ВАНА́ДЫЙ (лац. Vanadium),

V, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 23, ат. м. 50,9415. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: ​51V (99,76%) і слаба радыеактыўнага ​50V (0,24%, перыяд паўраспаду 1014 гадоў). Належыць да рассеяных элементаў, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Ванадыніт). У зямной кары знаходзіцца 0,019% па масе.

Пластычны серабрыста-шэры метал, шчыльн. 6110 кг/м³, tпл 1920 °C. Устойлівы да ўздзеяння раствораў неарган. к-т, соляў і шчолачаў. Раствараецца ў канцэнтраваных к-тах, у расплавах шчолачаў, на паветры акісляецца да ванадатаў. Пры 600—800 °C узаемадзейнічае з кіслародам, з азотам утварае нітрыд (VN, tпл 2360 °C), з вугляродам — карбід (VC, чорныя крышталі, tпл каля 2830 °C, мае высокую цвёрдасць). Крыніца здабычы — жал. руды, якія маюць злучэнні ванадыю. Атрымліваюць з пентаксіду дыванадыю V2O5 металатэрмічным аднаўленнем. Выкарыстоўваюць як легіруючы кампанент сталяў і спец. сплаваў для авіяц. і касм. тэхнікі, суднабудавання; кампанент звышправодных сплаваў. Злучэнні ванадыю таксічныя; ГДК для V2O5 0,1—0,5 мг/м³.

Г.​В.​Боднар.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЎ (Канстанцін Васілевіч) (25.9.1904, в. Лінёва Ніжагародскай вобл., Расія — 26.7.1988),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад. АН Беларусі (1938). Засл. дз. нав. і тэхн. БССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1930). У 1938—47 прэзідэнт АН Беларусі, у 1947—49 дырэктар Фізіка-тэхн. ін-та, у 1969—73 віцэ-прэзідэнт, в.а. акадэміка-сакратара Аддз. фізіка-тэхн. навук АН Беларусі. Навук. працы па структурных ператварэннях металаў і сплаваў. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў і мадыфікавальных дамешак на працэс крышталізацыі і ўласцівасці высокатрывалага чыгуну, уплыў алюмінію, тытану, малібдэну, вальфраму і ванадыю на фазавы састаў, структуру і ўласцівасці гарачатрывалых сплаваў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Кинетика и механизм разупрочнения некоторых стареющих сплавов (разам з Р.​Л.​Тафпенец) // Кинетика и механизм кристаллизации. Мн., 1973;

Фазовые равновесия в сплавах Fe—Cu и Fe—C—Cr (разам з Л.​А.​Шаўчуком) // Весці АН БССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 2.

К.В.Гораў.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГАВА́Я ПЕЧ,

прамысловая электрычная печ, у якой плавяць металы і інш. матэрыялы цяплом электрычнай дугі. Бываюць прамога дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі і металам, што награваецца), ускоснага (непрамога) дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі на пэўнай адлегласці ад матэрыялу) і з закрытай дугой (яна гарыць пад слоем цвёрдай шыхты, куды ўстаўлены электроды).

Найб. пашыраны Д.п. прамога дзеяння для выплаўкі сталі (ёмістасць да 400 т) і печы з закрытай дугой для выплаўкі каляровых сплаваў, ферасплаваў, электракарунду і інш. Ёсць таксама вакуумныя Д.п. з расходавальным электродам (яго робяць з металу, які пераплаўляецца) і з нерасходвальным (з вальфраму або графіту). Такія печы выкарыстоўваюцца для вакуумна-дугавога пераплаву металаў і сплаваў. Нагрэў і плаўленне металаў плазменнай дугой ажыццяўляецца ў плазменна-дугавых печах.

Электрасталеплавільная дугавая печ прамога дзеяння: 1 — кажух; 2 — метал; 3 — зліўны носік; 4 — купалападобнае скляпенне (перад загрузкай шыхты паднімаецца і адводзіцца ўбок); 5 — электроды.
Схема вакуумнай дугавой печы з расходавальным электродам: 1 — вакуумная камера; 2 — электрод; 3 — крышталізатар; 4 — злітак, які наплаўляецца.

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗАВУГЛЯРО́ДЗІСТЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы жалеза з вугляродам на аснове жалеза. Найб. пашыраныя тэхн. Ж.с. сталь (мае да 2% вугляроду C па масе) і чыгун (2—4,6% C).

