Пламе́та 1 ’вельмі многа’ (Жд. 2). Відаць, з планета (гл.) ’нябеснае цела’, як у польск. planeta (а ў X–VII стст. і planeta) — ’сонца і месяц’, з далейшым абагульненнем, — ’зорка, зоркі’, шматлікасць якіх на небе і вызначыла значэнне лексемы. Параўн. таксама рус. планида ’вялікая шматдзетная сям’я’.

Пламе́та 2 ’лёс, прадвызначэнне’ (ТС). Да планета (гл.). Значэнне ’лёс’ развілося з меркавання, што планеты ўгшываюць на жыццё і дзеянні людзей.

Пламе́та 3 ’хмара, хмарнасць’ (?): нейка така пламета набягае, што по усім дзерэўням дождж (ТС), укр. зах.-валын. планета ’вялікая навальнічная хмара’. Да планета (гл.). Параўн. польск. plametnik ’чорная хмара, якая пасоўваецца па небе’, дыял. planeta ’пералётная хмара’, planetnica ’белая хмара, якая праплывае па небе’. Паводле Гарачавай (Этимология–1994–1996, 28), не выключана развіццё значэнняў ’лёс’ — ’воблака’, паколькі ў старажытнасці маглі гадаць па форме воблакаў, прадказваць лёс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Wólke f -, -n во́блака, хма́ра;

die ~ zieht sich zusámmen хма́ра згушча́ецца;

der Hímmel ist ganz mit ~n bedéckt не́ба заця́гнута хма́рамі;

j-n in die ~n erhében* перан. ве́льмі [залі́шне] расхва́льваць каго́-н.;

in den ~n schwében луна́ць у абло́ках

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Імгла́ ’дробны дождж, імжа’, ’туман, смуга’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Яруш., Інстр. I), імла́ (Кліх., Сцяшк. МГ, Мат. Гродз.); параўн. зах.-бранск., смал. имгла́ ’тс’. Рус. мгла, укр. мла, імла́, польск. mgła, в.-луж., н.-луж. mła, палаб. ḿåglă, чэш. mlha, уст. і дыял. mhla, славац. hmla, славен. megla, серб.-харв. ма̀гла, балг. мъгла́, макед. магла, ст.-слав., ст.-рус. мьгла — усе са значэннем ’туман, смуга’. Прасл. *mьgla ўзыходзіць да і.-е. *meigh‑ ’станавіцца цёмным’ (параўн. міг) з фармантам ‑l‑ (гл. Мейе, Études, 418); параўн. генетычна роднасныя літ. miglà, лат. migla, грэч. ὀμίχλη, алб. mjégullë ’туман’, нідэрл. miggelen ’імжэць’, ст.-інд. mih‑ ’дождж’, mēghás ’воблака’, авест. maēγa‑ ’тс’, перс. mēγ‑ ’тс’, арм. mēg ’туман’, англа-сакс. mist ’тс’. Гл. Покарны, 1, 712; Праабражэнскі, 1, 518; Фасмер, 2, 587–588; Махэк₂, 368; Скок, 2, 353. Беларуская лексема з пратэтычным і‑; форма імла са спрашчэннем кансанантнай групы. Гл. імгліць, імжа 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

агнявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да агню. Агнявыя ўспышкі. □ Густое воблака дыму, апярэдзіўшы агнявую лавіну і цяжка пераплыўшы па прыгнутых калоссях, раптам накіравалася да лесу. Кулакоўскі. Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору. Колас.

2. Які мае колер агню; ярка-чырвоны. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней — усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад. Лынькоў. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны — Гэта хмаркі ладзяць сонцу І дзяньку кароны. Колас.

3. перан. Які выпраменьвае яркае святло; бліскучы. Свеціць ласкай з высі агнявое сонца, Хараства красою свет ўвесь адзяе... Гурло.

4. перан. Палымяны, гарачы, парывісты. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў.. [Лабановіча] шчасцем. Колас. У век наш крытыкі сур’ёзнай І самакрытык агнявых Мы падыходзім вельмі грозна Не да сябе, а да другіх. Купала. // Напоўнены напружанай барацьбой, бурнымі падзеямі. Паэт [Дудар] не можа без захаплення, без гордасці гаварыць аб «агнявой нашай эры». Ярош.

5. Звязаны з абстрэлам, стральбой. Яшчэ агнявы налёт артылерыі не скончыўся, як былі заўважаны танкі. Гурскі.

•••

Агнявая заслона гл. заслона.

Агнявая кропка гл. кропка.

Агнявая пазіцыя гл. пазіцыя (у 2 знач.).

