меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖКО́ЎСКІ ПІЯ́РСІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1745—1832 у мяст. Лужкі Дзісенскага пав. (цяпер Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Уладальнік мястэчка кашталян полацкі Валерыян Жаба (у яго гонар калегіум наз. Валерыянаўскім) падараваў манахам фальварак Віснік, адвёў месца для пабудовы кляштара, Лужкоўскага Міхайлаўскага касцёла і калегіума. Жонка Жабы ахвяравала на калегіум 1000 злотых. У канцы 1750-х г.навуч. сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформ С.Канарскага. У апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіі калегіум уваходзіў з 1783 у Навагрудскую, з 1790 у Піярскую навуч. акругі, у 1782 былі 3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 4 выкладчыкі, 130 вучняў. У 1793 калегіум пераўтвораны ў павятовае 4-класнае вучылішча з 6-гадовым тэрмінам навучання (3-і і 4-ы класы мелі 2-гадовыя курсы). У 1807 тут вучылася 116 юнакоў. У вайну 1812 разрабаваны французамі. У 1817 былі 144 выхаванцы. У 1825 рэарганізаваны ў звычайнае 4-класнае павятовае вучылішча. За ўдзел выкладчыкаў у паўстанні 1830—31 вучылішча 1.5.1832 зачынена, маёмасць піяраў канфіскавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАТУРЭ́ЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1908,
рэвалюцыя ў Турцыі супраць дэспатычнага рэжыму султана Абдул-Хаміда II, за ўсталяванне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Пачалася з ўзбр. выступлення 3.7.1908 у Македоніі войск на чале з афіцэрамі — членамі тайнай арг-цыі младатуркаў Ніязі і Энверам пад заклікам аднаўлення канстытуцыі 1876. Султан вымушаны прыняць гэта патрабаванне 24.7.1908. На выбарах у парламент б.ч. месцаў атрымала партыя младатуркаў. У крас. 1909 султан распусціў парламент і скасаваў дзейнасць канстытуцыі. У адказ верныя младатуркам войскі занялі сталіцу, скінулі Абдул-Хаміда II і абвясцілі султанам Мехмеда V. Быў ажыццёўлены шэраг рэформ, у т. л. рэарганізацыя арміі і паліцыі. Аднак з 1910 пад лозунгамі панцюркізму і панісламізму пачаліся ганенні на нетур. народы. У 1912 улада перайшла да ліберальнай арг-цыі «Свабода і згода». Пасля паражэння Турцыі ў 1-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) уладу зноў захапілі младатуркі. З 1914 у краіне фактычна ўсталявалася дыктатура трыумвірату Энвер-пашы, Талаат-пашы і Джэмаль-пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Малодшы Гельмут Іаган Людвіг
(25.5.1848, Герсдорф, Германія — 18.6.1916),
германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. Граф. Пляменнік Г.Мольтке Старэйшага (яго ад’ютант з 1880). Удзельнік франка-прускай вайны 1870—71. З 1903 ген.-кватэрмайстар. У 1906—14 нач. Генштаба. Правёў шэраг рэформ у арміі. Адзін з актыўных удзельнікаў развязвання 1-й сусв. вайны, пры падрыхтоўцы да якой паклаў у аснову задумы свайго папярэдніка ген.-фельдмаршала А.фон Шліфена (разгром франц. арміі гал. сіламі і абарона ва Усх. Прусіі, а потым удар па Расіі). Аднак пры разгортванні герм. арміі ў 1914 аслабіў правае крыло армій Зах. фронту, якія наносілі гал. ўдар па Францыі, і павялічыў сілы на левым крыле, а таксама ва Усх. Прусіі. Гэта адмоўна адбілася пры правядзенні 1-га этапа вайны. У час Марнскай бітвы 1914 (гл.Марнскія бітвы ў першую сусветную вайну), калі быў нач. генштаба і адначасова нач. штаба Стаўкі (фактычна галоўнакаманд.), страціў кіраванне войскамі, што прывяло да паражэння герм. армій на Зах. фронце. 14.9.1914 адхілены ад пасады. З 1915 нам.нач. Генштаба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́МЕД АЛІ́, Мехмет Алі(1769, Кавала, Грэцыя — 2.8.1849), правіцель Егіпта [1805—48], фактычны стваральнік сучаснай егіп. дзяржавы. Напачатку вядомы як гандляр тытунём, потым на тур.ваен. службе. У 1799—1801 адзін з камандзіраў тур. войска ў франка-тур. вайне ў Егіпце (гл.Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1805, знішчыўшы б.ч. егіпецкіх мамлюкаў, захапіў уладу ў Егіпце. Заваяваў Зах. Аравію (1811—18), Усх. Судан (1820—22). У 1824—28 удзельнічаў у барацьбе супраць Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Абвясціў усю зямлю ў краіне дзярж. маёмасцю. Ліквідаваў старую землеўладальніцкую арыстакратыю, стварыў новую са сваіх паплечнікаў. Для пераймання еўрап. вопыту накіраваў у Еўропу некалькі дэлегацый. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. сістэмы кіравання краінай: стварыў кабінет міністраў, падзяліў Егіпет на правінцыі (мудзірыі). Стварыў рэгулярнае войска на аснове ўсеаг. ваен. абавязку. Застаючыся фармальна васалам Асманскай імперыі, вёў з ёй 2 вайны (1831—33, 1838—41). Заваяваў Палесціну, Сірыю, Ліван, Кілікію, але пад націскам вял.еўрап. дзяржаў быў вымушаны ў ліст. 1840 капітуляваць, захаваўшы пад сваёй уладай толькі Егіпет і Усх. Судан. У 1848 перадаў прастол свайму сыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,
часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЕ́ВІЧ (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч
(1651, Міншчына — 23.9.1714),
бел. асветнік, перакладчык, кнігавыдавец. Вучыўся ў Слуцку. У дзевяцігадовым узросце вывезены з Беларусі ў Цвярскі край, адкуль уцёк у Маскву. Праз 6 гадоў вярнуўся на радзіму. Неўзабаве эмігрыраваў на Захад. З сярэдзіны 1660-х г. жыў у Галандыі. У 1697—98 пазнаёміўся там з рускім царом Пятром I, стаў прыхільнікам яго рэформ. Прапагандаваў свецкія навукі, садзейнічаў развіццю асветы і пашырэнню навук. ведаў у Расіі. У 1698—1706 пераклаў на рус. мову, склаў і выдаў каля 20 кніг: першыя падручнікі, вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, арыфметыцы, вайск. і марской справах, лац. і рус. граматыцы, рус.-лац.-ням., рус.-лац.-галандскі і інш. слоўнікі, першую зорную карту (на рус. мове). Кнігі выдаваў у розных друкарнях, у т. л. ўласных (Амстэрдам і Капенгаген). У 1701 у Берліне, у 1704 у Капенгагене намагаўся наладзіць выпуск кніг для Расіі. Перапісваўся (перапіска зберагаецца ў АН Германіі) з Г.Лейбніцам. Працаваў у 1707 у Маскве перакладчыкам у Пасольскім прыказе, з 1708 у Варшаве, потым зноў у Маскве.
