СЕРБАЛУ́ЖЫЦКІЯ МО́ВЫ,

блізкія паміж сабою верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая мовы сербаў-лужычан. Належаць да паўн. падгрупы зах. групы славянскіх моў. Распаўсюджаны ў Германіі вакол гарадоў Баўцэн (па-сербалужыцку Будышын) і Котбус (па-сербалужыцку Хосебуз). Больш пашырана верхнялужыцкая мова. С.м. уласцівы: у фанетыцы — націск фіксаваны на 1-м складзе, пратэтычны гук w перад u, o, змякчэнне шэрагу зычных; у марфалогіі — парны лік, клічны склон у назоўніках м.р. адз.л., архаічныя дзеяслоўныя формы (аорыст, імперфект, плюсквамперфект), адсутнасць кароткіх прыметнікаў; у лексіцы — шмат калек, запазычанняў з ням. мовы, словы чэш. і польскага паходжання. Асн. адрозненні верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай моў: адпаведнасць верхнялужыцкага праточнага h ніжнялужыцкаму выбухному g, верхнялужыцкага č ніжнялужыцкаму с (цоканне); на месцы палатальных t, d у верхнялужыцкай ć, dź, у ніжнялужыцкай ś, ź і інш.

Пісьменства і друкаваныя кнігі з 16 ст. Сфарміраваліся 2 літ. мовы: верхнялужыцкая (мова паўд. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Саксоніі, цэнтр г. Будышын) і ніжнялужыцкая (мова паўн. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Прусіі, цэнтр г. Хосебуз). Усе сербалужычане двухмоўныя: разам з С.м. карыстаюцца ням. мовай. Алфавіт на аснове лацінкі.

Літ.:

Ермакова М.И. Очерк грамматики верхнелужицкого литературного языка: Морфология. М., 1973;

Трофимович К.К. Серболужицкий язык. Мн., 1989.

Н.​В.​Івашына.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХУ́НДАЎ (Мірза Фаталі) (12.7.1812, г. Шэкі, Азербайджан — 10.3.1878),

азербайджанскі пісьменнік, філосаф, грамадскі дзеяч, заснавальнік азерб. драматургіі і маст. прозы. Атрымаў духоўную адукацыю ў г. Гянджа, вучыўся ў руска-азерб. вучылішчы ў г. Шэкі. Служыў перакладчыкам (1834—61), выкладаў перс. і цюрк. мовы ў Тыфліскім пав. вучылішчы. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (паэма «На смерць Пушкіна», 1837). У камедыях «Мала Ібрагім Халіл, алхімік...», «Мусье Жардан, батанік...», «Прыгоды скнары», «Везір Ленкаранскага ханства», «Правазаступнікі ў горадзе Таўрызе», сатыр. аповесці «Падманутыя зоркі» (усе 1850-я г.) рэалістычна адлюстраваў сучаснае яму грамадства. У артыкулах адстойваў рэаліст. мастацтва. У 1873 на аснове лацінскага і рускага склаў алфавіт, прыстасаваны да гукавой сістэмы азерб. мовы. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам філасофіі Б.​Усходу, ідэй франц. матэрыялістаў 18 ст. Не падзяляючы ідэі пра Бога як першакрыніцу свету, выступаў за «прагрэс і цывілізацыю», супраць усх. дэспатызму і тыраніі. У 1860-я г. падтрымліваў ідэю абмежавання ўлады манарха прадстаўнічым органам, дапускаў магчымасць прымусовай ліквідацыі ўлады прыгнятальнікаў. Пазней наблізіўся да разумення ролі эканам. дамінанты ў развіцці грамадства. Аўтар філас.-паліт. трактата «Тры пісьмы...» (пераклаў яго на рус. і перс. мовы), філас. арт. «Крытыка «Ёк кельме», «Адказ філосафу Юму» і інш.

Тв.:

Избранные философские произведения. Баку, 1982;

Рус. пер. — Избранное. Баку, 1988.

Н.​Р.​Гуранаў.

