ДЖАХАНГІ́Р (Салім) (1569, г. Агра, Індыя — 1627),

правіцель Магольскай імперыі [1605—27]. З дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Акбара. Пры ім адменены рэформы Акбара, узмацнілася ўлада феадалаў-джагірдараў (гл. Джагір). У 1613 дазволіў англ. Ост-Індскай кампаніі заснаваць гандл. факторыю ў г. Сурат. Пашырыў межы дзяржавы на Пн Індыі. Знаўца мастацтва і л-ры, мецэнат архітэктуры і мініяцюрнага жывапісу. Аўтар успамінаў.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУ́ЧЫ (? — 1227),

мангольскі хан, военачальнік. Старэйшы сын Чынгісхана. У 1207—08 кіраваў паходам у Паўд. Сібір, далучыў да Манг. імперыі Туву, Хакасію, Алтай. Удзельнічаў у паходах Чынгісхана ў Паўн. Кітай (1211—15), Сярэднюю Азію (1219—22), Усх. Дэшт-і-Кіпчак (гл. Мангольскія заваяванні). З 1224 правіцель Харэзма і Дэшт-і-Кіпчака. Памёр раптоўна пры нявысветленых абставінах.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮВАЛЬЕ́ ((Duvalier) Жан Клод) (н. 3.7.1951, г. Порт-о-Прэнс, Гаіці),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Гаіці. У 1971—86 прэзідэнт Гаіці. Прэзідэнцкі пост паводле папраўкі да канстытуцыі (студз. 1971) атрымаў у спадчыну ад бацькі Ф.Дзювалье. Прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Пры ім пагоршылася эканам. становішча Гаіці. Скінуты ў выніку нар. паўстання ў лют. 1986, эмігрыраваў у Францыю.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ГАСНАЯ ЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,

выпрамяненне электронаў цвёрдымі і вадкімі целамі (эмітэрамі) пры іх бамбардзіроўцы першаснымі электронамі. Паток другасных электронаў складаецца з пругка і няпругка адбітых першасных электронаў і ўласна другасных электронаў, выбітых з эмітэра. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення электронных патокаў (напр., у фотаэлектронных памнажальніках), узнаўлення інфармацыі ў сістэмах электрастатычнага запісу, атрымання газавага разраду ў прыладах з халодным катодам і інш.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МПЕР (ад англ. dump звальваць),

самазвальная машына для перавозкі сыпкіх грузаў на невял. (да 2 км) адлегласці. Мае кузаў, які пры раз’яднанні счэпнага прыстасавання перакульваецца пад дзеяннем грузу. Вызначаецца прадукцыйнасцю, манеўранасцю, магчымасцю працаваць «чаўнаком» (уперад-назад без разваротаў, для чаго аснашчаецца паваротным сядзеннем і дубліраванымі органамі кіравання). Выкарыстоўваецца таксама для адвозкі грунту з тунэляў. Грузападымальнасць да 13,5 т.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕ́РСІЯ дыфракцыйнай рашоткі,

здольнасць дыфракцыйнай рашоткі (або інш. спектральнай прылады) раздзяляць у прасторы прамяні розных даўжынь хваль. Лінейная (вуглавая) Д. вызначаецца па формуле De(φ) = Δx/Δλ, дзе Δx — лінейная (вуглавая) адлегласць паміж спектральнымі лініямі, якія адрозніваюцца па даўжыні хваль на Δλ. Пры невял. вуглах Dφ = m/d, дзе m — парадак спектра, d — перыяд дыфракцыйнай рашоткі.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГАЗАВА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

хімічныя злучэнні, якія актыўна рэагуюць з атрутнымі рэчывамі і ператвараюць іх у нетаксічныя ці малатаксічныя злучэнні. Адрозніваюць Д.р. акісляльна-хларавальнага дзеяння (гіпахларыты — кальцыевыя і натрыевыя солі хларнавацістай кіслаты, хлораміны) і шчолачныя (сода, гідраксід натрыю, аміячная вада і інш.). Выкарыстоўваюць растворы Д.р. у вадзе ці арган. растваральніках (напр., дыхлорэтане, трыхлорэтане, тэтрахлорэтане, бензіне і інш.) пры дэгазацыі хім. спосабамі.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМЕРА́РА (Demerara),

буйны баксітаносны раён у паўн. ч. Гаяны, паблізу Атл. ўзбярэжжа. Уключае больш за 100 радовішчаў, якія ўтвараюць баксітаносную зону, выцягнутую ўздоўж узбярэжжа на 150 км пры шыр. каля 25 км. Асваенне з 1917. Геал. запасы 800 млн. т. Баксіты латэрытна-асадкавыя, пераважна гібсітавыя, з колькасцю гліназёму Al2O3 60—63%. Распрацоўка адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы — Макензі.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁДЗІСТЫ ВАДАРО́Д,

неарганічнае злучэнне ёду з вадародам, НІ. Бясколерны ўдушлівы газ, дыміць у паветры, tкіп -35,36 °C, шчыльн. вадкага 2860 кг/м³ (-50,8 °C). Добра раствараецца ў вадзе, водны раствор НІ — ёдзіставадародная кіслата. Моцны аднаўляльнік. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем ёду і вадароду пры 500 °C у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе і для атрымання ёдыдаў.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛЬЦГІТЭР (Salzgitter),

горад на Пн Германіі, у зямлі Ніжняя Саксонія. Узнік у 1936 пры зліцці некалькіх населеных пунктаў і буд-ве металургічнага камбіната. 117,7 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на адгалінаванні Сярэднегерманскага канала. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія, вытв-сць абсталявання для горнай і нафтаздабыўной прам-сці, вагона- і аўтамабілебудаванне, нафтахім., тэкстыльная. Курорт (мінер. воды).

т. 6, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)