2. Тое, што сабрана; агульная колькасць чаго‑н. сабранага. Валавы збор збожжа. □ [Яраш] хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі.Шамякін.// Агульная колькасць людзей, якія сабраліся куды‑н. Зараз на рынку не было і пятай долі звычайнага збору.Якімовіч.// Збіраемыя або сабраныя на што‑н., за што‑н. грошы або іншыя адлічэнні. Страхавы збор. Памольны збор./ Аб даходзе ад тэатральнага прадстаўлення. Чысты збор.
3. Сукупнасць сабраных і выданых разам якіх‑н. тэкстаў. Збор законаў. Збор твораў пісьменніка.
4.Дзеяннепаводледзеясл. збірацца — сабрацца (у 1 знач.). Збор на дэманстрацыю. Месца збору.// Сігнал да такога дзеяння. Зайграць збор.
5. Сход членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву. Піянерскі збор. □ [Саша] першы раз ідзе на збор падпольнай групы.Шамякін.
6.звычайнамн. (збо́ры, ‑аў). Кароткачасовае знаходжанне ваеннаабавязаных на вайсковай службе для абучэння. І калі на зборы Клічуць ваенкомы, Мы заўсёды рады Выкліку такому.Нядзведскі.Летам у Віктара былі вайсковыя зборы. Дакладней, перападрыхтоўка.Паўлаў.// Кароткачасовае знаходжанне дзе‑н. з мэтай трэніроўкі. Трэніровачныя зборы.
7.толькімн. (збо́ры, ‑аў). Падрыхтоўка да якога‑н. дзеяння (ад’езду, адпраўлення куды‑н.). Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком, калі да хаты падышла машына і пачаліся зборы да выезду.Чарнышэвіч.— Правільна, — згадзіўся Сцяпан. — Пяць мінут на зборы.Гамолка.
•••
Гарцавы збор (уст.) — плата за памол і апрацоўку зерня на крупы.
Гербавы збор — асобы дзяржаўны збор пры афармленні дакументаў па грамадзянска-прававых справах (рэалізуецца шляхам продажу марак пэўнай цаны (у СССР з 1930 г. заменен дзяржаўнай пошлінай).
У зборы — аб поўнай яўцы, прысутнасці каго‑н. дзе‑н. Было без чвэрткі восем, а людзі амаль усе былі ў зборы.Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
«ПО́ЛЫМЯ»,
літаратурна-мастацкі і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца са снежня 1922 у Мінску на бел. мове штомесячна. У 1922—24 [да № 3(11)] выданне Бел.каап.-выдавецкага т-ва «Савецкая Беларусь», у 1924 [з № 4(12)] — 31 — Дзярж.выд-ва Беларусі; у 1932—34 (да № 5) орган Арг.к-та Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1934 (з № 6—7) — праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1945 — Саюза сав. пісьменнікаў Беларусі (з № 2, 1957 — Саюза пісьменнікаў Беларусі), з 1993 (№ 5) заснавальнікамі з’яўляюцца Саюз бел. пісьменнікаў і калектыў рэдакцыі. У 1932—41 (да № 3) выходзіў пад назваю «Полымя рэвалюцыі». У Вял.Айч. вайну не выдаваўся. У першы склад рэдкалегіі ўваходзілі З.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.Кудзелька (М.Чарот), З.Бядуля, У.Ігнатоўскі і В.Нодэль. У 1920 — пач. 1930-х г. у рэдагаванні час. ўдзельнічалі А.Сянкевіч, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Купала і інш. Рэдактары П.Галавач (1932—33), М.Лынькоў (1933—41), П.Броўка (1945-48), М.Танк (1948—67), П.Кавалёў (1967—72), К.Кірэенка (1972—86), С.Законнікаў (з 1986). Друкуе творы бел. пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусв. л-ры і сучасных пісьменнікаў замежных краін, артыкулы па пытаннях бел. л-ры і мастацтва, гісторыі, краязнаўства, эканомікі, культуры, грамадска-паліт. і сац. жыцця Беларусі, рэцэнзіі. Адыгрывае вял. ролю ў развіцці бел. л-ры.
