ГАРА́НТЫІ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ,

матэрыяльныя і прававыя сродкі, якія забяспечваюць рэалізацыю сац.-эканам. правоў членаў грамадства — права на працу, адпачынак, жыллё, адукацыю, мед. дапамогу, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. Матэрыяльнай асновай большасці відаў гарантый сацыяльных з’яўляюцца сац. фонды дзяржавы і прадпрыемстваў — частка нац. даходу, што накіроўваецца на сац. забеспячэнне і на задавальненне на бясплатнай ці льготнай аснове патрэб членаў грамадства ў адукацыі, ахове здароўя і інш. Мэтавыя выплаты з сац. фондаў (пенсіі, дапамогі і інш.) спрыяюць змяншэнню розніцы ў даходах сем’яў, якія ўзнікаюць у выніку іх рознага памеру і складу. Размеркаванне бясплатных ці льготных жыццёвых даброт з сац. фондаў зыходзіць з прынцыпу сапраўднай патрэбы членаў грамадства ў гэтых дабротах і накіравана на забеспячэнне сацыяльна гарантаванага ўзроўню задавальнення такіх патрэб. У сацыяліст. краінах з нацыяналізаванай уласнасцю і планавай гаспадаркай, у т. л. ў Беларусі, у 1950—80-х г. былі дасягнуты поспехі ў рэалізацыі гарантый сацыяльных, у прыватнасці ў сферы клопатаў аб састарэлых, мацярынстве і дзяцінстве. Разбурэнне планавай гаспадаркі і рух да свабоднай рыначнай эканомікі рэзка аслабілі дзейнасць гарантый сацыяльных, іх уплыў на жыццёвае становішча асн. часткі насельніцтва. Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны гарантыі сацыяльныя: на ахову здароўя, сац. забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, страты працаздольнасці, страты карміцеля і інш.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ЦЭНТР БЕЛАРУ́СІ,

кропка на зямной паверхні з геагр. каардынатамі (B=53°31, 7; L=29°02, 8); нац. сімвал глабальнай прывязкі бел. дзяржавы да планеты Зямля. Размешчаны за 70 км на ПдУ ад Мінска, каля в. Антанова Навасёлкаўскага с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Вызначаны пад умовай i = 1 n S i 2 = min , дзе Si, — адлегласць паміж геаграфічным цэнтрам Беларусі і характэрнымі выгінамі вонкавай мяжы Беларусі. Замацаваны двайным геад. маналітам і аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі для пунктаў зыходнай геад. дзярж. апоры (абазначаны пірамідай, пад якой пастаўлена пліта з надпісам «Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь»). Каардынаты геаграфічнага цэнтру Беларусі і трох яго спадарожнікаў занесены ў Дзяржаўны геад. каталог у якасці пунктаў дзярж. геад. сеткі. Пошукавыя работы выкананы ў 1996 82-й экспедыцыяй аб’яднання Белгеадэзія сумесна з фірмай «Аэрагеакарт» па спец. праграме з выкарыстаннем картаў маштабу 1:200 000 і штучных спадарожнікаў Зямлі. Мяркуецца яго практычнае выкарыстанне ў якасці ўласна беларускай зыходнай астранома-геад. даты са сваёй арыентацыяй на целе геоіда і рэферэнц-эліпсоіда, прыбліжанага да фіз. паверхні Беларусі. У выніку змяншаецца скажэнне ліній і плошчаў пры праектаванні іх на паверхню адноснасці і стварэнні картаў інж. прызначэння.

А.​А.​Саламонаў.

Група вучоных — вызначальнікаў геаграфічнага цэнтра Беларусі.
Фрагмент карты маштабу 1:200 000 з пазначэннем геаграфічнага цэнтра Беларусі.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),

адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл. Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл. Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1937.

Прынята 19.2.1937 Надзвычайным XII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 11 глаў, 122 артыкулаў. Поўнасцю адпавядала Канстытуцыі СССР 1936. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, у якой уся ўлада належала Саветам дэпутатаў працоўных, што складалі паліт. аснову рэспублікі. Эканам. асновай з’яўлялася сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на сродкі вытв-сці ў 2 формах: дзярж. і кааператыўна-калгаснай. Праца вызначалася як абавязак кожнага працаздольнага грамадзяніна па прынцыпе «ад кожнага — па яго здольнасці, кожнаму — па яго працы». Канстытуцыя канстатавала добраахвотнае аб’яднанне БССР на роўных правах з інш. саюзнымі рэспублікамі, суверэнітэт БССР з улікам норм Канстытуцыі СССР. Кожны грамадзянін БССР з’яўляўся грамадзянінам СССР, законы якога былі абавязковымі на тэр. Беларусі. Замацоўваліся асн. правы і свабоды грамадзян: права на працу, адпачынак, адукацыю, свабоду слова, друку, сходаў, мітынгаў; устанаўліваліся абавязкі грамадзян: выконваць законы, захоўваць дысцыпліну, прытрымлівацца правіл сацыяліст. жыцця, берагчы сацыяліст. ўласнасць, абараняць айчыну. Вышэйшым органам дзярж. ўлады быў Вярх. Савет БССР, а ў перыяд паміж сесіямі — яго Прэзідыум. Вярх. Савет ствараў урад — Савет Нар. Камісараў. Органы ўлады фарміраваліся праз выбары. Канстытуцыя рэгламентавала дзейнасць суда і пракуратуры. Зацвярджаліся дзярж. сімвалы, сталіца БССРг. Мінск. Пасля Вял. Айч. вайны ў Канстытуцыю ўнесены шэраг змен і дапаўненняў, замацаваны правы рэспублікі ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі і інш.

