МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ СГАТЫ́СТЫКА,
навука пра матэм. метады сістэматызацыі і выкарыстання статыстычных даных для навук. і практычных вывадаў. Стат. метады шырока выкарыстоўваюцца амаль ва ўсіх галінах ведаў. У сацыялогіі асн. паняццямі М.с. з’яўляюцца ген. і выбарачная сукупнасці. Генеральная сукупнасць — поўнае мноства аб’ектаў, якія маюць адносіны да праблемы, што вывучаецца; выбарачная сукупнасць — частка ген. сукупнасці, якая дазваляе меркаваць пра яе ў цэлым і належыць непасрэднаму абследаванню. Выбарачны метад выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўнае абследаванне ген. сукупнасці немагчыма або эканамічна немэтазгодна. Асн. раздзеламі М.с. з’яўляюцца апісальная статыстыка, стат. вывад, аналіз стат. сувязей і залежнасцей. Метады апісальнай статыстыкі прызначаны для абагульнення інфармацыі, атрыманай пры поўным абследаванні сукупнасці, і ўключаюць атрыманне частотных размеркаванняў, пабудову графікаў, разлік паказчыкаў цэнтра размеркавання і ступені раскіду звестак. Статыстычны вывад абагульняе вынікі выбарачнага абследавання на ген. сукупнасць і ўключае ацэньванне яе параметраў і стат. праверку гіпотэз. Асновай стат. вываду з’яўляюцца законы тэорыі верагоднасцей, асн. паняццем — паняцце выпадковай выбаркі, якая мяркуе, што для ўсіх аб’ектаў з ген. сукупнасці верагоднасць уключэння ў выбарку павінна быць аднолькавая. Метадамі пабудовы рэпрэзентатыўных (прадстаўнічых) выбарак займаецца тэорыя выбаркі. Метады аналізу статыстычных сувязей і залежнасцей: карэляцыйны і рэгрэсіўны аналіз, аналіз табліц спалучэння, дысперсійны аналіз і інш. Выбар метаду залежыць ад мэт і задач даследавання, а таксама ад асаблівасцей звестак, што выкарыстоўваюцца.
В.В.Цярэшчанка.
т. 10, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМІ́ТНЫЯ ТЭАРЭ́МЫ,
шэраг тэарэм імавернасцей тэорыі, якія паказваюць умовы ўзнікнення пэўных заканамернасцей у выніку ўздзеяння вял. ліку выпадковых фактараў. Напр., вялікіх лікаў закон паказвае набліжэнне частаты з’яўлення выпадковай падзеі ў незалежных выпрабаваннях да яе імавернасці пры неабмежаваным павелічэнні ліку выпрабаванняў. Л.т. выкарыстоўваюцца ў матэм. статыстыцы для высвятлення ўласцівасцей стат. ацэнак і адшукання лімітных размеркаванняў выбарачных характарыстык для праверкі стат. гіпотэз. Гл. таксама Лапласа тэарэма, Ляпунова тэарэма.
т. 9, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМІ́РАВАННЕ ПРА́ЦЫ,
вызначэнне нормы часу і выпрацоўкі; адзін з асн. элементаў навуковай арганізацыі працы. Разлік Н.п. ажыццяўляецца аналіт. і доследна-стат. метадамі. Пры аналіт. метадзе аперацыю (работу) падзяляюць на элементы, якія аналізуюць, праектуюць рацыянальную структуру аперацыі, вызначаюць час на кожны элемент аперацыі і на ўсю аперацыю. Доследна-статыстычны метад — вызначэнне норм на аснове вопыту нарміроўшчыка альбо на аснове ранейшых стат. звестак. Пры дапамозе Н.п. вызначаецца неабходная колькасць работнікаў, фонд заработнай платы, прадукцыйнасць працы і інш. паказчыкі.
т. 11, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае статыстычныя ўласцівасці светлавых палёў і квантавыя праяўленні гэтых уласцівасцей у працэсах узаемадзеяння святла з рэчывам. Звязана з квантавай механікай, квантавай электрадынамікай, стат. фізікай і нелінейнай оптыкай. Метады К.о. даюць магчымасць вызначаць механізмы міжмалекулярных узаемадзеянняў па зменах статыстыкі фотаадлікаў (рэгістрацыі параметраў светлавых патокаў фотапрыёмнікамі) пры рассейванні святла ў асяроддзі.
Развіццё К.о. ў 1960-я г. звязана са з’яўленнем лазераў, што дало магчымасць фарміравання светлавых палёў з рознымі стат. ўласцівасцямі. Вывучаліся станы поля, якія мелі класічны аналаг і апісваліся на аснове класічных метадаў. Новы этап развіцця пачаўся ў канцы 1970 — пач. 1980-х г. Тэарэт. даследаванні стат. уласцівасцей аптычных палёў, атрыманых у працэсах узаемадзеяння з рэчывам і стварэнне крыніц святла з рознымі стат. ўласцівасцямі прывялі да пераасэнсавання неазначальнасці прынцыпу і развіцця канцэпцыі «сціснутых» станаў поля. Асн. даследаванні праводзяцца ў галіне квантавай інфармацыі, у т. л. квантавых вылічэнняў, квантавых камп’ютэраў, квантавай крыптаграфіі, рэканструкцыі (тамаграфіі) квантавых станаў поля, спектраскапіі адзінкавых малекул і іонаў, лакалізаваных у высокадыхтоўных рэзанатарах ці цвердацелых матрыцах і інш.