М.Ф.Ахундаў.

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт. Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст. н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.

У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грузінскае пісьмо. Грузінскі алфавіт.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

група пісьменнасцей Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, якія звязаны агульнасцю паходжання і адзіным (фанет.) прынцыпам пабудовы алфавіта. Акрамя Індыі, Бангладэш, Пакістана, Непала і Шры-Ланкі пашырана і ў суседніх раёнах.

Пранікла разам з будызмам у 1-м тыс. да н.э. Мае некалькі дзесяткаў разнавіднасцей. У самой Індыі пісьменнасць існуе больш за 5 тыс. г. Самыя стараж. варыянты І.п. не дэшыфраваны. Найб. раннія прачытаныя пісьмовыя помнікі (3 ст. да н.э.) заснаваны на складовым пісьме брахмі, якое з’яўляецца родапачынальнікам уласна інд. пісьменства. На яго аснове склаліся 3 асн. галіны І.п.: паўночнае (гупцкае, тыбецкае з некалькімі варыянтамі, нагары і яго пазнейшая форма дэванагары, якая займае цэнтр. месца сярод алфавітаў Паўн. Індыі, шарада ў Кашміры, невары, бенгальскае, орыя, гуджарацкае, гурмукхі — пенджабскае пісьмо і інш.), паўднёвае (грантха, алфавіты 4 сучасных літ. моў: канада, тэлугу, малаяламскай і тамільскай) і паўднёва-ўсходняе (сінгальскае. бірманскае, кхмерскае, лаоскае, тайскае і інш.), якое развіваецца па-за межамі Індыі.

Агульнаінд. пісьмо — складовае, адпавядае фанет. сістэме інд. моў (гл. Індыйскія мовы). Кожная літара абазначае склад з аднаго галоснага ці зычнага з галосным «а». Астатнія галосныя абазначаюцца дадатковымі знакамі, ужываецца поліфункцыян. значок «вірама». У алфавітах асобных моў знакі І.п. істотна; вар’іруюцца. Алфавіт хіндзі, ці санскрыту, лічыцца фанематычным, у інш, мовах суадносіны паміж фанемай і графемай парушаны.

Літ.:

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Dani A.H. Indian palaeography. Oxford, 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Асноўныя разнавіднасці індыйскага пісьма.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.​Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.​Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.​Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.​Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.​Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.​Клімковіч, муз. В.​Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.​Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).

Тв.:

Аўцюкоўцы. Мн., 1995;

Пралескі ў небе. Мн., 1997;

Антонік-понік. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

У.С.Ліпскі.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́І (Hawaii),

штат ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. Займае групу вулканічных астравоў у цэнтр. ч. Ціхага ак. Пл. 16,7 тыс. км², нас. 1172 тыс. чал. (1993). Сярэдняя шчыльн. нас. 70,2 чал. на 1 км². Б. ч. яго пражывае на в-ве Ааху (пл. 1574 км²), дзе знаходзіцца адм. ц., буйнейшы горад і порт Ганалулу (371,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 900 тыс. ж., 1992). 61,8% насельніцтва складаюць выхадцы з Азіі і астравоў Ціхага ак., у т. л. японцы, філіпінцы, кітайцы, карэйцы. Карэнных жыхароў (гавайцы разам з метысамі) каля 100 тыс. чал. Амерыканцы і еўрапейцы складаюць 33,4% насельніцтва. (Аб прыродзе гл. ў арт. Гавайскія астравы). Гаваі — важны трансп. вузел паўн. ч. Ціхага ак. Праз Ганалулу праходзяць марскія і авіяц. шляхі, якія злучаюць ЗША і Канаду з Усх. Азіяй, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй. Здабыўная прам-сць (распрацоўка цэментнай сыравіны і буд. каменю). Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: цукар, садавіна-агароднінныя вырабы, нафтапрадукты, вырабы лёгкай і паліграф. прам-сці, папера, цэмент. Аснова сельскай гаспадаркі — плантацыі ананасаў (гал. вытворца ў свеце), цукр. трыснягу, арэхаў (міндаль), садавіны, агародніны, кавы і кветак. Рыбалоўства і аквакультура. Мясная і малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, птушка). Развіты аўтамаб. і марскі транспарт. Цэнтр турызму і адпачынку. Кліматычныя курорты. Абарончыя ваен. збудаванні ў Пёрл-Харбары. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.

