ГАЛІ́ЦЫН Аляксандр Міхайлавіч (29.11.1718, г. Турку, Фінляндыя — 19.10.1783),

расійскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1769), граф. Ваен. падрыхтоўку атрымаў у аўстр. арміі прынца Яўгенія Савойскага. З 1740 на дыпламат. службе ў Стамбуле, потым пасол у Саксоніі. Прымаў удзел у Сямігадовай вайне 1756—63, камандаваў левым крылом рус. арміі ў Кунерсдорфскай бітве (1759). З 1761 узначальваў войскі ў Ліфляндыі. З пач. рус.-тур. вайны 1768—74 галоўнакамандуючы 1-й арміяй. У 1768 разбіў пад Хоцінам 40-тысячную тур. армію Караман-пашы, але з-за адсутнасці асадных гармат не асмеліўся на штурм крэпасці, за што быў адкліканы ў Пецярбург. Да здачы камандавання нанёс паражэнне тур. войскам Малдаван-пашы і авалодаў Хоцінам і Ясамі. З 1769 губернатар Пецярбурга, сенатар.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ (Lee) Роберт Эдуард (19 1.1807, Стратфард, штат Віргінія, ЗША — 12.10.1870),

ваенны дзеяч ЗША. Генерал-маёр (1861). Скончыў ваен. акадэмію ва Уэст-Пойнце (1829), у 1852—55 узначальваў яе. Удзельнік амер.-мекс. вайны 1846—48. З 1855 камандзір коннага палка ў штаце Тэхас. У 1859 кіраваў задушэннем паўстання Дж.Браўна У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 камандаваў узбр. сіламі штата Віргінія, потым галоўнакамандуючы арміяй паўд. (канфедэратыўных) штатаў. Атрымаў шэраг перамог, паказаў сябе таленавітым арганізатарам і палкаводцам, але ў 1863 страціў ваен. ініцыятыву, капітуляваў у 1865. З кастр. 1865 прэзідэнт каледжа імя Дж.​Вашынгтона ў г. Лексінгтан. Маёнтак Л. ў Арлінгтане (каля г. Вашынгтон) ператвораны ў нац. брацкія могілкі.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’ХІ́ГІНС (O’Higgins) Бернарда (20.8.1778, г. Чыльян, Чылі — 24.10.1842),

адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, дзярж. і ваен. дзеяч Чылі. Атрымаў адукацыю ў Перу, Вялікабрытаніі і Іспаніі. Чл. тайнай масонскай ложы «Лаўтара», якая стаяла за незалежнасць Ісп. Амерыкі. Дэпутат Нац. кангрэса (1811), чл. урадавай хунты (1811—13) Чылі. У 1813—14 галоўнакамандуючы чылійскімі войскамі. У кастр. 1814 далучыўся да аргенцінскіх войск на чале з Х.Сан-Марцінам. Сумесна з ім разбіў іспанцаў пры Чакабука (12.2.1817). Вярх. правіцель Чылі ў 1817—23. Падпісаў 18.2.1818 дэкларацыю пра незалежнасць Чылі. Ажыццявіў шэраг ліберальных рэформ, чым выклікаў незадаволенасць клерыкальных і кансерватыўных колаў краіны. У 1823 падаў у адстаўку і эмігрыраваў у Перу.

Літ.:

Разуваев В.В. Бернардо О’Хиггинс (грани личности) // Латин. Америка. 1986. № 10.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЦЭ́ЦІС Іаакім Іаакімавіч (23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),

савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр. рэвалюцыі перайшоў на бок сав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.—вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен. навук. прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РТУР (MacArthur) Дуглас (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),

амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТГО́МЕРЫ Аламейнскі

(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),

брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЬЧА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1927.

Пачалося 1 жн. ў г. Наньчан з паўстання салдат Нац.-рэв. арміі (каля 20 тыс. чал.), якія абвясцілі сябе кіт. Чырв. арміяй (галоўнакамандуючы Хэ Лун). Быў створаны Рэв. к-т Гаміньдана, у які фактычна ўвайшлі адны камуністы (Чжоў Эньлай, Чжан Гатао, Лінь Бяо і інш.). Паўстанцы раззброілі гаміньданаўскі гарнізон Наньчана і накіраваліся на Пд Кітая, дзе меркавалі стварыць рэв. базу ў Гуанчжоў пад лозунгамі радыкальнай агр. рэвалюцыі. Не здолеўшы знайсці падтрымку ў сялянства, паўстанцы ў канцы вер. 1927 былі разбіты каля г. Шаньтоў. Невял. іх група на чале з Чжу Дэ прабілася да пач. 1928 у прав. Хунань, дзе на яе аснове быў створаны 4-ы корпус кіт. Чырв. арміі. Дзень Н.п. адзначаецца ў Кіт. Нар. Рэспубліцы як Дзень Арміі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЫКАМЫ́ШСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914—15,

