ІТАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ група мёртвых моў індаеўрап. сям’і (гл.Індаеўрапейскія мовы). Былі пашыраны ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. — першых ст.н.э. ў цэнтр. і паўд. Італіі. Падзяляліся на 2 галіны: оскска-умбрскую і лацінска-фаліскскую. Некат. асаблівасцямі І.м. збліжаюцца з кельцкімі мовамі. Пісьмо запазычана ў этрускаў. Вывучэнне лексікі І.м. цяжкае з прычыны фрагментарнасці іх тэкстаў. Лексічнае адрозненне ад лацінскай мовы звязана з уплывам этрускай, а на Пд — стараж.-грэч. моў. Пісьмовыя помнікі оскскай мовы датуюцца 5 ст. да н.э. — 1 ст.н.э., помнікі умбрскай мовы — 3—1 ст. да н.э. (т.зв. Ігувінскія табліцы 3—2 ст. да н.э.). На лац. мове створана багатая л-ра. Фаліскскія тэксты (7—8 ст. да н.э.) складаліся з анамастыкі і зазналі этрускі ўплыў.
Літ.:
Цветаев И. Сборник осских надписей с очерком фонетики, морфологии и глоссарием. Киев, 1877;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГА́Ш,
старажытная дзяржава ў Шумеры, на тэр. сучаснага Ірака. Паселішчы на месцы Л. існавалі з канца 5-га тыс. да н.э., пісьмовыя ўпамінанні адносяцца да 26—2 ст. да н.э. У 26—24 ст. да н.э. Л. кіравала дынастыя, заснаваная Ур-Наншэ, якая дасягнула найб. магутнасці пры царах Эанатуме і Энтэмене. Узмацненне ролі жрацоў, закабаленне імі свабодных абшчыннікаў прывяло да росту нар. незадаволенасці і захопу ўлады Уруінімгінам (24 ст. да н.э.), які абвясціў шэраг сац. рэформ. У 24 ст. да н.э. Л. заваяваны царом Акада Сарганам Старажытным. Новы ўздым Л. адбыўся пры цару Гудэа (22 ст. да н.э.). З пач. 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне. З 1877 раскопкі Л. вялі франц. археолагі Э. дэ Сарзек, Г.Крос, А. дэ Жэнуяк і А.Паро. Імі знойдзены такія помнікі, як «Стэла каршуноў», надпісы Уруінімгіны, статуі і надпісы Гудэа, архіў храма багіні Бабы (Бау).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІМА́Х (грэч. Lysimachos; 361, г. Пела, Македонія — 281 да н.э.),
палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога (323 да н.э.) правіў Фракіяй. У перыяд барацьбы дыядохаў за ўладу Л. у 315 да н.э. ваяваў у кааліцыі супраць Антыгона. Пасля паўторнага перадзелу спадчыны Аляксандра Македонскага Л. пашырыў тэрыторыю за кошт далучэння да сваіх уладанняў узбярэжжа праліва Гелеспонт (цяпер Дарданелы). У 306 да н.э. абвясціў сябе царом. У 303—301 да н.э. далучыў да сваёй дзяржавы частку М. Азіі. У 287—286 да н.э. ў саюзе з царом Эпіра Пірам падпарадкаваў сабе Македонію. Вёў безвыніковыя войны на Пн з гетамі і баспорскім царствам. Загінуў у барацьбе з б. дыядохам Селеўкам I Нікатарам, войска Л. было разбіта, а дзяржава распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДЫЯ (Arkadia),
гіст. вобласць у цэнтральнай гарыстай ч. Пелапанеса ў Грэцыі. У канцы 2-га тыс. да н.э. насельніцтва Аркадыі — ахейцы, якіх выцеснілі сюды дарыйцы. З 550-х г. да н.э. пад гегемоніяй Спарты. У 371 да н.э. фіванскі палкаводзец Эпамінонд пасля перамогі над спартанцамі заснаваў у Аркадыі г. Мегалопаліс і стварыў саюз гарадоў, у які ўвайшлі таксама Мантынея, Тэгея, Архамен (з 250 да н.э. належалі Ахейскаму саюзу). У 146 да н.э. Аркадыя адышла да Рыма. У ант. л-ры і пастаралях 16—18 ст. Аркадыя апісвалася як шчаслівая райская краіна пастухоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЗЭ́Р,
старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб.стараж. надпіс на раннім іўрыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЯ́НСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава ў 250 да н.э. — 224 н.э. на ПдУ ад Каспійскага м. Узнікла пасля распаду дзяржавы Селеўкідаў. Першым царом П.ц. быў правадыр племя парнаў Аршак (родапачынальнік дынастыі Аршакідаў), які ў 247 да н.э. перамог грэч. намесніка Парфіі Андрагора. Аршакіды пашырылі сваю ўладу на У, захапілі Бактрыю і Маргіяну, на З — да межаў Сірыі і Месапатаміі. Каля 170—137 да н.э. цар Парфіі Мітрыдат I заваяваў Мідыю, б.ч. Месапатаміі, Элімаіду з Сузамі, Парсу і ч. Грэка-Бактрыйскага царства (каля 136 да н.э.). Тэр. П.ц. ў час росквіту (сярэдзіна 1 ст. да н.э.) распасціралася ад Двухрэчча да р. Інд, было сапернікам. Стараж. Рыма на Усходзе. У пач. 1 ст. да н.э. адбыліся першыя сутычкі парфян з рымлянамі. Паводле пагаднення 92 да н.э. паміж П.ц. і рым. дзяржавай мяжой прызнана р. Еўфрат. У 53 да н.э.рым. войскі М.Краса разбіты каля Караў. Да 40 да н.э. парфяне захапілі амаль усю М. Азію, Сірыю і Палесціну. У 39 да н.э. рымляне зноў адкінулі парфян за Еўфрат. Адначасова Рым імкнуўся выкарыстаць унутр. барацьбу ў Парфіі паміж варагуючымі групоўкамі, супрацьстаянне паміж якімі выклікала грамадз. войны ў П.ц. (57—55, 31—25 да н.э.). У 1 ст.н.э. пачаўся заняпад П.ц., выкліканы ростам мясц. сепаратызму, дынастычнымі спрэчкамі і набегамі качэўнікаў. У 224 правіцель васальнай Парсы (Персіды) Ардашыр I разграміў армію апошняга з Аршакідаў Артабана V. П.ц. перастала існаваць, яго тэр. ўвайшла ў дзяржаву Сасанідаў.
