азі́ны
(ад азот)
шасцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія змяшчаюць не менш як адзін атам азоту і выконваюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.
На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).
т. 2, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬНАЕ ПА́ЛІВА,
вадкае паліва з нафты для дызеляў і газатурбінных установак; сумесь вуглевадародаў, якая мае да 4% прымесей (азот-, сера- ці кіслародзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў). Атрымліваюць дыстыляцыяй нафты. У вытв-сці Д.п. для быстраходных дызеляў выкарыстоўваюць газнагазойлевыя фракцыі (tкіп 180—360 °C, шчыльн. 790—860 кг/м³) з т-рай застывання ад -55 да -5 °C і згарання 35—61 °C, для ціхаходных — цяжкія вязкія фракцыі (tкіп 250—420 °C, шчыльн. 930 кг/м³) з т-рай застывання ад -5 да 10 °C і загарання 65—85 °C. Эксплуатацыйныя ўласцівасці (хуткае загаранне і павольнае гарэнне) характарызуюцца цэтанавым лікам (аптымальнае значэнне яго для Д.п. 45—60).
т. 6, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСО́ВІЧ (Пётр Самсонавіч) (28.9.1862, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 26.8.1915),
расійскі аграхімік, глебазнавец і фізіёлаг раслін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). У 1891—94 у Маскоўскім ун-це, з 1902 праф. Пецярбургскага ляснога ін-та. У 1897 арганізаваў с.-г. хім. лабараторыю для вывучэння аграхім. уласцівасцей глеб Расіі. Даказаў, што свабодны азот бабовыя расліны засвойваюць толькі праз карані, на якіх ёсць спец. клубеньчыкі (1889—91); вызначыў растваральную ролю фізіялагічна кіслых аміячных угнаенняў, якія ўносяцца разам з фасфарытам. Першым у Расіі даследаваў кругаварот серы і хлору ў прыродзе (1913).
Тв.:
Краткий курс общего почвоведения. 2 изд. Пг., 1916.
т. 8, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў тканках жывёльных і раслінных арганізмаў у адносна высокіх канцэнтрацыях (10−2% і вышэй). Да М. адносяцца кісларод, вадарод, вуглярод, азот, кальцый, фосфар, натрый, калій, сера, хлор, магній; з іх утвораны неарган. (мінер. солі, вада) і арган. (бялкі, нуклеінавыя к-ты, тлушчы, вугляводы) рэчывы. Неарган. рэчывы ўдзельнічаюць у фарміраванні цвёрдых тканак (косці, зубы), уваходзяць у склад ферментаў, гармонаў, вітамінаў, нуклеінавых к-т. Разам з вадой мінер. рэчывы фарміруюць у арганізме асяроддзе, у якім працякаюць хім. рэакцыі. Арган. рэчывы ўдзельнічаюць у пабудове мяккіх тканак і клетак крыві. М. паступаюць у арганізм з ежай, вадой, паветрам.
М.К.Кеўра.
т. 9, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАФО́СКА,
складанае комплекснае ўгнаенне, якое мае азот, фосфар і калій. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і фасфаты, монагідраортафасфат кальцыю CaHPO4, хларыд калію KCl.
Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем прыродных фасфатаў азотнай к-той ці яе сумессю з інш. к-тамі (фосфарнай, сернай) з далейшай нейтралізацыяй прадуктаў растворам аміяку і дабаўленнем КСІ перад грануляваннем і высушваннем. Вырабляюць Н. карбанатную, сернакіслотную і фосфарнакіслотную, якая мае найб. колькасць (48—51%) пажыўных элементаў, а доля водарастваральных фасфатаў у ёй перавышае 50% іх агульнай колькасці. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў пад розныя с.-г. культуры як асн. ўгнаенне і для падкормкі.
Р.У.Васілюк.
т. 11, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯКО́Ў (Сяргей Фёдаравіч) (н. 22.5. 1948, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.Мухінай (1976). Творы вылучаюцца ўдалай арганізацыяй арх. прасторы, вобразна-пластычнымі знаходкамі, цікавай колеравай рытмікай: сграфіта «Зямля беларуская» і «Песня пра Нёман» на фасадах карпусоў прадзільна-нітачнага аб’яднання (1978), «Адпачынак» у гал. будынку прафілакторыя ВА «Азот» (1980); люстры і вітражы ў Доме грамадзянскіх абрадаў (у сааўт., 1981), люстры ў абл. драм. т-ры (у сааўт., 1984), вітражы «Поры года» для кавярні ВА «Хваля» (1991), мазаіка на рэльефе для прафілакторыя ВА «Хімвалакно» (1993; усе ў Гродне). Аўтар пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў.
Б.А.Крэпак.
т. 12, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯНЕ́НКА (Мікалай Мікалаевіч) (н. 4.1.1939, в. Ходараў Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства і аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1992), праф. (2000). Скончыў БСГА (1968). З 1970 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1993 вучоны сакратар Акадэміі агр. навук Беларусі, з 2001 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства. Навук. працы па тэарэт. асновах і метадах кіравання рэжымам мінер. жыўлення с.-г. культур з выкарыстаннем ізатопаў, праблемах зберажэння энергарэсурсаў, земляробчай экалогіі, павышэнні якасці с.г. прадукцыі.
Тв.:
Азот в земледелии Беларуси. Мн., 1997 (разам з М.У.Неўмяржыцкім);
Интегрированные технологии — одно из перспективных направлений повышения эффективности земледелия // Агроэкономика. 1998. № 6.
т. 14, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
алкало́ід
(ад ар. al-kali = шчолач + -оід)
арганічнае рэчыва, падобнае на шчолач, якое мае ў сабе азот і вызначаецца моцным фізіялагічным дзеяннем.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВА́ДКІЯ ЎГНАЕ́ННІ,
водныя растворы ці суспензіі мінер. і некаторых арган. угнаенняў. Найб. пашыраны азотныя і комплексныя вадкія ўгнаенні. Азотныя вадкія ўгнаенні: вадкі (бязводны) аміяк; аміячная вада; аміякаты і плавы (растворы аміячнай салетры і мачавіны); вуглеаміякаты. Выкарыстанне ўскладняецца неабходнасцю перавозкі і захоўвання ў герметычных (ціск да 1,9 МПа) умовах. У Беларусі вырабляюць на Гродзенскім вытв. аб’яднанні «Азот». Комплексныя вадкія ўгнаенні акрамя азоту маюць фосфар, калій, мікраэлементы. Колькасць пажыўных рэчываў 27—30%, у суспензіраваных — 45—54%. Найб. перспектыўныя азотна-фосфарныя вадкія ўгнаенні (растворы фасфатаў амонію): маюць нізкую т-ру крышталізацыі (-18 °C), доўга захоўваюць свае фіз.-хім. ўласцівасці, аснова для вытв-сці інш. комплексных вадкіх угнаенняў. Прыдатныя для ўсіх с.-г. культур.
т. 3, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)