ВЯ́ЧКА (Вячаслаў, лац. Vetske, ? — 1224),

князь Кукенойса (Кокнесе) — крэпасці на Зах. Дзвіне, васал полацкага князя. З 1206 прымаў удзел у паходзе полацкага кн. Уладзіміра супраць ням. рыцараў. У 1207 вымушаны падпарадкавацца рыжскаму епіскапу Альберту, але быў схоплены крыжакамі. У 1208 вызвалены з палону, зноў правіў Кукенойсам. Жыхары горада знішчылі атрад крыжакоў, уведзены ў Кукенойс паводле патрабавання епіскапа. Не дачакаўшыся дапамогі ад полацкага кн. Уладзіміра, спаліў замак і з дружынай перайшоў да наўгародцаў. У 1223 на чале атрада ўсходнеслав. войск (200 чал.) пасланы ў Юр’еў (сучасны г. Тарту), адкуль кіраваў большай часткай зямель эстаў. У 1224 ням. рыцары асадзілі Юр’еў. Вячка з атрадам адмовіўся пакінуць замак, разам з эстамі працягваў абараняцца, пакуль не загінуў.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Вячаслаў Кандратавіч) (18.9.1917, с. Ахлябініна, Башкортастан — 19.4.1992),

бел. літаратуразнавец-славіст, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). У 1964—75 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац. АН Беларусі. За публічныя эсхаталагічныя выступленні ў 1978 быў зняволены; у 1983 вярнуўся ў Мінск. Касмалагічныя заняткі (ідэі прышэльцаў з космасу), у якіх расчараваўся, прывялі З. да духоўна-хрысц. пошукаў. На Беларусі друкаваўся з 1966; пісаў на рус. мове. Ў 1969 пераклаў паэму І.​Гундуліча «Асман» і выдаў манаграфію «Паміж Львом і Драконам» — даследаванне-каментарый да гэтай паэмы ў кантэксце Дуброўніцкага культ. працэсу. Даследаваў перадумовы гуманізму ў бел. л-ры, творчасць Ф.​Скарыны.

Тв.:

Богомильское движение и общественная жизнь Северной Италии эпохи Дученто. Мн., 1967.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТЫ́ГІН (Вячаслаў Гаўрылавіч) (17.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 23.10.1925),

рускі муз. крытык, кампазітар, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1898). Ігры на фп. вучыўся ў маці, кампазіцыі ў М.​Сакалова. Адзін з арганізатараў (1901) гуртка «Вечары сучаснай музыкі». Як муз. крытык друкаваўся з 1906. З 1916 выкладаў у Петраградскай кансерваторыі, з 1919 праф. і правадз. член Ін-та гісторыі мастацтваў (Петраград). Даследчык творчасці А.​Скрабіна, М.​Мусаргскага, садзейнічаў прызнанню творчасці С.​Пракоф’ева, І.​Стравінскага, К.​Дэбюсі, М.​Равеля, А.​Шонберга і інш. Аўтар музыкі да многіх спектакляў т-ра В.​Ф.​Камісаржэўскай, камерна-вак, і інстр. твораў.

Літ. тв.: Избр. статьи. М.; Л., 1965.

Літ.:

В.Г. Каратыгин: Жизнь, деятельность: Статьи и материалы. Вып. 1. Л., 1927.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БАРАЎ (Вячаслаў Георгіевіч) (12.7.1931, в. Кочава Яранскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 5.7.1995),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1963). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Масква—Генуя» (1964), «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1969), «Паланез Агінскага» (1971), «Пагаворым, брат» (1979), «Круглянскі мост» (1989), «Пайсці і не вярнуцца» (1992), «Чорны бусел» (1993); тэлефільмаў «Крокі па зямлі» (1968), «Вялікае процістаянне» (1974), «Час-Не-Чакае» (1975), «Дзяржаўная граніца» (1—10 серыі, 1980—86). Аўтар жывапісных карцін «Харчатрад» (1966), «Рыбакі» (1984), «Прыйшоў салдат з фронту» (1989—92), пейзажаў «Вясна ў Жыровічах» (1972), «Прыпяць» (1980), «Вясна ў Вязынцы» (1992), «Лошыца. Сакавік» (1994) і інш.

В.Кубараў Рыбакі. 1984.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ВЕ (Вячаслаў Канстанцінавіч) (1846—28.7.1904),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Служыў у судовым ведамстве. З 1881 дырэктар дэпартамента паліцыі, у 1884—94 сенатар і таварыш міністра ўнутр. спраў, з 1894 дзярж. сакратар і гал. кіраўнік кадыфікацыйнай часткі пры Дзярж. савеце. З 1899 міністр, статс-сакратар па справах Фінляндыі. З 1902 міністр унутр. спраў і шэф жандараў. Праводзіў палітыку разлажэння рэв. руху знутры, задушэння рабочых і сял. выступленняў. Актыўны прыхільнік рус.-яп. вайны 1904—05. Забіты эсэрам Я.​С.​Сазонавым.

