ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ,

прылада для арыфм. вылічэнняў (складання і аднімання). Маюць прамавугольную раму з папярочнымі пруткамі з рухомымі круглымі костачкамі. Выкарыстоўваюцца для простай лічыльнай работы і як наглядны дапаможнік.

Кожны пруток з 10 костачкамі адыгрывае ролю дзесятковага разраду ліку. Першакрыніцай Л. з’яўляецца т. зв. дашчанае лічэнне, якое ўзнікла ў Расіі ў 16 ст. З пераходам да арабскіх лічбаў у канцы 17 — пач. 18 ст. Л. набылі сучасны выгляд з захаваннем аднаго няпоўнага раду. Кітайскія Л. (суан-пан), якімі карыстаюцца таксама ў Індакітаі і Японіі, захавалі свой стараж. выгляд с падлікам адзінак у кожным разрадзе па 5, а затым пяцёркамі. Гл. таксама Абак.

Лічыльнікі: а — сучасныя; б — дашчанае лічэнне (паводле чарцяжа 17 ст.); в — суанпан (кітайскія лічыльнікі).

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯТА́Р (Liotard) Жан Эцьен (22.12. 1702, г. Жэнева, Швейцарыя — 12.6. 1789),

швейцарскі мастак. Майстар пастэльнага партрэта. Вучыўся ў Жэневе ў Д.​Гардэля, у Парыжы ў Ж.​Б.​Масэ. Працаваў у Турцыі, Галандыі, Вене, Лондане, Жэневе. У пастэлях, малюнках і мініяцюрах спалучаў дэталёва-ілюзорную дакладнасць выявы з імкненнем да перадачы характару мадэлі. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю ліній, тонкім пераліваннем святлаценю і суадносін тонаў: «Шакаладніца» (1743—45), «Турчанка з рабыняй», «Аўтапартрэт у турэцкім строі» (1744), «Граф Ф.​Альгароці» (1745), «Граф Морыц Саксонскі» (каля 1748—52), «Мэры Ганінг, графіня Ковентры» (каля 1754), «Мадам д’Эпінэ» (1759) і інш. Аўтар «Трактата аб прынцыпах і правілах жывапісу» (1781).

В.​Я.​Буйвал.

Э.Ліятар. Шакаладніца 1743—45.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЦКО́ Аляксандр Міхайлавіч (23.1. 1941, в. Чыжэвічы Салігорскага р-на Мінскай вобл. —4.9.1997),

бел. вучоны ў галіне ядз. фізікі і радыеэкалогіі. Канд. фіз.-матэм. н. (1969), праф. (1997). Скончыў БДУ (1963), дзе і працаваў у 1963—78 і з 1987. З 1992 рэктар створанага па яго ініцыятыве Міжнар. ін-та па радыеэкалогіі імя А.​Сахарава (цяпер Міжнар. экалагічнага ун-та імя А.​Сахарава). Навук. працы па ізатопнай біяінтраскапіі, радыеактыўных індыкатарах для біятэхналогій, вывучэнні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адзін з аўтараў падручнікаў для сярэдніх школ па асновах радыяцыйнай бяспекі.

Тв.:

Изотопная биоинтроскопия. М., 1973 (разам з А.​Дз.​Ляўковічам, А.​М.​Перцавым);

Фон Чернобыля. Мн., 1990.

І.​Б.​Ткачук.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯБЕ́ЦКАЯ Алена Канстанцінаўна (15.7.1903, б. хутар Лягуцева, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 28.1.1982),

дзеяч рэв. і нац. вызв. руху ў Зах. Беларусі. Стварала гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). 3 ліст. 1927 сакратар Слонімскай акр. управы ТБШ. На 1-м з’ездзе ТБШ (1927) выбрана старшынёй рэвіз. камісіі, на 2-м (1929) — старшынёй кантрольнага савета. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволена ў турму ўладамі Польшчы. Дэлегат 1-га антыфаш. кангрэса (1929, Берлін), чл. зах.-бел. к-та па падрыхтоўцы Еўрап. сял. кангрэса, яго дэлегат. У лют. 1930 арыштавана, засуджана на 6 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 у БССР; працавала ў ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Аўтар успамінаў.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯБЁДКА,

машына для пад’ёму, апускання і падцягвання грузаў з дапамогай каната або ланцуга. Развіваюць цягавае намаганне да 200 кН.

