суперві́зар

(англ. supervisor, ад лац. super = зверху, над + visere = бачыць)

кіруючая праграма, прызначаная для арганізацыі шматпраграмнага рэжыму работы электронна-вылічальнай машыны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць сродкаў вылічальнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, прызначаная для рашэння пэўнага класа задач. Бывае адна- і многапрацэсарная (функцыі працэсара могуць выконваць асобныя вылічальныя машыны). Па прызначэнні вылічальныя сістэмы адрозніваюць спецыялізаваныя і універсальныя; па складзе працэсараў — аднародныя і неаднародныя; паводле тыпу сувязей — з інфармацыйна звязанымі працэсарамі, звязанымі толькі па кіраванні і з сувязямі абодвух тыпаў. Вылічальная сістэма ўключаецца непасрэдна ў контур збору інфармацыі, яе апрацоўкі і выдачы кіроўных уздзеянняў ці інфармацыі для прыняцця рашэнняў. Для сучасных вылічальных сістэм характэрны дыялогавы рэжым (зносіны гукаслыхавыя і зрокавыя); паралельная апрацоўка патокаў інфармацыі; праграмаванне на мовах высокага ўзроўню, блізкіх да натуральных; значны ўзровень штучнага інтэлекту і інш.

Да аднапрацэсарнай вылічальнай сістэмы адносіцца ЭВМ «Мінск-32» (гл. Вылічальная машына «Мінск»), якая забяспечвае выкананне адначасова да 4 рабочых праграм; да яе «павольнага» канала сувязі можна далучыць да 104 вонкавых прылад, да «хуткага» — да 32 накапляльнікаў інфармацыі на магн. барабанах, дысках, стужках і інш. Многапрацэсарная вылічальная сістэма мае не менш як 2 працэсары (або выліч. машыны): адзін з іх (асн.) выконвае вылічэнні, прадугледжаныя алгарытмам задачы, астатнія (дапаможныя) апрацоўваюць інфармацыю, не прадугледжаную асн. алгарытмам, выконваюць неасн. вылічэнні і інш. Аднародныя вылічальныя сістэмы характарызуюцца ідэнтычнасцю ўсіх працэсараў, напр., 3-машынная вылічальная сістэма «Мінск-222» (складаецца з машын «Мінск-2» і «Мінск-22»), вылічальная сістэма «Эльбрус» характарызуецца размеркаваным кіраваннем, агульнай памяццю і універсальнай сістэмай сувязей паміж працэсарамі. Найб. цяжкім рэжымам работы спецыялізаваных вылічальных сістэм з’яўляецца рэжым рэальнага часу, калі вылічэнні адбываюцца ў тэмпе, які забяспечвае пэўны вонкавы працэс, напр. у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, лятальнымі апаратамі, інш. трансп. сродкамі. Гл. таксама Электронная вылічальная машына, Вылічальны цэнтр.

Літ.:

Илюкович А.А., Свирид Г.П. Основы вычислительных систем. Мн., 1983.

М.​П.​Савік.

т. 4, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прагра́ма-дыспе́тчар

(ад праграма + дыспетчар)

план дзеянняў, якім прадугледжваецца арганізацыя функцыяніравання і кіравання сукупнасцю устройстваў электронна-вылічальнай машыны або сістэмы такіх машын.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хемітро́н

(ад хема- + -трон)

разнавіднасць электронна-прамянёвай трубкі, якая выкарыстоўваецца, напр., для візуальнага атрымання інфармацыі пры ўзаемадзеянні чалавека з электронна-вылічальнай машынай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІ ЭКАНАМІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Засн. ў 1933 у Мінску як Бел. ін-т нар. гаспадаркі на базе эканам. аддзялення БДУ. З 1992 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: менеджменту; міжнар. эканам. адносін і рэгіянальнага кіравання; фінансава-эканам.; уліку і статыстыкі; банкаўскай справы; улікова-эканам.; эканомікі і кіравання ў гандлі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1961, дактарантура з 1984. Мае 2 праблемныя лабараторыі, 2 даследчыя і 2 кансультацыйныя цэнтры, больш за 20 лабараторый вылічальнай тэхнікі; друкарню, музей гісторыі ун-та. У складзе ун-та вышэйшая школа кіравання і бізнесу; створана міжнар. маладзёжная арг-цыя па абмене студэнтамі і працамі «AIESEC» (айесэк). Выдае час. «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта».

Галоўны корпус Беларускага эканамічнага універсітэта.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЛІ́К ЗБУДАВА́ННЯЎ,

вызначэнне размеркавання прыкладзеных сіл, дэфармацый, перамяшчэнняў, што ўзнікаюць у элементах збудаванняў пры статычных, дынамічных, тэмпературных і інш. нагрузках.

Мэта Р.з. — забеспячэнне надзейнасці і даўгавечнасці збудавання ў адпаведнасці з умовамі трываласці, жорсткасці і ўстойлівасці найб. напружаных яго элементаў пры мінім. расходзе матэрыялаў, а таксама ацэнка параметраў гранічнага стану канструкцый. У залежнасці ад тыпу збудавання і віду нагрузкі для Р.з. выкарыстоўваюць розныя разліковыя схемы і метады разліку. Праводзіцца на аснове законаў будаўнічай механікі, супраціўлення матэрыялаў і тэорыі пругкасці. У разліках жалезабетонных збудаванняў, фундаментаў улічваюць і рэалагічныя ўласцівасці матэрыялаў (гл. Рэалогія). Збудаванні, што трапляюць пад уздзеянне выпадковых нагрузак (марскіх хваль, сейсмічных сіл), разлічваюць статыстычнымі метадамі. Для Р.з. выкарыстоўваюць лікавыя метады ў матэматыцы і сродкі вылічальнай тэхнікі. Гл. таксама Дынаміка збудаванняў.

М.​К.​Балыкін.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мультывібра́тар

(ад мульты- + вібратар)

генератар імпульсаў электрычных ваганняў, працягласць якіх звычайна роўная інтэрвалу паміж імі; выкарыстоўваецца ў аўтаматыцы, тэлебачанні, вылічальнай тэхніцы і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тві́стар

(англ. twistor, ад twist = паварочваць, выгінаць)

запамінальны элемент у аўтаматыцы і вылічальнай тэхніцы, адрэзак дроту з магнітнай паверхняй, намагнічванне якога праходзіць па вінтавой лініі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ай-бі-э́м

(англ. ІВМ, ад I(nternational) B(usiness) M(ashines) = Міжнародная тэхнічная карпарацыя]

1) буйная карпарацыя вылічальнай тэхнікі са штаб-кватэрай у ЗША;

2) камп’ютэр гэтай карпарацыі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

хематро́ніка

(ад хема- + -трон)

навукова-тэхнічны кірунак, што займаецца распрацоўкай і прымяненнем прыбораў і ўстройстваў аўтаматыкі, вымяральнай і вылічальнай тэхнікі, дзеянне якіх заснавана на электрахімічных працэсах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)