ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г. вытв-сць.

2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.

3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,

хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.​Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮГА́ТЫ (ад лац. conjugatio злучэнне), счаплянкі,

група пераважна мікраскапічных зялёных водарасцей. У парадку каля 50 родаў, 4000—6000 відаў. Пашыраны ўсюды (найб. вядомыя — кластэрыум, мужоцыя, нетрыум, спірагіра). На Беларусі каля 200 відаў. Трапляюцца ў прэснаводных вадаёмах (ціна), сярод вільготных імхоў, на вільготных глебах, сценах і інш.

Аднаклетачныя (рэдка каланіяльныя), сіметрычна пабудаваныя арганізмы, клеткі якіх звычайна перашнураваны пасярэдзіне на 2 аднолькавыя паўклеткі (дэсмідыевыя водарасці), з суцэльнай абалонкай без падзелу на паўклеткі (мезатэніевыя), з ніткаватай структурай (зігнемавыя, ганатазігавыя). Характэрная асаблівасць К. — адсутнасць у цыкле развіцця рухомых жгуцікавых стадый і наяўнасць палавога працэсу — кан’югацыі.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЧЭ́БНАЯ ФІЗІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА (ЛФК),

выкарыстанне фізічных практыкаванняў і натуральных фактараў прыроды з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі; сродак мед. рэабілітацыі хворых і самааздараўлення арганізма. Уключае таксама механатэрапію, працатэрапію, лячэбны масаж. Асн. асаблівасць — дазіраваная фіз. нагрузка хворага. Формы ЛФК: ранішняя гігіенічная і лячэбная гімнастыка, хадзьба (тэрэнкур), спарт. і рухомыя гульні, катанне на лыжах, каньках і інш. Адрозніваюць актыўную і пасіўную ЛФК. Пасіўная выкарыстоўваецца для папярэджання атрафіі функцыянальных структур арганізма, напр., пры паралічах, цяжкіх траўмах, пасля аперацый і інш. Эфектыўная пры сістэм. занятках і правільным рэжыме.

І.​С.​Гулько.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РА (ад назвы астравоў Мадэйра),

моцнае віно з белых ці ружовых сартоў вінаграду, прыгатаванае зброджваннем мязгі ці сусла. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 3—7% цукру; колер ад светла-залацістага да колеру чырвонага золата. Асаблівасць атрымання — працэс мадэрызацыі: віно вытрымліваюць некалькі месяцаў пры кантакце з паветрам у бочках на сонечных пляцоўках ці ў спец. памяшканнях, якія абаграюцца (напр., М. высокай якасці вытрымліваюць б мес. пры т-ры 40—50 °C). З’яўляецца аперытывам і аказвае працяглае танізоўнае дзеянне. Найлепшыя сарты: «Масандра» (Украіна), «Ашакан», (Арменія), «Анага» (Грузія), «Лучафэрул» (Малдова).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАКАРО́ТКІЯ ХВА́ЛІ (УКХ),

дыяпазон радыёхваль з даўжынямі ўмоўна ад 10 м да 1 мм (гл. Радыёчастоты). Характэрная асаблівасць — адсутнасць рэгулярнага люстранага адбіцця ад іанасферы, за выключэннем загарызонтнага распаўсюджвання за кошт рассейвання на іанізаваных метэорных слядах (метэорная радыёсувязь) ці пры наяўнасці спарадычных слаёў трапасферы (гл. Трапасферная радыёсувязь), здольных адбіваць УКХ. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах сувязі, радыё- і тэлевізійнага вяшчання, радыёлакацыі, блізкіх радыёнавігацыі і радыёастранавігацыі, радыётэлекіраванні, пры вывучэнні атмасфер зорак, планет і туманнасцей (радыёастраномія), у медыцыне для вызначэння т-ры біял. аб’ектаў (радыётэрмаграфія), пры вывучэнні структуры і саставу рэчыва (радыёспектраметрыя) і інш.

т. 16, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕМАСО́РБЦЫЯ (ад хема... + сорбцыя),

паглынанне рэчыва паверхняй цвёрдага цела (хемасарбента). Адбываецца ў выніку ўтварэння хім. сувязі паміж іх малекуламі. Можа спалучацца з абарачальным працэсам — дэсорбцыяй.

Суправаджаецца вылучэннем значнай колькасці цеплаты, што замаруджвае дэсорбцыю і робіць Х. практычна неабарачальнай. Характэрная асаблівасць Х. — адчувальнасць да хім. паходжання паглынальніка (хемасарбента) і чысціні паверхні. Цвердафазную і вадкасную Х. ажыццяўляюць у калонных апаратах, на эфектыўнасць працэсу ўплываюць іх тып, канструкцыя і гідрадынамічныя ўмовы работы. Выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, пры ачыстцы газаў ад вышэйшых вуглевадародаў, сярністых злучэнняў і інш., у электравакуумнай тэхніцы.

т. 17, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дальтані́зм

[ад англ. J. Dalton = прозвішча англ. фізіка і хіміка (1766—1844)]

асаблівасць зроку, якая выражаецца ў няздольнасці адрозніваць некаторыя колеры, пераважна чырвоны і зялёны (параўн. ахраматапсія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Перава́га ’асаблівасць, якая выгадна адрознівае адно ад аднаго’ (ТСБМ, Гарэц., Нас.), сюды ж у перавагу — гульня (гродз., Нар. словатв.). Ст.-бел. превага (XV ст.) запазычана са ст.-польск. przewaga ’кошт, затраты, перамога’. У выглядзе перавага аформілася, відаць, пазней; формы з пера- зафіксаваны толькі ў вытворных: переваженье, переважити(ся), переважоный (Булыка, Запазыч., 54). Гл. таксама вага́. Сюды ж пераважыць, пераважны і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)