ПАНЦЕЛЯЙМО́Н (свецкае Ражноўскі Павел Стафанавіч; 21.10.1867, г. Кастрама, Расія —30.12.1950),
мітрапаліт, царк. дзеяч Беларусі. Скончыў духоўныя курсы пры Казанскай духоўнай акадэміі. У 1897 прыняў манаства. Настаяцель Маркава манастыра ў Віцебску (1906—13), вікарны епіскап дзвінскі (1913—20), епіскап пінскі (1920—22). З-за нязгоды з царк. палітыкай польскіх улад, пазбаўлены кафедры і знаходзіўся пад наглядам у розных манастырах Польшчы. У 1939—40 патрыяршы экзарх Заходніх Беларусі і Украіны, у 1940—41 архіепіскап гродзенскі. У 1941—44 ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі. У ліп. 1944 эмігрыраваў у Германію. У 1946 разам з большасцю бел. епіскапаў, якія эмігрыравалі, перайшоў пад юрысдыкцыю Рус. праваслаўнай царквы ў замежжы. Пахаваны на могілках у прыгарадзе Мюнхена. У 1987 перапахаваны на рус.гіст. могілках каляг. Вісбадэн.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫР (ням. Panzer ад стараж,франц. pancier ад лац. pantex жывот),
засцерагальны даспех стараж. і сярэдневяковага воіна для аховы тулава. Выраблялі пераважна з метал. кольцаў ці пласцін таўшч. 0,5—2 мм разнастайнай формы, якія нашывалі на скураны або тканы кафтан. П. называлі таксама кальчугі, выкананыя кальчужнай пляцёнкай, камбінацыяй кальчужнага палатна са стальнымі пласцінамі. П. вынайдзены ў бронзавым веку асірыйцамі, якія рабілі доўгае да шчыкалатак адзенне з кароткімі рукавамі і нашытымі па ўсёй паверхні бронзавымі лускамі. Такімі -П. карысталіся ў стараж. Егіпце, Грэцыі і сярэдневяковай Еўропе. На Беларусі лускаватыя П. вядомы з часоў Кіеўскай Русі і наз. «бронямі». У 11 ст. паявілася лускаватая «браня». У 14 ст.наз. даспехамі, а з 15 ст. — П. Фрагменты П. знойдзены пры раскопках гарадзішча Хотамель, у Гродзенскім замку, у Мінску, Навагрудку, Гомелі, каля Нясвіжа. З удасканаленнем агнястрэльнай зброі П. паступова страцілі сваё значэнне і ў 18 ст. зніклі зусім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,
ваганні, якія ўзнікаюць ў выніку перыядычнай змены параметраў вагальнай сістэмы (масы, пругкасці, індуктыўнасці, ёмістасці, эл. супраціўлення і інш.). Назіраюцца ў любой вагальнай сістэме пры пэўных суадносінах паміж частатой аднаго з уласных ваганняў сістэмы і частатой змен параметраў.
Класічны прыклад П.в. — узнікненне папярочных ваганняў струны (параметрычны рэзананс) пры перыяд. зменах яе нацяжэння, якое найлягчэй адбываецца, калі частата асн. тону (ці якой-н. гармонікі; гл.Абертон) струны ўдвая большая за частату змен нацяжэння (пры звычайным узбуджэнні вымушаных ваганняў рэзананс настае, калі іх частата супадае з частатой аднаго з уласных ваганняў струны). Пры ўзбуджэнні П.в. стан раўнавагі вагальнай сістэмы ў выніку перыяд. ўздзеяння становіцца няўстойлівым і сістэма пачынае рабіць ваганні каля становішча раўнавагі. Шырыня абласцей няўстойлівага стану павялічваецца з ростам амплітуды змен параметраў. Прынцыпы ўзбуджэння П.в. выкарыстоўваюцца ў параметрычных крыніцах святла (параметрычны лазер), параметрычных генератарах і ўзмацняльніках эл.-магн. ваганняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМФІСТАМАТА́ТЫ (Paramphistomatata),
падатрад плоскіх паразітычных чарвей кл. смактуноў. 4 надсям., 10 сям., больш за 70 родаў, каля 170 відаў. Найб. пашыраны ў Еўразіі, Аўстраліі, Афрыцы. Узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека — парамфістаматадозаў. На Беларусі найб. трапляюцца ліёрхіс скоцыя (Liorchis scotiae), парамфістамы: звычайны (Paramphistomum specium) і іхікавеі (P. ichikawai).
