ЭСПЕРА́НТА,

міжнародная дапаможная штучная мова. Створана ў 1887 варшаўскім урачом і паліглотам Л.Заменгофам, назва ад яго псеўданіма «Doktoro Esperanto» (той, хто спадзяецца). Алфавіт Э. (28 літар) пабудаваны на аснове лац. графікі. Лексіку складаюць словы, утвораныя пры дапамозе афіксаў ад каранёў асн. еўрап. моў (placo — «плошча», nova — «новы», fini — «канчаць»). Граматыка вылучаецца прастатой і абмежаванай колькасцю правіл.

З 1908 працуе міжнар. Усеагульная эсперантысцкая арганізацыя. На Э. перакладзены асобныя творы Дантэ, І.​В.​Гётэ, Мальера, У.​Шэкспіра, Р.​Тагора, М Лермантава, М.​Гогаля, У.​Маякоўскага, Я.​Купалы; выдаюцца часопісы, зборнікі навук.-папулярных артыкулаў, слоўнікі («Руска-эсперантысцкі слоўнік», 1966, і «Эсперанта-рускі слоўнік», 2-е выд. 1982, пад рэд. Я.​А.​Бокарава). Вучоныя і пісьменнікі А.​Эйнштэйн, А.​Барбюс, І.​У.​Мічурын, Л.​Талстой, М.​Горкі, Я.​Маўр высока ацэньвалі Э. як эфектыўны дапаможны сродак міжнар. зносін.

На Беларусі Э. актыўна займаўся Я.​Маўр, які перапісваўся з многімі эсперантыстамі свету. Звесткі, атрыманыя з карэспандэнцыі, выкарыстоўваў пры напісанні сваіх твораў «У краіне райскай птушкі», «Амок», «Сын вады» і інш. Клубы Э. арганізаваны ў Мінску (Мінскі лінгвістычны ун-т), Брэсце, Гродне, Віцебску, Гомелі, Лідзе, Магілёве.

Літ.:

Сергеев И.В. Основы эсперанто. М., 1961;

Свадост Э. Как возникает всеобщий язык? М., 1968;

Исаев М.И. Язык эсперанто. М., 1981.

Л.​А.​Казыра.

т. 18, кн. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)