РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ СТО́ЙКАСЦЬ матэрыялаў і вырабаў, здольнасць матэрыялаў і вырабаў захоўваць свае ўласцівасці і параметры ў зададзеных межах у працэсе і пасля ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення (радыяцыі).
Змена ўласцівасцей матэрыялаў пры апрамяненні абумоўлена з’яўленнем дэфектаў у крышт. рашотцы (гл.Радыяцыйныя дэфекты), ядзернымі рэакцыямі, разрывам хім. сувязей і інш. Р.с. матэрыялаў залежыць ад тыпу хім. сувязі атамаў, іх структурнага ўпарадкавання, характарыстык іанізавальнага выпрамянення, якія вызначаюць назапашванне ўстойлівых радыяцыйных дэфектаў, ад т-ры матэрыялаў у працэсе апрамянення (павялічваецца з павышэннем т-ры з прычыны ўзрастання імавернасці анігіляцыі першасных радыяцыйных дэфектаў — міжвузельных атамаў і атамных вакансій). Р.с. вырабаў вызначаецца здольнасцю матэрыялаў, з якіх яны зроблены. процістаяць уздзеянню радыяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМАСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. semasia значэнне, сэнс + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае спосабы абазначэння паняццяў і тыпы змен іх назваў; выкарыстоўваецца і як сінонім семантыкі. Тэрмін «С.» ўжываецца ў гіст. і параўнальна-гістарычным мовазнаўстве, асабліва пры аналізе характару семантычных змен у сувязі з іх этымалагічнай трактоўкай, рэканструкцыяй першаснай, унутр. формы слова і ў выпадках семантычнага паралелізму стандартных шляхоў развіцця значэнняў слоў. Тэарэт. С. вызначае найб. агульныя заканамернасці, якія пашыраюцца на цэласнае семантычнае поле. Асобную галіну С. складаюць метафарычныя змены па падабенстве, метанімічныя — па сумежнасці, якія разам з гіпербалай і сінекдахай ствараюць семіятычны аспект С.
Літ.:
Звегинцев В.А. Семасиология. М., 1957;
Покровский М.М. Избранные работы по языкознанию. М., 1959;
Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́РЫКАЎ Аляксей Ільіч (1703 — ліст. 1748),
расійскі мараплавец. Капітан-камандор (1746). Скончыў Марскую акадэмію ў С.-Пецярбургу (1721). У 1722—24 выкладчык, з 1746 дырэктар гэтай акадэміі. У 1725—30 і ў 1733—43 памочнік В.Берынга ў 1-й і 2-й Камчацкіх экспедыцыях. У 1741 на судне «Св. Павел» здзейсніў плаванне да паўн.-зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, адкрыў шэраг астравоў з групы Алеуцкіх. У 1742 плаваў на пошукі судна «Св. Пётр», якім камандаваў Берынг, удакладніў месцазнаходжанне в-ва Ату. Удзельнічаў у складанні карты рас. адкрыццяў у Ціхім ак., дзе абагульнены вынікі дзейнасці экспедыцый (1746). Імем Ч. названы востраў і падводная гара ў зал. Аляска, мысы на а-вах Кюсю, Ату і інш.
Літ.:
Дивин В.А. Русские мореплаватели на Тихом океане в XVIII в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЮ́СКІН Сямён Іванавіч (каля 1700 — пасля 1760),
расійскі палярны даследчык. З дваран Калужскай губ. Вучыўся ў Маскоўскай школе матэм. і навігацыйных навук (1714—26), скончыў Марскую акадэмію ў С.-Пецярбургу (1728), з 1733 у складзе аднаго з атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі пад кіраўніцтвам В.В.Прончышчава, потым Х.П.Лапцева. Вясной 1741 прайшоў па сушы ад вусця р. Хатанга да вусця р. Пясіна і апісаў ч.зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр, зімой 1741—42 — з Туруханска да вусця Хатангі і апісаў усх. і зах. ўзбярэжжа Таймыра да паўн. пункта мацерыка. З 1743 служыў на Балт. флоце. У гонар Ч. названы мыс і паўвостраў на Таймыры і параход «Чэлюскін».
