садзі́ць, саджу, садзіш, садзіць; незак., каго-што.

1. Запрашаць або прымушаць заняць якое‑н. месца. Усіх мы блізкіх, дарагіх У родным доме сустракаем, За стол гасцінны садзім іх, Частуем цёплым караваем. Прыходзька. // Дапамагаць заняць месца ў якім‑н. транспарце для паездкі. Садзіць людзей у машыну. Садзіць пасажыраў на параход. // Прапаноўваць сесці і заняцца чым‑н. Садзіць дзяцей за ўрокі. Садзіць вучня за кнігу. // Весці на пасадку, прызямленне (самалёт). Самалёт давялося садзіць на полі.

2. Прызначаць, уладкоўваць на якую‑н. пасаду. Цяпер калі каго ўжо садзяць на трактар, дык ён няйначай механізатар шырокага профілю. Кірэйчык. [Зусь:] — [Леўка Здрок] даўно ўжо квапіўся пасадзіць на Васілёва месца свайго брата, такога ж.., як і сам. Дык няхай бы садзіў. Сабаленка.

3. Пасяляць дзе‑н. (для вядзення гаспадаркі). Перасяленцаў прыйшлося садзіць на неабжытыя ўчасткі.

4. Знявольваць, пазбаўляць волі. Садзіць на гаўптвахту. □ [Бусыга:] — Талаш і Рыль?.. Гэтых людзей гуртам ганяюць, як тавар, ды ў астрогі садзяць. Колас. // Змяшчаць куды‑н. (птушак, жывёлін). Птушак лавілі і садзілі ў клеткі. // Аб’ядноўваць разам. Ці можна будзе .. [барсукоў] садзіць разам з цецерукамі? — казаў Віктар. Маўр. // Змяшчаць каго‑н. у што‑н. для расплоджвання, гадоўлі. Садзіць рыбу ў сажалку. // Змяшчаць у гняздо для выседжвання куранят, качанят і пад. Садзіць качку на яйкі. Садзіць квактуху.

5. на што. Разм. Патрабаваць прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўваць у чым‑н. Садзіць на дыету. Садзіць на паёк.

6. Закопваць у зямлю карані саджанцаў, клубні і пад. з мэтай вырошчвання раслін. Садзіць памідоры. Садзіць бульбу. □ Бацька век зжыў на гаспадарцы, а ён — вучыць: сырадэлю сёй, буракі на полі садзі, вокны ў хляве карове праразай. Крапіва. Маладая настаўніца ў школьным двары Садзіць з вучнямі стройныя дрэўцы. Гілевіч. // Весці працу ў агародзе, рабіць пасадкі. Людзі садзілі агароды, працавалі ў полі. Лупсякоў.

7. Змяшчаць у гарачую печ, сушню для выпякання, сушэння. Садзіць хлеб у печ.

8. Змяшчаць за рамку (фотаздымкі). Я адчыняю сумку, дастаю адтуль Валодзькаву картку і саджу за рамку — хай ён са сцяны ўсміхаецца маці. Лось.

9. Разм. Усоўваць што‑н. куды‑н. Садзіць нагу ў бот. □ Пальцы між дзвярэй не садзі. Прыказка. // Усаджваць, утыкаць. Садзіць іголку ў клубок. □ Садзіць [Света] вяху дзе папала, кладзе руку сабе на бок і стаіць, скрывіўшыся, чакае. Пташнікаў. // Насаджваць на вастрыё; караць, мучыць. Даўней за злачынства на кол садзілі. // Набіваць, надзяваць, замацоўваючы на чым‑н. Садзіць шасцярню на вал. Садзіць восці на шост.

10. і без дап. Разм. Энергічна, з сілай утвараць якое‑н. дзеянне. Садзіць кулаком пад бок. Сінякі садзіць. // Страляць з гармат па чым‑н. Немец садзіў па .. [мястэчку] цяжкімі снарадамі. Навуменка. // Моцна дзьмуць (пра вецер). Садзіў пранозлівы вецер, мабыць, з дзвярэй, але іх загароджвалі людзі, якія невядома адкуль з’явіліся тут. Асіпенка. Вецер садзіць у вочы, фурчыць у вушах. Брыль. // Выходзіць з коміна густымі клубамі (пра дым). Ганька спазнілася. Людзі ўжо выпаляць скора... Вунь як садзіць дым у Анюткі Корбутавай і Мані Паўлавай. Васілевіч. // Заўзята, раз за разам, пасылаць што‑н. (часцей лісты са скаргамі). Яго жонка двойчы аліментны ліст прысылала, і цяпер па ўсіх інстанцыях пісьмы садзіць. Савіцкі.

