КІТЫ́ (Cetacea),

атрад другаснаводных млекакормячых. 2 падатрады: бяззубыя кіты і зубатыя кіты, 7 сям., 38 родаў, каля 80 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, ёсць прэснаводныя (некат. дэльфіны).

Даўж. ад 1,1 да 33 м, маса ад 30 кг да 150 т. Цела абцякальнай формы, з гарыз. двухлопасцевым хвастом. Бяззубыя К. кормяцца планктонам, зубатыя — рыбай, галаваногімі малюскамі. Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2 гады. Колькасць большасці відаў К. змяншаецца. У 1946 падпісана Міжнар. канвенцыя па рэгуляванні кітабойнага промыслу і створана Міжнар. кітабойная камісія (уключае каля 20 краін). У Чырв. кнізе МСАП 18 відаў і 1 падвід.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЛАТАГАЛО́ВЫЯ АКУ́ЛЫ, акулы-молаты,

молаты-рыбы (Sphyrnidae),

сямейства рыб. 2 роды, 7 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных акіянічных водах, трапляюцца каля берагоў, у саланаватых водах. Звычайная акула-молат (Sphyrna zigaena) часам заходзіць ва ўмераныя воды.

Даўж. да 4 м, у гіганцкай акулы-молата (S. mokarran) да 6 м, маса каля 450 кг. Галава сплошчаная, з 2 вял. бакавымі вырастамі, нагадвае молат (адсюль назва); на канцах вырастаў вочы і вял. ноздры. Кормяцца буйнымі доннымі беспазваночнымі, кальмарамі, рыбамі. Жывародныя або яйцажывародныя, нараджаюць да 40 дзіцянят. Аб’ект промыслу. Буйныя асобіны небяспечныя для чалавека.

Молатагаловая акула.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я АКУНІ́,

рыбы роду Sebastes і блізкіх родаў сям. скарпенавых. У родзе Sebastes каля 100 відаў. Пашыраны ў паўн. ч. Атлантычнага (М.а. звычайны, або залацісты — S. marinus, клювач — S. mentella і інш.) і Ціхага ак. (напр., трохзубцовы акунь — S. schlegeli і інш.). М.а. наз. таксама каменных акунёў (Serranidae). Жывуць у прыбярэжнай зоне і на глыбінях больш за 1000 м.

Даўж. ад 20 см да 1 м і больш. Афарбоўка прыбярэжных відаў цёмная, з палосамі і плямамі, глыбакаводных — ад ружовай да ярка-чырвонай. У глыбакаводных вялізныя вочы. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай. Жывародныя. Аб’екты промыслу.

Марскія акуні: 1 — трохзубцовы; 2 — залацісты.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ДЫІ (Mytilus),

род двухстворкавых малюскаў. Вядомы з алігацэну (трыяс, каля 230 млн. гадоў назад). 3 віды. Пашыраны ў морах умераных паясоў, пераважна на мелкаводдзі. У Паўн. паўшар’і найб. трапляецца ядомая М. (M. edulis), якая ўтварае паселішчы — мідыевыя банкі. Прымацоўваецца да субстрату з дапамогай выдзяленняў бісусавай залозы. Кампанент абрастання падводных ч. збудаванняў і суднаў.

Ракавіна даўж. да 25 см, клінападобна-авальная. Фільтратары; праз мантыйную поласць за суткі праходзіць да 70 л вады, неабходнай для дыхання і паступлення корму (пераважна планктон, дэтрыт). Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.

Т.​М.​Лаенка.