Агнявы рубеж гл. рубеж.

Агнявыя сродкі гл. сродак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смуга́, ‑і, ДМ смузе, ж.

1. Лёгкая, падобная на дым атмасферная пялёнка, дымка, туман. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца. Колас. Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца. Чарнышэвіч. Ранішняя смуга памалу рассейваецца. С. Александровіч. Дарогі знікалі недзе за Мінскам у летняй смузе, недзе вельмі далёка. Мележ. // Непразрыстае воблака, пялёнка з пылу, дыму, снегу і пад. Залацістая пыльная смуга шугала ад саламатрэса. Паслядовіч. // Покрыва чаго‑н., сляды ад чаго‑н. Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы. Шахавец. На кожнай яблыні, на ліпе Смуга пажоўклая вісела. Бялевіч. Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу. Быкаў.

2. перан. Тое, што перашкаджае ясна бачыць, затуманьвае. Вочы.. [Марынкі] ахутваліся смугой, калі яна задумвалася і глядзела перад сабой. Хадкевіч. // Тое, што перашкаджае разумець што‑н. І страх у панскіх мыслях блудзіць, Смуга ў свядомасць забрыла. Колас. // Выраз, праяўленне на твары якога‑н. настрою. Смуга на твары, нібы скруха... Кусянкоў.

3. перан. У некаторых выразах выкарыстоўваецца для абазначэння няяснасці, няпэўнасці. У смузе гадоў. Скрозь смугу стагоддзяў. // Загадкавасць, тайна. Толькі час над сном маленства ўявіўся, Разагнаў рамантыкі смугу. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хма́ра, ‑ы, ж.

1. Вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, град, снег. Нізка звіслі над зямлёю Хмары снегавыя. Колас. — А вунь і хмара. — Усе пападымаліся на ногі, сталі глядзець у той бок, куды паказаў пальцам Пятро: сапраўды, з-за лесу ўставала чорная хмара. Капыловіч. Навісла хмара, грымнуў гром, і буйнымі кроплямі забарабаніў у вокны дождж. Чарнышэвіч. // чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і пад.). Кажуць, пасля вызвалення тут было голае месца, адны каміны стаялі ды вецер ганяў над пажарышчам хмары попелу. Шамякін. // каго-чаго. Пра вельмі вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Хмара камароў. Хмара варон. □ Іх [цягнікі] на кожным паўстанку, Бы ўраджайнае лета, Спатыкалі дзяўчаты І хмары касцоў. Танк. [Валодзя:] — На Мінск налягаюць хмары самалётаў, дамы ў агні, здаецца, нават брук гарыць. Васілеўская.

2. перан. Выкарыстоўваецца ў некаторых выразах для абазначэння змрочнага стану, заклапочанасці, смутку, тугі. Зноў адчыняліся дзверы, і паказваўся твар, заліты светам радасці ці, наадварот, зацягнуты цёмнай хмарай нездавальнення. Васілевіч. Цяжка жылося зараз Надзі.. На яе жыццё апала цяжкая чорная хмара. Машара.

•••

Хмара хмараю — а) незлічона многа, вялікая колькасць, многа-многа; б) пра панурага, сумнага чалавека.

Хмары навіслі (згусціліся, сабраліся) над кім-чым — каму‑н. або чаму‑н. пагражае небяспека, бяда, няшчасце і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пузы́р 1 ’пухір’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; ТС; міёр., З нар. сл.), ’пухір у рыбы’ (ЛА, 1), ’пухір у свінні’ (Маш.), ’вадыр, пухір на скуры’ (ЛА, 3), ’бурбалка’ (маг., гом., ЛА, 2; Сл. ПЗБ) ’паветраны шар’ (Сл. рэг. лекс.), ’асінае гняздо’ (Сл. ПЗБ) ’пасудзіна для газы ў лямпе’ (Сіг., Шат.), пузы́рь ’тс’ (Бяльк., Растарг.), ’чэрава, пуза’ (Нас.), пузы́р ’тоўсты хлопчык’ (міёр., З нар. сл.), пузыро́к ’агурочак’ (Мат. Гом.), ’шкло ў лямпе’ (Мат. Маг.; Бяльк.), ’ніжняя шырокая частка збанка’ (бяроз., Шатал.), укр. пузи́р ’пухір’, рус. пузы́рь ’тс’. Паводле Бузука (Асн. пыт., 49), пузы́р < *пусы́рь (< і.-е. peus‑) у выніку дыстантнай асіміляцыі (“глухое с пад уплывам наступнага р перайшло ў звонкае з”), або дысіміляцыя з пачатковым n, параўн. літ. pusti ’дуць’, pùsti ’надувацца’; іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 403, з літ-рай) — ад пуза (так яшчэ Міклашыч, Праабражэнскі) або ад пухі́р (Патабня). Адносна апошняга (гл.) Бузук (Асн. пыт., 49) мяркуе пра паралелізм с/х яшчэ ў праславянскай мове. В.-луж. puzor ’бурбалка на вадзе’ дазваляе рэканструкцыю прасл. *puzytъ (Шустар-Шэўц, 2, 1196; ЕСУМ, 4, 628).