Літ.:
Быкова Т.А. Книгоиздательская деятельность Ильи Копиевского и Яна Тесинга // Быкова Т.А., Гуревич М.М. Описание изданий, напечатанных кириллицей, 1689 — январь 1725 г.М.; Л., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЁВА РА́ДА НАРАДО́ВА (КРН, Krajowa Rada Narodowa, Нацыянальны савет краіны),
часовы прадстаўнічы орган улады ў Польшчы ў 1944—47. Створаны ў ноч на 1.1.1944 па ініцыятыве Польскай рабочай партыі з мэтай прыняцця на сябе дзярж. улады ў Польшчы пасля ўступлення на яе тэр.Сав. Арміі. КРН не прызнала легітымнасці прэзідэнта і ўрада Польскай Рэспублікі ў эміграцыі. У яе праграмнай дэкларацыі абвяшчаліся барацьба з ням.-фаш. акупантамі, стварэнне ў краіне часовага ўрада, ажыццяўленне сац.-эканам.рэформ, саюз з СССР, прынцыпы стварэння Арміі Людовай. У чэрв. 1944 КРН прызналі СССР і Саюз польскіх патрыётаў, пасля ўступлення на тэр. Польшчы сав. войск яе прадстаўнікі сфарміравалі 21.7.1944 Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, ператвораны 31.12.1944 у часовы ўрад Польскай Рэспублікі. З жн. 1945 КРН выконвала функцыі часовага парламента, яе працай кіраваў прэзідыум на чале з Б.Берутам. У склад КРН уваходзілі прадстаўнікі паліт. партый, прафсаюзаў, грамадскіх арг-цый, ваяводскіх нац. саветаў, арміі, інтэлігенцыі. КРН заключыла дагавор аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве з СССР (21.4.1945), прыняла закон аб нацыяналізацыі буйной і сярэдняй прам-сці, транспарту, банкаў і сродкаў сувязі (3.1.1946) і інш. Пасля абрання Заканад. сейма (4.2.1947) спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс.чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж.рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.
Тв.:
Соч.М.; Л., 1956.
Літ.:
Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЦКІ ((Potocki) Ян) (8.3.1761, с. Пікаў каля г. Вінніца, Украіна — 2.12.1815),
польскі гісторык, археолаг, пісьменнік, палітык. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1806). Вучыўся ў Швейцарыі і Францыі. Падарожнічаў па Турцыі, Егіпце (1784), Марока (1791), Саксоніі (1794), Каўказе (1797—98), апублікаваў іх літ. апісанні. Дэп.Чатырохгадовага сейма 1788—92, прыхільнік рэформ (у заснаванай ім Свабоднай друкарні выдаваў радыкальную публіцыстыку). Пасля далучэння караля Станіслава Аўгуста да Таргавіцкай канфедэрацыі адышоў ад паліт. жыцця і займаўся гіст. навукай. У сваіх гісторыка-этналагічных працах даследаваў паходжанне слав. плямён, іх стараж. гісторыю і тэр. рассялення (першы распрацаваў тэорыю пра аўтахтоннасць славян на сваіх землях): «Даследаванні пра Сарматыю» (т. 1—5, 1789—92), «Гістарычныя і геаграфічныя фрагменты пра скіфаў, сарматаў і славян» (т. 1—4, 1796), «Старажытная гісторыя народаў Расіі...» (1802), «Археалагічны атлас Еўрапейскай Расіі» (1805), зрабіў гіст. і геагр. апісанні Валыні і Падоліі (1805). У 1805—06 быў навук. кіраўніком рас.дыпламат. місіі ў Кітай (дабраўся толькі да Манголіі). Аўтар парадыйна-гратэскавых п’ес у стылі камедыі дэль артэ («Парады», 1793) і фантастычна-філас. рамана «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» (1803—15, экранізацыя 1965), у якім спалучаў традыцыі філас. прозы з формай «аповесці-шкатулкі», запазычанай з «Тысячы і адной ночы». Скончыў самагубствам.
Тв.:
Рус.пер. — Рукопись, найденная в Сарагосе. Мн., 1994.