Бываюць стацыянарныя (падлогавыя, насценныя, столевыя) і перасоўныя (на рэйкавых або бязрэйкавых цялежках), з машынным (эл., пнеўматычным, гідраўлічным, ад рухавіка ўнутр. згарання) і ручным прыводам. Выкарыстоўваюцца як самаст. машыны пры пагрузачна-разгрузачных, буд., мантажных, складскіх, манеўровых (з рухомым саставам) работах, пры тралёўцы лесу і штабеляванні драўніны, швартоўцы суднаў, пад’ёме якараў, а таксама як частка землярыйных і дарожных машын, грузападымальных кранаў, капроў, канатных дарог, скрэперных і буравых установак і інш.

Лябёдкі: а — ручная рычажная (1, 2 — прывадныя рукаяткі прамога і зваротнага ходу); б — барабанная электрычная (1 — электрарухавік, 2 — рэдуктар, 3 — барабан).

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙКЕЛЬСАН, Майкелсан (Michelson) Альберт Абрахам (19.12.1852, г. Стшэльна, Польшча — 9.5.1931), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1882). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1926). Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1873), дзе працаваў у 1875—79. У 1883—1929 у розных ВНУ ЗША. У 1923—27 прэзідэнт Нац. АН ЗША. Навук. працы па оптыцы і спектраскапіі. Сканструяваў дакладныя спектраскапічныя прылады (інтэрферометр М., эшалон М.), выканаў шэраг эксперыментаў па вызначэнні скорасці святла і залежнасці яе ад руху Зямлі (гл. Майкельсана дослед). Правёў дакладнае вызначэнне даўжыні метра ў даўжынях хваль чырвонай спектральнай лініі кадмію, сканструяваў зорны інтэрферометр для вызначэння вуглавых дыяметраў зорак. Нобелеўская прэмія 1907.

Літ.:

Джефф Б. Майкельсон и скорость света: Пер. с англ. М., 1963.

А.А.Майкельсан.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКДО́НАЛЬД (Macdonald) Браян (н. 14.5.1928, г. Манрэаль, Канада),

канадскі артыст балета, балетмайстар. Скончыў Манрэальскі ун-т. З 1958 балетмайстар у т-рах Канады, ЗША, трупах еўрап. краін. З 1974 маст. кіраўнік калектыву Вял. канадскі балет. Зрабіў вял. ўклад у развіццё канадскага харэаграфічнага мастацтва, паставіў першы нац. балет «Ружа-Лацюліп» Х.​Фрыдмена (1966, Каралеўскі Вініпегскі балет). Інш. пастаноўкі: «Прыцемак» на муз. Б.​Брытэна, «Ці любіце вы Баха?» на муз. І.​С.​Баха, «Актэт» і «Варыяцыі» на муз. Ф.​Шуберта, «Жар-птушка» І.​Стравінскага, «Чатыры апошнія песні» Р.​Штрауса, «На заранку чалавецтва» П.​Крэстана, «Гімн» і «Эпіталама» на муз. Ф.​Дыліуса, «Варыяцыі на простую тэму» на муз. Л.​Бетховена і інш.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́Т (франц. maquette ад італьян. macchietta накід) у архітэктуры, аб’ёмна-прасторавае адлюстраванне будынка, арх. ансамбля, горада, якія будуюцца ці праектуюцца. Выконваецца з паперы, кардону, дрэва, пластмасы, гіпсу і інш. матэрыялаў у розных маштабах. Узнаўляе арыгінал ва ўсіх дэталях (наз. мадэллю) або набліжаны да яго. Служыць для праверкі і ўдасканалення арх. кампазіцыі. М. як адзін з метадаў распрацоўкі арх. праекта вядомы са старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18—19 ст. Выкарыстоўваецца пры праектаванні ці рэканструкцыі асобных жылых і грамадскіх будынкаў, забудовы вуліц, плошчаў, мікрараёнаў, генпланаў комплексаў, гарадоў. Макетны метад найб. пашыраны ў конкурсным праектаванні і ў навуч. працэсе пры падрыхтоўцы арх. кадраў. З’яўляецца таксама важным элементам экспазіцыі музеяў.

В.​Б.​Ангелаў.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСА́РДА (ад франц. mansarde), паддашак,

памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц. арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.

В.​Б.​Ангелаў.

Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.
Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.​Мансара.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГУ́НСКІ Сцяпан Парфёнавіч (6.1. 1912, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 26.12.1978),

бел. правазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1953). Д-р юрыд. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1946), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1951). З 1945 у ЦК КПБ. З 1951 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі, з 1956 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Асн. навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі станаўлення і развіцця бел. сав. дзяржаўнасці. Пад яго кіраўніцтвам выдадзена «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76).

Тв.:

Создание и упрочение белорусской государственности 1917—1922. Мн., 1958;

Государственное строительство БССР в годы восстановления народного хозяйства (1921—1925). Мн., 1966.

С.П.Маргунскі.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)