Пачалі засяляцца, верагодна, з 5 ст., найб. інтэнсіўна ў 13—14 ст. палінезійцамі, якія прыбывалі з Таіці. Паміж 1527 і 1555 астравы адкрылі іспанцы, у 1778 да іх даплыў англічанін Дж.​Кук і назваў Сандвічавымі а-вамі. У гэты час тут існавала некалькі дзярж. утварэнняў пад кіраўніцтвам мясц. уладароў, якія вялі барацьбу паміж сабой. Каля 1800 кароль Каменамена I аб’яднаў іх у адзінае каралеўства. У 1820 амер. місіянеры пачалі хрысціянізацыю мясц. насельніцтва, прыстасавалі да мясц. мовы лац. алфавіт, заснавалі школы, стварылі падручнікі, пераклалі на гавайскую мову Біблію. У 1839 Гаваі атрымалі канстытуцыю. У 1894 абвешчана Гавайская рэспубліка. У 1898 Гаваі анексіравалі ЗША, у 1900 надалі ім статус «тэрыторыі». У 1959 абвешчаны 50-м штатам ЗША.

М.​С.​Вайтовіч, Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́,

графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.

Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт. Беларускі алфавіт, Графіка.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ. М., 1982;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НСКАЯ МО́ВА, латынь,

адна з італійскіх моў. Мёртвая. Мова каталіцкай царквы, афіц. мова (разам з італьян.) Ватыкана.

У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, націск на 2-м або 3-м складзе ад канца слова; у марфалогіі — выкарыстанне флексіі як асн. сродку формаўтварэння, 6 склонаў, 3 лады (індыкатыў, кан’юнктыў і імператыў), 2 станы (актыўны і медыяльна-пасіўны); у лексіцы — уплыў сабінскай, этрускай і пераважна грэч. моў. Паводле паходжання — мова племені лацінаў. Пісьмовыя помнікі з 6 ст. да н.э. З павелічэннем тэр. Рымскай імперыі Л.м. пашырылася на ўвесь Апенінскі п-аў, пазней — на паўн. Афрыку, Галію, Брытанію, Дакію і інш.

У гісторыі Л.м. ант. часу вылучаюць некалькі перыядаў. Архаічны перыяд, ад якога захавалася некалькі надпісаў 6—4 ст. да н.э., фрагменты стараж. законаў, урыўкі з сакральнага гімна сакліяў і інш. Дакласічны перыяд (3—2 ст. да н.э.) — час станаўлення літ. Л.м., у аснове якой дыялект Рыма; захаваліся камедыі Плаўта і Тэрэнцыя, фрагменты твораў інш. аўтараў. Класічная, ці «залатая», латынь (1 ст. да н.э.) — мова з багатай лексікай, развітой навук.-філас., паліт. і тэхн. тэрміналогіяй, разнастайнасцю сінтакс. сродкаў. Найб. развіцця дасягнула л-ра (Цыцэрон, Вергілій, Гарацый, Авідзій). Паслякласічная, ці «сярэбраная», латынь (1 ст.), калі канчаткова склаліся фанет. і марфал. нормы літ. мовы, устаноўлены правілы арфаграфіі, якімі кіруюцца і пры сучасным выданні лац. тэкстаў. Позняя латынь (2—6 ст.) характарызуецца развіццём нар.-размоўнай мовы. Пасля заняпаду Рымскай імперыі (5 ст.) з дыялектаў Л.м. пачалі развівацца раманскія мовы. Л.м. ў сярэднія вякі стала міжнар. мовай навукі, школы, філасофіі, дыпламатыі, часткова л-ры. На ёй пісалі Т.​Мор, Эразм Ратэрдамскі, М.​Капернік, Ф.​Бэкан, І.​Ньютан. Дзякуючы Л.м. культура Рыма і ўспрынятая ім грэч. культура сталі набыткам чалавецтва. Еўрап. мовы адчулі на сабе ўплыў Л.м. як крыніцы лексічнага ўзбагачэння і папаўнення паліт., навук. і тэхн. тэрміналогіі. Лац. алфавіт абслугоўвае многія мовы свету (гл. Лацінскае пісьмо).

