цвяро́зы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўжываў спіртнога; не п’яны. Непрыемна цвярозаму чалавеку глядзець на п’яных, і я паспешліва пачаў шукаць вачыма таго, хто мяне цікавіў. Карпюк. / у знач. наз. цвяро́зы, ‑ага, м.; цвяро́зая, ‑ай, ж. Лабановіч ужо зусім ап’янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак, — яны былі толькі вясёлыя, — і Саханюка, які гарэлкі не піў. Колас. // Уласцівы такому чалавеку. — У п’яным выглядзе чалавек робіць тое, чаго ў цвярозым стане ніколі б сабе не дазволіў. Прокша.

2. перан. Разважлівы, сур’ёзны, якому не характэрны летуценнасць, фантазёрства. [Пятро Сцяпанавіч:] — Вы думаеце, хто яны, самыя цвярозыя рэалісты? Рамантыкі, у якіх выраслі зубы жыццёвай мудрасці. Палтаран. Цвярозыя думкі перамешваліся з абрыўкамі ўспамінаў, сапраўднае, перажытае чаргавалася з нейкімі зданямі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.

2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.

ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., каго-што.

1. Прыстаць, прыліпнуць у многіх месцах да каго‑, чаго‑н., пакрыць усю паверхню. Шэрае неба, і пад ім — бясконцая дарога... вязкі бруд абляпіў колы. Мікуліч. Снег абляпіў у парках усе дрэвы. Хомчанка. // Шчыльна абхапіць з усіх бакоў (пра адзенне). Панчохі прамоклі, і вы адчуваеце, як непрыемна абляпілі яны вашы ногі... Васілевіч.

2. Наклейваючы, пакрыць чым‑н. у многіх месцах. І тут мне стала зразумела: ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Ляўданскі.

3. перан. Размясціўшыся ў вялікай колькасці, густа пакрыць якую‑н. паверхню; шчыльна абступіць з усіх бакоў; акружыць. Яны [аднакласнікі] у момант абляпілі з усіх бакоў сані, учапіліся за аглоблі, цягнулі за капылы, за палазы. Сіпакоў. Драбкі цукру мурашкі абляпілі так, што за імі нічога не было відаць. Пальчэўскі. Дзеці абляпілі хату, тоўпіліся на прызбах, заглядалі ў вокны. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; незак.

1. Жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку і пад.). Сабака перастае брахаць і толькі скавыча, круцячыся каля гаспадара. Колас. Мокрае, худое і нейкае нязграбнае, .. [шчаня] ціха і жаласна скавытала, скасавурыўшы на Саньку чорныя вочы. Ваданосаў. // Утвараць гукі, падобныя да выцця. На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. І як цягнуў вагоны паравоз — жаласліва так скавыталі буксы, бы спявалі аб нядолі — прастоях, недагрузах. Шынклер. Завіруха не сціхала, вецер выў, скавытаў. Гроднеў. // Разм. зневаж. Непрыемна, жаласна, разгублена плакаць, гаварыць, утвараючы гукі, падобныя да выцця (пра чалавека). — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы. Дык лепей памаўчы! Крапіва. Пан махнуў у поле. А прэлат пад храмам.. скавытаў ад страху. Бажко.

2. перан. Разм. зневаж. Ныць, назаляць, скардзіцца. — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў.. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — І як вам не сорамна! — скавытаў пасажыр з газіка, бегаючы навокал. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, востры, пранізлівы. Рэзкі холад. Рэзкія болі. □ У хату са свістам уварваўся рэзкі вецер, скінуў коўдру з акна. Мележ. // Які раздражняе, непрыемна дзейнічае на органы пачуццяў. Рэзкі голас. Рэзкі пах. Рэзкі крык. □ Калі тухне рэзкае дзённае святло — мякчэюць і рысы чалавечага твару. Нікановіч.

2. Які вызначаецца выразнымі абрысамі; не расплыўчаты. Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі твар. Мележ. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі, жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Колас. // перан. Які моцна і выразна праяўляецца. Рэзкі пераход у паводзінах. Рэзкія супярэчнасці. Рэзкія кантрасты.