Даўж. да 2 см. Цела конусападобнае, ружовае, на пярэднім канцы глотка, на заднім — прысоска. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў сям. катушак. У знешнім асяроддзі з яец паразіта вылупліваюцца мірацыдыі, трапляюць у цела малюска, дзе фарміруюцца ў цэркарыі, якія праз 1,5—3 месяцы пакідаюць прамежкавага гаспадара, прымацоўваюцца да раслін і ператвараюцца ў адалескарыі. Маладыя гельмінты з вадой ці кормам пранікаюць у стрававальны тракт дэфінітыўнага гаспадара (дзікія і свойскія жывёлы) і мігрыруюць у органы страўнікава-кішачнага тракту, дзе праз 3—4 месяцы дасягаюць палавой спеласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЎДНЁВАРАСІ́ЙСКІ САЮ́З РАБО́ЧЫХ» 1875,
першая рэв.паліт.арг-цыя рабочых на Украіне і ў Расіі. Засн. ў пач. 1875 у г. Адэса Я.В.Заслаўскім. Налічваў 6 груп, 60 чл., каля 200 чал. спачувальных. У статуце «Саюза», складзеным пад уплывам статута Інтэрнацыянала 1-га сцвярджалася, што рабочыя здольны дамагчыся прызнання сваіх правоў «толькі пры дапамозе насільнага перавароту, які знішчыць усялякія прывілеі і перавагі і зробіць працу асновай асабістага і грамадскага дабрабыту». На погляды членаў «П.с.р.» моцна ўплывала народніцкая ідэалогія. «Саюз» прапагандаваў свае погляды сярод рабочых, удзельнічаў у арг-цыі 2 стачак у Адэсе, праводзіў штотыднёвыя сходкі рабочых і сходы прадстаўнікоў груп, імкнуўся пашырыць дзейнасць на гарады Мікалаеў, Харкаў, Таганрог, Севастопаль, Керч, Растоў-на-Доне, атрымліваў рэв. выданні з Лондана. У канцы 1875 — пач. 1876 «Саюз» разгромлены паліцыяй: 60 чал. арыштаваны, 15 чал., у т. л. Заслаўскі, асуджаны на розныя тэрміны катаргі, турмы і ссылкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́ХІН (Аляксей Анціпавіч) (13.7. 1829, г. Кінешма Іванаўскай вобл., Расія — 29.10.1908),
рускі драматург, празаік. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1900). Скончыў Яраслаўскі Дзямідаўскі ліцэй (1849). Удзельнік літ.-этнагр. экспедыцыі 1856. У 1880-я г. займаўся тэатр. рэформамі, у 1882—90 кіраваў драм. трупамі Пецярбурга і Масквы. Друкаваўся з 1851. У «мужыцкіх» драмах «Суд людскі — не божы», «Шуба авечая — душа чалавечая» (абедзве 1854), «Чужое дабро не на карысць» (1855), рамане «Сялянка» (1853) ідэалізацыя патрыярхальнасці рус. вёскі, фалькл. і этнагр. матывы. Спроба аб’яднаць сац. і этычную праблематыку, паказаць грамадскія праблемы праз прызму маральных патрабаванняў у п’есах «Мішура» (1858), «Вакантнае месца» (паст. 1880), «Адрэзаны кусок» (1865; усе забараняліся цэнзурай) і інш. У аповесцях і апавяданнях 1870—80-х г. крытычнае стаўленне да сялянскай абшчыны. Аўтар раманаў «Крушынскі» (1856), «Каля грошай» (1876), «Маладыя парасткі» (1879), цыкла нарысаў «Вясковыя міраеды» (1880), тэатр. рэцэнзій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА НІБЕЛУ́НГАЎ»
(«Das Nibelungenlied»),
помнік нямецкага гераічнага эпасу. Назва ад імя міфічнага народа, уладальнікаў і захавальнікаў незлічоных скарбаў. Запісаны каля 1200, упершыню апубл. І.Я.Бодмерам у 1757. Гіст. аснову твора склалі падзеі эпохі Вял. перасялення народаў — захоп Еўропы гунамі пад кіраўніцтвам Атылы (5 ст.н.э.). 1-я ч. паэмы апавядае пра подзвігі і смерць каралевіча Зігфрыда, 2-я — пра помсту яго жонкі Крымхільды, у выніку чаго загінула ўсё бургундскае царства. У паэме асуджаюцца жорсткасць і вераломства феадалаў, апяваюцца гераізм і высакароднасць Зігфрыда. Яе паэтыка, блізкая да фальклорнай, зазнала ўплыў феадальна-рыцарскай культуры. Да сюжэта «П.п.Н.» звярталіся Ф.Фуке, Р.Іордан, Ф.Гебель, Р.Вагнер, Г.Ібсен і інш.