У «П.» ўпершыню апубл. многія творы Я.Купалы, Я.Коласа (у т. л. раздзелы паэмы «На шляхах волі», паэма «Рыбакова хата», аповесці «Дрыгва», «На ростанях»), В.Адамчыка, Л.Арабей, У.Арлова, М.Арочкі, А.Асіпенкі, З.Астапенкі, А.Астрэйкі, М.Аўрамчыка, Р.Баравіковай, Р.Барадуліна, С.Баранавых, А.Бачылы, Д.Бічэль-Загнетавай, Т.Бондар, П.Броўкі. Я.Брыля (у т. л. раман «Птушкі і гнёзды», аповесць «Ніжнія Байдуны»), Г.Бураўкіна, В.Быкава (у т. л. аповесці «Здрада», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Знак бяды», «У тумане», «Аблава», «Сцюжа», «Ваўчыная яма»), З.Бядулі, А.Васілевіч, В.Віткі, А.Вялюгіна, А.Вярцінскага, Галавача, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага (у т. л. раман-хроніка «Віленскія камунары»), С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, М.Гіля, П.Глебкі, Ю.Голуба, С.Грахоўскага, А.Грачанікава, К.Губарэвіча, А.Гурло, Л.Дайнекі, Г.Далідовіча, У.Дамашэвіча, С.Дзяргая, У.Дубоўкі, І.Дуброўскага, А.Дудара, А.Дударава, А.Жука, Я.Журбы, Законнікава, М.Зарэцкага (у т. л. раманы «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо»), А.Звонака, В.Зуёнка, В.Іпатавай, Кавалёва, В.Каваля, В.Казько, Л.Калюгі, В.Карамазава, У.Караткевіча, А.Карпюка, К.Кірэенкі, В.Коўтун, К.Крапівы (у т. л. п’есы «Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці»), А.Кудраўца, А.Кулакоўскага, А.Куляшова (у т. л. паэмы «У зялёнай дуброве», «Прыгоды цымбал», «Новае рэчышча», «Грозная пушча», «Далёка да акіяна». «Хамуціус»), М.Лобана, А.Лойкі, Е.Лось, Лынькова, А.Макаёнка, П.Макаля, М.Матукоўскага, Н.Мацяш, І.Мележа (у т. л. раманы «Мінскі напрамак», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), Б.Мікуліча, П.Місько, А.Мрыя, Р.Мурашкі, М Мятліцкага, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, І.Новікава, У.Някляева, В.Палтаран, А.Пальчэўскага, С.Панізніка, П.Панчанкі. У.Паўлава, Г.Пашкова, П.Пестрака (у т. л. раман «Сустрэнемся на барыкадах»), А.Петрашкевіча, П.Пруднікава, І.Пташнікава, Я.Пушчы, А.Пысіна, А.Русецкага, Р.Сабаленкі, Э.Самуйлёнка, Б.Сачанкі, Ю.Свіркі, Р.Семашкевіча. А.Сербантовіча, Я.Сіпакова, Я.Скрыгана, М.Стральцова, М.Танка, В.Таўлая, П.Труса, Н.Тулупавай, А.Федарэнкі, Ў.Хадыкі, М.Хведаровіча, В.Хомчанкі, А.Чарнышэвіча, М.Чарота, К.Чорнага (у т. л. аповесці «Вясна», «Люба Лук’янская», раманы «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях»), І.Чыгрынава, І.Шамякіна (у т. л. раманы «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль»), С.Шушкевіча, А.Якімовіча, Я.Янішчыц, Ф.Янкоўскага і інш ; літ.-крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы А.Адамовіча, С.Александровіча, С.Андраюка, В.Бечыка, Дз.Бугаёва, Р.Бярозкіна, У.Гніламёдава, І.Замоціна, В.Каваленкі, У.Калесніка, Г.Кісялёва, А.Клышкі, Лойкі, А.Мальдзіса, М.Мушынскага, Ю.Пшыркова, В.Рагойшы, Я.Саламевіча, А.Сямёнавай, М.Тычыны, Р.Шкрабы, У.Юрэвіча і інш.
