ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),
падатрад птушак атр.вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.
Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кайданы́ ’злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якія надзяваюцца на рукі і ногі тых, хто абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Нас., Яруш.). У гэтай жа форме слова вядома і ў іншых мовах: рус. (паўд. і зах., паводле Даля, смален., СРНГ), укр.кайдани, польск.kajdany. Па сутнасці, бел.-укр. лексема (польск. з укр., гл. Слаўскі, 2, 24, там і літ-pa). Магчыма, аб укр. крыніцы неабходна меркаваць і для бел. слова. Першапачаткова — араб.kajdani — форма парнага ліку ад kajd ’завязка, пута’ (так у Міклашыча, 110). Слова распаўсюджвалася, верагодна, праз цюрк.-тат. пасрэдніцтва. З літаратуры параўн. Бернекер, 1, 469.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НЕ́РПЫ (Pusa),
род млекакормячых жывёл сям. цюленевых атр. ластаногіх. Часам Н. уключаюць як падрод у род цюленяў звычайных (Phoca). 3 віды. Н. кольчатая, або акіба (P. hispida), пашырана ва ўмераных і халодных водах Атл. і Ціхага ак. і ў Паўн. Ледавітым ак. 1 падвід (P.h.saimensis) з воз. Сайма (Фінляндыя) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Н. каспійская, або каспійскі цюлень (P. caspica), жыве ў Каспійскім м., Н. байкальская, або байкальскі цюлень (P. sibirica), — у воз. Байкал. Размнажаюцца на льдах, утвараюць скопішчы.
Даўж. да 1,5 м, маса да 100 кг. Валасяное покрыва густое і высокае. На спіне цёмныя плямы або светлыя кольцы (акрамя Н. байкальскай), часам афарбоўка футра аднатонная. Кормяцца рыбай, ракападобнымі. Ныраюць да глыб. 90 м. Нараджаюць 1 дзіцяня (бялёк). Аб’екты абмежаванага промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСО́РБЕР (ад лац. absorbere паглынаць),
апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорбер — верт.метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл.рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЗБІШЧА,
археалагічныя помнікі (селішча 2-й чвэрці 1-га тыс., курганны могільнік 10—12 ст.) каля в. Ізбішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. На селішчы ранняга жал. веку і полацкіх крывічоў выяўлены рэшткі каменных печаў, агнішчы, гасп. ямы; сярод знаходак ляпная кераміка, посуд банцараўскай і доўгіх курганоў паўн. Беларусі культур, 2 позналатэнскія фібулы 3—4 ст., бронзавая лунніца, бранзалет са змяінымі галоўкамі, гліняная форма для адліўкі ўпрыгожанняў, крэсіва 10—11 ст. На могільніку (120 насыпаў), які належаў жыхарам селішча, пахавальны абрад — трупапалажэнне (большасць — галавой на Пн), у 8 насыпах — трупаспаленне; пахавальны інвентар — бронзавыя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, шыйныя грыўні, прылады працы, кераміка, выкарыстанне ва ўборах жанчын вял. колькасці шкляных пацерак, у пахаваннях мужчын — жал. сякеры; у адным кургане з заможным пахаваннем знойдзена маніста з 8 падвескамі з куфіцкіх дырхемаў, візант. меліярысіяў, зах.-еўрап. дэнарыяў.
В.У.Казей, Г.В.Штыхаў.
