ЧАРО́ТНІЦА (Phalaroides),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 1 від — Ч. трыснёгападобная (P. arundinacea). Пашырана ў Паўн. паўшар’і і Паўд. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ў поймах рэк на заліўных лугах, балотах. Разнавіднасць Ч. з белапаласатым лісцем пад назвай «шаўковая трава» культывуецца як дэкар. расліна.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 50—200 см з доўгімі паўзучымі каранямі. Сцёблы густааблісцелыя. Лісце шырокалінейнае, па краі і ўнізе вострашурпатае. Каласкі аднакветкавыя, бледна-фіялетавыя, сабраныя ў аднабокую галінастую мяцёлку даўж. 5—20 см. Плод — зярняўка. Кармавая і дэкар. расліна.

Чаротніца трыснёгападобная.

т. 17, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)