КАРЫНЕБАКТЭ́РЫІ,

група грамстаноўчых бактэрый. Уключае роды Arthrobacter, Brevibacterium, Cellulomonas, Corynebacterium (найб. вывучаны, 30 відаў) і інш. Знаходзяцца ў глебе і вадзе. Скрыўленыя ці булавападобныя палачкі, нерухомыя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Утвараюць галінастыя формы. Сапрафіты. Прымаюць удзел у кругавароце рэчываў у прыродзе, некат. здольныя раскладаць пластмасы і гербіцыды. Прадуцэнты амінакіслот і вітамінаў. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (узбуджальнікі дыфтэрыі), жывёл і раслін.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)