11. без дап. Разм. Бадзёра ісці, бегчы нацянькі. Воўк з ядлоўцу вылятае Ды ў авечак проста садзіць. Злы, раз’юшаны, бы кат. Колас. Чапляючыся за галлё і карчы, абдзіраючы рукі аб сухія вострыя патырчакі, хлопцы нацянькі садзілі ў Вайніловічаў двор. Мурашка.

12. Угрузіўшы ў што‑н. вязкае, гразкае, даць завязнуць, засесці. Колькі разоў садзіў.. [Мікола Багун] тут у гразь свой трактар. Шчарбатаў.

13. Наносіць, прышываць што‑н. на якую‑н. паверхню (плямы, латкі і пад.). Садзіць кляксы. Латкі садзіць.

14. Разм. Марна траціць, транжырыць (грошы). Садзіць грошы без разбору.

15. Разм. Правальваць каго‑н. на экзамене. Садзіць паступаючых на закавырыстых пытаннях.

•••

На пасад садзіць — а) рыхтаваць месца і садзіць на вяселлі на покуце — пачэсным месцы; б) аддаваць замуж. Раз бяседа вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі. Купала.

Пасад садзіць — рассцілаць снапы на таку ў два рады, каласы да каласоў для абмалоту.

Садзіць за стол — частаваць.

Садзіць нос куды, у што — умешвацца не ў сваю справу. [Лявоніха:] — Ідзі ўжо, ідзі, толькі не вісі там, як цюцька на вяселлі, не тыя гады. Ды не садзі носа, куды не трэба. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

commit [kəˈmɪt] v.

1. рабі́ць (часцей што-н. дрэннае); чыні́ць, учыня́ць; твары́ць;

commit a crime зрабі́ць/учыні́ць злачы́нства;

commit suicide ско́нчыць жыццё самазабо́йствам/самагу́бствам

2. прызнача́ць (грошы, сродкі на што-н.); адво́дзіць (час на што-н.)

3. : commit oneself звя́зваць сябе́ (абавязкамі, абяцаннямі)

4. змяшча́ць;

commit to hospital змясці́ць у бальні́цу;

commit to memory заву́чваць, запаміна́ць;

commit to paper запі́сваць

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Запа́с ’прыгатаванае на будучае’. Рус., укр. запа́с, польск. zapas ’тс’. Ст.-рус. запасъ ’запас’ (XV ст.). Параўн. польск. zapas, чэш., славац. zápas ’спаборніцтва’, серб.-харв. за̀пас ’тое, што ахапляецца адным закідам мярэжы’. Балг., макед. запас ’рэзерв’ (ваен.) < рус., БЕР, 1, 601. Серб.-харв. ад за̀пасатизмяшчаць нешта вакол пояса’ (гл. пас1 ’пояс’), ’абкружаць’. Такога ж паходжання (ад ’брацца за пояс, пас’) чэш., славац., польск. Махэк₂, 709, Брукнер, 645. Рус. запас Праабражэнскі (1, 242; 2, 22), як і спасать, опасный, звязвае з пасти (гл. пасвіць), таксама Фасмер, 2, 78. Шанскі (2, З, 52) удакладняе: ад пасти ’берагчы, захоўваць’. Гэта магчыма. Аднак нельга выключаць і паходжання ўсх.-слав. і польск. слоў ад таго ж кораня пас ’пояс’: ’вогненны запас для агнястрэльнай зброі’ (адно са старажытных значэнняў), як і прыпас ’тое, што знаходзіцца за поясам’ з далейшым развіццём значэння. У карысць гэтага, між іншым рус. запас ’улоў з рыбалоўнай снасці’ (Даль).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

содержа́ть несов.

1. (на иждивении) утры́мліваць, мець на ўтрыма́нні;

содержа́ть семью́ утры́мліваць (мець на ўтрыма́нні) сям’ю́;

2. (держать в определённых условиях, состоянии) трыма́ць;

содержа́ть ве́щи в поря́дке трыма́ць рэ́чы ў пара́дку;

3. (вмещать, заключать) змяшча́ць;

кни́га соде́ржит (в себе́) мно́го интере́сного кні́га змяшча́е (у сабе́) шмат ціка́вага;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кла́сці, кладу́, кладзе́ш, кладзе́; кладзём, кладзяце́; пр. клаў, кла́ла; незак., каго-што.

1. Надаваць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змяшчаць куды‑н. у такім становішчы. Класці дзіця на ложак. Класці мяшкі на воз. // Валіць на зямлю саперніка пры дужанні. Ніхто з нас не браўся з Грышкам дужацца — ён кожнага клаў на зямлю адным махам. Капыловіч. // Укладваць, размяшчаць (для сну, адпачынку). — Давай, Мікалаеўна, кладзі хлопчыкаў спаць, — сказаў Ігнат жонцы. Кавалёў. // перан. Разм. Забіваць, нішчыць. Вінтовачныя кулі кладуць .. [немцаў] усіх на месцы. Чорны. Тыфус кладзе людзей. Крапіва.