Літ.:
Лынькоў М. Шляхам жыцця // Полымя. 1972. № 11;
Танк М. Летапіс вялікіх здзяйсненняў // Там жа. 1982. № 11;
Саламевіч Я. Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12;
Конон В. На рубежах утверждения // Неман. 1982. № 12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
1. Накіраваць позірк на каго‑, што‑н., каб убачыць, разгледзець. Паглядзець у акно. Паглядзець на неба. □ Мікуць паглядзеў навокал — нікога нідзе не было.Чорны.Я раніцою адчыніў акно, Каб паглядзець, што робіцца на нівах.Свірка.// Паназіраць за кім‑, чым‑н. пры дапамозе аптычных прылад. Паглядзець у мікраскоп. Паглядзець у бінокль.
2. Панаглядаць за кім‑, чым‑н.; зрабіць прадметам сваёй увагі. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца.Чарот.Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець.Чорны.//што і без дап. Пашукаць што‑н. дзе‑н. Паглядзі, куды заваліўся нож. □ [Камандзір:] — Паглядзі ў .. [таварышаў] пад падушкамі. Там у іх кніжкі.Брыль.// Упэўніцца, пераканацца ў чым‑н. Паглядзім, чыя праўда! □ [Люба:] — [Млынар і яго швагер] зараз паглядзяць, што дошкі на месцы і адыдуцца.Чорны.
3.каго-што. Пабыць гледачом. Аднойчы кіраўнік семінара сказаў: «Зараз мы паглядзім замежны фільм, дубліраваны на рускую мову».«Маладосць».// Агледзець, выслухаць. Доктар паглядзеў хворага.// Пазнаёміцца з кім‑, чым‑н.; убачыць каго‑, што‑н. — Можна паглядзець маршрут па карце? — папрасіў Мікола.Новікаў.Толю зноў захацелася паглядзець роднае папялішча.Якімовіч.
4.каго-што, закім-чым. Падаглядаць нейкі час. Паглядзець хату. Паглядзець гадзіну за дзіцём.
5. Аднесціся пэўным чынам да каго‑, чаго‑н.; даць ацэнку каму‑, чаму‑н. Паглядзець на справу з гаспадарчага боку. □ Лазука зірнула на сакратара, відаць, хочучы даведацца, як ён паглядзіць на тое, што яна спасылаецца на яго.Сабаленка.//(звычайназадмоўем). Палічыцца з кім‑, чым‑н. [Паўліна Цітаўна:] — Ну, ну, не смейся з маці, а то паска атрымаеш, не пагляджу і на ранг.Шамякін.
6. Звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Я на поплаў выйшаў, Клічу цябе ў сведкі: — Паглядзі, як вышыў Май даліну ў кветкі!Гілевіч.— О, паглядзі, — сказаў Толя, зноў прыгнуўшыся да акенца, — .. [Я. Колас] і цяпер у друкарню ідзе.Брыль.
7.Разм. Падумаць, перш чым зрабіць. Яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім!Прыказка.
8. Глядзець некаторы час. Паглядзець удалячынь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свабо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім.Колас.// Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна.Шамякін.
2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь.Гімн СССР.
3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон.Купала.
4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак.// Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.
5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві».Крапіва.Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі!Колас.// Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.
7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай.// Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.
8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое.Пташнікаў.Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў.Лобан.// Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца.Брыль.// Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.
9.Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.
10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.
11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.
12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.
13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.
•••
Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.
Свабодны ўдаргл. удар.