Упрыгожанні 11 ст. з курганнага могільніка Ізбішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЯРА́НЕ,
усходнеславянскія плямёны, якія ў канцы 1-га тыс.н.э. жылі ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Ворскла, Псёл, Северскі Данец. Межавалі на З з палянамі, дрыгавічамі, на Пн з радзімічамі і вяцічамі, на У і Пд з качавымі плямёнамі. У 8 — пач. 9 ст. плацілі даніну хазарам. У канцы 9 ст. заходнія С. разам з палянамі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі, усходнія С. да канца 10 ст. захоўвалі адносную аўтаномію. У 11—12 ст. С. склалі значную ч. насельніцтва Чарнігаўскай (Северскай) зямлі. У 907 удзельнічалі ў паходзе Алега на Візантыю. Упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 884, 885 і пад 1024. Найб. гарады С. — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Сноўск, Пуціўль, Курск і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — спіралепадобныя і прамянёвыя скроневыя кольцы, пласціністыя галаўныя венчыкі. У 1096 на землях С. ўзнікла Северскае княства.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Абало́на, абалоніна, бальна, бальніна ’знешнія вільготныя слаі дрэва, якія знаходзяцца пад карой’ (Шат., Сцяшк.) абалонка, абалонь ’верхнія слаі драўніны з жывымі яшчэ клеткамі’ (Бяльк., Касп., Яруш.), абалонь ’тс’ (Маш., Янк. I, КЭС), оболона ’тс’ (КСТ), абалонь ’гадавыя кольцы на пні дрэва’, абалоністы ’зроблены з верхніх слаёў дрэва’ (Шат.). Рус.болонь, заболонь (= бел.абалонь), чэш.blána, oblana ’тс’. Іншыя славяне, відаць, гэтага слова не ведаюць. Ці не балтызм? Параўн. літ.bálnis ’ачэсанае ад кары дрэва’ (∼ bálnis ’белы, белая масць’). Семантычная паралель: польск.biel ’абалонь’. Укр.болона, польск.błona, чэш.blána і г. д. у значэнні ’тонкая плеўка’, мабыць, сюды не адносяцца; гл. абалонка. Параўн. балонь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарары́нка ’від клямара, скабы (у коле воза)’ (нясвіж., Нар. словатв.), тарары́лка ’дэталь у возе’ (шарк., Цыхун, вусн. паведамл.). Укр.дыял.тараре́нька, тарари́нька ’жалезны хамуцік, якім змацоўваецца вось, падушка і падвосьнікі ў возе; хамуцік на восі воза, які не дае змазцы пыліцца і выцякаць’, палес.тарари́нка, тари́нок, три́нка, трайри́нок ’жалезнае колца, што злучае вось з навосьнікам і насадам’, таралі́нка ’ўнутраная гайка восі’ (Нікан., Трансп.), польск.дыял.trarynki ’кольцы, якімі насад у возе мацуецца да восі’. Слова нямецкага паходжання, параўн. н.-ням.Teerring ’дзягцярнае кола’, старое ’дзягцярнае кола на восі воза’ складаецца з Teer ’дзёгаць, смала’ і Ring ’круг; кола’ (ЕСУМ, 5, 520). Гл. таксама тарадынка, тардынка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДРАЎЛЯ́НЕ,
племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на З — валынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦАВА́ННЕ ПТУ́ШАК,
метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі. З навук. мэтамі ўведзена ў Даніі (1899); на Беларусі ў 1917, рэгулярна робяць К. п. з 1946.
Птушак кальцуюць метал. ці пластмасавымі каляровымі кольцамі (з нумарам, адрасам) на нагах, шыі, дзюбе. Робяць на месцы гнездавання, на шляхах пралёту, у час лінькі або на зімоўцы; рэгіструюць час і месца кальцавання. Пры індывід. К. п. вывучаюць паводзіны асобін, пры масавым выяўляюць месцы зімовак, хуткасць руху пры пералётах, асаблівасці рассялення, стан і пашырэнне папуляцый, прычыны гібелі ў прыродзе, шляхі пераносу птушкамі паразітаў і ўзбуджальнікаў хвароб, вывучаюць пытанні аховы птушак у асобных рэгіёнах і ў сусв. маштабе і інш. З 1963 дзейнічае Еўрап. саюз па К. п. — EURING (Нідэрланды), які каардынуе дзейнасць нац. цэнтраў кальцавання. К. п. на Беларусі кіруе Бел. цэнтр пры Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.