Т.​І.​Доўнар.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ПРА́ВА публічнае,

сукупнасць юрыд. норм і прынцыпаў, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі і паліт. ўтварэннямі дзярж.-прававога характару. Гал. суб’ектамі М.п. з’яўляюцца дзяржавы. М.п. як асобая сістэма прававых норм не ўваходзіць у якую-н. нац. сістэму права і не ўключае ў сябе нормы нац. права. Аднак пачынаючы з 1920-х г. шэраг дзяржаў абвясцілі прамое дзеянне агульнапрызнаных норм М.п. на іх тэрыторыі і прыярытэт такіх норм над нац. заканадаўствам. У іншых краінах нормы М.п. ўключаюцца апасродкавана. Крыніцамі М.п. з’яўляюцца міжнар. дагаворы і міжнар.-прававыя звычаі, дапаможнымі крыніцамі — акты міжнар. арг-цый, рашэнні міжнар. судовых і арбітражных органаў, міжнар.-прававая дактрына.

Асн. прынцыпы М.п. замацаваны ў Статуце ААН. 25-я сесія Ген. Асамблеі АА́Н (1970) прыняла Дэкларацыю аб прынцыпах М.п. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 8) прызнала прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў М.п. і абвясціла, што адпаведнасць нац. заканадаўства нормам М.п. будзе забяспечана. Выкананне М.п. яго суб’ектамі забяспечваецца індывідуальным або калектыўным прымусам з боку ўсяго міжнар. супольніцтва, межы і формы якога вызначаюцца ў працэсе сумеснай нарматворчасці. Нормы М.п. рэгулююць адносіны дзяржаў ва ўмовах і ў сферы як супрацоўніцтва, так і барацьбы. Да гэтай галіны адносін належаць нормы і прынцыпы, якія рэгулююць парадак вырашэння спрэчак, паводзіны дзяржаў у час узбр. канфліктаў, і ўстанаўліваюць формы і віды адказнасці за правапарушэнні, і да т.п. Гл. таксама Міжнароднае прыватнае права.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ СУД ААН,

галоўны судовы орган ААН, адзін з 6 асн. органаў гэтай арг-цыі. Засн. ў 1945. Статут суда, які падпісаны 26.6.1945 і набыў сілу 24.10.1945, з’яўляецца неад’емнай часткай Статута ААН. Дзяржавы — чл. ААН аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі Статута М.с. ААН. Вырашае спрэчкі, перададзеныя яму дзяржавамі ў адпаведнасці з нормамі міжнар. права; дае кансультатыўныя заключэнні па прававых пытаннях пры запыце спецыяльна на гэта ўпаўнаважаных міжнар. органаў: Ген. Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН або з дазволу Ген. Асамблеі ААН інш. органаў і ўстаноў ААН. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія выбіраюцца на 9 гадоў Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі АА́Н. Склад суда абнаўляецца на трэць кожныя 3 гады. Кандыдаты ў суддзі вылучаюцца нац. групамі Пастаяннай палаты Трацейскага суда. Сярод членаў М.с. не павінна быць 2 грамадзян з адной дзяржавы. Суддзі дзейнічаюць незалежна ад сваіх урадаў. Правілы разгляду спраў замацаваны ў Рэгламенце суда 1978. Бакамі ў суд. працэсах могуць быць толькі дзяржавы, што далі згоду на разгляд пэўнай справы. Бакі маюць права зрабіць заяву аб прызнанні імі юрысдыкцыі М.с. абавязковай па пэўных катэгорыях спраў або абумовіць выключэнне з кампетэнцыі суда некаторых прававых пытанняў. Працэдура суд. працэсу складаецца з 2 частак: пісьмовай, у якой удзельнікі прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, і вуснай, дзе ў публічным пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаў, адвакаты, сведкі. Рашэнне суда, вынесенае большасцю галасоў суддзяў у закрытым пасяджэнні, з’яўляецца абавязковым для бакоў. Месцазнаходжанне суда — Гаага (Нідэрланды).

Г.​М.​Івановіч.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СЦЕ,

форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.

На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВА́Я ТУРБІ́НА,

цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.

Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед. вынаходнік К.Г.​П.​Лаваль (1889).

На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.

Схема паравой турбіны: 1 — паравы кацёл, 2 — параперагравальнік; 3 — турбіна высокага ціску; 4 — турбіна нізкага ціску; 5 — кандэнсатар; 6 — эканамайзер.

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІДЭ́НТ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

найвышэйшая службовая асоба ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік бел. дзяржавы. Пасада ўведзена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994. Статус Прэзідэнта ўстаноўлены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Прэзідэнт з’яўляецца гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, увасабляе адзінства народа, ажыццяўляе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе дзяржаву ў зносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узбр. Сіламі дзяржавы. Асобе Прэзідэнта нададзена прававая недатыкальнасць, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прэзідэнт выбіраецца на 5 гадоў на аснове ўсеаг. выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа займаць гэту пасаду не больш як 2 тэрміны. Парадак вылучэння кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта і яго выбараў рэгламентуецца Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам. Кампетэнцыя Прэзідэнта, яго паўнамоцтвы і абавязкі замацаваны ў арт. 84—86 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЫ,

княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)