Мідыя ядомая.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ало́за

(н.-лац. alosa)

рыба сям. селядцовых даўжынёй ад 18 да 80 см з зубчастым кілем уздоўж сярэдняй лініі брушка, пашыраная ва ўмерана цёплых і субтрапічных морах; аб’ект промыслу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Вата́га ’ватага’ (Др.-Падб.); ’арцель сплаўшчыкаў’ (Кольб.). Укр. вата́га ’атрад, натоўп; атара, чарада’. Ст.-рус. ватага ’шацёр, палатка, жыллё качэўнікаў’, рус. вата́га ’натоўп; статак, чарада, стая; рыбалавецкая арцель; месца промыслу, сяліба рыбакоў; рыбацкая хатка; сям’я і г. д.’ Старое запазычанне з цюрк. моў (ст.-чуваш. *våtaɣ, *uotaɣ, ст.-цюрк. otaɣ ’палатка; пакой; сям’я’; параўн. і тур. oda, odak ’пакой, хата’) (Меліаранскі, ИОРЯС, 10, 4, 118 і далей; Корш., AfslPh, 9, 659; Младэнаў, 58; Фасмер, 1, 278). Іншыя тлумачэнні пераконваюць менш: 1) запазычанне з паўн.-цюрк. vataga (гэта хутчэй само запазычанне з рус.; гл. Фасмер, там жа, там і літ-ра); 2) запазычанне з рум. vătaş ’стораж’ (літ-py гл. Фасмер, 1, 278). Параўн. яшчэ Шанскі, 1, В, 23–24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНДА́ТРА, мускусны пацук (Ondatra zibethicus),

млекакормячая паўводная жывёла атр. грызуноў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы, Еўразіі. Радзіма — Паўн. Амерыка. У 1905 завезена ў Зах. Еўропу. На Беларусь пранікла з Польшчы. Шырока рассялілася. Жыве ў норах, «хатках» у старыцах, невял. з павольным цячэннем рэчках, каналах, азёрах, сажалках, багатых воднай і прыбярэжнай расліннасцю.

Даўж. цела да 40 см, хваста да 35 см, маса да 2 кт. Поўсць густая, шаўкавістая, ад светла-карычневай да чорнай. Хвост з бакоў пляскаты, укрыты рагавымі лускавінкамі. У самцоў у перыяд гону залозы выдзяляюць сакрэт з мускусам. Корміцца раслінамі. За год дае да 3 прыплодаў па 3—15 дзіцянят. Аб’ект промыслу (футра, мяса).

Андатра.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЭРЭ́НЫ (Procapra),

род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 3 віды: Дз. мангольскі (P. gutturosa), Дз.​Пржавальскага (P. przewalskii), Дз. тыбецкі (P. picticaudata). Пашыраны пераважна ў стэпах, паўпустынях, пустынях раўнін і гарах Цэнтр. Азіі. Трымаюцца статкамі.

Моцнага целаскладу, зграбныя. Даўж. цела 95—150 см, хваста 2—12 см, выш. ў холцы 54—95 см, маса 20—40 кг. У самцоў лірападобныя рогі (даўж. да 28 см). Колер жаўтавата-пясочны, на грудзях, хвасце і бруху белы. Кормяцца травяністымі раслінамі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Хутка бегаюць (да 60—65 км/ гадз). Робяць сезонныя міграцыі. Аб’екты промыслу. Захаваліся пераважна ў нац. парках.

Дзэрэн мангольскі.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л, чырвоны карал (Corallium rubrum),

кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.

Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.

Высакародны карал.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭВЕ́ТКІ (Natantia),

падатрад беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках і субтропіках, ёсць прэснаводныя. На Беларусі акліматызавана (1982, ахаладжальныя вадаёмы Бярозаўскай ДРЭС) К. ўсходняя субтрапічная рачная (Macrobrachium nipponense).

Даўж. 2—30 см. Брушка значна даўжэйшае за галавагрудзі. Пярэднія ногі (2—3 пары) узброены клюшнямі. Брушныя канечнасці служаць для плавання, выношвання ікры (у самак) і ў якасці капулятыўнага органа (у самцоў). Некаторыя К. мяняюць афарбоўку цела, сярод глыбакаводных ёсць формы, якія свецяцца. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Раздзельнаполыя. Аб’екты промыслу і развядзення.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Крэветкі: 1 — натастомус, 2 — макрабрахіум.

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)