкі пэўнай мовы, іх генет. або тыпалагічнай блізкасці. Першы Ч.с. на Беларусі — спіс найбольш частых слоў, ужытых у артыкуле «Рэалісты» Дз.​І.​Пісарава, складзены М.​Г.​Булахавым (1969). Найб. поўны паводле аб’ёму рэестравага матэрыялу і велічыні абследаванай тэкставай выбаркі «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.​С.​Мажэйкі і А.​Я.​Супруна (вып. 1—5, 1976—92), кожны выпуск якога пабудаваны на матэрыяле маст. прозы, публіцыстыкі, вуснай нар. творчасці, паэзіі, гутарковай мовы. Зводны «Частотны слоўнік беларускай мовы» Мажэйкі (2003; 1801 тыс. словаўжыванняў) апрача матэрыялаў папярэдняга Ч.с. ўключае вынікі стат. аналізу дзелавых, навук., вучэбных і энцыклапедычных тэкстаў. Ч.с. ствараюць і на ЭВМ (падрыхтаваны «Частотны слоўнік словаформаў» П.​Ф.​Глебкі ў 2 т.). Да бел. Ч.с. у пэўнай ступені можна аднесці шэраг гіст. канкардансаў [поўны паказальнік слоў з ілюстрацыямі пэўнага літ. тэксту; напр., «Частотны слоўнік» (т. 10, 1992) у рукапісным «Канкардансе беларускай мовы XIX ст.» ў 11 т.] і слоўнікаў мовы пісьменнікаў, паколькі ў іх прадстаўлены і стат. параметры: «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—5, 1997—2003) і інш.

Літ.:

Алексеев П.М. Статистическая лексикография: (типология, составление и применение частотных словарей). Л., 1975.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)