ПАВО́ДЗІНЫ ЖЫВЁЛ,

здольнасць жывёл мяняць дзеянні, рэагаваць на ўздзеянне ўнутр. і знешніх фактараў. Разглядаюцца ў розных узаемазвязаных аспектах, найб. важныя — эвалюц., экалагічныя, фізіял. і псіхалагічныя.

У аднаклетачных арганізмаў паводзіны складаюцца ў асн. з аўтам. перамяшчэнняў у бок раздражняльніка або ад яго (станоўчы і адмоўны трапізмы і таксісы). У паводзінах прасцейшых выяўлены зачаткі індывід. прыстасавальнасці — прывыканне да стымулу, здольнасць выбару паміж кармавымі і некармавымі аб’ектамі і інш. У мнагаклетачных з ускладненнем іх арганізацыі павялічваецца роля індывід. набытых кампанентаў паводзін, абумоўленых рознымі формамі навучання. Пры гэтым інстынктыўныя паводзіны (генетычна абумоўленыя), спецыфічныя для кожнага віду, утвараюць аснову паводзін асобіны. Набыты індывід. вопыт дае магчымасць экстрапаліраваць яго на новыя сітуацыі. У індывід. П.ж. умоўна вылучаюць паўсядзённыя паводзіны, якія спрыяюць падтрыманню жыццядзейнасці, і сігнальныя паводзіны, што забяспечваюць зносіны паміж асобінамі (гл. Біякамунікацыя). Узаемадзеянне асобін у папуляцыісацыяльныя паводзіны. Існуюць таксама бацькоўскія, палавыя і інш. П.ж. Розныя тыпы П.ж. узаемаабумоўлены і ўзаемазвязаны. Здольнасць асобіны да рэалізацыі розных праграм паводзін падпарадкоўваецца эндагенным рытмам (гл. Біялагічныя рытмы). Выкананне асобінай праграмы паводзін вызначаецца псіхафізіял. механізмамі матывацый, якія маюць складанае нейра-гарманальнае паходжанне. Матывацыя вядзе да развіцця мэтанакіраваных (апетэнтных) паводзін, што выяўляюцца ў актыўным пошуку адпаведнага ёй знешняга стымулу (гнездавы матэрыял, корм, палавы партнёр і інш.). Знойдзены стымул выконвае ролю пускавога механізма (трыгера), які забяспечвае выкананне заключнага акта паводзін (гнёздабудаванне, жыўленне, спароўванне). Многія складаныя ансамблі паводзін разгортваюцца ў часе паводле тыпу ланцуговых рэакцый, і парушэнне (выпадзенне) асобных звёнаў абумоўлівае неадэкватныя паводзіны. П.ж. — прадмет вывучэння біхевіярызму, нейрафізіялогіі, сацыябіялогіі, эталогіі, зоапсіхалогіі, генетыкі паводзін і інш.

Літ.:

Тинберген Н. Поведение животных: Пер. с англ. М., 1969;

Шовен Р. Поведение животных: Пер. с фр. М., 1972;

Меннинг О. Поведение животных: Пер. с англ. М., 1982.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,

штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс. км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.

Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх. ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.

Літ.:

Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;

Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;

Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)