Літ.:
Троицкий В.А. Географические открытия В.В.Прончищева, Х.П.Лаптева и С.И.Челюскина на Таймыре // Летопись Севера. М., 1975. Т. 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ГІСТО́РЫІ ПА́РТЫІпры ЦККПБ, Гісторыка-палітычных даследаванняў інстытут (з кастр. 1990),
навукова-даследчая ўстанова ў структуры былой Кампартыі Беларусі ў 1929—91. Папярэднікам ін-та была камісія [Гістпарт пры ЦБКП(б)Б], створаная ў 1921 для збору, вывучэння і выдання дакументаў і матэрыялаў па гісторыі КП(б)Б і рэв. руху на Беларусі. У 1929 пераўтворана ў Ін-т гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦККП(б)Б. Меў аспірантуру. У 1937—38 многія навук. супрацоўнікі рэпрэсіраваны, ін-т ліквідаваны. У 1945 адноўлены. У пасляваен. гады ў структуру ін-та ўваходзілі сектары: гісторыі партыі; парт. будаўніцтва; перакладаў; падрыхтоўкі і выдання прац па гісторыі барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў; парт. архіў, навук.б-ка, Дом-музей I з’езда РСДРП. Пасля перабудовы ў 1990 меў аддзелы: гісторыі Кампартыі Беларусі і паліт. партый сацыяліст. арыентацыі; тэорыі грамадскага развіцця і сучаснай палітыкі партыі; рэдакцыйна-выдавецкі. Спецыялізаваны савет ін-та прымаў да абароны канд. і доктарскія дысертацыі па гіст. навуках. Пры ін-це працаваў Бел.рэсп. савет па каардынацыі распрацоўкі гісторыі КПСС і КПБ.
Асн. кірункі работы: гісторыя рэв. руху на Беларусі, роля ў ім бальшавіцкіх арг-цый, інш. партый, утварэнне КПБ і БССР, арганізатарская і ідэалаг. дзейнасць КПБ на розных этапах, грамадз. вайна і ваен. інтэрвенцыя на тэр. рэспублікі, нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, удзел бел. народа ў барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны. У розны час ін-т узначальвалі А.А.Сянкевіч, В.А.Сербента, П.В.Саевіч, І.А.Раманчук (в.а.), М.А.Ляўкоў, У.С.Пасэ, Я.Р.Пузыроў (в.а), І.С.Чымбург, Ф.А.Новікава, М.М.Мяшкоў, Н.В.Каменская, М.Ф.Капіч, І.М.Ігнаценка, Р.П.Платонаў. У 1991 ін-т перададзены ў падпарадкаванне Галоўархіва Рэспублікі Беларусь і пераўтвораны ў Бел.н.-д. цэнтр дакументазнаўства і рэтраінфармацыі (з 1994 бел.н.-д. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы, з 1996 Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы). Парт. архіў ін-та стаў асновай Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’Е́КТ (ад лац. objectum прадмет),
філасофская катэгорыя, якая ў аб’ектыўнай рэальнасці выражае тое, на што накіравана прадметна-практычная і пазнавальная дзейнасць суб’екта. Аб’ект не тоесны аб’ектыўнай рэальнасці, апошняя выступае для суб’екта як аб’ект не «ў чыстым выглядзе», а ў формах дзейнасці, мовы і ведаў, выпрацаваных гіст. развіццём грамадства. У найб. канцэнтраваным выглядзе гэта адлюстроўваюць існуючыя тэорыі пазнання, сярод якіх можна вылучыць: тыя, у якіх сцвярджаецца, што аб’ект, які пазнаецца, непасрэдна дадзены суб’екту і дзейнасць суб’екта заўсёды вядзе да адыходу ад аб’екта і не вызначаецца прыродай самога аб’екта (сузіральны матэрыялізм, сучасны рэалізм, пазітывізм, фенаменалогія), і тыя, дзе аб’ект ёсць канструкцыя суб’екта, «аб’ектывацыя» ўнутр. зместу суб’екта (кантыянства, неакантыянства, прагматызм).
