ХЕ́ЙФЕЦ (Heifetz) Яша [Іосіф Робертавіч (Рувімавіч); 2.2.1901, Вільнюс — 12.12.1987], амерыканскі скрыпач, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў І.Налбандзяна, Л.Аўэра. З 1917 у ЗША. З 1962 выкладаў у Паўд-Каліфарнійскім ун-це. Яго выканаўчай манеры характэрны віртуознасць, экспрэсія, маст. інтэрпрэтацыя. Першы выканаўца шматлікіх, у т. л. прысвечаных яму, твораў. У рэпертуары класічныя, а таксама забытыя і рэдка выконваемыя творы. Аўтар больш як 100 транскрыпцый для скрыпкі і інш.
т. 17, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЕНДРОТ (Abendroth) Герман (19.1.1883, Франкфурт-на-Майне — 29.5.1956),
нямецкі дырыжор. З 1903 кіраўнік сімф. аркестраў у Мюнхене, Кёльне, Берліне і інш., з 1934 — аркестра Гевандхаўза і праф. кансерваторыі ў Лейпцыгу, з 1945 генерал-музік-дырэктар у Веймары, кіраўнік сімф. аркестраў радыё ў Лейпцыгу і Берліне. Вядомы як інтэрпрэтатар твораў Л.Бетховена, І.Брамса, А.Брукнера. Чл. Ням. акадэміі мастацтваў (ГДР). Нац. прэмія ГДР 1949.
т. 1, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРШО́ВІЧ Юрый Вульфавіч (н. 10.1.1935, г. Харкаў, Украіна),
бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1959). У 1959—95 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі (з 1972 канцэртмайстар), адначасова ў 1965—72 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Выступаў з канцэртамі як саліст і ансамбліст (у 1965—90 першая скрыпка Квартэта Саюза кампазітараў БССР). З 1995 жыве ў Германіі.
І.І.Зубрыч.
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВІЧ Сямён (Самуіл) Пятровіч (н. 5.11.1920, г. Бабруйск),
бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. кансерваторыю (1947, клас А.Амітона).
У 1937—41 саліст, у 1945—85 канцэртмайстар Дзярж. акадэмічнага сімф. аркестра БССР. У 1948—69 адначасова педагог Сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі. У складзе струннага квартэта Бел. філармоніі (1945—55) прапагандаваў творы бел. кампазітараў. Выступаў і як саліст.
І.І.Зубрыч.
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБРАЗАЙЦІ́ТЭ (Ambrazaityte) Ніёле Вінцаўна (н. 21.2.1939, в. Буракай Лаздзійскага р-на, Літва),
літоўская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1977). Пасля сканчэння Вільнюскай кансерваторыі (1966) салістка Літ. т-ра оперы і балета. Спявачка высокай вак. і сцэнічнай культуры. Сярод партый: Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Мірта («Піленай» В.Кловы). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Дж.Энеску (Бухарэст, 1970).
т. 1, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАКО́ВА Людміла Уладзіміраўна (н. 5.7.1927, Масква),
рускі харавы дырыжор. Нар. арт. Расіі (1981), нар. арт. СССР (1988). Скончыла Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1957). З 1957 хормайстар, з 1965 дырыжор, з 1983 маст. кіраўнік Вял. хору Дзяржтэлерадыё Расіі, у рэпертуары якога буйныя вак.-сімф., аратарыяльныя і хар. творы муз. класікі, сучасных кампазітараў, нар. песні, творы духоўнай музыкі. З 1963 выкладае ў Маск. кансерваторыі (з 1993 праф.).
т. 6, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГАЛЕ́ЗІ, Пергалезе (Pergolesi, Pergolese) Джавані Батыста (4.1.1710, г. Езі, Італія — 17.3.1736), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў кансерваторыі Неапаля. Працаваў у жанрах оперы-серыя («Салюстыя», 1731; «Адрыян у Сірыі», 1734; «Алімпіяда», 1735) і оперы-буфа («Закаханы манах», 1732; «Фламініо», 1735). Вядомасць набыла камічная опера «Служанка-пані» (паст. 1733, створана як інтэрмедыя да яго оперы «Горды палонны»). Яго творчасць паўплывала на развіццё камічнай оперы інш. краін.
т. 12, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЙКО́Ў Андрэй Андрэевіч (11.8.1945, Мінск — 8.12.1992),
бел. скрыпач, скрыпічны майстар. Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1969). З 1962 артыст аркестра Дзярж. ансамбля танца Беларусі, з 1963 — Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1967 — Сімф. аркестра бел. тэлебачання і радыё, у 1978—82 майстар-рэстаўратар смычковых муз. інструментаў Бел. кансерваторыі. Адзін з ініцыятараў стварэння калекцыі рэдкіх муз. інструментаў Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі.
М.Д.Браценнікаў.
т. 17, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́РМАНД Эта (Эдзі) Майсееўна (н. 23.2.1917, Варшава),
бел. кампазітар, педагог. Скончыла Варшаўскую (1938, харавое аддз.) і Бел. (1949, кл. Р.Шаршэўскага; 1952, кл. А.Багатырова) кансерваторыі. У 1949—89 выкладчык Бел. кансерваторыі, адначасова ў 1949—62 — муз. школы пры ёй. Творчасці Т. уласцівы канкрэтнасць і шырокі дыяпазон вобразнага мыслення, экспрэсіўная манера пісьма, нац. характэрнасць муз. мовы, абумоўленая чуйным услухоўваннем у інтанац. і ладавую будову бел. нар. песні. Сярод твораў: 2-і канцэрт для фп. з арк. (1956), санаты для фп. (1969), альта і фп. (1961), віяланчэлі і фп. (1971), скрыпкі і фп. (1972), а таксама саната і п’есы для цымбалаў і фп.; санаціны, сюіты, такаты для фп., а таксама «Сюіта ў стылі рэтра» для домры і фп. (1977); вак. цыклы на вершы М.Танка, Э.Агняцвет, Р.Бёрнса, Ф.Гарсія Лоркі, Б.Дадзье; хары на сл. М.Багдановіча, Я.Коласа, М.Танка, П.Труса; фп. п’есы, песні і хары для дзяцей.
Літ.:
Саламаха А. Эдзі Тырманд. Мн., 1973;
Гарт Б. Сюиты Э.Тырманд // Вопросы фортепианного творчества, исполнительства и педагогики. Л., 1973;
Тер-Минасян Л. Фортепианные произведения Э.Тырманд... Мн., 1983.
А.А.Саламаха.
т. 16, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРГА́НСА (Berganza) Тэрэса (н. 16.3.1935, Мадрыд),
іспанская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Спявае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера»). Віртуозна валодае мастацтвам каларатуры. Выконвае найб. складаныя партыі ў операх Дж.Расіні «Севільскі цырульнік» (Разіна), «Італьянка ў Алжыры» (Ізабэла), В.А.Моцарта «Вяселле Фігара» (Керубіна), «Міласэрнасць Ціта» (Секст) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Э.Гранадаса, М. дэ Фальі і інш. ісп. кампазітараў.
т. 3, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)