Патрон1 ’апякун свабодных, бедных грамадзян’, ’абаронца горада, абшчыны’, ’адвакат-абаронца’, ’гаспадар фірмы, начальнік’, ’святы’, ’дзень анёла’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел.патронъ ’заступнік, абаронца’ (1556 г.). Запазычана са ст.-польск.patron, якое з лац.patrōnus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 23).
Патрон2, ветк.патрона ’гільза з капсулем, зарадам і куляй або шротам’ (ТСБМ, Мат. Гом.). З польск.patron, patrona ’тс’. Не выключана магчымасць другаснага запазычання з рус.патрон ’тс’, якое праз ням.Patron прыйшло з франц.patron < с.-лац.patrōnus ’абалонка снарада’. Этымалагічна тоеснае з патрон1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЕЎЛАШО́ЎСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (7.2.1546, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 1-я пал. 1619),
бел. грамадскі дзеяч і пісьменнік-мемуарыст. Самаадукацыяй набыў веды ў галіне матэматыкі, справаводства, юрыспрудэнцыі. Ад навагрудскай шляхты быў паслом на Люблінскім (1569) і Варшаўскім (1579) сеймах. Разам з А.Трызнам удзельнічаў у выпрацоўцы дзярж.-прававога дакумента — «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага», у 1592—1613 падсудак (адвакат) у Навагрудскім земскім судзе. Прытрымліваўся памяркоўна-ліберальных поглядаў. З літ. спадчыны пакінуў дыярыуш — самы ранні помнік мемуарнага жанру ў бел. л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Мемуары пераважна аўтабіягр. характару, дзе адлюстраваны культ., сац. і паліт. жыццё суайчыннікаў (найперш прадстаўнікоў шляхты), іх погляды і грамадскія ўзаемаадносіны.
Тв.:
У кн.: Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.—вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц.сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл.Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАС ((Marcos) Фердынанд Эдралін) (11.9.1917, Сарат, каля г. Лаааг, Філіпіны — 28.9.1989),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Філіпін. Адвакат. Скончыў ун-т Філіпін (г. Кесан-Сіці). Удзельнік абарончых баёў супраць японцаў на Філіпінах (1941—42) у 2-ю сусв. вайну. З 1949 у кангрэсе Філіпін: чл. Палаты прадстаўнікоў (1949—59), сенатар (1959—66), прэзідэнт сената (1963—65). Адначасова ў 1960—64 старшыня Ліберальнай партыі, з 1964 у кіраўніцтве Партыі нацыяналістаў. У 1965—86 прэзідэнт Філіпін, адначасова ў 1973—81 прэм’ер-міністр. Рабіў захады па ўмацаванні дзярж. суверэнітэту краіны, у 1970 спыніў удзел Філіпін на баку ЗША у В’етнамскай вайне 1964—73. У 1972 увёў у краіне ваен. становішча (да 1981). Рэжым асабістай улады М. выклікаў шырокі апазіцыйны рух, пад націскам якога праведзены датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. З 1986 у эміграцыі ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМБЕ́ТА ((Gambetta) Леон Мішэль) (2.4.1838, г. Каор, Францыя — 31.12.1882),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Італьянец па паходжанні. Адвакат. У гады Другой імперыі адзін з лідэраў рэсп. партыі. У 1869 абраны ў Заканад. корпус. Пасля разгрому франц. арміі пад Седанам (2.9.1870) у франка-прускую вайну 1870—71 разам з Ж.Фаўрам абвясціў Трэцюю рэспубліку. У 1870—71 міністр унутр. спраў і міністр абароны ў часовым урадзе нац. абароны; 7.10.1870 пакінуў на паветр. шары абложаны Парыж, каб арганізаваць супраціўленне Прусіі з дапамогай нанава арганізаванай арміі. Пасля капітуляцыі Парыжа (28.1.1871) выйшаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах 1876 разам з рэсп. партыяй атрымаў перамогу. У 1879—81 старшыня палаты дэпутатаў. У 1881—82 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Сузаснавальнік Лігі патрыётаў, прыхільнік саюзу з Расіяй; падтрымліваў калан. экспансію. Абвінавачаны ў намерах распачаць вайну ў Егіпце, выйшаў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НШЭР ((Genscher) Ганс Дзітрых) (н. 21.3.1927, г. Гале, Германія),
палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ, дыпламат.Адвакат. У 1945 служыў у вермахце, быў у амер. і брыт. палоне. З 1946 чл. Ліберальна-дэмакр. партыі Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскім (да 1949) і Гамбургскім ун-тах. Пасля расколу Германіі (1949) жыў у ГДР, у 1952 перасяліўся ў ФРГ. З 1952 чл. Свабоднай дэмакр. партыі (СвДП), у 1974—85 яе федэральны старшыня. У 1969—74 міністр унутр. спраў ва ўрадзе В.Бранта. У 1974—92 міністр замежных спраў і нам. федэральнага канцлера (віцэ-канцлер) ва ўрадах Г.Шміта і Г.Коля. Дыпламатычна садзейнічаў палітыцы разрадкі ў адносінах паміж Усходам і Захадам, аб’яднанню Германіі ў 1990, прызнанню ў 1991—92 новых незалежных еўрап. дзяржаў (краін Балтыі, б. рэспублік Югаславіі) і інш.Дэп. бундэстага (з 1965). Ганаровы старшыня СвДП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ШУТ ((Kossuth) Лаяш) (19.9.1802, г. Монак, Венгрыя — 20.3.1894),
дзеяч венг.нац.-вызв. руху. Адвакат. Дэп.Дзярж. сходу (1825—27, 1832—36), выступаў за незалежнасць Венгрыі ад аўстр. манархіі Габсбургаў. У 1837—40 зняволены аўстр. ўладамі за «дзяржаўную здраду». У 1841—44 выдаваў «Pesti Hirlap» («Пешцкую газету»). Лідэр рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі (у час яе быў міністрам фінансаў, кіраўніком к-та абароны, вярх. правіцелем краіны). Пасля задушэння рэвалюцыі завочна прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю (амнісціраваны ў 1867), эмігрыраваў (жн. 1849), жыў пераважна ў г. Турын (Італія, з 1859), дзе і памёр. Заснавальнік (1859) венг. легіёна ў атрадах Дж.Гарыбальдзі. Выступаў за стварэнне федэрацыі дунайскіх краін — Венгрыі, Румыніі і Сербіі (з 1862), супраць пагаднення 1867 пра ўтварэнне Аўстра-Венгрыі.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
абаро́нца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
1. Той, хто каго‑, што‑н. абараняе, засцерагае ад нападу, непрыязных або варожых дзеянняў, шкоднага ўплыву; заступнік. Абаронцы міру. □ [Віця] ні на крок не адыходзіў ад дзеда, адчуваючы ў ім клапатлівага і надзейнага абаронцу.Шамякін.[Варожых аўтаматчыкаў] сустракалі абаронцы крэпасці ружэйным і кулямётным агнём.Гурскі.
2. Той, хто адстойвае на судзе інтарэсы абвінавачанага; адвакат. Пасля абвінаваўчае, прамовы выступіў абаронца.Чорны.
3. Ігрок групы абароны ў футбольнай, хакейнай і інш. камандах. Левы абаронца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КЕ́РАНСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-й Дзярж. думе. У 4-й Дзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Карл) (13.8. 1871, г. Лейпцыг, Германія — 15.1.1919),
дзеяч герм. і міжнар.сацыяліст. руху. Сын В.Лібкнехта. Адвакат. З 1900 член С.-д. партыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў (1907) і старшыня (да 1910) Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. У 1908—16 чл. палаты дэпутатаў Прусіі. У 1912—16 дэп. рэйхстага (выключаны ў студз. 1916), у якім у час 1-й сусв. вайны ў снеж. 1914 і жн. 1915 адзіны з сацыял-дэмакратаў галасаваў супраць ваен. крэдытаў. У 1916 адзін з заснавальнікаў групы «Спартак» (з ліст. 1918 «Спартака саюз»). За антыўрадавыя і антываен. выступленні зняволены. У кастр. 1918 вызвалены. У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 абвясціў Германію «свабоднай сацыялістычнай рэспублікай». Адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Германіі. Аўтар брашуры «Мілітарызм і антымілітарызм» (1907; за яе прыгавораны да зняволення ў крэпасці), працы «Класавая барацьба супраць вайны» (1919) і інш. Забіты разам з Р.Люксембург у Берліне паліт. праціўнікамі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. речи, письма и статьи. М., 1961;
Мысли об искусстве. Трактат, статьи, речи, письма. М., 1971.