Свабодныя электроныгл. электрон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛАСАЗНА́ЎСТВА,
адна з галін бел.літ. навукі, якая займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Я.Коласа. У сваім развіцці К. прайшло некалькі этапаў, кожны з якіх вызначаецца пэўнымі асаблівасцямі, што выяўляюць ступень разумення і асэнсавання ролі і месца пісьменніка ў нац. л-ры. Першы крытычны водгук на літ. дэбют Я.Коласа — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906) быў змешчаны ў мінскай газ. «Голос провинции» (5.9.1906), аўтар якога Д.Бохан адзначаў, што твор «вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту маладога пісьменніка падкрэсліваў Н.Чарноцкі («Минский курьер», 1908). Глыбінёй і трапнасцю вызначаліся ацэнкі-выказванні пра яго творчасць рус., укр. і бел. вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў: А.Пагодзіна, С.Русава, І.Свянціцкага, М.Янчука. Крытычныя заўвагі адносна пэўнай тэматычнай аднастайнасці зб-ка паэзіі Я.Коласа «Песні-жальбы» выказаны ў арт. М.Багдановіча «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1910 г.» (1911). Гэта часткова тлумачылася тым, што зборнік быў падрыхтаваны без удзелу аўтара, які ў той час знаходзіўся ў турме, а многія вершы вострай паліт. накіраванасці не трапілі ў зборнік па цэнзурных меркаваннях. Пазней у арт. «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1911—1913 гг.» (1913) Багдановіч даў больш разгорнутую характарыстыку паэзіі Я.Коласа, падкрэсліваў яе маст. вартасць, актуальнасць тэматыкі, сувязь з лёсам народа. Метадалагічнае значэнне для К. мелі выказванні М.Горкага пра Я.Купалу, Я.Коласа ў лістах да М.Кацюбінскага і А.Чарамнова ў 1910. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Коласа пачалося ў 1920-я г. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя яго літ. дзейнасці і прысваеннем яму звання нар. паэта Беларусі (1926) з’явілася багата крытычных і літ.-знаўчых артыкулаў. Артыкул І.Замоціна «Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля»)» («Полымя», 1924) і сёння адзін з лепшых сярод даследаванняў творчасці паэта. У ім паэма «Новая зямля» ацэньвалася як твор рэалістычны, глыбока народны, які прадвызначыў магістральны кірунак усяго бел. мастацтва. Грунтоўнасцю вызначаюцца назіранні даследчыка і над жанравай формай паэмы як эпічнага твора. Вядучым прадстаўніком рэаліст. кірунку, класікам бел. л-ры, адным з заснавальнікаў нац.маст. прозы назваў Я.Коласа М.Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1920). У гэты час мелі месца і беспадстаўныя выпады супраць Я.Коласа, творы якога проціпастаўляліся творчасці маладых паэтаў. Найб. нігілістычныя адносіны да яго выявіліся ў арт. Н.Чарнушэвіча «Алесь Гурло як паэт і грамадзянін» («Маладняк», 1925). У канцы 1920—30-х г. нігілістычныя ацэнкі паглыбіліся. Вульгарна-сацыялагічныя крытыкі (Л.Бэндэ, А.Кучар і інш.) выказвалі ў адрас паэта нямала грубых паліт. абвінавачванняў. Вульгарызатарская крытыка беспадстаўнымі нападкамі дэзарыентавала пісьменніка, навязвала яму тэмы, далёкія ад яго творчых схільнасцей. Новую старонку ў К., асабліва ў ацэнцы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», зганьбаваных вульгарызатарамі, адкрываў рэдакцыйны арт. «Народны паэт БССР» (газ. «Літаратура і мастацтва», 5.2.1939), у якім творчасць пісьменніка разглядалася аб’ектыўна, падкрэслівалася эпічная прырода твораў, паўната і ўсебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Перагляд вульгарызатарскіх схем і пазіцый пачаўся ў 2-й пал. 1940-х г. (артыкулы У.Агіевіча, Ю.Пшыркова, В.Барысенкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, Н.Перкіна, Я.Усікава, В.Таўлая і інш.). Бел. К., асновы якога былі закладзены ў працах Багдановіча, Гарэцкага, Замоціна, складалася менавіта ў пасляваенны час. У 1950-я г. з’явіліся новыя кнігі, скіраваныя на абвяржэнне вульгарна-дагматычных ацэнак і выкрыццё беспадстаўных паліт. абвінавачванняў пісьменніка: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956) Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М.Барсток (1951), «Якуб Колас. Крытыка-біяграфічны нарыс» Я.Мазалькова (1952), «Творчасць Якуба Коласа» Л.