У Ж.с. вуглярод утварае цвёрдыя растворы ўкаранення на аснове паліморфных мадыфікацый жалеза (аўстэніт — раствор C у γ-Fe, мае да 2,03% C, метал. аснова Ж.с. пры т-ры вышэй за 727 °C; ферыт — раствор C у α-Fe, мае да 0,025% C, аснова сплаваў пры t<727 °C), цэментыт (карбід жалеза Fe3C) ці прысутнічае ў свабодным стане ў выглядзе графіту. Графіт маюць Ж.с., якія атрымліваюць пры павольным раўнаважным ахаладжэнні расплаву Fe—C (шэры ці коўкі чыгун). Метастабільны Fe3C утвараецца пры хуткім ахаладжэнні расплаву, мае высокую цвёрдасць, крохкі. Мех. ўласцівасці Ж.с., пераважна сталі, паляпшаюць пры тэрмічнай апрацоўцы сплаваў пасля зацвярдзення: пры водпуску аўстэніт паступова раскладаецца на цэментыт і ферыт (сталь набывае высокую пластычнасць), пры загартоўцы ператвараецца ў мартэнсіт (павышаюцца цвёрдасць і зносаўстойлівасць).

Літ.:

Гуляев А.П. Металловедение. 6 изд. М., 1986.

Г.​Г.​Паніч.

т. 6, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯРО́ВАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля К.м. ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш. Найб. развіта К.м. ў ЗША, Расіі, Казахстане, Японіі, Кітаі, Канадзе, Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Бразіліі і інш.

На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.

Літ.:

Хрущев А.Т. География промышленности СССР. 3 изд. М., 1986.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

1) тэмпература рэчыва ў яго крытычным стане. Для індывідуальных рэчываў вызначаецца як т-ра, пры якой знікаюць адрозненні фіз. уласцівасцей вадкасці і яе пары, што знаходзяцца ў стане раўнавагі, напр., шчыльнасці вадкасці і пары становяцца аднолькавымі, знікае мяжа падзелу паміж імі. У двайных сістэмах (напр., сумесь прапан—ізапентан) раўнавага вадкасць—пара мае прасторавую крытычную крывую, крайнімі пунктамі якой з’яўляюцца К.т. чыстых кампанентаў.

2) К.т. раствораўт-ра, пры якой у вадкіх сумесях з абмежавана растваральнымі кампанентамі пачынаецца іх неабмежаваная растваральнасць.

3) Т-ра пераходу шэрагу праваднікоў у звышправодны стан (гл. Звышправоднасць). Вымерана для большасці металаў, сплаваў, хім. злучэнняў. Найб. К.т. выяўлена для сплаваў на аснове ніобію (Тк да 23 К) і для керамікі на аснове ітрыю (Тк да 96 К).

Да арт. Крытычная тэмпература. Крывыя раўнавагі вадкасць—пара і крытычная крывая сістэмы прапан—ізапентан: 1, 2, 3, 4 — крывыя вадкасці (суцэльныя) і пары (пункцір) для сумесі з мольнай доляй ізапентану 0,206, 0,412, 0,607, 0,899 адпаведна.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ледэбуры́т

[ад ням. A. Ledebur = прозвішча ням. металурга (1837—1906)]

структурная састаўляючая жалезавугляродзістых сплаваў, механічная сумесь аўстэніту і цэментыту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ферахро́м

(ад фера- + хром)

сплаў жалеза з хромам, які выкарыстоўваецца пры легіраванні (гл. легіраваць) высокаякаснай сталі і гарачаўстойлівых сплаваў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАРАШНІ́Н (Леанід Рыгоравіч) (н. 20.2.1936, в. Альхоўка Курганскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1978). Скончыў Чэлябінскі політэхн. ін-т (1959). З 1962 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па хіміка-тэрмічнай апрацоўцы металаў і сплаваў. Прапанаваў металатэрмічны метад атрымання дыфузійных пакрыццяў шматмэтавага прызначэння (зноса-, гарача-, кавітацыйнаўстойлівых і інш.).

Тв.:

Антикоррозионные диффузионные покрытия. Мн., 1981.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КШЫНСКІ (Сяргей Аркадзевіч) (27.10.1896, г. Пскоў, Расія — 20.9.1974),

рускі вучоны ў галіне электравакуумнай тэхнікі. Акад. АН СССР (1953; чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1956). У 1922 — 46 на прадпрыемствах Ленінграда і Новасібірска. З 1947 дырэктар н.-д. ін-та. Распрацаваў новы метад атрымання і даследавання сплаваў (1941—44). Стварыў шэраг электронных прылад. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1955. Ленінская прэмія 1962.

С.А.Векшынскі.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)