3. Раптоўны і вельмі значны. Рэзкае павышэнне паспяховасці вучняў. Рэзкае пахаладанне. // Хуткі, імклівы. Рэзкі паварот галавы. Рэзкая хада. □ Рэзкім рухам рукі Юля скінула з сябе коўдру. Грамовіч.

4. Грубы, дзёрзкі. Кацельшчык Мікалай Федаровіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык. Ды і сама Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. [Лёдзя] сабралася сказаць яшчэ нешта рэзкае, ды нечакана, ледзь не заплакаўшы, адвярнулася і пайшла прэч. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плех1, пляшы́на ’голае месца на галаве, лысіна’, ’голае месца сярод поля, выгрызены лапік травы на лузе’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Жд. 1), паўн.-зах., гродз., зах.-віц. плех ’абсевак’, брэсц. плéх(а), паст. пляха́ ’тс’ (ЛА, 2). Рус. плеха́н ’лысы чалавек’, польск. plech ’лысіна’, plechy ’адзёр’, н.-луж. plěch ’плеш’, ’атожылак на клубняплодзе’, plěchac, plěchaty ’лысы’, в.-луж. plěch ’лысіна’, plěchač, plechaty ’лысы’, чэш. plech ’тс’, plechatý ’лысы’, plechy ’перхаць; струпы на галаве’, славац. plechavý, plechatý, plecháń ’лысы (чалавек)’, plechovo ’груба, непрыемна’, славен. plȅh ’чырвоная высыпка на скуры’, plẹ́ha ’голае месца ў лесе’, pléhi ’адзёр’, plehe (у XVIII ст.) ’шкарлятына’. Прасл. *plexъ (Сной–Бязлай, 3, 52) і *plěxъ ’лысы’, ’які лысее’, ’мясцовасць са слабой расліннасцю’ < і.-е. ploi̯k‑s‑os (Банькоўскі, 2, 606), а таксама *plъx (параўн. чэш. plchý ’лысы’) (Фасмер, 3, 281), роднаснымі якім з’яўляюцца літ. plìkas ’голы’, лат. pliks ’тс’, літ. pleĩ‑šė, pleĩkė ’лысіна’, plìkė, plėĩ‑n‑ė ’голая раўніна, пустое, бязлеснае месца’ < і.-е. *ploi̯‑so > (Буга, Rinkt., 1, 599).

Плех2, пле̂х ’дах’, ’вільчык даху’ (Яруш., Тарн., Бяльк.), плеш, пле́шак ’верх страхі, дзе сыходзяцца скаты, прыкрыты дошкамі, высланы кастрыцай’ (Сцяшк. Сл.; слонім., Сл. ПЗБ), ’страха’: стаяць два хлевушкі пад адным плехам (бераст., Сл. рэг. лекс.). Відаць, трэба адрозніваць лексему плеш (пле́шак), якая з плеш ’лысіна’ (гл.), ад плех, якая з польск. plech < чэш. plech ’тонкая бляшаная дошчачка, бляха, якою пакрываўся вільчык, каб вада не зацякала між дошкамі (плахамі) двух скатаў’ < ст.-в.-ням. blech або в.-в.-ням. blëch/plech ’бляха’ (Міклашыч, 14; Бернекер, 1, 59; Махэк₂, 457; Бязлай, 3, 53).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.

1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове. Чорны. // без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа. // Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду. Якімовіч. // Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар. Шамякін. // Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. Купала. Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра. Дадзіёмаў. // перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Колас. Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Мележ.

2. Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў. Асіпенка.

3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч. Лынькоў. Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін. // Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.

4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце. Куляшоў. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі. Пташнікаў. Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы. Васілевіч. / у безас. ужыв. Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах. Асіпенка.

5. Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах. Сяргейчык.

6. і без дап. Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра. Гарбук. [Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае. Арабей.

7. Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы. Аўрамчык. — А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў. Ракітны. Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі. Кірэйчык.

•••

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) — рэзка, непрыемна гучыць, раздражняе.

Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.

Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жах 1, ‑у, м.

1. Моцны страх да знямення. Хрысціна знямела ад жаху. Васілевіч. Дзяўчына ўпершыню ўгледзела смерць. Яе ахапіў такі жах, што яна хацела крыкнуць, але не магла. Гурскі.

2. звычайна чаго. Трагічнасць, бязвыхаднасць. — Яшчэ душа адплатаю гарыць — Ні смерці жах, ні чорны цень магілы Агонь душы не здольны пагасіць. Бачыла. // звычайна мн. (жа́хі, ‑аў). Трагічная з’ява, страшнае здарэнне. Жахі вайны. □ За тыя дні, пакуль .. [Рыгора] не выклікалі на допыт, ён наслухаўся гэтакіх жахаў, што валасы дыбка станавіліся. Сабаленка.

3. у знач. вык. Жахліва (у 2 знач.), страшна (пра тое, што непрыемна здзіўляе). — Што я ўбачыў дома — гэта жах. .. [Маці] ледзьве стаіць на нагах і нічога не бачыць. Чорны.

4. у знач. прысл. Разм. Вельмі, незвычайна. — Як хочаце, дзяўчаткі, а я — дахаты. Не абедала яшчэ, есці хачу — жах! — адказала .. [Марынка]. Хадкевіч. / Са словамі «як», «які»: жах як, жах які. Жах як далёка. // У спалучэнні са словам «колькі» азначае: вельмі многа. Жах колькі снегу.

•••

Даць жаху гл. даць.

жах 2, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння шорхання, удару і пад. На шырокім прасторы светла-жоўтага жытняга поля чуваць шорханне. — Жых-жах, жых-жах, — гутараць сярпы з цвёрдымі сцёбламі. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова жа́хнуць, жа́хнуцца і жа́хаць, жа́хацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ма, ‑ы, ж.

1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. □ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.

2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.

3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.

•••

Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.

Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.

Капаць яму гл. капаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пата́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і патайны́. Сход. На сходзе, як звычайна, Старшынёй таварыш Модзін; З нейкай думкаю патайнай Сход вачыма ён абводзіць. Купала. Кожную раніцу хлопчык акуратна збіраў свае кніжкі і сшыткі і ішоў на цэлы дзень куды-небудзь у патайнае месца. Там, схаваўшыся ад усіх, ён вучыўся пісаць. Колас. Палонны .. разаслаў шынель на зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак. С. Александровіч.

патайны́, а́я, ‑о́е.

Прызначаны для якой‑н. тайнай мэты, сакрэтны па сваёй будове, размяшчэнню. У мястэчку камендант задумаў зрабіць сабе ў агародзе бункер з патайным ходам. Карпюк. У патайным куце каморы, Як смерць Кашчэя, пад запоры Мядок быў хітра дзесь запёрты. Колас. [Вырай] дастае з патайной кішэні паліто некалькі пісем, раздае дзяўчатам. Навуменка. // Скрыты, тайны, пра які ніхто не ведае. — Хто ж яго, Сымонка, знае, І не нам судзіць аб тым: Гэта справа — патайная. Колас. Адкуль узяліся яны ў яе, гэтыя вершы... Недзе глыбока ўнутры яе рабілася нейкая патайная работа. Ганька адчувала яе, але ніяк не ўмела растлумачыць. Васілевіч. Вера адчула ў .. [Раміравых] словах патайны сэнс. Яна ж хацела сказаць зусім не тое, пра што думае ён. Асіпенка. // Скрытны, загадкавы. Следам за.. [Алесем і Уладзікам] — у акно і пад дрот — зусім нечакана вылезлі яшчэ дв[ое]. Нібы на злосць, найбольш нецікавыя: вялы ды кіслы Іванюк і пажылы Зданевіч, не проста важна-маўклівы, а нейкі патайны, непрыемна загадкавы чалавек. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)