баявыя дзеянні паміж рас. і тур. войскамі ў раёне г. Сарыкамыш (Турцыя) 22.12.1914—18.1.1915 у час 1-й сусв. вайны. Тур. 3-я армія (камандуючы ваен. міністр Энвер-паша; 87 батальёнаў пяхоты, 22 сотні кавалерыі і 226 гармат) планавала разграміць рас. войскі і захапіць г. Карс. Рас. Каўказская армія (галоўнакамандуючы І.​І.​Варанцоў-Дашкаў, фактычна камандаваў яго пам. ген. А.​З.​Мышлаеўскі; 72 батальёны пяхоты, 43 сотні кавалерыі і 172 гарматы) імкнуліся ўтрымаць занятыя пазіцыі. Тур. армія дзейнічала разрознена і мела толькі часовы поспех. Рас. войскі, адбіўшы 29.12.1914 усе атакі праціўніка, перайшлі ў контрнаступленне і 2.1.1915 занялі Бардус, узялі ў палон 9-ы тур. корпус разам з яго штабам і камандзірам. Да 17—19.1.1915 рэшткі тур. арміі былі адкінуты на зыходныя пазіцыі.

т. 14, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРКО́ТКІН Сямён Канстанцінавіч (13.2.1917, в. Запрудная Раменскага р-на Маскоўскай вобл., Расія — 16.9.1990),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1981). У Сав. Арміі з 1937. Скончыў Арлоўскае бранятанк. (1939) і Ваенна-паліт. (1941) вучылішчы, Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войск (1951) і Генштаба (1958). У Вял. Айч. вайну ў 7-й асобнай арміі, на Варонежскім і 1-м Укр. франтах, з ліст. 1944 камандаваў танк. брыгадай. Пасля вайны — у войсках на камандных пасадах. Са жн. 1966 1-ы нам. галоўнакамандуючага Групай сав. войск у Германіі, з крас. 1968 каманд. войскамі Закаўк. ваен. акругі, з верас. 1971 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З ліп. 1972 нам. міністра абароны — нач. Тылу Узбр. сіл СССР. З 1988 у Групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР.

т. 18, кн. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБО́ЎСКІ Іван Ігнатавіч (7.1.1912, в. Зайцава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 30.11.1976),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1967). Двойчы Герой Сав. Саюза (студз., вер. 1944), герой Чэхаславакіі (1970). Скончыў Аб’яднаную Бел. ваен. школу імя ЦВК БССР (1934), Ленінградскія бранятанк. курсы ўдасканалення каманднага саставу (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1943). У Чырв. Арміі з 1932. З 1934 на камандных пасадах у войску, быў выкладчыкам у Пухавіцкім пях. вучылішчы, камандзірам вучэбнага батальёна. Удзельнік паходу Чырв. Арміі восенню 1939 у Зах. Беларусь і Зах. Украіну, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Бранскім, Цэнтр., Варонежскім і 1-м Укр. франтах: камандзір танк. батальёна, палка, брыгады, нам. камандзіра танк. корпуса. Удзельнік абарончых баёў пад Мінскам, Магілёвам, Тулай, Харкавам, Варонежам, Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Польшчы, Львоўска-Сандамірскай, Сандамірска-Сілезскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай і Пражскай аперацый. Танк. брыгада на чале з палк. Я. вызначылася ў вер. 1943 пры фарсіраванні р. Дняпро каля с. Вял. Букрын, пры вызваленні Кіева і Фастава; у ліп. 1944 ён умела кіраваў перадавымі часцямі танк. корпуса пры фарсіраванні р. Вісла, захопе, утрыманні і пашырэнні Сандамірскага плацдарма. Пасля вайны Я. камандаваў танк. дывізіяй, бранятанк. і механіз. войскамі ў Ленінградскай і Прыкарпацкай ваен. акругах і танк. арміяй. З 1957 1-ы нам. і Галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі, з 1965 камандуючы войскамі Кіеўскай ваен. акругі. З 1967 1-ы нам. міністра абароны СССР і Галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзбр. сіламі краін — удзельніц Варшаўскага дагавора. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1961—76. Аўтар кніг «Баявая садружнасць» (1971), «Зямля ў агні» (1975) і інш. У г. Горкі бюст Я., на будынку Аршанскага пед. вучылішча дзе ён у 1930—32 вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Літ.:

Герои Советского Союза — могилевчане. Мн., 1965;

Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975;

Первенцев А.А. Часовые стоят на посту. М., 1977;

Абрамов А.С. У Кремлевской стены. 5 изд. М., 1983.

І.І.Якубоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)