У 16—18 ст. на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі, Л.м. выкладалася ў навуч. установах, выкарыстоўвалася ў справаводстве, дыпламат. перапісцы, пры напісанні навук. трактатаў і літ. твораў. Яе добра ведалі і на ёй пісалі бел. асветнікі Мікола Гусоўскі, С.​Будны, Сімяон Полацкі і інш. Многія запазычанні з Л.м. ўвайшлі ў бел. мову (гл. Лацінізм).

Літ.:

Тронский И.М. Очерки по истории латинского языка. М.; Л., 1953;

Яго ж. Историческая грамматика латинского языка. М., 1960.

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая (харвацка-сербская), што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце сербамі і харватамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы сербаў, чарнагорцаў, харватаў і мусульманскай часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час турэцкага панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус харвацкай мовы (Рэспубліка Харватыя) і С.м. (Саюзная Рэспубліка Югаславія). Ужываецца ў Венгрыі, Румыніі, Германіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.

У аснове С.м. — штокаўскі дыялект з трыма асн. тыпамі гаворак (екаўскі/іекаўскі, экаўскі і ікаўскі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у пэўных пазіцыях гук р словаўтваральны, з 25 зычных 5 мяккія (љ, њ больш мяккія, чым бел. [ль], [нь]), [х] менш актыўны, чым бел. [х] (у многіх гаворках страчаны ці замяняецца санорнымі [в] і [ј]), націск політанічны ці музычны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адз.л., марфал. выражэнне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў назоўніках адз.л. м.р., адсутнасць скланення ў колькасных лічэбніках пасля 5, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова, займеннікавыя і дзеяслоўныя энклітыкі, суіснаванне інфінітыва і канструкцыі «да + форма цяперашняга часу», якая яго змяняе; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык.

Першыя пісьмовыя помнікі: кірылічныя Міраславава і Вуканава евангеллі (канец 12 — пач. 13 ст.), Грамата бана (баснійскага правіцеля) Куліна 1198. Развіццё пісьменства і літ. мовы затармазілася нашэсцем туркаў (канец 14 ст.) і шматвяковым турэцкім прыгнётам. Пісьмовая традыцыя развівалася толькі на свабодных ці часткова незалежных тэрыторыях і ў суседніх землях (у 1494 у Чарнагорыі іераманах Макарый надрукаваў слав. кірылічную кнігу, у 15 ст. ў рукапісах распаўсюджвалася па Русі «Сербская Александрыя», у 16 ст. на Беларусі зроблены пераклад-пераказ з сербскага перакладу «Аповесці пра Баву Каралевіча»). Сучасная літ. С.м. сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. на базе наваштокаўскіх гаворак. У яе фарміраванні вызначальнай была дзейнасць В.​Караджыча. Рэфармаваны ім сербскі кірылічны алфавіт (вуковіца) адлюстроўвае спецыфіку гукавой сістэмы С.м., у т. л. за кошт увядзення спец. графічных знакаў для перадачы спецыфічных сербскіх зычных. Выкарыстоўваецца і лацінка (асабліва ў побытавай сферы).

