РОД І ВІД у логіцы,

паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.​І.​Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл. Від, Сістэматыка).

Літ.:

Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр. М., 1991;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,

помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.​Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.​Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.​Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр. ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.​Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.​Мадэрна). На фасадзе з вял. цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдні наз. Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум. бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б. атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум. бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.​Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.​Манцу (манум. бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пал і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл. святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Рымскі сабор святога Пятра.
Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ФМА (ад грэч. rhythmos сувымеранасць, суладнасць),

гукавы паўтор заключных частак вершаванага радка ў сілабічным (гл. Сілабічнае вершаскладанне) ці рытмараду ў сілаба-танічным і танічным (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне, Танічнае вершаскладанне) вершы. Паводле характару гучання Р. падзяляюць на дакладаныя і прыблізныя, поўныя і няпоўныя, асанансныя і дысанансныя, простыя і састаўныя, багатыя і бедныя, таўталагічныя, роўнаскладовыя і няроўнаскладовыя, рознанаціскныя; паводле размеркавання ў страфе — сумежныя (аабб), перакрыжаваныя (абаб) і апаясныя (кальцавыя; абба). У цвёрдых формах верша (санет, рандо, актава, трыялет і інш.) ужываюцца спецыфічныя схемы расстаноўкі Р. Вылучаюцца Р. і паводле аб’ёму складоў: мужчынская (націск на апошнім складзе), жаночая (націск на перадапошнім складзе), дактылічная (націск на 3-м ад канца складзе) і гіпердактылічная (націск на 4-м і далей ад канца складзе). У значэнні клаўзульнага (канцавога, гл. Клаўзула) сугучча ўпершыню ў бел. сілабічнай паэзіі выкарыстана ў вершаваных творах Ф.​Скарыны, а ў Сімяона Полацкага названа ўжо «краесогласием» («стиси краесогласнии...»). Можа ўжывацца не толькі ў клаўзульнай частцы, але і ў пачатку і сярэдзіне (унутраная рыфма) вершаванага радка. Найб. развітая форма Р. — пантарыфма (суцэльная Р.), калі ўнутр. і канцавыя сугуччы прыпадаюць амаль на ўсе словы вершаванага радка ці твора. Р. адыгрывае важную ролю ў арганізацыі верша, яго страфічнай будове, гукавой выразнасці, запамінальнасці паэт. тэксту.

Як структурны кампанент Р. зарадзілася ў замовах, казках, нар.-песеннай творчасці, потым як сродак эўфанічнай канцэнтрацыі перайшла і ў пісьмовую л-ру. Узоры набліжаных да Р. канцавых сугуччаў ёсць ужо ў «Слове пра паход Ігаравы», у «словах» Кірылы Тураўскага, у палемічнай л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Кампазіцыйная роля Р. значна ўзмацнілася ў бел. сілабічнай паэзіі 19 ст., у якой прыкметны ўплыў нар.-песенных традыцый, асабліва прыёмаў танізацыі верша, што прывяло да сінтэзу розных версіфікацыйных сістэм. У выніку прыкметна ўзмацнілася эўфанічная роля Р. ў арганізацыі бел. сілабічнага верша. Найб. дасканалага ўзроўню яна дасягнула ў сілаба-танічным вершаскладанні, дзе побач з рытмам ёй належыць дзейсная формаўтваральная функцыя.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Гончаров Б.П. Звуковая организация стиха и проблема рифмы. М., 1974;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мн., 1987.

М.​М.​Грынчык.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У ІТА́ЛІІ,

адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак. ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда П, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.

