ГІДРАФІ́ТЫ [ад гідра... + ...фіт(ы)],

водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв. гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРЛЯ́НКА ЧЫРВАНАБРУ́ХАЯ (Bombina bombina),

земнаводнае сям. круглаязычных атр. бясхвостых земнаводных. Пашырана ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Жыве ў плыткіх і зарослых вадаёмах з глеістым дном, на балотах, у лужынах і інш. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўд., паўд.-зах. і цэнтр. раёнах.

Даўж. цела 3,5—4,5 см (зрэдку да 6), маса 3—10 г. Спіна светла-шэрая, бураватая з цёмнымі плямамі, бруха ярка-аранжавае або чырвонае з сінявата-чорнымі плямамі. Скура з бародаўкамі, што выдзяляюць едкі сакрэт Актыўная днём і вечарам. Карысная. Корміцца воднымі беспазваночнымі.

Жарлянка чырванабрухая.

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮ́ЗНІК (Lycopus),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, 1 від у Аўстраліі. На Беларусі найб. вядомы З. еўрапейскі (L. europaeus) і зрэдку, пераважна на Пд, трапляецца З. высокі (L. exaltatus). Растуць па берагах вадаёмаў, на балотах, у забалочаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны са шнурападобным членістым карэнішчам, доўгімі падземнымі парасткамі і прамым сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае, чаранковае, апушанае, яйцападобна-ланцэтнае. Кветкі белыя (часта з пурпуровымі кропкамі), дробныя, двухполыя, невыразнадвухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., дубільныя і фарбавальныя расліны.

Зюзнік еўрапейскі.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́Р ЗВЫЧА́ЙНЫ, камар-піскун (Culex pipiens),

насякомае падатрада даўгавусых атрада двухкрылых. Пашыраны ва ўсім свеце, за выключэннем пустынь. Жывуць каля вадаёмаў, у сырых мясцінах, балотах. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў стаячай вадзе.

Даўж. да 8 мм. Ногі доўгія, вусікі ў самцоў перыстыя, у самак э кароткімі рэдкімі валаскамі. Ротавыя органы колючыя. Самкі кормяцца крывёю пазваночных жывёл і чалавека, самцы — сокам і нектарам раслін, лічынкі — водарасцямі і арган. рэшткамі. Зімуюць самкі. Могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека.

Камар звычайны: 1 — дарослая самка; 2 — лічынка.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПА́ТКІ,

птушкі сям. цецеруковых і фазанавых атр. курападобных. Пашыраны ўсюды, ад тундры да трапічных лясоў і высакагор’яў. На Беларусі 2 віды: К. белая (Lagopus lagopus) і К. шэрая (Perdix perdix). Жывуць на палях, балотах, лугах, у драбналессі. К. белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 46 см, маса да 900 г. Афарбоўка шэра-бурая, рыжа-бурая, у К. белай зімой белая. Кормяцца парасткамі, пупышкамі, насеннем траў, зернем, насякомымі (у т. л. каларадскімі жукамі). Нясуць да 24 яец. Аб’ект палявання. Гл. таксама Белыя курапаткі.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДДЗЯ́Н (Corallorhiza),

род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку каля воз. Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.

Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.

Ладдзян трохнадрэзаны.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСНЯ́К (Liparis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах Еўразіі, Афрыкі, Паўн. Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі — Л. Лёзеля (L. loeselii), сустракаецца пераважна ў Віцебскай і Гомельскай абласцях. Расце на тарфяных балотах, забалочаных лугах. Занесены ў Чырв. кнігу. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 8—20 см з кароткім карэнішчам. Сцябло баразнаватае, каля асновы ўздутае. Лісце (2) супраціўнае, эліпса-ланцэтнае, прадаўгаватае. Кветкі жаўтавата-зялёныя, па 2—10 у гронцы. Плод — каробачка.

Ласняк Лёзеля.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНІЦА (Calamagrostis),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў нетрапічных паясах абодвух паўшар’яў, часткова — у высакагор’ях тропікаў. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: наземная (C. epigeios), непрыкметная (C. neglecta), сіваватая (C. canescens), трысняговападобная (C. arundinacea). Трапляюцца ў лясах, на лугах, балотах, часта — дамінанты раслінных груповак.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Сцёблы прамыя, моцныя, звычайна шурпатыя. Лісце лінейнае, жорсткае. Суквецце мяцёлчатае, радзей коласападобнае. Плод — зярняўка. Кармавыя, тэхн., дэкар. расліны.

Пажарніца: 1 — трыснёгападобная; 2 — наземная (а — да цвіцення, б — пасля цвіцення).

т. 11, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нефрацы́тыум

(н.-лац. nephrocytium)

каланіяльная зялёная водарасць сям. аацыставых, якая пашырана ў балотах, стаячых вадаёмах, рэках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

скаўрафіе́льдыя

(н.-лац. scourfieldia)

аднаклетачная зялёная водарасць сям. хламідаманадавых, якая пашырана ў балотах, лужынах, невялікіх азёрах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)