Літ.:
Субъект и объект как философская проблема. Киев, 1979;
Лекторский В.А. Субъект, объект, познание. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ Іосіф Аляксандравіч (21.9.1903, в. Лошыца 1-я, цяпер у межах Мінска — 25.6.1966),
партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. і падп. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Маскоўскую прамысл. акадэмію (1941). З 1921 на гасп., сав. і парт. рабоце. З сак. 1941 сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну з 21.7.1941 да ліп. 1944 сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, у маі—чэрв. 1943 камандзір, у лют.—ліп. 1944 в.а. камандзіра Мінскага партыз. злучэння, удзельнічаў у стварэнні 63 падп.парт. арг-цый у Мінскай і Палескай абл., у баявых аперацыях партызанаў. З 1944 сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б, у 1948—58 старшыня Белсаўпрофа. Чл.ЦККПБ у 1952—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—51, 1955—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДЗІН Міхаіл Аляксандравіч (20.11.1916, в. Кляўнёва Іванаўскай вобл., Расія — 31.12.1993),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1976). Друкаваўся з 1934. У 1939—45 у арміі. Як паэт сфарміраваўся на фронце (зб-кі «Фляга», 1943, «Пераправа», 1945). Яго паэзія вострапубліцыстычная і аптымістычная, услаўляе чалавека і яго працу (зб-кі «Масты. Вершы з Еўропы», 1958, «Чацвёртая зона», 1960, «Да запатрабавання», 1963, «Дарога жыцця», 1967, «Час», 1969, «Полюс», 1979, і інш.). Аўтар аповесці «Дзе наша не прападала» (1965), кнігі пра л-ру «Поле прыцягнення. Проза пра паэзію» (1981). На бел. мову творы Д. перакладалі Р.Барадулін, С.Грахоўскі, П.Макаль, Ю.Свірка, М.Танк і інш.Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСТО́ЎСКІ Усевалад Уладзіміравіч (23.2.1840, с. М. Беразанка Ягацінскага р-на Кіеўскай вобл. — 30.1.1895),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, дзе зблізіўся з перадавой моладдзю 1860-х г., пазней перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі. У 1868—74 служыў афіцэрам у палку, раскватараваным у Гродзенскай губ. Друкаваўся з 1857. Сац.-крытычны пафас характэрны для рамана «Пецярбургскія трушчобы» (1864—67). У антынігілістычных раманах «Панургавы статак» (1869) і «Дзве сілы» (1874), аб’яднаных у дылогію «Крывавы пуф», з рэакц. пазіцый адлюстраваў рэв. рух 1860-х г., паўстанне 1863—64. Аўтар трылогіі «Цемра Егіпецкая» (1888—92). Шэраг апавяданняў і нарысаў прысвяціў Беларусі, яе прыродзе і нар. побыту («Белавежская пушча», «Базарны дзень у Свіслачы»).
Тв.:
Средний солдат // Русская военная проза XIX в. Л., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ШСКАЯ МО́ВА,
адна з балтыйскіх моў. Мова латышоў, дзярж. мова Латвіі. Мае 3 дыялекты: сярэднелатышскі (аснова літ. мовы), лівонскі, верхнелатышскі.
У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, 5 дыфтонгаў, складовая інтанацыя, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), зваротныя назоўнікі, 6 скланенняў, 7 склонаў, 5 ладоў дзеяслова, яго складаныя часавыя формы, скланенне дзеепрыслоўяў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, параўнальна вольны парадак слоў, канструкцыя «давальны самастойны».
Літ. мова склалася ў канцы 19 ст. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. гатычнага пісьма. У аснове сучаснай лат. графікі — лац. алфавіт (антыква) з дадатковымі дыякрытыкамі. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У яе літ. мове і гаворках ёсць беларусізмы [kaza (каза), kożuch (кажух) і інш.], адпаведна ў бел. мове — латышызмы («дылда», «мітусіць» і інш.).
Літ.:
Векслер Б.Х., Юрик В.А. Латышский язык. 6 изд. Рига, 1988.