Літ.:

Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;

Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНУА́Р ((Renoir) П’ер Агюст) (25.2.1841, г. Лімож, Францыя — 17.12.1919),

французскі жывапісец, графік, скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. З 1845 жыў у Парыжы. У 1854—58 працаваў у майстэрні па размалёўцы фарфору і адначасова займаўся ў Школе малюнка і дэкар. мастацтваў. У 1862—64 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у майстэрні Ш.​Глейра, дзе зблізіўся з К.​Манэ, А.​Сіслеем. У ранніх творах зазнаў уплыў Г.​Курбэ («Карчма матухны Антоні», 1866; «Дыяна», 1877). На мяжы 1860—70-х г. перайшоў да жывапісу на пленэры, апрабоўваў метад перадачы вібрыруемай святло-паветранай прасторы ў пейзажы; выпрацаваныя прынцыпы перанёс і на выявы людзей («Купанне на Сене», 1869). Паступова яго пісьмо станавілася празрыстым, палітра больш светлай, каларыт насычаўся тонкімі рэфлексамі, мяккімі кантрастамі цёплых па тоне ценяў і багатых серабрыста-жамчужнымі адценнямі асветленых зон («Ложа», 1874). Пры выяўленні бытавых, нібыта выпадковых эпізодаў і жыццёвых сітуацый, Р. аддаваў перавагу святочным сцэнам гар. жыцця — балям, танцам, прагулкам («Мулен дэ ла Галет», 1876; «Танец у Бужэвалі», 1883). Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць паэт. і абаяльныя вобразы жанчын («Пасля абеду», «Парасонікі», 1879; «Мадэмуазель Грымпель з блакітнай стужкай», 1880; партрэт актрысы Жанны Самары, 1877). У выяўленні аголенай натуры ён дасягнуў рэдкай вытанчанасці карнацый, пабудаваных на спалучэнні цёплых цялесных тонаў з лёгкімі зеленаватымі і шэра-блакітнымі рэфлексамі, што надаюць гладкасць і матавасць паверхні палатна («Аголеная жанчына сядзіць на кушэтцы», 1876). Як выдатны каларыст часта дасягаў. уяўлення манахромнасці жывапісу з дапамогай найтанчэйшых спалучэнняў блізкіх па колеры тонаў («Дзяўчаты ў чорным», 1883). З 1880-х г. усё больш імкнуўся да класічнай яскравасці і абагульненасці форм, жывапісу ўласцівы рысы дэкаратыўнасці і ідылічнасці («Вялікія купальшчыцы», 1884—87). Лаканізм, лёгкасць і паветранасць штрыха ўласцівы шматлікім малюнкам і афортам. Аўтар скульптур «Венера-пераможца», «Суд Парыса» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Вельчинская И. Ренуар: [Альбом] М., 1970;

Перрюшо А. Жизнь Ренуара: Пер. с фр. М., 1979.

Т.​В.​Пешына.

А.Рэнуар.
А.Рэнуар. Партрэт актрысы Жанны Самары. 1877.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАВЫ,

сям’я рускіх акцёраў.