Пузы́р 2 ’воблака; хмара’ (бялын., ЛА, 2, Нар. сл.; Жд. 2), пузыро́к ’невялікая хмарка, з якой ідзе дождж’ (круп., бялын., ЛА, 2) ’белая кучавая або дажджавая хмара’ (бялын., Нар. сл.), ’похмарак, хмарка’ (карм., Мат. Гом.). Відаць, да пузыр 1 (гл.) у выніку вобразнага пераносу, параўн. іншыя назвы: бу́лава (небо ў бу́лавах; ці няма тут сувязі з балг. було ’вэлюм’: небето се забулва ’неба зацягваецца хмарамі’?), бугры́, бугракі́ і пад. (ЛА, 2).

Пузы́р 3 ’ногаць, пазногаць’ (Сцяшк. Сл.). З пазу́р (гл.) з частковай метатэзай, параўн. пувак ’павук’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тума́н ‘імгла, імжа; густое непразрыстае паветра’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Арх. Вяр., ТС, Сл. ПЗБ, Вруб.): туман — гэто пара, якая падымаецца з вады (Сержп. Прымхі), ‘тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ); туман слі͡епіць (Сержп. Грам.), тума́нь ж. р. ‘імгла’ (стол., Нар. лекс., Сл. Брэс.), ту́ман: туманом худыты ‘хадзіць без мэты’ (брэсц., Ск. нар. мовы), тумано́к ‘невялікі туман’ (Кліх, Юрч. СНЛ), тума́нішча ‘густы туман’ (Мат. Гом.); тума́н ‘абман, чмута’ (Нас., Некр. і Байк.): tumán ŭ oczy puskáje (Федар. 4), ‘неадукаваны, цёмны чалавек’ (ТС), туман напусціць ‘адурманіць, падмануць’ (ТС). Укр. ту́ман, тума́н ‘імгла’ ‘дурань’, рус. тума́н ‘імгла’, ‘хмара’, польск. tuman ‘воблака пылу’, ‘тупы чалавек’, балг. туман ‘імгла’, ‘пыл’, радоп. дума́н ‘тс’. Запазычана з цюркскіх моў: чагат., казах., кірг., караім., узб. tuman, башк., крым.-тат. томан ‘імгла’, тур. duman ‘дым, туман’, ‘пыл’, якія выводзяцца з цюрк. tum(a) ‘завалакаць, засцілаць, ахутваць’. Крыніцай паўднёвацюркскіх форм з пачатковым д‑[d‑] з’яўляюцца, аднак, індаеўрапейскія мовы: авест. dunman ‘туман’, dvąnman‑ ‘хмарка’, перс. dūdmān ‘дым’, ‘куродым, сажа’ (Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674–675; Арол, 4, 116; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, 4, 141; Жураўлёў, Язык и миф, 830). Сюды ж тумане́ць ‘з’яўляцца (аб тумане)’ (Шат.), тума́ніць ‘падманваць, пускаць пыл у вочы; затуманьваць, чмуціць’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘адурманьваць’ (Шат.), ‘засцілаць, закрываць сабой (пра пыл, дым)’, ‘завалакаць (вочы)’, ‘пазбаўляць здольнасці ясна разумець, успрымаць’, ‘блытаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘курыць (самасад)’ (Юрч. СНЛ), ‘піць, баляваць дужа шчыра’ (Вушац. сл.), ‘ілгаць’ (гродз., ЖНС), туманіць вочы (галаву) ‘задурваць, падманваць’ (Юрч. Фраз.), тума́ніцца ‘губляць разважлівасць’ (Нас.), ‘угаворваць’ (свісл., Шатал.), ‘рабіцца няясным ад слёз у вачах’ (ТС), тума́ненне ‘падманванне’ (Юрч. Вытв.), ‘выпрошванне шляхам ліслівасці’, тума́нны ‘ілжывы, ліслівы’, тума́нка ‘ашуканка’, ‘дакучлівая просьбітка’, тума́ншчык ‘хлус’ (Нас.), тума́ннасць ‘густы туман’, ‘вялікая колькасць зорак у адным месцы далёка ад зямлі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. Падняцца ў паветра, узняцца ўверх. Узляцелі самалёты. □ На Кладках загаманілі, і адтуль узляцела ўгару зялёная бліскучая ракета — пусцілі ваенныя. Пташнікаў. У кронах мільгнула вавёрка, З-пад ног узляцеў цецярук. Калачынскі. Матылёк устрапянуўся, спрабуючы ўзляцець. Аляхновіч. / у перан. ужыв. [Адзінцоў:] Ты [Калатухін] так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага! Мележ. / Пра дым, цару і пад. Угору ўзляцела воблака пылу. Шамякін. Падкіньце ў касцёр абярэмак галін, Каб іскры ўзляцелі вышэй вершалін. А. Вольскі. / Пра падкінутыя ўверх, раскалыханыя прадметы. Арэлі ўзляцелі высока. □ Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне... Смагаровіч. / перан. Пра высокі голас, гучную песню. Вясёлы зухаваты голас узляцеў і апаў. Савіцкі.

