МІКРАСПАРЫ́ДЫІ (Microsporidia),

атрад (па інш. класіфікацыях тып, клас) прасцейшых кл. кнідаспарыдый. Больш за 70 родаў, 900 відаў. Унутрыклетачныя паразіты жывёл, пераважна членістаногіх і рыб. У цытаплазме клеткі жывёлы-гаспадара размнажаюцца бясполым шляхам (простае дзяленне і шызаганія). Пасля палавога працэсу (аўтагамія) утвараюцца споры (спораганія). Споры (даўж. да 10 мкм) пераважна авальныя, маюць спіральна скручаную трубку, якая забяспечвае пранікненне паразіта ў тканкі новага гаспадара. Выклікаюць захворванні — мікраспарыдыёзы (напр., М. роду назема). Больш за 300 відаў паразітуюць на шкодных для чалавека членістаногіх і могуць выкарыстоўвацца як біял. сродак барацьбы з імі.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЖЧЫ́НСКАЕ КАМЕРЦЫ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1901—17. Падпарадкоўвалася вучэбнаму аддзелу Мін-ва фінансаў. Утрымлівалася за кошт гар. думы, збораў за навучанне, прыватных ахвяраванняў. Мела падрыхтоўчы, 5 агульных і 2 спец. класы. Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў з пач. адукацыяй. Выпускнікі атрымлівалі званне ганаровага грамадзяніна, лепшыя — дыпломы кандыдата камерцыі. У 1912—451 навучэнец. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, камерцыя, бухгалтэрыя, палітэканомія, гісторыя гандлю, таваразнаўства і інш. Мела б-ку, фіз. кабінет, хім. лабараторыю, музей. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ ВЫШЭ́ЙШЫЯ ПАЧАТКО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ.

У Мінску існавалі 3 такія вучылішчы, пераўтвораныя ў 1913 з 4-класных гар. вучылішчаў. Утрымліваліся за кошт казны, платы за навучанне, сродкаў гар. думы і Лібава-Роменскай чыгункі. Выкладаліся: законавучэнне правасл. і каталіцкага веравызнанняў, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, матэматыка, геаметрыя, графіка, рус., царк.-слав., ням. і франц. мовы, маляванне, чарчэнне, спевы, гімнастыка. У 1913 у іх вучыліся 572 юнакі. 2-е вучылішча закрыта ў 1916, 1-е — у пач. 1917; частка іх выкладчыкаў і выхаванцаў пераведзена ў 3-е вучылішча (закрыта ў 1916).

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЮ́ТА,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мнюта (цячэ праз возера), за 20 км ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,96 км², даўж. больш за 1,3 км, найб. шыр. каля 1,2 км, найб. глыб. 14,1 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 601 км². Схілы катлавіны выш. 7—20 м, парослыя лесам і хмызняком, на У і ПдУ — 3—5 м, пад лугам ці разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя. Зона мелкаводдзя шыр. 20—40 м, на Пн да 90—120 м. Дно ілістае. Востраў пл. 0,3 га.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ЖНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Мурожніца. У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,26 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя, месцамі пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 0,8 м пясчанае, ніжэй — ілістае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. З возера выцякае р. Язвінка, упадае р. Мурожніца.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСУЛЬМА́НСКАЯ ЛІ́ГА, Усеіндыйская (з 1947 Усепакістанская) мусульманская ліга,

палітычная арг-цыя ў Брыт. Індыі і Пакістане. Створана ў 1906 пры падтрымцы брыт. улад. У 1920—30-я г. кіраўніцтва М.л. на чале з М.​А.​Джынам падтрымлівала барацьбу Індыйскага нацыянальнага кангрэса за незалежнасць Брыт. Індыі. З 1940 выступала за стварэнне асобнай дзяржавы інд. мусульман — Пакістана. Узначальвала ўрад Пакістана ў першыя гады яго існавання (у 1956 скінуты ваеннымі). У канцы 1960-х г. М.л. распалася на некалькі груп, якія спынілі сваё існаванне да пач. 1970-х г.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯША́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1454,

прывілеі, дадзеныя польскім каралём Казімірам IV шляхце каля г. Няшава (адсюль назва) за падтрымку ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і ў яго барацьбе з магнатамі. Адмянялі выключнае права магнатаў займаць вышэйшыя дзярж. пасады, рэгулявалі судаводства і мясц. кіраванне на карысць шляхты, адначасова значна абмяжоўвалі каралеўскую ўладу. Н.с. замацоўвалі паліт. перавагу шляхты як саслоўя. Выданне законаў, рашэнне пытанняў вайны і міру маглі ажыццяўляцца толькі са згоды шляхецкіх земскіх сеймікаў. Шляхта вызвалялася ад суда каралеўскіх чыноўнікаў (за выключэннем асобных выпадкаў). Н.с. часткова абмяжоўвалі правы гарадоў.

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУ́ЛЛЕ, Павунне,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 10 км на ПнЗ ад г. Чашнікі. Пл. 0,21 км², даўж. 740 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 10,4 м, даўж. берагавой лініі 1,8 км. Пл. вадазбору больш за 3 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на Пн 2—3 м), пераважна разараныя. Берагі нізкія, паўн.-ўсх. абразіўныя, месцамі зліваюцца са схіламі, часткова пад хмызняком. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Выцякае ручай у р. Ула.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВАЯВО́ДА,

службовая асоба ў мясц. адміністрацыі ВКЛ у 15—18 ст., намеснік ваяводы. Звычайна кіраваў дваром ваяводы (адсюль другая яго назва — каморнік ваяводскі), назіраў за гандлем і спаганяў падаткі з гандл. заняткаў. У ваяводствах ВКЛ, за выключэннем Брэсцкага і Мінскага, лічыўся земскім чыноўнікам і па даручэнні ваяводы замяняў яго ў судзе ваяводства. Кантраляваў наяўнасць і сапраўднасць эталонаў мер і вагі на тэр. ваяводства, аб’язджаў гарады, кантралюючы мясц. гандаль. Пасада П. давала магчымасць атрымліваць грашовыя прыбыткі, на яе заўсёды было шмат жадаючых, але вял. значэння яна не мела.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЯ́ВЫ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 15 км на ПнЗ ад г. Міёры. Пл. 0,42 км², даўж. 980 м, шыр. 730 м, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 6,28 км². Схілы катлавіны на З выш. 10—12 м, часткова разараныя, на У 3—5 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пад хмызняком, на Пд сплавінныя. Некалькі заліваў. Дно плоскае сапрапелістае, уздоўж зах. і ўсх. берагоў пясчанае. Зарасло падводнай расліннасцю. Злучана ручаём з воз. Набіста.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)