Першапачаткова мастацтва П.ц. развівалася як галіна эліністычнага мастацтва, элементы якога часткова творча перапрацоўваліся мясц. насельніцтвам. Для ўсх. часткі П.ц. тыповымі былі храмы, якія паводле плана (квадратнае свяцілішча з 4 калонамі ў цэнтры, абкружанае памяшканнямі), магчыма, паходзяць ад стараж. храма агню (у Персепалі, 3 ст. да н.э.). Пабудовы палацавых ансамбляў звычайна групаваліся вакол цэнтр. двара, у які выходзілі айваны (тэрасы; палац на гары Кухе-Ходжа, 1—3 ст.). Разам з прывазнымі эліністычнымі творамі пластыкі пашырыліся мясц. размаляваныя гліняныя статуі (у будынках Нісы), тэракотавыя статуэткі (у Маргіяне). Вядомы плоскасныя франтальныя наскальныя рэльефы (на скале Бехістун, першыя ст.н.э.), фрагменты паліхромных размалёвак палаца на гары Кухе-Ходжа, рытоны мясц. форм з фрызамі на грэч. і мясц. сюжэты (слановая косць, 2 ст. да н.э.). Для зах. часткі характэрны свяцілішчы вавілонскага тыпу (памяшканні размяшчаліся па перыметры ўнутр. двара; у Ніпуры) з грэка-рым. уплывам (у Хатры). У крапасных і палацавых збудаваннях часта спалучаліся грэч. перыстыль і мясц. айван (палац у Ашуры, 1 ст.). Для архітэктуры жылля ўласцівы пераход ад «пастаткавага» тыпу дома да «айваннага». У жывапісе (Дура-Еўрапас) і скульптуры (Хатра) у першыя ст.н.э. відавочны тэндэнцыі да франтальнасці кампазіцыі і плоскаснасці. Дробная пластыка адметная паступовым знікненнем грэч. тыпаў і зваротам да мясц. сюжэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НІЯ (лац. Britannia),
адна з стараж. назваў сучаснай Англіі (Вялікабрытанія). Паходзіць ад назвы кельцкіх плямёнаў — брытаў, якія насялялі Брытанію ў 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. З 43 н.э. — рымская правінцыя (Britannia Romana). Назва «Англія» замацавалася пасля англасаксонскага заваявання (5—6 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мегалі́т
(ад мега- + -літ)
старажытнае збудаванне (3—2 тыс. да н.э.) з вялізных камянёў, звязанае з пахавальным культам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сестэ́рцый
(лац. sestertius)
старажытнарымская дробная разменная манета, роўная асам; чаканілася з 3 ст. да н.э.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЛІ́МПІЯ (Olympia),
старажытнагрэчаскі горад на ПнЗ п-ва Пелапанес, на р. Алфей. Рэліг. цэнтр стараж. грэкаў, месца культу Зеўса і правядзення Алімпійскіх гульняў. Буйны цэнтр мастацтваў (7—4 ст. да н.э.). У канцы 7 ст. да н.э. пабудаваны храм Геры і 12 скарбніц на шляху да храма. Гал. Частка арх. ансамбля — храм Зеўса (468—456 да н.э., арх. Лібан), дзе знаходзілася вялізная статуя Зеўса з золата і слановай косці (скульпт. Фідый), залічаная грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету.
Сярод арх. помнікаў: будынак савета (булеўтэрый, 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 5 ст. да н.э.), храм Маці багоў (1-я пал. 4 ст. да н.э.), свяцілішча Пелапса, гімнасій і інш. З усталяваннем хрысціянства Алімпія заняпала, у 426 н.э. спалена па загадзе рым. імператара Феадосія II. У час раскопак (вядуцца з 1829) выяўлена больш за 130 статуй, каля 13 тыс. бронзавых прадметаў, да 10 тыс. надпісаў на бронзавых таблічках і інш.