2. Змяшчаць, засоўваць куды‑н. Класці грошы ў кашалёк. Класці рукі ў кішэнь. □ Ніна хадзіла па пакоі, нешта брала, нешта клала ў чамадан. Шыцік. // Змяшчаць на захоўванне, рабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Класці грошы ў ашчадную касу. // Адпраўляць, змяшчаць (у клініку, шпіталь і пад.). Класці хворага ў бальніцу.

3. Наносіць зверху слой чаго‑н. У яго руках вельмі доўгі пэндзаль. Ён набірае на яго фарбу і смелымі мазкамі кладзе на палатно. Асіпенка. // Накладваць зверху, прыкладваць да якой‑н. часткі цела з лячэбнымі мэтамі. Класці павязку. Класці кампрэс.

4. Рабіць знак, метку, пакідаць адбітак чаго‑н. Класці штэмпель. □ На акно пляціце магу, Каб не клаў мароз сляды. Колас. // перан. Уздзейнічаць, рабіць вялікі ўплыў; пакідаць след. Старэем мы. Свой след кладзе няшчадны час То попелам валос, то ценем пад вачамі. Звонак.

5. Раскладваць, распальваць (пра агонь). Вартавыя клалі цэлую ноч агонь і гаварылі. Чорны.

6. Накладваць (страву, корм). Класці кашу на талерку. Класці трусам траву. // Прыбаўляць, падмешваць. Класці масла ў кашу.

7. Узводзіць, будаваць. Класці печ. □ Каб шчаслівай і багатай стала наша старана, Клалі сцены новай хаты — Бервяно да бервяна! А. Александровіч. // Рабіць, пракладваць, укладваць. Класці грэблю. Класці падлогу. Класці масты. // Складваць што‑н. пэўным чынам у адно месца. Класці сена ў копы. // Складваць, укладаць (стог, воз і пад.). Гучалі галасы жанок і дзяўчат, якія сушылі сена і клалі стагі. С. Александровіч. // перан. Ствараць умовы для дасягнення якой‑н. мэты, чаго‑н. Хто тварэц жыцця людскога, Волі, шчасця, пекнаты? Хто кладзе к жыццю дарогу? Ведай, моладзь, гэта — ты! Чарот.

8. Адкладваць (яйцы) для захавання патомства (пра насякомых).

9. перан. Аддаваць, траціць. Дарма класці сілы. □ Каб ведаць, колькі працы павінен быў тут класці чалавек, трэба самому ўбачыць гэтую дзялянку. Чорны.

10. Разм. Назначаць цану. — За вашу працу я кладу вам сем долараў у тыдзень. Васілевіч.

11. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні, якія абазначаюць: утвараць дзеянне, адпаведнае значэнню назоўніка. Класці лату (латаць). Класці пачатак (пачынаць). Класці гной (угнойваць). Класці канец (канчаць).

•••

Класці галаву — гінуць, паміраць; ахвяроўваць сабой.

Класці галаву на калодку — ручацца жыццём за каго‑, што‑н.

Класці зубы на паліцу — галадаць, жыць у нястачы.

Класці на абедзве лапаткі — а) пры дужанні валіць саперніка на спіну; б) перамагаць у якой‑н. справе, спрэчцы і пад.

Класці на музыку (на ноты) — пісаць музыку на словы.

Класці пад сукно — адкладваць рашэнне якой‑н. справы, пакідаць без увагі, не даваць ходу чаму‑н.

Класці (сабе) у кішэню — прысвойваць чужыя грошы.

Пальца ў рот не кладзі каму — пра таго, хто можа пастаяць за сябе, з якім трэба весці сябе асцярожна.

Хоць ты да раны (у вуха) кладзі — пра пакорнага, мяккахарактарнага чалавека.

Хоць у дамавіну (труну) кладзі — пра худога, хваравітага на выгляд чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Націскаць на што‑н. шмат разоў. Смагул ціскаў пяткамі вярблюджую шыю і ўскрыкваў: — І-па! І-па! Беразняк. // Разм. Іграць на гармоніку, баяне і пад. У яе [Агаты], бач, грышча сёння, Дык сышлася вёска ўся; Сцёпка ціскае гармонік, Той пішчыць, як парася. Крапіва. // перан. Уздзейнічаць прымусова на каго‑н.; прымушаць. [Старац:] Калісь і мяне ціскалі няшчасці з усіх бакоў. Купала.