2. Перамясціцца па паветры на верх, паверхню чаго‑н. больш высокага. Узляцелі вераб’і на страху. □ Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім другі. Федасеенка.

3. перан. Узарвацца, разляцецца на часткі ад узрыву. [Калядка:] — Бачыце, колькі тут бочак. Адна запалка — і ўсё гэта ўзляціць полымем у неба. Гэта ж не горш пораху — смала. Чарнышэвіч.

4. Разм. Вельмі хутка ўзбегчы, уз’ехаць на верх чаго‑н. Узляцець па лесвіцы на трэці паверх. □ Узляцеўшы на гару, убачыў [Васіль] перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам. Мележ. // Хутка ўзняцца, падняцца. Тонкія пальцы Голуба нервова сціснулі смык — ён узляцеў у паветры і лёгка крануўся струн. Васілевіч. Рукі бандытаў вокамгненна ўзляцелі ўгору. Чарнышэвіч. Цёмныя Ядзіны вейкі здзіўлена ўзляцелі ўгару, яна паглядзела на Васіля вачыма, поўнымі нямой удзячнасці. Шашкоў. // перан. Узняцца ўверх. Яшчэ ляжыць пясок, і жвір, і друз, А сцены гмаху ў вышыню ўзляцелі. Звонак.

•••

Узляцець у паветра — тое, што і узляцець (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),

расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.​Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.​Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.​Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.​Чарот, М.​Грамыка, А.​Куляшоў, П.​Броўка, М.​Лужанін, У.​Хадыка, П.​Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.​Міровіч і Л.​Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Кірэенкі, А.​Русецкага, Р.​Барадуліна, В.​Зуёнка, П.​Макаля, С.​Гаўрусёва, У.​Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.​Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.​Дзяркач, М.​Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.​Лужанін, Р.​Лынькоў), Т.​Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.​Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.​Вітка і Р.​Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, В.​Жуковіч, К.​Крапіва, Куляшоў, Г.​Пашкоў, М.​Танк, У.​Шахавец, А.​Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1955—61;

Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг. М., 1978;

Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;

Выбр. творы. Мн., 1952;

Кім быць? Мн., 1932;

Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;

Дзецям. Мн., 1950;

Конь-агонь. Ми., 1955;

П’есы. Мн., 1985;

Уладзімір Ільіч Ленін. Мн., 1987.

Літ.:

Крученых А. Стихи Маяковского. Выпыт. СПб., 1914;

Денисова И.В. Революция — любовь: Новатор. принципы послеокт. лирики Маяковского. 2 изд. М., 1988;

Карабчиевский Ю.А. Воскресение Маяковского. М., 1990;

Михайлов А.А. Мир Маяковского. М., 1990;

Яго Ж. Точка пули в конце: Жизнь Маяковского. М., 1993;

Скорятин В.И. Тайна гибели Владимира Маяковского: Новая версия трагич. событий, основанная на последних находках в секретных архивах. М., 1998;

Маякоўская А.А. Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Маякоўскага: З успамінаў маці: Пер. з рус. Мн., 1957;

Маякоўскі ў Беларусі. Мн., 1957;

Агіевіч У. Да пытання аб традыцыях Уладзіміра Маякоўскага ў беларускай паэзіі // Агіевіч У. Літаратура і жыццё. Мн., 1954;

Гниломедов В. «Издалека сегодня виден подвиг ваш...» // Дружба народов. 1983. № 7;

Кенька М. Яго перакладчыкі // Братэрства, 83. Мн., 1983.

У.​В.​Гніламёдаў (У.​Маякоўскі і Беларусь).

У.У.Маякоўскі.

т. 10, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)