счапі́цца, счаплю́ся, счэ́пішся, счэ́піцца; зак.

1. чым і без дап. Змацавацца, злучыцца пры зачэпліванні, прычэпліванні. Шасцярні счапіліся. // Выпадкова зачапіцца адзін за аднаго. Лапы елак счапіліся адна з адною. // Разм. Злучыцца, сплёўшыся (пра рукі, пальцы). Пальцы счапіліся — не разнімеш.

2. перан. Злучыцца ў адно цэлае, увайсці ва ўзаемасувязь.

3. Разм. Схапіцца ў бойцы. [Андрэй] счапіўся з .. [наглядчыкамі] і біў іх рукамі і нагамі, раскідваў, як мядзведзь. Машара. // Пачаць сварыцца, лаяцца з кім‑н. [Картыжова] тут усе любяць. І таварыскі, і харошы. І робіць добра, і настырны, не пабаіцца нават з начальствам счапіцца. Чыгрынаў. Аўтобус яшчэ стаяў ля ганка, і з яго даляталі два моцныя галасы: шафёр і кантралёр счапіліся ў сварцы... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Падножка, ступенька, па якіх падымаюцца ўверх або спускаюцца ўніз. Прыступка трамвая. □ Борзда падняўшыся па прыступках ганка, .. [Веньямін] зайшоў у калідорчык і пастукаў у першыя дзверы. Навуменка. Гэты нізенькі ў дзве прыступкі ганак быў улюбёным месцам адпачынку для ўсіх жыхароў нашай кватэры. Ракітны. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абцёртымі прыступкамі .. [Вера] ўзабралася на мансарду. Асіпенка.

2. перан. Разм. Асобны этап у развіцці чаго‑н., у якой‑н. справе. Вызваленне беларускага народа з царскіх і панскіх ярэм — яшчэ адна прыступка ў будыніне канчатковай свабоды чалавецтва. Лужанін. Але ні да чаго так не ляжала яго сэрца, як да працы журналіста. Ён зведаў усе прыступкі гэтай складанай справы — ад пасыльнага да рэдактара. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.

1. Схіліць, нагнуць трохі ўніз, да зямлі. Прыхіліць галіну.

2. Шчыльна наблізіць да чаго‑н., абаперці аб што‑н. Маечка паслухмяна прыхіліла галоўку да дзяўчыны. Краўчанка. — Стамілася я з гэтым канём, — сказала Твораж і прыхіліла веласіпед да спінкі рабрыстай лавачкі. Савіцкі.

3. Прытуліць, прыціснуць каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. У незвычайнай усхваляванасці Марына Мікалаеўна прыхіліла да сябе Сяргейку. Кавалёў. Ля ганка, непадалёку ад грушы, ляжала маці на сырой зямлі. Адна рука была падкручана, другой яна прыхіліла і моцна прыціскала да сябе, нібы абараняючы ад каго, Міколкаву сястрычку. Лынькоў. // перан. Даць прытулак каму‑н. Добрая рэч гэты Дом селяніна, і не аднаго толькі Сцёпку прыхіліў ён. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

zajechać

зак. заехаць; прыехаць; пад’ехаць;

zajechać za róg — заехаць за рог (вугал);

zajechać po kogo — заехаць па каго;

zajechać do miasta — прыехаць у горад;

zajechać przed dom (ganek) — пад’ехаць да дома (ганка);

zajechać drogę — едучы, загарадзіць дарогу;

zajechać czyje posiadłości уст. напасці на чые ўладанні;

2. разм. заехаць

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

збе́гчы, збягу, збяжыш, збяжыць; збяжым, збежыце, збягуць; заг. збяжы; зак.

1. Бягом спусціцца ўніз. Збегчы ўніз па лесвіцы. □ Сёмка збег з ганка, узлез на воз і пагнаў каня. Гартны. [Дзяўчына] азірнулася яшчэ раз і збегла з кручы да вады. Краўчанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцячы (пра вадкасці). Збегла ў нізіны з пагоркаў разводдзе. Танк. // перан. Знікнуць, прапасці (пра ўсмешку, чырвань і пад.). У Зеленюка збегла з твару ўсмешка, і тонкія вусны яго задрыжалі. Зарэцкі. Дрымота [у Мані] збегла адразу. Чорны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако збегла. □ [Ларыса] вярнулася ў хату паглядзець, каб не збегла што ў печы, адставіла гаршкі далей ад агню. Пальчэўскі.

4. Знікнуць тайком; уцячы. Збегчы з палону. Збегчы з турмы. □ Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дуга́, і́, ДМ ‑дузе́; мн. ду́гі (з ліч. 2, 3, 4 дугі́), дуг; ж.

1. Частка конскай збруі з сагнутага тонкага ствала дрэва, якая служыць для прымацавання аглобляў да хамута. Хутка Гнеды стаяў у аглоблях, пад жоўтаю кантоваю дугою. Гартны. Аднаго дня брычка са званочкам пад дугою пад’ехала да ганка пана Казіміра. Пестрак.

2. Частка акружнасці або круглаватай крывой лініі. Апісаць дугу. // у знач. прысл. дуго́й. У форме дугі, выгнутай лініі. Бровы дугой. □ Лес абгінаў сяло дугой. Шамякін.

3. Разм. Прыёмнік току на трамвайных вагонах. Ад слупа да слупа нацягнуты трасы, а да іх падвешаны правады, з якіх тралейбусныя штангі і трамвайныя дугі здымаюць ток. Жычка.