На Беларусі даследаванні па К.о. праводзяцца ў Ін-це фізікі і Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ.
Літ.:
Клаудер Дж.Р., Сударшан Э.К.Г. Основы квантовой оптики: Пер. с англ. М., 1970;
Килин С.Я. Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.
С.Я.Кілін.
т. 8, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ЎСКІ (Дзмітрый Пятровіч) (1810, Магілёўская губ. — 23.11.1856),
расійскі эканаміст. статыстык. Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1829). З 1831 працаваў у камісіі М.М.Спяранскага па складанкі Збору законаў Рас. імперыі. З 1845 у Кіеве на стат. рабоце. Распрацаваў сістэму стат. паказальнікаў для вывучэння з’яў грамадскага жыцця, а таксама праграму даследавання прадукц. сіл Расіі. Пры вывучэнні сац. з’яў прытрымліваўся канцэпцыі падзелу грамадства на асобныя класы і групы, неабходнасці забеспячэння росту нар. дабрабыту. Аўтар прац «Аб крыніцах і выкарыстанні статыстычных звестак» (1846), «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні» (т. 1—3, 1852).
т. 6, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУА́РЫЙ,
служачы страхавой кампаніі, спецыяліст па тэхніцы страхавання. На аснове апрацоўкі і аналізу стат. звестак складае актуарныя табліцы і вызначае прыбытковыя, канкурэнтаздольныя ўзроўні страхавых прэмій, узносаў і г.д.
т. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРАТЫ́ЧНАЕ АДХІЛЕ́ННЕ ў тэорыі імавернасцей,
мера рассейвання выпадковай велічыні, роўная квадратнаму кораню з дысперсіі. У матэм. статыстыцы выкарыстоўваецца як мера якасці стат. ацэньвання і наз. квадратычнай памылкай (хібнасцю).
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭЛЯ́ЦЫЯ, ў матэматычнай статыстыцы,
статыстычная ці імавернасная залежнасць паміж велічынямі, з’явамі, падзеямі, якая не мае строга функцыянальнага характару. Выкарыстоўваецца ў імавернасцей тэорыі, кібернетыцы і інш., а таксама для выяўлення стат. і імавернасных заканамернасцей у фізіцы, хіміі, тэхніцы.
Узнікае, калі залежнасць адной прыкметы ад другой ускладняецца наяўнасцю звычайна невядомых выпадковых фактараў, напр., пры стат. апісанні дынамічнай сістэмы. У тэорыі імавернасці К. паміж 2 выпадковымі падзеямі выяўляецца ў тым, што імавернасць адной з іх пры наяўнасці другой адрозніваецца ад безумоўнай імавернасці. Колькаснай мерай К. з’яўляецца каэфіцыент карэляцыі (для выпадковых велічынь) ці карэляцыйная функцыя (для выпадковых працэсаў). Гл. таксама Матэматычная статыстыка.
т. 8, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬКЛЕ́Д [ад ал(юміній) + англ. clad пакрыты],
паўфабрыкат (ліст, труба) з высокатрывалага алюмініевага сплаву, пакрыты (плакіраваны) алюмініем высокай чысціні або інш. сплавам. Таўшчыня плакіравальнага слоя не менш як 35 мкм, што забяспечвае электрахім. ахову ад карозіі, зніжае стат. стамляльную трываласць матэрыялу.
т. 1, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак амер. паліт. эканоміі, які вывучае прыроду капіталіст. цыклаў і прагназаванне гасп. кан’юнктуры з выкарыстаннем метадаў стат. і матэм. аналізу, т.зв. «эканамічны барометр». Гал. ідэя Гарвардскай школы — магчымасць прадухілення і ліквідацыі крызісаў. Узнікла пасля 1-й сусв. вайны, склалася вакол К-та эканам. даследаванняў (створаны ў 1917 пры Гарвардскім ун-це). Буйны прадстаўнік Гарвардскай школы У.К.Мітчэл у сваёй працы «Эканамічныя цыклы. Праблема і яе пастаноўка» (1927) разглядаў эканам. цыклы, узлёты і падзенні дзелавой актыўнасці як больш або менш плаўную змену кан’юнктурных хваль. Ён прапаноўваў ствараць сістэму дзярж. страхавання ад беспрацоўя і ўвесці сістэму індыкатыўнага (рэкамендацыйнага) планавання эканомікі. Погляды Гарвардскай школы атрымалі пашырэнне ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Польшчы, дзе ў 1920-я г. былі створаны кан’юнктурныя ін-ты для вывучэння стат. матэрыялаў з мэтай эканам. прадказанняў.
Г.А.Маслыка.
т. 5, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)