Фіглоўскай (1959). Высокім грамадзянскім і сац. пафасам вызначаліся лепшыя працы таго часу, хоць у многіх з іх адсутнічаў эстэт. аналіз, спрошчана разглядаліся мова і стыль твораў. У 1961—64 выдадзена першае навукова-каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка — Збор твораў у 12 тамах, што прыкметна актывізавала К. У 1960-я г. выйшлі даследаванні А.Адамовіча «Беларускі раман: Станаўленне жанра» (1961), дзе шматгранна раскрыта ідэйна-маст. і эстэт. значнасць паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях»; А.Лойкі «Новая зямля» Якуба Коласа» (1961); М.Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» (1964); М.Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965); І.Навуменкі «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) і інш. Даследаванню творчасці Я.Коласа адведзена значнае месца ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у абагульняльных працах і манаграфіях Пшыркова, Перкіна, В.Івашына, С.Александровіча, В.Каваленкі, М.Грынчыка, Ф.Куляшова, Лойкі, М.Лазарука, Э.Гурэвіч, А.Семяновіча, В.Бечыка, К.Хромчанкі, М.Яроша, У.Казберука, Мазалькова, С.Пятровіча, В.Жураўлёва, В.Аграшкевіча, Я.Клімуця і інш., якія вызначалі месца Я.Коласа ў бел. прозе, паэзіі, драматургіі, у л-ры для дзяцей і юнацтва і інш. З’явіліся працы, прысвечаныя эстэт. поглядам Я.Коласа (А.Майхровіч), яго этнагр. спадчыне (Э.Сабаленка), мове (А.Каўрус), перакладчыцкай (В.Рагойша) і пед. (У.Радзіёнаў) дзейнасці. Асобныя праблемы творчасці Я.Коласа асветлены ў літ.-крытычных артыкулах і ўспамінах С.Андраюка, П.Ахрыменкі, В.Барысенкі. П.Броўкі, Я.Брыля, В.Бурносава, Б.Бур’яна, П.Глебкі, Я.Казекі, В.Казловай, У.Калесніка, У.Карпава, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Ларчанкі, П.Панчанкі, М.Стральцова, І.Шамякіна, Р.Шкрабы і інш. У 1972—78 выдадзены Збор твораў Я.Коласа ў 14 тамах, дзе апрача маст. твораў, што адсутнічалі ў 12-томным выданні, змешчана значна больш лістоў, літ.-крытычных артыкулаў, удакладнены тэкст і датаванне многіх твораў, больш поўна пададзены варыянты і розначытанні, пашыраны каментарыі. Вопыт падрыхтоўкі і выдання маст. спадчыны Я.Коласа стаў прадметам тэарэт. абагульнення ў зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980). Далейшаму развіццю К. садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння паэта. У кн. Пшыркова «Летапісец свайго народа» (1982) гал. ўвага скіравана на этапныя творы, канкрэтны разгляд у ёй спалучаецца з пастаноўкай гісторыка-тэарэт. праблем. Эвалюцыя светапогляду Я.Коласа даследавалася ў кн. Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» і зб. «З жыццяпісу Якуба Коласа» (абодва 1982), што значна ўзбагаціла ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. Пытанням творчых сувязяў Я.Коласа з рус. паэтамі прысвечана праца Я.Клімуця «Жыццёвасць традыцый» (1985). Разнастайныя формы плённага творчага ўзаемадзеяння Я.Коласа з рус. л-рай разглядаюцца ў «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў» (кн. 1—4, 1993—95). У 1990-я г. з’явіліся даследаванні пра станаўленне таленту Коласа-эпіка (кн. І.Чыгрына «Рэальнае і магчымае»), пра яго ролю ва ўзбагачэнні жанрава-стылявых магчымасцей бел. прозы (манаграфія Жураўлёва «Я.Колас і паэтыка беларускага рамана», абедзве 1991). Дзейнасць Я.Коласа ў гады эвакуацыі і яго літ.-творчае акружэнне асвятляюцца ў кн. М.Жыгоцкага «У цяжкі час вайны суровай» (1995) і «Побач з Коласам» (1996). Актывізуецца вывучэнне ролі Я.Коласа ў развіцці бел.літ. мовы («Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа», 1990; «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993). Маленству, юнацтву, творчай дзейнасці Я.Коласа прысвечаны дакумент.-маст. аповесці С.Александровіча «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1982), «Сейбіт песні і мудрасці» (1985). Дзейнасць па ўшанаванні памяці пісьменніка, прапагандзе яго творчай спадчыны, падрыхтоўцы бібліягр. дапаможнікаў, зборнікаў успамінаў, фотадакументальных альбомаў вядзе Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей. Супрацоўнікі музея — ініцыятары і арганізатары правядзення (з 1985) шматгадовых навуковых чытанняў, прысвечаных пісьменніку, паводле матэрыялаў якіх выдаецца зб. «Каласавіны» (з 1986), які сведчыць пра спробу вучоных перагледзець многія ацэнкі асобных твораў Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «Адшчапенец»), у больш шырокім плане асвятляе яго ролю ў нац.-культурным адраджэнні, развіцці нац. л-ры, мастацтва, навукі, адукацыі, літ. крытыкі, публіцыстыкі, узнімае новыя аспекты вывучэння спадчыны і грамадска-паліт. дзейнасці. Намаганнямі навукоўцаў, архівістаў у шырокі ўжытак уведзены новыя гіст.літ., біягр. матэрыялы. У Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі распачата падрыхтоўка першага поўнага збору твораў Я.Коласа ў 18-ці тамах. Найбольш поўная бібліяграфія ў біябібліягрф. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994).