•••

Электрычная дуга; вольтава дуга — дугавы разрад паміж вугальнымі або металічнымі блізка размешчанымі электродамі.

Сагнуцца ў дугу гл. сагнуцца.

Сагнуць у дугу гл. сагнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. што. Коцячы, наблізіць. Жучка падкаціла бліжэй да сябе ўсе бульбіны, легла каля іх і цікуе... Каліна. // Закаціць куды‑н., пад што‑н. Падкаціць бочку к пограбу.

2. што. Падвезці што‑н. да чаго‑н., устаноўленае на колах, палазах і пад. Падкаціць да самалёта трап. □ Да століка падкаціла цялежку Турава. Савіцкі. // каго. Разм. З шыкам падвезці каго‑н. да чаго‑н. Ячны хацеў падкаціць мяне да самага парога, але я адпрасіўся, пайшоў пехатой. Брыль.

3. да каго-чаго і без дап. Хутка пад’ехаць. Брычка лёгка падкаціла да чырвонай драўлянай будыніны. Асіпенка. Мы не паспелі яшчэ як след апрануцца, калі да ганка стралой падкаціла двое нартаў. Бяганская.

4. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У грудзі падкаціла трывога, ці не чакае такі лёс усё маё пісанне наогул. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Капаючы, адкрыць, дастаць з-пад чаго‑н.; вызваліць засыпанае, заваленае чым‑н. Пакуль адкапалі ракету, давялося папацець. Бурмакоў вырашыў перавезці яе куды-небудзь па імшару, каб часам буран не засыпаў зноў. Шыцік. Мішурын перавязаў сваю руку вышэй локця і пачаў гаўкаць на слых, адкуль стогне чалавек. Здаровай рукой ён яго неўзабаве адкапаў з-пад цэглы. Чорны. // Выкапаць. Гэты клён Той вясной я знайшоў у гаі, Адкапаў там ашчадна, Прынёс. Броўка.

2. Адкідаць што‑н. ад (з) чаго‑н. Адкапаць снег ад ганка.

3. Разм. Выканаўшы сваю норму, кончыць капаць, капацца. Траншэю.. [Пшанічны] вырашыў не капаць, хай гэта робіць Глечык, а ён ужо адкапаў сваё. Быкаў. // Зрабіцца непрыгодным для капання, знасіцца ад доўгага ўжывання. Гэта лапата сваё адкапала.

4. перан. Разм. Адшукаць, знайсці, здабыць што‑н. забытае, малавядомае і пад. Рыгор цяпер выконваў абавязкі загадчыка і выпадкова адкапаў артыкул у «бяздоннай папцы». Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; сышо́ў, -шла́, -ло́; сыдзі́; зак.

1. з чаго. Ідучы, пакінуць сваё месца, спусціцца.

С. з ганка. С. з лесвіцы.

2. з чаго. Адысці з месца, пакінуць месца, пераходзячы на іншае.

С. з дарогі на тратуар.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), з чаго. Выйсці з вытворчасці, быць вырабленым.

З канвеера сышоў тысячны трактар.

4. Пайсці куды-н.; пакінуць месца жыхарства, работы.

С. ў краму.

С. з дому.

С. на заработкі.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), з каго-чаго. Знікнуць з паверхні чаго-н.

З твару сышлі болькі.

Снег сышоў з узгоркаў.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно.

Спектакль сышоў са сцэны тэатра.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Закончыцца, скончыцца, прайсці.

Сышлі тыя цяжкія часы.

Тэрмін прыёму заявак сышоў.

8. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра справу, здарэнне і пад.: закончыцца, завяршыцца добра, шчасліва (разм.).

У сямейным жыцці ўсё сышло добра.

9. за каго-што. Быць прынятым, прызнаным за каго-, што-н.

С. за сястру.

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра газ, пару, ваду і пад.: выйсці, выліцца, выцечы.

Мутная вада сышла з крана.

Дым сышоў з пакоя.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці ў магілу (высок.) — памерці.

|| незак. схо́дзіць і сыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. сход, -у, М -дзе, м. (да 1—3 і 5 знач.) і сыхо́джанне, -я, н. (да 1—4, 10 і 11 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разлі́ць, разалью, разальеш, разалье; разальём, разальяце і разлію, разліеш, разліе; разліём, разліяце; пр. разліў, ‑ліпа, ‑ло; заг. разлі; зак., што.

1. Выліць часткова або поўнасцю; расплюхаць. Разліць малако. □ Мама несла ваду на каромысле, а .. [козлік] гэта ззаду падкраўся ды знячэўку як стукне ёй пад калені — ажно прысела і ваду разліла. Брыль. Карткі раздаваліся на выпускным вечары. Былі тосты. Нехта разліў віно на яе фатакартачку. Савіцкі.

2. Пераліць якую‑н. вадкасць з адной пасудзіны ў некалькі іншых. Мы чакалі, пакуль Эдзік адкаркуе бутэльку віна, разалье яго ў шклянкі, якія мы трымалі ў руках. Гаўрылкін.

3. безас. Прымусіць выйсці з берагоў. За Вынісцамі рэчку разліло вельмі шырока, уся .. грэбля была пад вадой. Скрыган.

4. перан. Распаўсюдзіць ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго‑н., у межах чаго‑н. Галя сядзіць на прыступцы ганка. Сонца ўжо разліло на зямлі ранішняе, яшчэ халаднаватае святло. Сабаленка. Па-над вуліцай калгаснаю пах таполі разлілі. Машара.

•••

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)