Літ.:

Толстой Н.И. Литературный язык у сербов в конце XVIII—начале XIX в. // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. М., 1978;

Леонова Л.В. Сербскохорватский язык. Мн., 1988;

Сокаль Н.И., Зайцева С.В., Вукович Б. Сербский язык. СПб., 1996;

Српски језик на Крају века. Београд, 1996;

Булахов М.Г. Сербский язык // Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современ. состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЯ́НСКІЯ МО́ВЫ,

група роднасных моў, агульным продкам якіх з’яўляецца праславянская мова. Належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў. Найб. блізкія да С.м. балтыйскія мовы. Пашыраны на тэр. Еўропы і Азіі. Носьбітамі С.м. з’яўляюцца каля 350 млн. чалавек. У славяназнаўстве ў залежнасці ад геагр. лакалізацыі, асаблівасцей гіст. развіцця вылучаюць 3 слав. моўныя групы: усх,слав., зах.-слав. і паўд.-славянскую. Да ўсх.-слав. групы адносяцца: беларуская мова, руская мова, украінская мова. Зах.-слав. група аб’ядноўвае польскую мову, чэшскую мову, славацкую мову, сербалужыцкія мовы і мёртвую палабскую мову. Да паўд.-слав. групы належаць балгарская мова, македонская мова, сербская мова, харвацкая мова, славенская мова, мёртвая стараславянская мова. Існуюць і т.зв. слав. літ. мікрамовы, якія функцыянуюць на вельмі абмежаванай тэр.: русінская, кашубская, усх.-славацкая, ляшская і інш.

С.м. ўяўляюць сабой вельмі блізкую групу роднасных моў у параўнанні з інш. індаеўрап. мовамі. Гэта праяўляецца ў лексіцы, структуры слова, словаўтваральных сродках, граматыцы, сінтаксісе, семантыцы. Аднак паміж імі існуюць і значныя адрозненні, што абумоўлена іх рознымі шляхамі развіцця ў апошнія паўтары тыс. гадоў. Напр., лексічны склад многіх С.м. адрозніваецца запазычаннямі з інш. неслав. моў: турцызмы ў балг. мове, германізмы ў чэшскай, літуанізмы ў беларускай і г.д. Пісьменнасць у славян існуе на аснове 2 азбук: слав. (гл. Кірыліца) і лац. (гл. Лацінскі алфавіт). Слав. азбука служыць усім усх. славянам, балгарам, сербам. македонцам. Зах. славяне, харваты, славенцы карыстаюцца лац. алфавітам. Для абазначэння некат. спецыфічных слав. гукаў, якія не маюць у лац. алфавіце адпаведных літар, ужываюцца розныя надрадковыя знакі або спалучэнні літар.

Працэс пераходу праслав. мовы ў самастойныя С.м. гістарычна звязаны з узнікненнем ранніх слав. феад. дзяржаў на значнай тэр. Паўд.-Усх. і Усх. Еўропы ў апошнія стагоддзі 1-га тыс. н.э. У розныя гіст эпохі колькасць і суадносіны С.м. мяняліся. Так, у наш час мёртвай з’яўляецца стараслав. мова, якая раней мела важнае культ. і культавае значэнне ў жыцці славян, зрабіла істотны ўплыў на фарміраванне і развіццё інш. С.м. (асабліва паўд. і ўсх.). Рус., бел. і ўкр. мовы існуюць як самастойныя з 14 ст.; яны развіліся з адной старажытнарускай мовы, якая раней абслугоўвала патрэбы моўных зносін усіх усх. славян. Знікла палабская мова, на якой размаўляла слав. насельніцтва. што жыло ў басейне р. Лаба (Эльба). У выніку актыўнай германізацыі палабы перайшлі на ням. мову. З другога боку, македонская мова як самаст. літ. мова сфарміравалася ў 20 ст., у 19 ст. былі аб’яднаны ў моўных адносінах сербы і харваты. У канцы 20 ст. адбылося разыходжанне сербскай і харвацкай моў, адзначаны намаганні моваведаў Босніі і Герцагавіны ў стварэнні т.зв. басняцкай (баснійскай) мовы.

Літ.:

Кондрашов Н.А. Славянские языки. 2 изд. М., 1962;

Нахтигал Р. Славянские языки. М., 1963;

Славянские языки. М., 1977;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 14, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)