Васіль Міхайлавіч (17.4.1782, Масква — 23.7.1839), артыст пецярбургскага Вял. т-ра (1803—39). Выступаў пераважна ў оперы (у тэнаровых і барытонавых партыях); іграў і ў драм. спектаклях. Найб. поспех меў у лірыка-драм. і гераічных партыях у операх К.​А.​Каваса, Ф.​Паэра і інш. Соф’я Васілеўна (народжаная Чэрнікава; 1787—3.3.1854), драм. і оперная артыстка. Жонка Васіля Міхайлавіча. Скончыла тэатр. вучылішча (1804). У 1804 дэбютавала на пецярбургскай сцэне. Выступала ў операх і операх-вадэвілях. Пакінула сцэну ў 1843. Васіль Васілевіч (25.1.1813, С.-Пецярбург — 8.4.1887), драм. акцёр. Сын Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. Скончыў Горны корпус (1829), Лясны ін-т (1832). Дэбютаваў у 1834 у партыі Іосіфа (опера «Іосіф» Э.​Мегюля). У 1835—75 у Александрынскім т-ры. Лепшыя ролі «з пераапрананнем»; Макар Губкін («Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.​Коні), Стружкін («Акцёр» М.​Някрасава) і інш. У п’есах У.​Шэкспіра і А.​Астроўскага не здолеў узняцца над узроўнем меладраматычнага псіхалагізму і дэкаратыўна падкрэсленай этнаграфічнасці. Вера Васілеўна (1824, С.-Пецярбург — 20.11.1880), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1841—53 у Александрынскім т-ры. З артыстызмам, грацыяй, лёгкасцю выконвала лірыка-драм. і камедыйныя ролі: Эльміра («Тарцюф» Мальера). Выдатна валодала мастацтвам вядзення дыялогу, тонка перадавала стыль аўтара. І.​Тургенеў для яе напісаў камедыі «Дзе тонка, там і рвецца», «Правінцыялка». Надзея Васілеўна (18.1.1818, С.-Пецярбург — 30.3.1899), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1838—59 у Александрынскім т-ры. Займала амплуа інжэню ў вадэвілях. Павел Васілевіч (11.7.1866, С.-Пецярбург — 16.4.1931), драм. акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1923). Сын Васіля Васілевіча. Сцэн. дзейнасць пачаў у Пецярбургу (1888). Іграў у правінцыі, у т. л. ў трупе М.​Барадая, у 1891—93 у Т-ры Корша (Масква), у 1904—05 у Драм. т-ры імя В.​Камісаржэўскай (Пецярбург), у 1900—04 і 1920—24 у трупе б. Александрынскага т-ра. Напаўняў сваю ігру настроямі трывогі, усведамленнем трагічнай няздольнасці ўвасобіць ідэалы: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Старыцын («Прафесар Старыцын» Л.​Андрэева), Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена) і інш.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З»,

1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.

Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.

Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваны КК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар. касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп. КК «Прагрэс».

2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам. касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».

У.​С.​Ларыёнаў.

Касмічны карабель «Саюз»: 1 — стыковачны агрэгат; 2 — арбітальны адсек; 3 — прыборна-агрэгатны адсек; 4 — спускальны апарат.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАМАРО́ХІ,

народныя акцёры, вядомыя ўсх.-слав. народам са старажытнасці да пач. 20 ст. Першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх грунтавалася на нар. творчасці, выступалі як музыкі, спевакі, выканаўцы сцэнак, дрэсіроўшчыкі, акрабаты, фокуснікі, лялечнікі і інш. на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах. Тэрмін «С.» паявіўся ва ўсх. славян у балг. перакладах з грэч. мовы ў 8—9 ст. Першае летапіснае ўпамінанне ў 1068, выява прадстаўлення С. — на фрэсках Сафійскага сабора ў Кіеве (1039). На Беларусі першае ўпамінанне тэрміна «С.» ў пропаведзях Кірылы Тураўскага, а выявы зафіксаваны ў археал. знаходках 12 ст. з Навагрудка (вухавёртка з выявай музыкі) і Ваўкавыска (шахматная фігурка ў выглядзе барабаншчыка). Захаваліся выявы С. у Аршанскім (13 ст.) і Мсціжскім (14 ст.) евангеллях, на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу 15 ст. Вядомы С. аселыя і вандроўныя. Аселыя жылі ў гарадах і мястэчках, часта мелі зямельныя надзелы і былі цесна звязаны з пэўнай гульнёвай нар. традыцыяй, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах і абрадах, спрыялі развіццю тэатральна-гульнёвага пачатку. Вандроўныя С. не былі звязаны з якой-небудзь рэгіянальнай маст. традыцыяй. На Беларусі вядомы С.-музыкі, бахары (казачнікі, апавядальнікі баек і інш.), штукары (гімнасты, ілюзіяністы), мядзведнікі, лялечнікі і інш. Існавалі спец. вучэльні-школы, у т. л. Смаргонская акадэмія. У параўнанні з Маскоўскай дзяржавай, дзе С. зазналі ўціск з боку царк. і свецкіх улад і нават забарону дзейнасці (1648 і 1657), на Беларусі яны мелі адносна больш спрыяльныя ўмовы для свайго мастацтва і праіснавалі да пач. 20 ст. Апошні паказ С. «Велікодныя яйкі» зафіксаваны ў 1925 у в. Астроўна Віцебскай вобл. С. ўзбагачалі і плённа развівалі нар. тэатральнае мастацтва. Традыцыі мастацтва С. выразна адчуваюцца ў разнастайных формах нар. гульнёвай культуры.