2. Разм. Сціскаць у абнімках, моцна абнімаць. Не, [Антанюк] не праслязіўся. Але ціскаў хлопцаў у абдымках, тоўк кулакамі ў плечы, у жывот, без прычыны смяяўся. Шамякін. // Сціскаць рукой, рукамі, пальцамі; камячыць. Бацюшка ўвесь час ціскаў у руках пугу і капялюш. Чарот.

3. Спец. Друкаваць з дапамогай друкарскага прэса.

4. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, органе друку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Злучаць, звязваць што‑н. з чым‑н. пэўным чынам. Ядналі мы воды: з ракою раку, І мора да мора цягнула руку. Кляшторны.

2. Злучаць, збліжаць каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н., утвараючы адзінае цэлае. Аксана любіла вячэры, яны хораша ядналі сям’ю, збліжалі дзяцей з бацькамі, з бабуляй. Шамякін. // Змяшчаць, аб’ядноўваць у сабе. Маладая паэзія, якая моцна стаіць на родным грунце, арганічна яднае ў сабе нацыянальныя і інтэрнацыянальныя матывы. Рагойша.

3. Аб’ядноўваць, згуртоўваць для дружных агульных дзеянняў. Рабочы камітэт яднае людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. Сташэўскі. Спачатку камсамольцы займаюцца культурна-асветнымі справамі, яднаюць вакол сябе вясковую беднату. Хведаровіч.

4. Ствараць паміж кім‑н. блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць цесную сувязь. І дружба верная з табой, І роднасць нас яднае. Камейша. Нас з гэтай дзяўчынай яднала нешта адно, і гэта адно была наша маладосць. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

carry2 [ˈkæri] v.

1. насі́ць, не́сці (на сабе, з сабой)

2. вазі́ць, ве́зці

3. перано́сіць

4. прыно́сіць

5. змяшча́ць (у сабе)

6. право́дзіць, прыма́ць (закон, рэзалюцыю)

7. AmE гандлява́ць (чым-н.)

carry weight мець аўтарытэ́т, уплы́ў;

carry the day атры́мліваць/заваёўваць перамо́гу; дабіва́цца перамо́гі

carry away [ˌkæriəˈweɪ] phr. v. ахо́пліваць, апано́ўваць (пра пачуцці); захапля́ць, зачаро́ўваць

carry off [ˌkæriˈɒf] phr. v.

1. выйграва́ць

2. вытры́мліваць

carry on [ˌkæriˈɒn] phr. v. праця́гваць

carry out [ˌkæriˈaʊt] phr. v. выко́нваць, здзяйсня́ць

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

не́сці¹, нясу́, нясе́ш, нясе́; нясём, несяце́, нясу́ць; нёс, не́сла і нясла́, не́сла і нясло́; нясі́; не́сены; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды-н.

Н. чамадан.

2. каго-што і без дап. Імкліва рухаць, перамяшчаць сілай свайго руху.

Вецер нясе па небе хмары.

3. каго-што (толькі ў 3 ас.). Прымушаць каго-н. ісці куды-н.; цягнуць (разм.).

Куды цябе нясе?

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.).

Ад акна несла (безас.) холадам.

5. пераважна безас. Моцна пахнуць (у 1 знач.).

Нясе гарам.

6. перан., што. Выконваць якія-н. даручэнні, абавязкі па службе і пад.

Н. адказнасць.

Н. ахову.

Н. вахту.

7. перан., што. Пакутаваць ад чаго-н.; мець страты.

Н. пакаранне.

Н. страты.

8. перан., што. Гаварыць што-н. недарэчнае, бязглуздае (разм.).

9. перан., што. Мець, змяшчаць у сабе; быць носьбітам чаго-н.

Н. радасць людзям.

10. што. Быць аснашчаным чым-н.

Карабель нясе шэсць гармат.

|| зак. пане́сці, -нясу́, -нясе́ш, -нясе́; -нясём, -несяце́, -нясу́ць; -нёс, -не́сла і -нясла́, -не́сла і -нясло́; -не́сены.

П. кару.

П. страты.

|| наз. нясе́нне, -я, н. (да 6 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

store2 [stɔ:] v.

1. запаса́ць, хава́ць;

storе (up) food for the winter запаса́цца ядо́ю на зіму́

2. хава́ць, захо́ўваць;

store (away) plants from frost зберага́ць раслі́ны ад маро́зу

3. забяспе́чваць; напаўня́ць;

a mind well sto red with facts галава́, по́ўная фа́ктаў;

His mind is well stored with knowledge. Ён шмат ведае;

Don’t store your head with trivial things. Не забівай галаву дробязямі.

4. змяшча́ць, умяшча́ць;

How much food can this little cupboard store? Як многа прадуктаў улезе ў гэты буфецік?

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)