пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.

2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. кім-чым. Кіраваць на працягу нейкага часу. За адзін учарашні дзень Грышка паспеў пабываць у кабіне магутнага тралёвачнага трактара і пакіраваць лесавозам. Паслядовіч. — Дык от, Галіна Казіміраўна, .. вам давядзецца пакіраваць калгасам, пакуль вернецца Леўчык. Сабаленка.

2. Разм. Тое, што і накіраваць (у 1, 2 знач.). Шашура прайшоў у канец палоскі, налёг на ручкі, перавёў плуг на другі край вагона і накіраваў назад. Мележ. Людзі з першай жа хвіліны пакіравалі свае думкі да пераспелага жыта. Чорны.

3. Разм. Тое, што і накіравацца (у 1 знач.). [Зося] прабегла ўсю сценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́раст, ‑а, М ‑сце, м. і на́расць, ‑і, ж.

1. Ненармальнае патаўшчэнне на якой‑н. частцы арганізма. Мазольныя нарасты на руках. Нарасты на галінах дрэва. □ [Юдзін] не ведаў, што гэта лішай такі, нездаровая нарасць — лес жа таксама хварэе. Масарэнка.

2. Пукатасць на галаве, каля носа і вачэй у некаторых жывёл, рыб і птушак. Нараст на галаве ў гусей.

3. Тое, што наогул нарасло дзе‑н., на чым‑н. Нараст смалы на дрэве. Нараст шлаку. □ Ад цяпла іх [вербы] адгароджвалі не толькі шыбы, але і тоўсты пласт інею на іх з лёдавымі нарастамі і глыбокімі шчылінамі па краях, каля рам. Шамякін. // перан. Аб нездаровых з’явах у грамадскім жыцці. Нарасты дробнабуржуазнай псіхалогіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак.

1. чаго. Нассоўваць у адно месца нейкую колькасць чаго‑н. Насунуць кучу лісця. □ З кулямётам трэба было быць цяпер наверсе, за брустверам, які, спяшаючыся, рабілі ўчора вечарам, насунуўшы лапатамі жвіру. Пташнікаў.

2. што. Закрыць, засланіць чым‑н. каго‑, што‑н. Хлопцы селі [у самалёт]. Лётчык насунуў над імі цэлулойдны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў. Насунуўшы на вочы шчыток, працуе электразваршчык. Дадзіёмаў. Вера нічога не адказала, толькі ніжэй насунула хустку на вочы. Федасеенка.

3. што. Разм. Надзець, уссунуць на што‑н. [Гаспадар] насунуў на ногі апоркі і выйшаў з-за шырмы. Лупсякоў. Сын неахвотна ўзняўся, насунуў шлем, апрануў новы д[о]ўгі кажух і пайшоў. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.

2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.

3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.

4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.

5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.

6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; пр. наламаў, ‑мала; заг. наламі; зак.

1. чаго. Зламаць нейкую колькасць чаго‑н. Наламаць букет бэзу. Наламаць галля. □ Нупрэй жыва наклаў агню, наламаў бярэмя яловых лапак, палажыў іх каля агню, заслаў воўчаю шкураю. Колас. // Паламаць, сапсаваць вялікую колькасць чаго‑н. Наламаць цацак.

2. што. Зламаць не да канца, надламаць. Наламаць галіну.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; каго. Разм. Схіліць да чаго‑н., угаварыць заняцца чым‑н. У Лаўрэна былі тры сыны. Ён таксама хацеў іх наламаць на краўцоўства, але яны ні блізка. Сабаленка.

•••

Наламаць дроў — нарабіць памылак пры выкананні чаго‑н.

Наламаць руку — тое, што і набіць руку (гл. набіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. налёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. наляж; зак.

1. Наваліцца на што‑н., націснуць сваім цяжарам. Палегчы на стол. □ Вартаўнік усім целам налёг на рэйку шлагбаума. Шынклер. Чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Лынькоў.

2. З сілай пачаць дзейнічаць якой‑н. прыладай. Надзя зноў села на карму, а я з усіх сіл налёг на вёслы. Аднак пасоўваліся мы досыць марудна. Кірэенка. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік.

3. перан. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н., займацца чым‑н. Налегчы на кнігі. Налегчы на замежную мову. □ [Халуста] спачатку налёг на мяса, потым падсунуў да сябе міску з капустай і вычарпаў яе да дна. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.

2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.

3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. аб кім-чым, пра каго-што і без дап. Прымусіць успомніць, прывесці на памяць, звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Напомніць аб сваім існаванні. Напомніць пра свае заслугі. □ [Сцёпка] напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай. Колас. [Шугаеў:] Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр. Крапіва.

2. каго-што. Здацца падобным на каго‑, што‑н., выклікаць успамін пра каго‑, што‑н.; нагадаць. Прахожы напомніў сябра. Возера напомніла мора. □ Твар чалавека напомніў штосьці даўно знаёмае, крануў балючую струнку не то з дзяцінства, не то з юнацтва, і я пачаў пільна сачыць за гэтым чалавекам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́саны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пісаць.

2. у знач. прым. Напісаны ад рукі (у адрозненне ад друкаванага). Пісаныя кнігі. // у знач. наз. пі́санае, ‑ага, н. Тэкст, напісаны ад рукі. Па друкаваным разбірае, а па пісаным — з вялікай натугай. Навуменка.

3. у знач. прым. Уст. Размаляваныя якімі‑н. узорамі. Пісаныя дэкарацыі.

•••

Віламі па вадзе пісана — аб чым‑н. мала магчымым.

Закон не пісан гл. закон.

Пісаная прыгажуня гл. прыгажуня.

Пісаны прыгажун гл. прыгажун.

Як па пісаным — гладка, бойка (гаварыць, расказваць і пад.). Затое калі я ўжо блізка знаёміўся з людзьмі, дык тады знаходзіліся і дасціпныя словы, і сур’ёзныя гісторыі, якія магу расказваць, як па пісаным. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)