Публ.: Рус.пер. — Песнь о Нибелунгах. Л., 1972.
Літ.:
Хойслер А. Германский героический эпос и сказание о Нибелунгах. М., 1960;
Жирмунский В.М. Немецкий героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ГУРТО́К МО́ЛАДЗІ ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЙ І МАЛАРУ́СКАЙ (Kolo młodzieży polskiej),
маладзёжная арг-цыя выхадцаў з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны ў С.-Пецярбургу ў 1889—93. Аб’ядноўвала пераважна студэнтаў тэхнал. ін-та; усяго каля 25 чал., з якіх выбіраліся старшыня і касір. Старшынямі ў розны час былі К.Дабкевіч, І.Вілейшыс, М.Дамашэвіч, з крас. 1893 бел. паэт-дэмакрат А.Гурыновіч. У сваёй працы гурток эвалюцыяніраваў ад легальнай асветніцкай дзейнасці сярод рабочых да паліт. дзейнасці (прапаганда ў рабочых гуртках рэв. ідэй, кантакты з с.-д. арг-цыямі, спробы наладзіць сувязь з групай «Вызваленне працы», захады па набыцці рэв. л-ры і інш.). Спыніў існаванне пасля арышту, пачынаючы з чэрв. 1893, актыву. 3 чал. адміністрацыйна прыгавораны (без суда) да турэмнага зняволення; Гурыновіч у час папярэдняга зняволення цяжка захварэў і быў адпраўлены пад нагляд паліцыі ў фальварак бацькоў (Віленская губ.), дзе неўзабаве памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭТРЫ́НЫ,
прыродныя кантактныя інсектыцыды, што знаходзяцца ў кветках рамонкаў роду пірэтрум.
Аптычна актыўныя высокакіпячыя вадкасці. Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў, не раствараюцца ў вадзе. Лёгка акісляюцца ў паветры, асабліва на святле. Паводле хім. прыроды П. — складаныя эфіры (+)-транс-хрызантэмавай і (+)-транс-пірэтрынавай кіслот з цыклічнымі кетаспіртамі: пірэтралонам (назва эфіраў пірэтрын I і II адпаведна), цынералонам (цынерын I і II), жасмалонам (жасмалін I і II). Найб. моцнае ўздзеянне аказвае пірэтрын I; у прыроднай сумесі П. найб. колькасць (каля 70%) пірэтрыну I і II. Выкарыстоўваюць для барацьбы з насякомымі ў закрытых памяшканнях у выглядзе пірэтруму — сухога парашку з кветак (мае 0,3—2,5% П.) ці прэпаратаў на аснове вадкага экстракту (20—60% П.) з дабаўкамі антыаксідантаў і сінергістаў.
Агульная формула пірэтрынаў (R i R′ — арганічныя радыкалы). Для пірэтрыну I і пірэтрыну II R—CH3 і CH3OC(O) адпаведна, R′=CH=CH2; для цынерыну I R=R′=CH3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.