Літ.:

Барщевский И. Несколько слов из истории искусства скоморохов. Ростов-Ярославский, 1914;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Каладзінскі М. Скамарохі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

Да арт. Скамарохі. Прадстаўленне скамарохамі русаллі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу. 15 ст.
Да арт. Скамарохі. Музыка іграе на псалтырыуме. Наверша вухавёрткі з раскопак у Навагрудку. 12 ст.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ля́ха 1 ’рэха, пошчак’ (слонім., Жыв. сл., Арх. Бяльк.; Бір. Дзярж.; лях., Сл. ПЗБ), ля́хат ’тс’ (навагр., Нар. сл.). Да я́ха, яхаць (гл.). Аб пераходзе лʼ‑ > й‑ гл. лыві́рка.

Ля́ха 2 ’нізіна’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, звязана з ляха́ 1 (гл.).

Ляха́ 1, ліха́, ле́ха́, ле́шка ’частка поля ад баразны да баразны, градка’ (Жд. 1, Сцяшк., Мат. Маг., Янк. Мат., Др.-Падб., Касп.; в.-дзв. Шатал.; гродз., КЭС; Выг. дыс.), ’невялікая градка, вузкі загончык ворыва’ (КЭС, лаг.; полац., Нар. лекс., ТСБМ), ’бульбяная градка’ (Мат. Гом.), ’лапінка льну на загоне’ (слонім., Нар. лекс.), пруж. ’загон, засеяны льном’ (Выг.), ’баразна’ (Яўс.), ’шырокая баразна’ (полац., Нар. лекс.), ’падоўжанае ўзвышша’ (слаўг., Яшк.), ’агрэх пры ворыве’ (чэрык., Мат. Гом.), ’палоска, якая займаецца адным праходам пры ручной сяўбе’ (Бяльк., Юрч., Шн., Гарэц.), ’равок на градзе, дзе сеюць агуркі, моркву’ (ігн., Сл. ПЗБ). Укр. ліха́, рус. леха́, ле́ха, польск. lecha, licha, lifa, н.- і в.-луж. lěcha, чэш. lícha, ходск. líha, славен. lę́ha, серб.-харв. ле́ха, ле́ја, макед. леа, lʼächa, балг. леха́, ст.-слав. лѣха. Прасл. lěxa ’выараны раўчак, баразна паміж загонамі; рад; мяжа падзення збожжа пры сяўбе’. І.‑е. *loisā (ст.-в.-ням. wagan‑leisa ’каляіна ад драбін’, лац. līra ’баразна’ (< *leisā); літ. lýsia, lysvė, lýsė ’градка’, ст.-прус. lyso ’клумба’ (< *līsā). Сюды ж і гоц. lais ’я ведаю’, ’я выйшаў на след’, laists ’след’, ст.-ісл. leistr ’нага’ (Бернекер, 1, 708–709; Брукнер, 292; Фасмер, 2, 490; Махэк₂, 332; Слаўскі, 4, 93–95; Скок, 2, 295–296; Бязлай, 2, 131–132; БЕР, 3, 378; Шустар-Шэўц, 11, 821–822); Абрэмбска–Яблонска (Рус. и слав. языкозн., 1972, 201); Мартынаў (Лекс. взаим., 49).

