МАГЧЫ́МЫХ ПЕРАМЯШЧЭ́ННЯЎ ПРЫ́НЦЫП,

прынцып, які ўстанаўлівае агульныя ўмовы раўнавагі мех. сіс-. тэмы; адзін з варыяцыйных прынцыпаў механікі. Паводле М.п.п. для раўнавагі сістэм з ідэальнымі сувязямі (гл. Сувязі механічныя) неабходна і дастаткова, каб сума работ усіх актыўных сіл, прыкладзеных да сістэмы, пры любых магчымых перамяшчэннях сістэмы была роўная нулю (без разгляду невядомых рэакцый сувязей). Гл. таксама Д’Аламбера—Дагранжа прынцып.

т. 9, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЭ́СТА,

крыніцы серавадародных тэрмальных вод бальнеалагічнага курорта Сочы (Расія). Тэрмальныя (18—67 °C) сульфідна-хларыдна-натрыевыя воды з мінералізацыяй 3—41 г/л, маюць ёду да 12 мг/л, брому да 70 мг/л, радон, эфектыўныя пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм, апорна-рухальнага апарата, скурных, гінекалагічных і інш. Лячэнне ўвесь год.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДУ́ЗА,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі малодшая і самая страшная з трох гаргон, сярод якіх толькі яна была смяротная. Як і інш. гаргоны, М. ператварала ў камень усё жывое, да чаго датыкаўся яе позірк. Персей адсек ёй галаву і аддаў яе Афіне. З крыві або з тулава М. нарадзіўся Пегас — плод яе сувязі з Пасейдонам. Іл. гл. пры арт. Гаргоны.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЁМА [ад грэч. mys (myos) мышца + ōma канчатак у назвах пухлін],

дабраякасная пухліна з мышачнай тканкі ў чалавека і жывёл. М. з гладкіх мышцаў (леяміёма) развіваецца ў матцы, страўніку, кішэчніку; з папярочна-паласатых (рабдаміёма) узнікае пры парушэннях развіцця з эмбрыянальных клетак у міякардзе і мышцах канечнасцей. Бывае адзіночная і множная. Гл. таксама Пухліны.

М.​К.​Недзьведзь.

Д.Міё.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖВУЗЕ́ЛЛЕ ў біялогіі,

участак сцябла паміж двума сумежнымі вузламі парастка. У пупышцы М. не развітыя, вузлы цесна збліжаны. Пры росце парастка яны падаўжаюцца ў выніку дзейнасці ўставачных (інтэркалярных) мерыстэм (роставыя парасткі дрэў, кветаносныя парасткі траў). Застаюцца вельмі кароткімі ці адсутнічаюць М. ў некат. суквеццяў (кошык, парасонік), разетачных раслін (напр., дзьмухавец, трыпутнік), укарочаных парасткаў дрэў (бяроза, яблыня).

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІМЕ́ТР (ад мінімум + ...метр),

рычажная стрэлачная прылада для вымярэнняў адносным кантактным спосабам лінейных памераў калібраў, дэталей машын і інш. вырабаў. Вымяральны стрыжань пры дапамозе рычагоў звязаны са стрэлкай, якая паказвае велічыню памеру на шкале. Межы вымярэння ад 20 да 600 мкм. Больш дасканалыя за М. — мікракатары.

Мініметр: 1 — вымяральны стрыжань; 2 — адводны рычаг; 3 — паказчыкі адхіленняў зададзеных памераў.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАБРА́НЕЦ,

у Расійскай імперыі ў 1874—1917 асоба прызыўнога ўзросту, залічаная на ваен. службу адпаведнай установай. Найменне «Н.» уведзена Статутам аб воінскай павіннасці 1874 замест назвы рэкрут, якая існавала пры рэкруцкай павіннасці. З моманту прыбыцця ў часць Н. лічыўся салдатам (матросам). Н. (новікам, навічком) называлі асобу, што нядаўна прынялі на работу (18—19 ст., пазней — у пераносным сэнсе).

т. 11, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАДЭРМІ́Т (ад нейра... + дэрма + ...іт),

хранічны дэрматоз, які суправаджаецца свербам і ліхенізацыяй (ушчыльненнем скуры, узмацненнем яе малюнка, парушэннем пігментацыі). Бывае алергічны, нейрагенны, спадчынны. Пры Н. ўзнікае прыступападобны сверб скуры, асабліва ноччу, пасля нерв. хваляванняў і інш. Часцей пашкоджваецца скура на патыліцы, шыі, локцевых, падкаленных згібах, перадплеччах. Лячэнне тэрапеўт., ванны з марской соллю, лек. травамі.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎРЫНО́МА [ад неўра... + is (inos) валакно + ...ома],

дабраякасная пухліна чалавека і жывёл, якая зыходзіць з абалонкі нерв. ствалоў. Часцей узнікае ў слыхавым нерве, бывае таксама на скуры канечнасцей (зрэдку на тулаве, галаве). Магчыма яе злаякаснае перараджэнне. Пры Н. слыхавога нерва з’яўляюцца шумы ў вушах, слых зніжаецца (да поўнай глухаты), узнікае галавакружэнне, галаўны боль і інш. сімптомы, якія звязаны з павышэннем унутрычарапнога ціску. Лячэнне хірургічнае.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Хонсю, на Пн ад Токіо, у даліне р. Дая. Клімат марскі, вільготны, мусонны. На схілах г. Насу — гарачыя (да 65 °C) крыніцы гідракарбанатна-сульфатна-кальцыевых вод, якія выкарыстоўваюць для ваннаў пры захворваннях органаў апоры і руху, скуры. Размешчаны ў аднайменным нац. парку. Цэнтр турызму.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)