Літ.:

Памяти В.​К.​Плеве: Краткий биогр. очерк. СПб., 1904;

Михайловский Н.К. Воспоминания В.​К.​Плеве. Берлин, 1906;

Государственные деятели России XIX — начала XX в.: Биогр. справ. М., 1995.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́ЕЎ (Вячаслаў Міхайлавіч) (н. 3.8.1948, Масква),

рускі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1968). У 1968—88 саліст, у 1995—97 маст. кіраўнік балета Вял. т-ра. Адначасова з 1984 маст. кіраўнік харэагр. ансамбля «Маскоўскі балет» (з 1989 т-р «Рускі балет»). Гардзееву-танцоўшчыку найб. блізкія партыі лірыка-драм. плана: Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Сярод пастановак: «Шчаўкунок», «Міраж» на муз. В.​А.​Моцарта, «Мелодыя» на муз. А.​Дворжака, новая рэд. «Вальпургіевай ночы» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (1972), Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1973).

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ (Вячаслаў Іванавіч) (28.2.1866, Масква — 16.7.1949),

рускі паэт, літ. крытык. Адзін з тэарэтыкаў 2-га пакалення рус. сімвалістаў. З 1924 жыў у Італіі. Аўтар зб-каў вершаў «Стырнавыя зоркі» (1903), «Празрыстасць» (1904), «Па зорках» (1909), «Cor ardens» (ч. 1—2, 1911—12), «Пяшчотная тайна» (1912), паэт. цыклаў «Рымскія санеты» (1924—25), «Рымскі дзённік» (1944), кн. вершаў «Святло вячэрняе» (выд. 1962); літ.-філас. і гіст.-культ. твораў «Дыёніс і прадыёнісійства» (1923), «Перапіска з двух вуглоў» (з М.​Гершэнзонам, 1921) і інш. Перакладаў трагедыі Эсхіла.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Л., 1976;

Родное и вселенское. М., 1994;

Лик и личины России: Эстетика и лит. теория. М., 1995.

Літ.:

Иванова Л.В. Воспоминания: Книга об отце. М., 1992.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗНЯК (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 30.4.1940, Мінск),

бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967), выкладаў у ім у 1968—69. Сярод твораў вітражы: «Музы» для Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі (1976), «Помнікі старажытнага беларускага дойлідства» для Галоўпаштамта (1980), у вестыбюлі корпуса Мінскага лінгвістычнага ун-та (1982), чыг. вакзала (1983), вітраж з размалёўкай Дамавой царквы (1987, усе ў Мінску), «Нарачанскія матывы» для гасцініцы «Нарач» (1983), для Палаца піянераў у Брэсце (1990—91), санаторыя «Радон» Гродзенскай вобл. (1993—94). Выканаў Вянок Славы і дэкар. афармленне столі ў Зале цырыманіялаў плошчы Перамогі ў Мінску (1985). Творы П. вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнасцю колеравых і пластычных суадносін.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Позняк. Вітраж у будынку Галоўпаштамта ў Мінску. 1980.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЦІ́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (25.11.1920, в. Зялёны Востраў Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1995),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1950). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце. З кастр. 1941 чл. Наваград-Валынскай падп. арг-цыі, з чэрв. 1942 у 1-м Валынскім партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы. З мая 1943 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на Украіне і ў Брэсцкай вобл. 27.6.1944 атрад высаджаны дэсантам у Львоўскай вобл., здзейсніў рэйд у Польшчу, з вер. 1944 у Чэхаславакіі. Атрад, ператвораны ў Асобую партыз. брыгаду імя К.​Готвальда, удзельнічаў у Славацкім нац. паўстанні 1944. Ганаровы грамадзянін г. Наваград-Валынскі (Украіна) і Бардзеёў (Славакія). Аўтар кніг успамінаў «Фронт без тылу» (1971), «Партызанскія Татры» (1982).

В.А.Квіцінскі.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́БІЧ (Вячаслаў Францавіч) (н. 10.6.1936, в. Канюшаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Канд. эканам. н. (1990). Засл. машынабудаўнік Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1958), Мінскую ВПШ (1984). З 1978 ген. дырэктар Мінскага вытв. аб’яднання імя Кірава па выпуску працяжных і адразных станкоў. У 1980—85 2-і сакратар Мінскіх гаркома, абкома КПБ, заг. аддзела цяжкай прам-сці ЦК КПБ. У 1985—90 нам. старшыні СМ, старшыня Дзяржплана БССР. У 1990—94 Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 1994 прэзідэнт Бел. гандл.-фін. саюза. Нар. дэп. СССР у 1989—91, дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь з 1996. Чл. ЦК КПБ у 1986—91, чл. ЦК КПСС у 1990—91. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

В.Ф.Кебіч.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)