Ляха́ 2 ’знак, які робяць, каб не было агрэхаў пры сяўбе’ (Нас., Касп.; паўн.-усх., КЭС; слаўг., Яшк.), ’насечка, знак на станчым дрэве, якія абазначаюць мяжу’ (Гарб.). Да вяха́ 1. Параўн. і ве́шыць ’пры сяўбе абазначаць саломай месца, дзе ўпала апошняе зерне, каб другі раз не кідаць зярнят на тое ж месца’. Аб мене в > л гл. лывірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́тра 1 ’цяжкадаступнае месца ў багністым балоце, трушчобы’ (парыц., Янк. Мат.), ’непраходныя зараслі на балоце’ (ТС), ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Жд. 1), не́тры ’густыя зараслі’ (Гарэц.), niétry ’niedostępne chrapy, porośnięte łozą, trzciną, olchą і wszelakim wiszem’ (Маш.), hustýje łózy, niètry, hrùzkije bałota (Пятк. 2), паводле Карскага (Труды, 479), «только полесское»; беласт. ńétra, nétra ’непраходная багна, непраходнае месца; зараслі, гушчар, непраходнае месца ў лесе’ (Лапіч, Term. geogr., 123), укр. не́тра, не́трі ’непраходныя зараслі, лес; захалусце, трушчоба’, рус. не́тря ’запаведны гай, запаведнік’ (паўдн., зах., Даль), параўн. таксама: «В Мярэчах попадаются именно те непроходимые местности, где гибнут заблудившиеся люди, и которые носят название «нетры» (смал., Максимов, Живая Россия, 3, 444). Найбольш верагодныя версіі: з не і *ter‑ (гл. церці), параўн. рус. трогать ’рухаць, кранаць’ і зафіксаванае на Беларусі значэнне ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (параўн. не́руш, не́варуш і пад.), гл. Фасмер, 3, 69; або з не і церабіць ’вырубаць, вычышчаць хмызняк, рыхтаваць участак пад поле і пад.’ з зыходным значэннем ’месца, дзе нельга церабіць лес’ або ’месца, дзе не цярэбяць лес’, гл. Талстой, Геогр., 180, а таксама Лапіч, Term. geogr., 123 (прыводзяцца формы trepeza/trebeza ’гушчар, зараслі’, да церабіць). Сумніцельна вывядзенне смал. нетра ’дрыгва’ з літ. nendré ’чарот’, параўн. Буга, 1, 412; Лаўчутэ, Балтизмы, 146, паводле Ільінскага (Працы кл. філал., 1, 235), — гэта словы роднасныя; збліжэнне апошнім (там жа) смал. не́тра з грэч. νῆτρον ’самапрадка’ адмаўляецца Фасмерам (3, 69). Гл. таксама Пятлёва, ОЛА–72, 212 (< *ne‑tьra), Гаўлава, Slavia, 40, 82. Літаратурнае нетры ’зямныя глыбіні, паклады, радовішчы’ (Гарэц., Яруш., ТСБМ) на аснове значэння ’багна’ пад уплывам рус. не́дра ’унутранасці зямлі’.

Не́тра 2 ’машкара’ (Сл. ПЗБ), ’незлічоная колькасць’ (жлоб., Нар. сл.), ’вош’ (Шатал.), нэ́тра ’напасць, неадчэпны чалавек’ (драг., Нар. лекс., З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна; магчыма, паралельнае да нетра 1 (з не і церці ’кранаць, чапаць’), параўн. рус. нетря ’недатыка’ (паўдн., зах., Даль). Менш верагодна з літ. netyrà ’нячысты дух (аб жывёле)’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 129). Збліжэнне Клімчука з серб.-харв. дыял. на̀трчица ’задзірака, хуліган’ (З нар. сл., 145) адхіляецца Запрудскім (Серб.-хорв.-бел. яз. соответствия. АКД, Мн., 1989, 8).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)