Літ.:
Мушынскі М. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Яго ж. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Беларускае коласазнаўства // Там жа. 1982. № 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хлеб, ‑а, м.
1.толькіадз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай.Мележ.Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці.Аўрамчык.Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два.Прыказка.Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі.Прыказка.// Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба.// Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ.Якімовіч.//атаксамамн. (хлябы́, ‑о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы.Чорны.
2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні.Шамякін.
3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж.Дуброўскі.Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць.Прыказка./мн.хлябы́, ‑о́ў. Разм.Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою.Колас.
4.толькіадз.; перан.Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб.М. Стральцоў.У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах.Лобан./ Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля!Колас.
•••
Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.
Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.
Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.
Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).
Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.
Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.
Дарэмна хлеб есцігл. есці.
Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.
Есці чужы хлебгл. есці.
Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.
З хлеба крошак шукацьгл. шукаць.
Ісці на свой хлебгл. ісці.
І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.
І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).
Карміць хлебамгл. карміць.
Кусок (кавалак) хлебагл. кусок.
Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.
Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.
На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.
Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.
Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.
Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас)гл. перабівацца.
Свой акраец хлебагл. акраец.
Сесці на хлебчыйгл. сесці.
Стаць на свой хлебгл. стаць.
Сядзець на чужым хлебегл. сядзець.
Хлебам не кармігл. карміць.
Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).
Хлеб есцізчагогл. есці.
Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!..Брыль.
Цераз хлеб ды хлеба шукацьгл. шукаць.
Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.
Шукаць лёгкага хлебагл. шукаць.
Шукаць як хлебагл. шукаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,
частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс.км², нас. 4,6 млн.чал. (1931). Гал.культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс.чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл.Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ.«Чырвоны сцяг». час.«Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр.час.«Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр.бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел.нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ваБел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ваБел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднаебел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв.нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.
Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл.Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.
І.П.Хаўратовіч.
Да арт.Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.Да арт.Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.