група грамстаноўчых бактэрый. Уключае роды Arthrobacter, Brevibacterium, Cellulomonas, Corynebacterium (найб. вывучаны, 30 відаў) і інш. Знаходзяцца ў глебе і вадзе. Скрыўленыя ці булавападобныя палачкі, нерухомыя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Утвараюць галінастыя формы. Сапрафіты. Прымаюць удзел у кругавароце рэчываў у прыродзе, некат. здольныя раскладаць пластмасы і гербіцыды. Прадуцэнты амінакіслот і вітамінаў. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (узбуджальнікі дыфтэрыі), жывёл і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАМАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
прадукты харчавання, якія атрымліваюць зброджваннем малака з дапамогай малочнакіслых бактэрый. Падзяляюцца на прадукты малочнакіслага браджэння (сыракваша, смятана, тварог) і мяшанага малочнакіслага і спіртавога браджэння (кумыс, ацыдафілін, кефір, ражанка). Маюць у сабе бялкі, тлушчы, вітаміны. Добра засвойваюцца арганізмам, станоўча ўплываюць на мікрафлору кішэчніка, выкарыстоўваюцца ў дыетычным і лячэбным харчаванні пры дызентэрыі, атэрасклерозе, захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, печані і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАСТА́ННІ, перыфітон,
сукупнасць водных арганізмаў, якія пасяляюцца на штучных (днішчы суднаў, буі, збудаванні на па́лях, трубаправоды, прычалы) і прыродных (камяні, карчы, вышэйшыя водныя расліны і інш.) цвёрдых субстратах. Складаюцца з бактэрый, грыбоў, прасцейшых, водарасцяў, чарвей, імшанак, малюскаў, губак. З’яўляюцца прыродным біяфільтрам, індыкатарам якасці вады, прадуцэнтам арган. рэчываў, кармавой базай і сховішчам для водных жывёл. Прыносяць вял. страты засмечваннем водазабіральных адтулін, трубаправодаў, памяншаюць скорасць руху суднаў і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БЕР ((Huber) Роберт) (н. 20.2.1937, г. Мюнхен, Германія),
нямецкі біяхімік. Чл. Баварскай АН (1988). Скончыў Мюнхенскі тэхн.ун-т (1960). Працуе ў Ін-це біяхіміі імя М.Планка, з 1978 яго дырэктар. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў, у т. л. бялкоў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца фотасінтэзуючым рэакцыйным цэнтрам (1982, разам з І.Дайзенгоферам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕЙ,
слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтвараецца пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый ва ўмовах працяглага пераўвільгатнення. Тэрмін увёў рус. вучоны Г.М.Высоцкі (1905) для вызначэння асветленых блакітных, зялёных ці шызых гарызонтаў глебы, колер якіх абумоўлены закіснымі злучэннямі жалеза. Глей валодае неспрыяльнымі водна-фіз. ўласцівасцямі, таксічны для раслін. На Беларусі характэрны для ўсіх тыпаў забалочаных глеб: тарфяна-балотных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, дзярновых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ДЭРБЕРГ ((Lederberg) Джошуа) (н. 23.5.1925, г. Монтклэр, ЗША),
амерыканскі генетык і біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Калумбійскі (1944) і Іельскі (1947) ун-ты. У 1947—58 у Вісконсінскім ун-це, з 1959 праф. Станфардскага і адначасова з 1962 Каліфарнійскага (з 1978 рэктар) ун-таў. Навук. працы па генетыцы мікраарганізмаў. Адкрыў механізм генет. рэкамбінацыі ў бактэрый. Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Дж.Бідлам і Э.Тэйтэмам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),
род бактэрыйсям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.
Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧКАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група бактэрый, якія размнажаюцца пачкаваннем. Уключае роды анкаламікробіум, гіфамікробіум, педамікробіум і інш. Пашыраны ў глебе, прэсных і салёных вадаёмах.
Клеткі пераважна няправільнай груша- або палачкападобнай формы. Спор не ўтвараюць, грамадмоўныя, гетэратрофы. Характэрная асаблівасць — наяўнасць гіфаў і размнажэнне почкамі, якія развіліся на гіфах. Почкі разрастаюцца, аддзяляюцца ад матчынай клеткі і фарміруюцца ў новыя асобіны. Пачкавальнае размнажэнне выяўлена таксама ў мікабактэрый.