РЭЦЭСІ́ЎНАСЦЬ (ад лац. recessus адступленне, выдаленне),
адсутнасць фенатыпічнага праяўлення аднаго алеля і абумоўленай ім бацькоўскай прыкметы ў гетэразіготнай асобіны, якая мае 2 розныя алелі аднаго гена. Напр., пры скрыжаванні чырванаплодных памідораў з жаўтаплоднымі першае пакаленне звычайна мае чырв. плады (дамінантная прыкмета, гл. Дамінантнасць). У наст. пакаленнях магчыма праяўленне ў гомазіготнай асобіны, якая мае 2 аднолькавыя алелі аднаго гена, жоўтай афарбоўкі (рэцэсіўная прыкмета). Насычанасць прыродных папуляцый рэцэсіўнымі генамі мае вял. значэнне для выжывання віду пры змене ўмоў існавання.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКСІКО́З (ад грэч. toxikon яд),
паталагічны стан, які развіваецца ў выніку паступлення таксічных рэчываў у арганізм звонку (экзатаксікоз) ці ўтварэння ў ім таксінаў пры захворваннях (эндатаксікоз). Экзатаксікоз атаясамліваецца з атручэннем, эндатаксікоз — з аўтаінтаксікацыяй (напр., пры таксікозе цяжарнасці — ірвота, слінацячэнне, дэрматозы і інш.). Адрозніваюць вострыя і хранічныя Т. Вылучаюць формы: нейратаксікоз (першаснае пашкоджанне нерв. сістэмы) і Т. з эксікозам (абязводжваннем). Пры цяжкім Т. (напр., кішэчным) адбываюцца генералізаваныя расстройствы мікрацыркуляцыі, гіпаксія, ацыдоз і інш. Лячэнне: абясшкоджванне і выдаленне таксінаў і інш.
Т.М.Семяненя.
т. 15, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАСКАПІ́Я (ад гастра... + ...скапія),
метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).
т. 5, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУО́ЛЯ (франц. vacuole ад лац. vacuus пусты),
поласць у цытаплазме жывёльных і раслінных клетак, абмежаваная мембранай і запоўненая вадкасцю. У цытаплазме прасцейшых знаходзяцца стрававальныя вакуолі (маюць ферменты, якія раскладаюць рэчывы) і скарачальныя вакуолі (выконваюць функцыі асмарэгуляцыі і выдзялення). Для шматклетачных жывёл характэрны стрававальныя і аўтафагіруючыя вакуолі; яны ўваходзяць у групу другасных лізасом і маюць гідралітычныя ферменты. У раслін вакуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.
т. 3, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дэаэра́цыя
(ад дэ- + аэрацыя)
выдаленне з вадкасці раствораных у ёй газаў (кіслароду, вуглекіслаты і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эвакуа́цыя, ‑і, ж.
1. Арганізаваны вываз насельніцтва, устаноў, прамысловых аб’ектаў і пад. з небяспечных мясцовасцей, якім пагражаюць ваенныя дзеянні або стыхійнае няшчасце. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок, пакуль прызвычаіўся жыць без маткі. Кулакоўскі.
2. Спец. Выдаленне чаго‑н. адкуль‑н. Эвакуацыя солі з раствору. Эвакуацыя паветра з віскозы.
[Ад лац. evacuo — апаражняю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нефрэктамі́я
(ад гр. nephros = нырка + ektome = выразанне)
аперацыйнае выдаленне ныркі пры зваротных або прагрэсіруючых паталагічных працэсах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эпіля́цыя
(фр. epilation, ад лац. ex = з + pilus = волас)
выдаленне валасоў з лячэбнай або касметычнай мэтай.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЭГІДРАТА́ЦЫЯ (ад дэ... + гідратацыя),
адшчапленне вады ад малекул арган. або неарган. рэчываў; рэакцыя, адваротная гідратацыі.
Ажыццяўляецца тэрмічна ў прысутнасці каталізатараў ці пад уздзеяннем рэчываў, якія звязваюць ваду (напр., серная к-та, аксід фосфару P2O5). Адрозніваюць Д. ўнутры- і міжмалекулярную. У выніку ўнутрымалекулярнай Д. арган. злучэнняў утвараюцца кратныя сувязі (напр., сінтэз этылену з этылавага спірту) ці гетэрацыклы (рэакцыі цыкладэгідратацыі). Пры міжмалекулярнай Д. спіртоў утвараюцца простыя эфіры, сумесі спірту і к-ты — складаныя эфіры. Д. арган. і неарган. кіслот атрымліваюць ангідрыды. Да Д. адносіцца таксама абязводжванне — выдаленне крышталізацыйнай вады з крышталегідратаў і вады, адсарбіраванай рэчывам.
т. 6, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДАНТО́З [ад пара... + грэч. odus (odontos) зуб], амфадантоз, піярэя альвеалярная,
хранічная хвароба парадонту — тканак, якія акружаюць зуб (дзясна, альвеалярная косць, зубная звязка); дыстрафічны працэс з рассысаннем касцявой тканкі ямак альвеалярных адросткаў і запаленнем сківіц. Узнікае ад парушэння нерв. рэгуляцыі працэсаў абмену рэчываў у тканках парадонту часта пры гіпавітамінозах, недахопе мінер. солей, мікраэлементаў, недастатковым доглядзе ротавай поласці, адкладанні зубнога каменю, падагры, цукр. дыябеце. Прыкметы: прыпухласць, пачырваненне дзяснаў і адслаенне іх ад зубоў, крывацёк, хістанне і выпадзенне зубоў. У запушчанай стадыі — гінгівіт, утвараюцца кішэнепадобныя ўпадзіны з гноем. Лячэнне комплекснае: выдаленне зубнога каменю, агульнаўмацавальныя і процізапаленчыя сродкі, фізіятэрапія.
т. 12, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)